Галоўная

ДУК "Глыбоцкая ЦБС"
Чарневіцкая сельскпая бібліятэка
Турыстычны маршрут “Край родны адкрывае таямніцы”
Добры дзень, паважаныя сябры! Сёння я прапаную вам экскурсію па турыстычна-краязнаўчаму маршруту “Край родны адкрывае таямніцы”.
Хачу адразу заўважыць, што мнгоа матэрыялаў краязнаўчага зместу знаходзіцца на паліцах Чарневіцкай сельскай бібліятэкі, якая, дарэчы, была адна з першых адкрыта ў Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы (Літбел) у далёкім 1919 годзе.
Чарневіцкі край — цудоўнае месца для аматараў беларускай прыроды. Тут вас чакаюць незабыўныя хвіліны адпачынку на беразе возера Гінькава, аднаго з прыгажэйшых у раёне. Тут можна дакрануцца да помнікаў культуры з цікавай шматвякавой гісторыяй Вы адчуеце подых сівой даўніны, калі будзеце ўглядацца ў незамутнёную плынь ракі Авуты, вякую (згодна гістарычных звестак) пераходзілі воіны Усяслава Чарадзея.
Пачнём наш маршрут з наведвання Крыніцы святога ЯнаКрыніцы святога Яна, адно з культавых мясцін Глыбоччыны. Знаходзіцца яна на памежжы Глыбоцкага і Міёрскага раёнаў, у 4 кіламетрах на паўночны ўсход ад аграгарадка Чарневічы, Адносіцца да прыхода Чарневіцкай царквы.
Легенда сцвярджае, што калісьці невялікая рэчка прынесла сюды ў сваіх водах абразок, які знайшла мясцовая жыхарка. І ў гонар гэтага з’яўлення тут была пастаўлена драўляная каплічка.
Крыніца Святога Яна і навакольная мясцовасць аб’яўлены геалагічным заказнікам прыроды мясцовага значэння. Кожны год на свята Ражджаства Іаана Хрысціцеля і свята Адсячэння галавы Іаана Прадцечы праводзіцца ўрачысты малебен і асвячаецца вада.



Чарневіцкая старонка вельмі багатая на археалагічныя помнікі. Валуны, курганы і гарадзішчы прыцягваюць увагу даследчыкаў не адно дзесяцігоддзе...
На адлегласці 400 метраў на поўнач ад крыніцы “Святы Ян” на мяжы Глыбоцкага і Міёрскага раёнаў існуе архелагічны помнік – гарадзішча VI-I ст. да н.э. “Паддубнікі”. Яно знаходзіцца на правым надпоймавым беразе ракі Авута сярод ланцуга ўзгоркаў і валоў, якія параслі хваёвым лесам і цягнуцца вузкай паласой уздоўж ракі. Гарадзішча мае выгляд даволі высокага і крутога ўзгорку. Гарадзішча амаль цалкам парасло дрэвамі, у асноўным кустарнікам.
Даследавалі гарадзішча А.Цэгак-Галубовіч і У.Галубовіч (1938), группа А. Р. Мітрафанава (1956 – 1961). Архелагічныя знаходкі захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН РБ. Падчас раскопак была ўскрыта, перакапана пляцоўка плошчай каля 530 квадратных метраў. Выяўлены касцяныя вырабы: прылады для пляцення сетак, якімі лавілі рыбу ў рацэ, нажы, шпількі, наканечнікі дроцікаў і стрэл. Вырабаў з жалеза было мала. Знаходкі сведчаць, што жыхары займаліся лядным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам. Само гарадзішча існавала ў VI - I ст. да н.э. і адносіцца да часу днепра-дзвінскай культуры.
Курганныя могільнікі, якія знаходзяцца на 1,5 км на захад ад вёскі адносяцца да ІІ катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, шыфр 213В000420.


Далейшы наш шлях пралягае праз вёску Чарневічы, а менавіта ля касцёла Узвышэння Святога Крыжа.
Касцёл знаходзіцца напачатку вёску і нібыта вітае гасцей і сустракае землякоў, якія вяртаюцца дадому з далёкай дарогі. Касцёл пабудаваны ў 1920-я гады.
З'яўляецца помнікам архітэктуры з рысамі канструктывізму. Вырашаны працяглым прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-схільным дахам. Да фасада далучана магутная трох’ярусная 4-гранная шатровая званіца. Плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі і ўваходнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі.
У 1950 г. храм зачынілі і выкарыстоўвалі як зернесховішча. У пачатку 1990-х гг. г. вярнулі вернікам. У 1993 годзе была адпраўлена першая святая Імша пасля вяртання святыні.
Варта святочным днём наведаць касцёл Узвышэння Святога Крыжа, каб стаць сведкам урачыстага багаслужэння ці палюбавацца прыгожай цырымоніяй вянчання, якія праходзяць у суправаджэнні арганнай музыкі.
Далей мы наведаем возера Гінькава.
Яно знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Глыбоцкага раёна. Адносіцца да басейна ракі Авута і яе прытока—ракі Нехрысць. У 33 кіламетрах ад раённага цэнтра і 4 кіламетрах ад аграгарадка Чарневічы.
Возера Гінькава - трэцяе па глыбіне возера Беларусі – 43,3 метра. А гэта ў 2,5 раза больш за глыбіню Азоўскага мора. Пры невялікай плошчы 0,51 км² аб’ём вады ў ім каля 8 млн м³, што больш, чым ва ўсіх азёрах каля горадўа Глыбокае разам узятых. Гэта самае чыстае возера Беларусі. Празрыстасць вады летам каля 4,5 метраў, а зімой да 5,5 метраў. Унікальнасць і чысціню вады адзначалі і дайверы, група якіх колькі год назад даследавала дно возера.
Пачатак комплекснаму навуковаму даследаванню возера паклала загадчык кафедры азёразнаўства БДУ Вольга Піліпаўна Якушка. Дзякуючы ёй навуковыя экспедыцыі склалі першую разгорнутую характарыстыку вадаёма, якая змешчана ў комплекснай працы “Азёры Беларусі” 1988 года А першыя нарысы аб возеры Вольга Піліпаўна змясціла ў выданні “Край блакітных азёр” (1969) і “Край азёрны” (1978). У канцы 90-х гадоў прыроду возера вывучалі супрацоўнікі Інстытута геафізікі і геахіміі Акадэміі навук Беларусі.
Слова “Беларусь” і “пячора” несумяшчальныя? Няма ў нас пячор у натуральным выглядзе? Але толькі не для возера Гінькава!
Менавіта на яго беразе знаходзіцца часцінка беларускай экзотыкі — уваход у пакуль што не даследаванную на беразе пустоту. Ці то скляпенне невядомага назначэння, ці то прырода стварыла тут унікальную збудову?
Як і любая пячора, Сахнавіцкая мае свае легенды. Кажуць, тут да гэтага часу захоўваюцца незлічоныя багацці. Сярод іх уладальнікаў называюць мясцовых і польскіх паноў, маскоўскіх князёў і, нават, Напалеона Банапарта. А яшчэ старажылы кажуць, што вельмі даўно над возерам стаяла царква. Аднойчы яна правалілася пад зямлю, а пячора не што іншае, як выхад з яе ў лес.Існуе версія, што ў гэтай пячоры былі склады ваеннай амуніцыі часоў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн.
Таямніцы возера Гінькава ціква раскрыў мясцовы краязнавец Норка Віктар Міхайлавіч.
З-за асаблівасцяў будовы берагоў падысці да возера цяжка, таму асвоена чалавекам толькі яе паўночная звужаная частка. На ёй у 300-400 метрах ад возера месціцца невялікая знікаючая вёска Сахнавічы. Некалькі пабудоў суседняга хутара Саннічкі прыстасавны для пражывання і сталі першай аграсядзіба ў Глыбоцкім раёне.
Наперадзе нас чакае не менш цікавае знаёмства з помнікамі прыроды – валунамі.
Багушэвіцкі камень з рыбкамі — геалагічны помнік рэспубліканскага значэння. Знаходзіцца паблізу ад вёскі Багушэвічы, за 0,5 км
на захад ад хутара Пацэвічаў. Валун ружовага граніту памерамі 1,95 х 1,5 м, вышынёй 1,3 м, які мясцовыя жыхары называюць камень «з рыбкамі».
Такая назва дадзена таму, што на бакавой роўнядзі валуна знаходзіцца ўключэнне (ксеналіт) іншай паводле саставу пароды — шэрага гнейсу і ў выглядзе пляскатага эліпса (0,85 х 0,25 м). Частка гнейсу разбурылася, у выніку чаго і ўтварылася паглыбленне, у верхняй частцы якога выступае яшчэ адзін эліпс меншых памераў. Магчыма, што прыродныя рысы гэтага ксеналіту былі яшчэ падпрацаваны рукой чалавека так, каб яго відарыс больш нагадваў рыбу.
Лічыцца, што гэтую выяву стварылі французы ў ХІХ стагоддзі з мэтай пазначыць месца захавання скарбу. Паводле падання, большая з гэтых рыбак (эліпсаў) паказвае напрамак, дзе знаходзіцца тое месца і адлегласць да яго, меншая — глыбіню, на якой закапаны скарб. Пашукаем?
Другі Багушэвіцкі камень “са скарбам” — валун ружовага граніту памерам 5,45 х 3,2 м, вышынёй 1,25 м ляжыць каля в. Багушэвічы Празароцкага сельсавета побач з засценкам Бортнікі. Ён з'яўляецца самым вялікім сярод тых, што зарэгістраваны ў раёне. Існуе паданне, што яго восі зноў такі накіраваны на месца, дзе на глыбіні 30 футаў закапана 6 бочак з каштоўнасцямі на 7 мільёнаў франкаў. Гэтыя каштоўнасці быццам былі нарабаваны салдатамі французскай арміі ў час вайны 1812 г. Усяго бочак было сем, але адну салдаты разбілі і каштоўнасці распіхалі па кішэнях.
На зваротным шляху мы наведаем Чарневіцкую царкву Святой Параскевы, помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.
У сярэдзіне ХVI ст., як сведчаць архіўныя дакументы, вёска Чарневічы належыла "пану Война", а в ней проваславный храм Николы Чудотворца". У XIX ст. дзейнічала проваслаўная царква Прасвятой Багародзіцы. Драўляны будынак меў даволі просты выгляд: круглая па форме без знешніх і ўнутраных упрыгожванняў, алтар "грубой, топорной работы" не больш двух метраў квадратных, а ўваходныя дзверы настолькі вузкія, што ўвайсці ў царкву можна было толькі бокам і схіліўшыся.
У такім выглядзе ўбачыў царкву праасвяшчэнны Іосіф, які ў 1872 годзе праездам па рэвізіі спыніўся на адпачынак у Чарневічах. Агледзеўшы царкву, ён заўважыў: “Однако церковь-то у вас куда как плоха”. Па яго загаду быў складзены план і распрацаваны каштарыс на 16 тысяч рублёў. На жаль, будаўніцтва новай царквы ў Чарневічах на гэтым і скончылася. Згубіўшы апошнюю надзею збудаваць царкву за дзяржаўныя сродкі, айцец Веніямін распрацаваў даволі просты архітэктурны план і звярнуўся да дзяржаўных асоб з просьбай выплаціць яму жалаванне за дзесяць год наперад у суме 4000 рублёў, якія ён ахвяраваў на царкву. Але ж і гэта прапанова засталася без увагі. У жніўні 1878 года, праводзячы рэвізію цэркваў, спыніўся ў Чарневічах епіскап Уладзімір. Айцец Веніямін расказаў яму, як “будуецца” новая царква і вельмі прасіў аказаць дапамогу.
У рэвізійнай справаздачы епіскапа Уладзіміра Чарневіцкая царква была аднесена да ліку храмаў, якія патрабуюць неадкладнага рамонту. Будаўніцтва храма атрымала рэальны штуршок. У знак удзячнасці ў занава збудаванай царкве пад іконамі Спасіцеля і Казанскай Багародзіцы быў змешчаны надпіс: "В память Преосвященнейшего Владимира, Викария Литовской епархии, благославившего постройку сей церкви в 1879 году от благодарного".
Будавалася царква на працягу сямі год (1879-1876). Вялікую дапамогу ў будаўніцтве новай царквы аказаў айцец Веніямін Сокалаў. На яго ўласныя зберажэнні было куплена рэчаў царкоўнага ўжытку на суму звыш двух тысяч рублёў. Акрамя ўласных ахвяраванняў на царкву, айцец Веніямін арганізаваў дабрачынную дзейнасць. У выніку на карысць новай царквы паступіла больш за 700 рублёў ад прыватных асоб і 124 рублі ад прыхаджан. Адметнасцю новай царквы сталі два званы на 10 і 36 пудоў, купленыя ў Расіі.
24 чэрвеня 1887 года адбылося ўрачыстае асвячэнне Чарневіцкай царквы епіскапам Антоніем у імя св. Параскевы. Царква перажывала розныя часы, але ва ўсе дні несла святло веры людзям. Ад дня асвячэння і да сёняшняга дня яна не закрывае свае дзверы для вернікаў. Асабліва шматлюдна тут 7 ліпеня, у дзень Ражджаства Іаана Хрысціцеля.
І апошні пункт нашага маршрута - помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Помнік-абеліск устаноўлены ў цэнтры вёскі ў 1975 годзе. У 2008 годзе быў устаноўлены новы помнік, вынік творчай работы беларускіх скульптараў – лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, аўтара мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Юрыя Міхайлавіча Градава, Уладзіміра Іванавіча Жбанава і Аляксандра Іванавіча Тухто. Скульптары распрацавалі і стварылі кампазіцыю "Пахавальная". На "скамечанай" горам “пахавальнай” золатам напісаны імёны 41 земляка, якія загінулі ў 1941-45 г.г.
Матэрыялы аб земляках, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны знаходзяцца ў Чарневіцкай сельскай бібліятэцы.
Чарневіцкая старонка — радзіма выдатных людзей. Сярод іх Палікап Пугачэўскі, савецкі ваенаначальнік, Тамара Чабан, літаратуразнаўца, Бортнік Ігар Аляксандравіч, кандыдат філасофскіх навук., Куц Уладзімір Сямёнавіч, аўтар паэтычных зборнікаў.
У 2015 годзе у Чарневічах адкрыўся многафункцыянальны комплекс — дом культуры з глядзельнай залай на 70 месцаў, банкетная зала і Чарневіцкая сельская бібліятэка, ф. № 43. Зацікаўленых запрашаем ў Чарневіцкую сельскую бібліятэку. Тут сабрана вялікая колькасць інфармацыі пра нашу старонку, у тым ліку і гісторыя бібліятэкі.
На гэтым наша знаёмства з адметнасцямі чарневіцкага краю завяршылася.
- 102
