”Глыбоцкія ручнікі. Зберагаем спадчыну“

”Глыбоцкія ручнікі. Зберагаем спадчыну“
так называецца выстава, якая адкрылася ў файе Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Тут сабраны работы Мацюшонак Алены, Байковай Веры, Міхайлоўскай Алены, Логвін Валянціны, Карнеевай Таццяны і Згірскай Алены. Адны займаюцца творчасцю на прафесійным узроўні ( майстры Глыбоцкага Дома рамёстваў), другія аматары. Але іх аб’ядноўвае адно – адраджэнне народнай спадчыны.
Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнай творчасці, які належаць і мінуламу, і сучаснаснаму, і будучаму...
Ручнік прысутнічаў у найбольш важных этапах жыццёвага шляху чалавека.
Шмат стагоддзяў беларусы карысталіся ручніком. Ткуць і ўпрыгожваюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэднік пакаленняў. Кожнае з іх, спасцігаючы законы аздаблення тканіны, асэнсоўвала і складвала ў адзіную народную скарбонку разуменне ручніковага дэкору і яго асаблівасцей, тэхнічных прыёмаў, найлепшых колеравых спалучэнняў. Паступова, год за годам, стагоддзе за стагоддзем, выпрацоўваліся і адточваліся характэрныя адзнакі традыцыйнага аздаблення беларускага ручніка ў розных рэгіёнах Беларусі. І ў гэтым можна пераканацца, наведаўшы выставу.
Прадстаўлена больш 20 відаў ручнікоў. Усе яны розныя як па ткацтву, узорам, так і па іх прызначэнні. Ёсць ручнік, які выкарыстоўваецца пры падачы хлеба-солі. Маюцца ручнікі для вяселля, хрэсьбін, як “уціральнік”, для упрыгожвання іконы – “набожнік” і інш. Кожная майстрыха імкнулася паказаць нейкія адметнасці ў сваёй рабоце, пакрэслісць асабістае.
Каб бліжэй пазнаёміцца з работамі таленавітых глыбоцкіх майстроў, наведайце выставу, прыгледцеся к іх
работам і вы пераканаецеся, на колькі таленавіты наш народ, які не забывае сваю спадчыну, аднаўляе яе і перадае маладому пакаленню.
Праходзяць гады, мяняюцца густы, на змену рукам чалавечым прыходзяць машыны, створаныя тымі ж рукамі... Але пакуль побач з чалавекам будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да натуральнага, сапраўднага – будзе жыць наша спадчына, бо спрадвечнае застаецца вечным...
- 174
