230 год Свята-Пакроўскай царкве ў в. Бушыкі

 Zalesse Hram 06.04.22

 

Р.Л.Шарыпкін. 

Гісторыя і летапіс Свята-Пакроўскай царквы ў в. Бушыкі

 

Свята-Пакроўская царква ў вёсцы Бушыкі па праву з’яўляецца візітнай карткай Залескага краю на сённяшні дзень. Гэта, па сутнасці, адзіны помнік гісторыі, культуры і архітэктуры на Залесчыне, які выдатна захаваўся, перажыўшы за ўвесь перыяд свайго існавання ўсе войны, варожыя нашэсці, палітычныя змены, што пранесліся па нашай зямлі. Зараз нават цяжка ўявіць сабе, што страціла б Залеская зямля для сваёй гісторыі, калі б гэты цудоўны храм спыніў сваё існаванне і быў разбураны ў перыяд чарговай вайны або падчас бушавання антырэлігійнай барацьбы-псіхозу “хрушчоўскіх” часоў...

Гісторыя Залескай Свята-Пакроўскай царквы здаецца нам непрачытанай да канца мудрай кнігай, старонкі якой яшчэ доўга будуць дапісвацца.

Заглянем жа ў летапіснае жыццё гэтага цікавага храма...

***

Першыя вядомыя летапісныя звесткі пра існаванне храма ў вёсцы Бушыкі сягаюць у І-ую палову XVI стагоддзя ( да 1550-га года ). Менавіта тады на высокім узвышшы па-над возерам Белае быў узведзены касцёл па фундацыі аднаго з сыноў Глеба Астаф’евіча Корсака, уладальніка Залескага маёнтка – Андрэя або Івана.

Рэвізія Полацкага ваяводства за 1552 год паведамляла наступнае: “В ыменю тыхъ же панов Корсаков, в Залеси церков Пречыстое Богоматеря Покрова. Подаванья тыхъ же панов Глебовичов Корсаков. Пры той церкви попъ Иван. На тую церков от протков их наданье, людей к той церкви дымы тры. Тые люди им с пашень своихъ даютъ зо всякого збожа четьвертую долю. Пры той же церкви дыякон Олизар, людей своих не маеть”.

У 1571 годзе Анікей Корсак поўнасцю перабудаваў з дрэва касцёл на месцы ранейшага.

З 1585 па 1618 г.г. храм з прылягаючай да яго тэрыторыяй уваходзіць ў склад зямель князя Івана Міхайлавіча Варпахоўскага.

Bushiki 1

Фрагмент карты Полацкага ваяводства ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Вёска Залессе па ўладальніцкай прыналежнасці пазначана як прыватнае мястэчка з Свята-Пакроўскаю царквою (цяпер вёска Бушыкі).

Аўтары-укладальнікі карты: Віктар Цемушаў і Дзмітрый Віцько (з кнігі “Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года”).

Прыкладна ў перыяд з 1596 года і да пачатку 1600-ых г.г. касцёл ужо быў пераасвечаны ва ўніяцкую царкву. У 1618 годзе Іван Варпахоўскі прадае свой маёнтак Яўстафію Корсаку Галубіцкаму, войскаму полацкаму, “...которому дал вечистую запись и описание границ этого имения, явленные им в земстве Полоцком в 1618 году октября 16, где ясно сказано, что отдаёт имение с Залесскою Покровскою церковью”.

3 снежня 1642 года Іосіф Корсак фундаваў 21 валоку зямлі Залескай царкве.

Цяпер крыху ўласных разважанняў і гіпотэз аб тым, ці мае наша святыня больш даўнейшую сваю гісторыю...

Свята-Пакроўская царква знаходзіцца на высокім узвышшы над возерам Белае. Нават зараз, праз колькі мінуўшых стагоддзяў, вельмі добра акрэсліваецца стратэгічнае і надзвычай выгоднае месца размяшчэння і пабудовы храма: вакол царквы выдатна прагледжваюцца два магутныя кальцавыя валы-насыпы па ўсёй акружнасці, з паўночна-усходняга боку ўзвышша агінаецца возерам Белае. Якраз насупраць царквы на берагавой лініі возера ў жвіры была знойдзена ў 1980-ых гг. выдатнай захаванасці свідраваная каменная сякера. На вялікі жаль, тагачасны ўладальнік знойдзенага артэфакта не перадаў гэту цудоўную знаходку ў рукі навукоўцаў, паквапіўшыся толькі на тое (!), каб знайсці “мудрае” практычнае прымяненне знойдзенай рэчы: каменную сякеру вясковец прымацаваў дротам да калодезнага вядра ў якасці груза... Так і боўталася сякера на вядры, выконваючы зусім не “сваю першапачатковую ролю”, пакуль не адарвалася і не патанула на дне студні...

Гэты прыведзены факт знаходкі можа стаць праўдападобнай версіяй наконт таго, што даўным-даўно, на гэтым прыродным узвышшы ў часы жалезнага веку было заснавана гарадзішча; пазней нашы продкі маглі ўмацаваць сваё паселішча абарончымі насыпнымі валамі (дарэчы, гэтыя валы, агінаючыя вяршыню гары, на якой стаіць царква, добра захаваліся і бачны зараз з усходняга боку); яшчэ пазней тут, наогул, магло існаваць язычніцкае капішча, а ў часы хрысціянства ўзнік і пабудаваны першы храм...

У сваім “Дзённіку” за 12 кастрычніка 1934 года Язэп Драздовіч выказаў такую ж асабістую версію наконт існавання на гэтым месцы старажытнага паселішча: “...Між возерам Гародняй і Муромай ёсць і яшчэ два азёры – Бялуша ( Белае – Р.Ш. ) і Астроўскае (ад узгорыстага на ім астраўка са стараабрадскім могільнікам). Ля першага ёсць падобны да гарадзішча ўзгорак, на якім стаіць мураваная царква...”

 Bushiki 2Мясцовасць, на якой размешчана царква - на высокім узвышшы па-над возерам Белае – нагадвае аб тым, што ў старажытныя часы на гэтым месцы існавала гарадзішча. Аб гэтым сведчаць захаваўшыяся абарончыя насыпныя валы і знойдзеная ля падэшвы свідраваная каменная сякера.

З 1649 па 1700 г.г. царкоўныя землі і сам храм належыць манахам-базыльянам Беразвецкага манастыра. У 1760-ым годзе Свята-Пакроўская царква перабудоўваецца. А ў 1792-ім годзе храм поўнасцю ўзводзіцца занава на гэтым месцы ў тым выглядзе, у якім паўстае зараз перад намі.

Усе царкоўныя летапісы, знойдзеныя пад час краязнаўчых вандровак па Залесчыне, архіўныя матэрыялы, здабытыя з розных крыніц, паведамляюць нам гэтую дату – 1792 год. Што ж гэта быў за год для нашых земляў, для нашых людзей? У 1792-ім годзе рускія войскі перайшлі Дзвіну, занялі Глыбокае. Восенню на зімнія кватэры ў Глыбокім і навакольных вёсках размяшчаюцца атрады маёра Басоўскага, карабінеры графа Талстога. У 1793-ім годзе прыбывае Мурамскі полк лёгкай кавалерыі... 22 ліпеня 1793 года ў выніку ІІ-га раздзела Рэчы Паспалітай Глыбокае і наваколле ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.

Залеская Свята-Пакроўская царква ў вёсцы Бушыкі ў 1792-ім годзе была пабудавана і дзейнічала яшчэ працяглы час як уніяцкая. Архітэктурныя рысы і агульная стылістыка новазбудаванага храма і зараз нясуць на сабе адбітак уніяцкага ўплыву.

Bushiki 3Свята-Пакроўская царква ў в. Бушыкі. Год пабудовы – 1792

 

“Пабудавана ў ІІ-ой палове 18 стагоддзя (1792 г.) з цэглы. Помнік архітэктуры барока і рэтраспектыўна-рускага стылю (псеўдарускі стыль). Вырашана трохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: двухярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая прытвор-званіца, завершаная макаўкай. Прамавугольны ў плане аб’ём малітоўнай залы накрыты чатырохсхільным дахам, завершаным цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане. Фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі (пераплёты ў форме праваслаўнага крыжа) і парнымі пілястрамі ў прасценках, апяразаны тонкапрафіляваным антаблементам. Арачны ўваходны праём аформлены кілепадобным перспектыўным парталам, з выявай Багародзіцы над ім” (Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы // Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін. – Мінск, 2007 г.).

Дзякуючы даследаванням Дзяніса Лісейчыкава нам вядомы імёны і прозвішчы святароў, якія служылі ў нашай царкве ў той час, калі яна была ўніяцкай:

Саульскі Стэфан – святар царквы (1703 г.)

Караскевіч Андрэй – святар царквы (25.02.1777 г. -18.01.1784 г.)

Гутаровіч Яўхім – служыцель царквы (20.09.1792 г.-05.05.1798 г.)

Караскевіч Раман – святар царквы (20.09.1792 г.-1820 г.)

Караскевіч Антон Раманавіч – вікарый (1816 г.)

Шостак Тадэвуш Ян Тэадор – вікарый (1816 г.)

Юхноўскі Аўгусцін – панамар царквы (1816 г.)

Хруцкі Фларыян – дзьякан (1816-1826 гг.)

Самовіч Ян Янавіч – адміністратар царквы (1819-1830 гг.)

Караскевіч Тадэвуш Раманавіч – дзьякан (24.04.1834 г.)

Малішэўскі Ігнацій Васільевіч – святар царквы (24.04.1834 г.-25.02.1837 г.)

Мірановіч Гіпаліт – святар царквы (6.08.1847 г.-1850 г.)

(Лісейчыкаў Д. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839.-Мн.: Беларусь, 2015)

У спісе ўніяцкіх цэркваў і святароў у Дзісненскім павеце за 1800 год Залеская Свята-Пакроўская царква знаходзілася ў адміністрацыйных межах Галубіцкага дэканата. Па стану на 1819 год колькасць парафіян Свята-Пакроўскай царквы складала: камунійных – 2087 чалавек, некамунійных – 710 чалавек (Паазер’е. Рэгіянальны часопіс / Грэка-каталіцкая царква Дзісенскага павету і яе спроба адраджэння ў ХХ ст.. №5. 2020 г. С.20-21).

Традыцыі ўніяцкай царквы сярод нашых вернікаў былі вельмі моцнымі. Працэс пераходу ўніятаў у праваслаўе зацягнуўся надоўга. Толькі ў часы кіраўніцтва Залескаю царквой святаром Іаанам Усакоўскім (1840 – 1877 г.г.) поўнасцю “...совершился переход прихожан из Унии в православие без всяких споров и волнений”.

Палітыка царскага ўраду пасля першага і другога, а потым і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай, была накіравана на выкараненне ўніяцтва на Беларусі. Канчаткова гэты працэс на нашых землях завяршыўся ў 1850-ых г.г. Хутчэй за ўсё, у тыя часы Свята-Пакроўская царква ў Бушыках і была поўнасцю пераасвечана і пераведзена ў статут праваслаўнай. А на Глыбоччыне апошнія дзеянні царскага ўраду па выкараненню і знішчэнню ўніяцтва і каталіцтва працягваліся пасля задушэння польскага паўстання 1863-1864 г.г.: закрыты кармеліцкі кляштар у Глыбокім; касцёл Успення Багародзіцы пераасвечаны ў царкву Раства Багародзіцы; у 1866 годзе касцёл у вёсцы Мамаі ператвораны ў праваслаўную царкву...

Што ж захоўвалася ў Залескай Свята-Пакроўскай царкве з часоў уніяцтва? У 1910 годзе настаяцель нашай царквы, айцец Іліядор Лукашэвіч склаў акт перадачы царкоўнага ўніяцкага інвентару ў Епархіяльны музей праваслаўя ў Вільні. Сярод пералічаных прадметаў узгадваюцца наступныя:

От настоятеля Залесской церкви Дисненского уезда.

223.Евангелие напрестольное Киевской печати 1773 г. Лл. выходной +12+437+43 inf. Гравюры 4 евангелистов, Распятия и Иисуса Христа. В тексте 70 мелких гравюр, заставки. Киноварь. Переплёт первоначально кожаный по доске, затем по коже наклеен фиолетовый бархат. Оклад ажурный белого металла: Распятие и 4 евангелиста; снизу 4 подставки.

224.Колокол медный, разбитый, весом 18 ф., выш. 9 д., диам. раструба 8 ¾ д. Вверху по своду надпись: “Me fecit C.G.S. Wilnae anno 1737”. Ниже надписи травчатый орнамент в виде бахромы. 225-226. Две хоругви из жёлтой шерстяной ткани с изображениями на холсте:”S. Margaretha V.” и “S. Franciscus”, “S. Thekla V.” и “S. Ioanes Ap. Evan.. Очень ветхи(«Вестник Виленского Свято-Духовского братства”. № 9. 1910 г.)

Як бачна, уніяцкі інвентар яшчэ вельмі доўгі час пасля пераасвячэння царквы ў праваслаўную захоўваўся ў яе сценах.

Дарэчы, узгаданы вышэй у акце перададзены царкоўны звон – праца майстра Караля Готліба Шпара, які жыў у Вільні і адліваў званы для храмаў Віленшчыны ў перыяд з 1730 да 1737 г.г. Усяго вядома шэсць адлітых ім званоў для касцёлаў і ўніяцкіх цэркваў: Нача Лідзкага павету, Вільня, Сурвілішкі, Залессе.

Bushiki 4Званіцы храма выкананы ў традыцыйным архітэктурным стылі рускай праваслаўнай царквы. Архітэктурнае афармленне вежаў і сцен нагадвае аб тым, што храм калісьці быў закладзены і існаваў як уніяцкая царква.

***

Іаан Усакоўскі займаў пасаду настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы самы працяглы час, вядомы нам з летапісных крыніц: з 1840 па 1877 г.г. Надзвычай цікавая, у многім неардынарная асоба ў гісторыі Залесчыны. Сын святара, навучаўся ў вучылішчы Віленскага Свята-Троіцкага манастыра, дзе прабыў з 1818 па 1825 г. Потым быў назначаны ў канцылярыю Віленскай уніяцкай духоўнай кансісторыі, дзе служыў да 1828 года. Далей праходзіў курс багаслоўскіх навук пры Полацкім кафедральным Сафійскім саборы да 15 лютага 1830 года. У тым жа годзе, 1 сакавіка, рукапаложаны ў святары беларускім епіскапам Якавам у Плешчаніцкую прыхадскую царкву Мінскай губерні Барысаўскага павету. У 1837 годзе прызначаны экзаменатарам асоб уніяцкага духавенства ў веданні абрадаў і святадзеяння Грэка-Усходняй Праваслаўнай царквы.

Заўважу адну акалічнасць: Іаан Усакоўскі быў уніятам. У тым жа 1837-ым годзе ад яго запатрабавалі поўнага пераходу ў праваслаўе, аднак айцец Іаан пісьмовай згоды на гэта не даў. Што ж было потым? Хутчэй за ўсё, святара паставілі перад жорсткім выбарам, прымусілі адмовіцца ад уніяцтва, бо ўжо у наступным годзе “Літоўскія епархіяльныя ведамасці” паведамлялі, што “…во время управления Плещеничским приходом священник Иоанн Уссаковский присоединил к православию 209 лиц крестьян обоего пола”.

У 1840 годзе святар Іаан па асабістаму прашэнню пераведзены ў Залескую Свята-Пакроўскую царкву, і вось з гэтага часу на Залесчыне ён пачынае праводзіць актыўную палітыку па пераводу нашых вернікаў з уніяцтва ў праваслаўе, аб чым было сказана крыху вышэй. З 1847 па 1850 гг. разам з ім на пасадзе ІІ-га святара служыў у царкве айцец Гіпаліт Мірановіч.

У 1848 годзе пачынаюцца першыя сур’ёзныя захады і дзеянні па перабудове царквы з мэтаю поўнага знішчэння хоць якога напамінку аб уніяцтве. Гэта акцыя распаўсюджвалася на многія ўніяцкія цэрквы. Выдзяляліся грошы на перабудову, запрашаліся будаўнікі для выканання работ і рамонту. Газета «Прибавление к «Виленскому вестнику», №17, у лютым 1848 года надрукавала наступную абвестку:

“1. Виленская Палата Государственных имуществ объявляет, что в оной будут производиться 23 апреля 1848 года торги с узаконенною чрез три дня переторжкою, на отдачу из подряда исправления Православных Церквей: Дисненского уезда в селении Залесье каменной, по смете исчислено 2182 руб. 97 коп., того же уезда в селении Ковалях деревянной, по смете 1279 руб. 4 коп. …согласно планам на исправление тех церквей; почему желающие взять исправление означенных церквей благоволят явиться на означенное число в Присутствие палаты с благонадёжными залогами, где им будут предъявлены кондиции и смета, по которым должны быть произведены означенные постройки церквей. Город Вильно. Февраля 14 дня 1848 года».

У 1860-ым годзе поўнасцю перакрываецца новым гонтам дах.

1863 год: «Изъявления верноподданнической благодарности и преданности.

По Дисненскому уезду.

м) Прихожане Залесской церкви, кроме присутствия и молитв за Государя в 1-й день мая на Литургии и молебне, положили со временем в память освобождения своего от крепостной зависимости выписать колокол для своей церкви в 20 пудов» (Літоўскія епархіяльныя ведамасці”. 1863 г. №17)

1865 год: «Заботливость о приобретении икон.

Нам пишут из Дисны, что казенные крестьяне им. Залесье, по примеру глубокскаго общества, пожертвовали, по приговору, 15 руб. 15 коп. на выписку православных икон в свои дома. За эти деньги приобретены иконы литографии Морозова и обделаны в рамки за стеклом. 8-го апреля при большомъ стечении народа, по отслужении молебствия и окроплении икон св. водою, оне были розданы в Залесской Православной церкви 105 домохозяевам. Трогательно было видеть, как крестьяне на перерыв один перед другим спешили получить иконы - залог преданности их к православию» (“Літоўскія епархіяльныя ведамасці”. 1865 г. №10)

Паслуговы спіс айца Іаана ў перыяд яго жыцця на Залесчыне даволі ўнушальны: з 1845 па 1857 г.г. па ўказу Літоўскай кансісторыі ён займае пасаду духоўніка па Глыбоцкаму благачынію; 1845-1850 г.г. – дэпутат следчых спраў; у 1862 г. за сумленную службу ўзнагароджаны набедранікам; за 1853 і 1854 г.г. атрымаў бронзавы наперсны крыж на Ўладзімірскай ленце; у 1864 годзе “…в память усмирения Польского мятежа имел бронзовую медаль”.

…Святар Іаан Усакоўскі памёр 27 красавіка 1877 года.

Як паведамлялі “Литовские епархиальные ведомости” у 1877 годзе: И так, прослужив церкви Божией почти полустолетия, покойный священник Уссаковский перешёл в вечность, оставив по себе память благочестивого труженика и полезного деятеля, - незабытый вниманием начальства и взысканный милостью Божиею в долголетней жизни!

У газеце “Литовские епархиальные ведомости”, № 24 ад 18 мая 1877 года, за подпісам Глыбоцкага благачыннага, святара Аляксандра Котлінскага быў надрукаваны некралог у памяць памерлага айца Іаана. Уражвае стылістыка гэтага артыкула, незвычайная і вельмі прыгожая мова, высокая культура і духоўнасць кожнага слова. Таму я прапаную вам амаль што поўную вытрымку з гэтага артыкула ў арыгінале.

 Прошлого месяца апреля 27 числа, кончил служебное поприще почтенный настоятель Иоанн Уссаковский, на 72 году. Мирный характер, добрая душа, практический ум и высокое благочестие покойного Уссаковского снискали ему в жизни много почитателей, не только в среде сослуживцев и духовенства всего уезда, но даже в среде иноверцев, из высшего и низшего сословий. Прихожане, из коих большая часть при нём родилась, выросли и состарились, смотрели на него не иначе, как на замечательного и редкого духовного отца, друга и благодетеля, который услаждал их пастырскими беседами, руководил советами и наставлениями, питал словом назидания, и вспомощенствовал в нуждах всевозможными услугами.

Если вспомнить ту энергию и исправность в священническом служении, в котором покойный Уссаковский во всякое время дня и ночи старался всегда быть готовым, по первому требованию своих пасомых, до последних дней своей жизни; то и в сём отношении он представлял собою пример высокой пастырской доблести. Долго пасомые Залесского прихода не забудут своего любимого пастыря, который был для них образцом кротости, терпения, воздержания и высокого благочестия.

Кончина покойного соответствовала его истинно христианской жизни. После страшного изнурения, вследствие непомерно долгого занятия исповедью в прошлом великом посту, захворал гастрическою горячкою, священник Уссаковский имел ещё несчастный случай выпасть из повозки, от испуга лошадей, при поездке в приход, для совершения треб. Никакое лечение не могло восстановить его здоровье. Захворав, несколько времени после Пасхи он был ещё в движении, но уже чувствовал ослабление и упадок сил. Только за две недели до смерти слёг в постель; в этот промежуток времени состояние его сделалось безнадёжным. В виду печального кризиса, он пожелал освятить себя Божественными таинствами, и для этого нарочным пригласил меня. Несмотря на далёкое расстояние, мне пришлось во время поспеть напутствовать умирающего св. причащением и елеосвящением. С полным сознанием, спокойным духом, без всякого смущения и тревоги принял он эти дары Божественной благодати, вера, надежда и любовь к Богу сияли ясно в потухающем его взоре. Видно было, что он ежеминутно ожидал ангела смерти, и ожидал радостно - спокойно; но кончина последовала лишь на другой день; кончина эта была образом успения.

Погребение совершено 30-го апреля, при участии четырёх священников. Место упокоения Уссаковский ещё при жизни избрал себе на кладбище, вблизи церкви, которую украсил, обеспечил и устроил, как подобает святыне Божией.

В долгое земное своё поприще покойный Уссаковский испытал немало горестей и несчастий. Потерял взрослых детей, смерть сына священника и зятя, - всё это одно за другим поражало его сердце невыразимою горестью. Но он переносил бедствия терпеливо, без ропота. Дом его был открыт для всех; он готов был с каждым делить последний кусок хлеба. Это радушие, хлебосольство и открытость имели последствием то, что священник Уссаковский никогда не был состоятельным.

После смерти не осталось никакого имущества; даже домашняя обстановка, вследствие недавнего пожара, была крайне бедна. Теперь вдова Уссаковская, 70-летняя старица, родственница ея пожилых лет девица, и дочь-вдова, с тремя малолетними детьми, остаются без призрения и без всяких средств к жизни. Однако пособие от епархиального попечительства может спасти их от отчаяния и слёз, от гнёта нужды, от крайности нищенства, - от голода, холода и от позорного скитальства для испрошения подаяния.

Глубокский благочинный, священник Александр Котлинский

18 мая 1877 год, с. Осиногородок”.

 

…На могілках каля царквы я спрабаваў знайсці месца пахавання Іаана Усакоўскага, аднак помнік не захаваўся.

***

Пётр Аляксеевіч Гроздаў святар Залескай Свята-Пакроўскай царквы з 1877 па 1884 гг. За сем год свайго кіравання царквою гэты чалавек зрабіў столькі для нашых прыхаджан, што яго па праву можна назваць адным з самых перадавых і прагрэсіўных святароў-рэфарматараў на Залесчыне. Родам ён быў з Цвярской губерніі. Пасля заканчэння Цвярской духоўнай семінарыі ў 1871 годзе айцец Пётр накіраваны ў Ковенскую губернію, дзе спачатку працуе настаўнікам Аляксандра-Слабадскога народнага вучылішча, а потым загадчыкам рамесленага аддзялення Янаўскага вучылішча (абодва – Ковенскі павет). 30 чэрвеня 1877 года ён пераведзены настаяцелем царквы ў Бушыкі.

Прыбыўшы на новае месца службы, айцец Пётр убачыў даволі сумную карціну: царква, хоць і каменная, была ў даволі закінутым стане – рызніца спарахнелая, няма агароджы. Асаблівую нязручнасць выклікала дарога, што вяла да царквы, агінаючы з усходу з боку возера гару і падыходзячы да храма з тыльнай стараны. Большасці прыхаджан даводзілася на богаслужэнні прабірацца да царквы вакольнымі сцежкамі, ды яшчэ і праз могільнік. Айцец Пётр на першай жа сустрэчы-размове з жыхарамі адзначыў: “Спачатку трэба пабудаваць двор авечкам, накарміць іх, і толькі потым патрабаваць ад іх малака, воўны і мяса. Тады будзе і авечкам карысць, і гаспадару прыбытак”.

Жартоўная прамова святара мела свой сэнс: па такому ж прынцыпу распачаў сваю дзейнасць айцец Пётр у Залескім царкоўным прыходзе. Адразу ж ён прапанаваў прыхаджанам замест нязручнай ваколічнай дарогі пракласці новую шырокую праз свае сядзібныя землі, якраз насупраць франтальнай часткі царквы. Прапанова была аднадушна падтрымана і ўжо праз некалькі дзён намаганнямі жыхароў Залесчыны быў пракладзены новы зручны шлях каля царквы.

Не атрымаўшы ад свайго папярэдніка Іаана Усакоўскага царкоўных сродкаў, айцец Пётр на свае ўласныя зберажэнні набывае жылы дом, гаспадарчыя пабудовы пры царкве. У царкоўнай касе налічвалася толькі 65 рублёў. Айцец Пётр здолеў жа сваімі стараннямі, гаспадарлівасцю і практычнасцю поўнасцю абнавіць унутраны і знешні выгляд храма. Пры ім адрамантавана рызніца, набыты новыя царкоўныя рэчы, прыдбаны шматпудовы звон, пабудавана каменная агароджа па перыметру вакол царквы (гэта агароджа захавалася да гэтага часу ў тым жа выглядзе). У паўднёвым вугле стаяла драўляная званіца, і айцец Пётр ужо быў закупіў увесь неабходны матэрыял, каб узвесці на гэтым месцы новую каменную. Пачаліся падрыхтоўчыя работы... Аднак раптоўна 28 траўня 1884 года ва ўзросце 36 гадоў Пётр Граздоў памёр ад чахоткі, пакінуўшы пасля сябе ўдавою жонку і двух дзетак. 31 траўня на царкоўным могільніку адбылося жалобнае пахаванне, на якім прысутнічала 8 святароў з суседніх храмаў Глыбоччыны. Пасля сябе айцец Пётр Гроздаў аставіў у царкоўнай касе 612 рублёў срэбрам прыбытку. І гэта ўлічваючы тое, колькі сродкаў ён пусціў на добраўпарадкаванне Залескай царквы і земляў свайго прыходу.

***

Пятра Гроздава замяніў на пасадзе настаяцеля Залескай царквы айцец Максіміліян Памяранцаў, служыў у Залескім прыходзе з 1884 па 1891 гг. Сын святара. Родам з Гарадзенскай губерніі. Выхоўваўся у Віленскім духоўным вучылішчы, а потым у Літоўскай духоўнай семінарыі. Служыў на Дзісеншчыне, працаваў законанастаўнікам народнага вучылішча. Айцец Максіміліян прадоўжыў добрыя пачынанні свайго папярэдніка: у 1888 годзе узведзена каменная званіца каля царквы, у 1889 годзе завершана ўзвядзенне каменнай агароджы, у 1890 годзе на царкоўнай званіцы ўжо было пяць званоў, самы вялікі з якіх важыў 12 пудоў. Апошні звон быў адліты на грашовыя ахвяраванні прыхаджан Залескай воласці ў памяць загінуўшага імператара Аляксандра ІІ.

Вернемся ў 1888 год… 23 чэрвеня адбылося ўрачыстае асвячэнне новай каменнай званіцы і царквы пасля доўгага і капітальнага рамонту. На свяце прысутнічалі памочнік Глыбоцкага благачынія айцец Троіцкі, святары Лужэцкай, Рымкаўскай і Кавальскай цэркваў, валасны старшыня З. Арэхва, сяляне Залескай воласці. Падзея гэта сталася настолькі важнай, што “Літоўскія Епархіяльныя ведамасці” прысвяцілі нашай царкве вялікі артыкул, дзе падрабязна распавялі аб тым, якую ролю ў аднаўленні Свята-Пакроўскай царквы адыграў асабіста святар Максімільян Памяранцаў.

«23 минувшего Июня у нас был местный праздник – освящение новой каменной колокольни и церкви после ремонта. Давно ощущалась настоятельная необходимость как в пристройке к каменной Залесской церкви новой колокольни, так и в капитальной починке всей церкви; старая деревянная колокольня совершенно рушилась, церковь же имела форму простого здания: цоколь, крыша, полы в ней совершенно попортились и сгнили. Благодаря энергичной деятельности местного священника о. Померанцева, который сумел расположить к пожертвованиям прихожан, всё необходимое теперь сделано и ремонтировано на местные средства хозяйственным способом под личным наблюдением священника и при деятельном содействии волостного старшины З. Орехвы. Церковь наша, благодаря вновь пристроенной к ней колокольне, увеличившись по вместительности, приняла вид чисто православного храма, новая крыша её украсилась приличным куполом, а внутренность церкви чрез переделку и перекраску приобрела благолепие приличное дому Божию» (“Літоўскія Епархіяльныя ведамасці”, № 33, 14.08.1888 г. С. 280-281).

Гаворачы пра асобу айца Максіміліяна, мы не можам не здзіўляцца яго надзвычайнай адукаванасцю і прагнасцю да асветніцтва. Максіміліян Памяранцаў вёў своеасаблівы рукапісны летапіс, дзе акуратна занатоўваў усе заўважаныя ім нацыянальныя асабліваці мясцовага люду, запісваў пачутыя ім легенды і паданні Залескага краю, ахарактарызаваў старажытныя гарадзішчы на тэрыторыі Залесчыны. Яго цікавіла ўсё: побыт, звычаі сялян,

абрады, забабоны і прыкметы, манетныя скарбы, геаграфічнае становішча Залесчыны, рэльеф, азёры... Прычым, усё, што ён напісаў у сваіх назіраннях, вылучаецца каларытнай і сакавітай мовай, надзвычай мудрымі разважаннямі, своеасаблівай філасофіяй сціплага назіральніка.

Вельмі шмат увагі і часу аддаваў айцец Максіміліян развіццю адукацыі на Залесчыне. Ён выконвае абавязкі законанастаўніка Залескага народнага вучылішча, аббівае ганкі дзяржаўных устаноў з хадатайніцтвам аб неабходнасці стварэння пры царкве ў Бушыках царкоўнапрыхадской школы.

У 1889 годзе на сродкі Епархіяльнага вучылішчнага Савета школа ў вёсцы была пабудавана і адкрыта, прычым Максіміліян Фёдаравіч асабіста ахвяраваў на пабудову школы 100 рублёў (Епархіяльны Савет выдзеліў 300 рублёў). А яшчэ айцец Максіміліян даставаў неабходны матэрыял для будаўніцтва, прыцягваў на дапаможныя работы мясцовы люд.

За справу па духоўнаму і асветніцкаму адраджэнню 25 студзеня 1889 года Максіміліян Памяранцаў узнагароджаны Епархіяй набедранікам...

***

З 1891 па 1902 г.г. святаром Залескай Свята-Пакроўскай царквы служыць Андрэй Георгіевіч Мірковіч. Ураджэнец Гарадзенскай губерніі, Кобрынскага павету. У розныя часы працаваў на пасадзе настаўніка Сіцкага народнага вучылішча на Вілейшчыне, святаром Замшанскай царквы Брэсцкага павету, Гутаўскай царквы Кобрынскага павету, Замошскай царквы на Дзісеншчыне...

 Bushiki 5Каменная агароджа вакол царквы ўзведзена ў 1889 годзе

 

Айцец Андрэй адным з галоўных накірункаў сваёй дзейнасці, акрамя выканання прамых абавязкаў святара царквы, лічыў прапагандаванне асветніцтва і адукацыі сярод вясковых дзетак. Ён займае пасады законанастаўніка Залескай царкоўнапрыхадской школы і Міністэрскага вучылішча. Толькі за перыяд 3 1895 па 1897 г.г. Андрэю Мірковічу

пяць разоў Савет Віленскай Дырэкцыі народных вучылішч і Епархіяльны вучылішчны Савет даслалі на яго імя лісты падзякі за паспяховае выкладанне Закона Божага, за адкрыццё хатніх школ граматы ў прыходзе, за “усердное отношение к школьному делу”.

***

Кароткі і імгненны след у гісторыі Свята-Пакроўскай царквы аставіў святар Іаан Кудраўцаў. У 1902-ім годзе ён прызначаны ў Бушыкі на службу. Летам гэтага года на Глыбоччыне пачынаецца эпідэмія дызентэрыі, восенню стаў бушаваць тыф... Сярод насельніцтва рэзка ўзрасла смяротнасць. Хвароба і смерць забірае дзіцячыя душы... Царкоўны летапіс пра той страшны год паведаміў скупа, суха, але сурова: “...Ввиду множества больных и умирающих трудно было успеть напутствовать всех исповедью и причащением, однако умерших без покаяния в сей страшный год не было”.

 Айцец Іаан не мінае ні адной хаты з хворымі і паміраючымі, спавядае ўсіх. Для хворых знаходзіць словы суцяшэння і надзеі на лепшае, памёрлым – аддае апошнія словы малітвы... У пачатку студзеня 1903-га года ў час маленняў над хворымі ў адной з вёсак Залесчыны святар заразіўся сыпным тыфам, а праз два тыдні яго не стала. Іаан Кудраўцаў пахаваны ля царквы ў паўночна-усходняй частцы алтара...

 

***

Вывучаючы летапісную гісторыю Залескай царквы і дзейнасць яе святароў у перыяд да 1917-га года, я заўважыў адну цікавую акалічнасць: шмат хто са служыцеляў нашага храма быў родам з Гарадзеншчыны або першыя свае абавязкі выконваў у розных цэрквах Гарадзенскай зямлі.

Святары Максімільян Памяранцаў і Андрэй Мірковіч – гарадзенцы па паходжанню. З іх дзейнасцю на ніве духоўнасці і асветніцтва Вы ўжо пазнаёміліся. Цяпер слова пра псаломшчыкаў.

Псаломшчык Мікалай Андрэевіч Міжэўскі – сын святара, нарадзіўся ў сяле Мышчыцы-Пакроўскія Гарадзенскай губерні, Кобрынскага павету. Закончыў курсы ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Служыў псаломшчыкам у Чэмерскай царкве на Гарадзеншчыне, раз’ездным наглядчыкам па акцызу 3-яй акругі 5-га ўчастку Ковенскага акцызнага ўпраўлення. Быў узнагароджаны медалём за ўдзел у першым усеагульным расійскім перапісе насельніцтва. Псаломшчыкам у Залескай царкве з 1901 года.

Псаломшчык Уладзімір Мікалаевіч Шпакоўскі – сын святара Мікалая Флёравіча, выхоўваўся ў Віленскім духоўным вучылішчы. У 1872 годзе служыць у 107-ым Троіцкім палку, а потым да 1876 года ў лейб-гвардыі Сямёнаўскага палка. У 1877-1878 гг. ваюе на руска-турэцкай вайне ў Балгарыі. Атрымаўшы цяжкія раненні на фронце, пад апекай бацькоў Уладзімір Шпакоўскі праводзіць доўгія 20 гадоў ( ! ) дома. І толькі ў 1898 годзе пачынае служыць псаломшчыкам у Свянціцкай царкве на Гарадзеншчыне ў Ваўкавыскім павеце. Псаломшчык пры Залескай царкве з 1902 года.

Псаломшчык Іларыён Філіпавіч Леднік – служыў у Вялікалесскай царкве на Кобрыншчыне Брэсцкага павету, потым – у Волькаобраўскай царкве Слонімскага павету. На службе ў Залескай царкве з 1898 года.

Розныя лёсы і розныя жыццёвыя шляхі прайшлі гэтыя людзі, частка жыцця якіх была звязана з нашым краем, з нашай царквою.

***

Яшчэ адно імя чалавека хацелася б успомніць у летапісе гісторыі Залескай Свята-Пакроўскай царквы – гэта фатограф-краязнаўца Ян Балзункевіч, які на працягу 1905 – 1914 гг. займаўся фатаграфаваннем аб’ектаў хрысціянскай архітэктурнай спадчыны Беларусі. Яго цікавілі касцёлы і цэрквы ў гарадах і мястэчках, невялікія драўляныя храмы ў вёсках, старажытныя гарадзішчы, пагосты, каплічкі, прыдарожныя крыжы... Тое, што рабіў у той час гэты апантаны даследчык і сапраўдны майстра яшчэ тады зусім маладой фотасправы, можна назваць сапраўднай рэвалюцыяй культурнага накірунку. Дзесьці прыкладна паміж 1906-1907 гг. Ян Балзункевіч і зрабіў падчас сваёй чарговай вандроўкі шыкоўны фотаздымак нашай царквы. Здымак зроблены хутчэй за ўсё вясною ў канцы красавіка або пачатку траўня, магчыма, у час Пасхі.

Bushiki 6На здымку царква выглядае амаль што так, як і зараз. Цікаўны і надзвычай сур’ёзны мужчынскі натоўп пазіруе фатографу, жанчыны трымаюцца купінкай зводдаль. Засяроджаныя твары мужчын і дзяцей, іх крыху ўрачыстыя і падцягнутыя фігуры сведчаць аб тым, што прыезд фатографа ў Бушыкі на той момант для нашых землякоў стаў сапраўднай падзеяй. Для нашай Залесчыны фотаздымак царквы Янам Балзункевічам з’яўляецца пакуль што адзіным гістарычным фотадакументам, дайшоўшым да нас з пачатку ХХ стагоддзя. І калі такі аўтарытэтны на той час фатограф звярнуў увагу на звычайны вясковы храм на Глыбоччыне, значыць нешта закранула было яго сэрца, а ўважлівае вока майстра па-мастацку выбрала месца для аб’ектыву свайго апарата... А.М.Кулагін у прадмове да сваёй кнігі “Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча” піша: “Фатаграфіі Балзункевіча ўзбагацілі нашы ўяўленні аб храмах у Дзікушках, Залессі, Койданаве, Радзівонішках, Солах, Хатаевічах і ў іншых паселішчах Беларусі”.

 Фота Яна Балзункевіча Свята-Пакроўская царква ў в.Бушыкі (1906-1907 гг.)

 ***

Залеская Свята-Пакроўская царква ў мінулым славілася сваімі іконамі. Не ўсё захавалася да нашага часу з шэдэўраў іканапіснага мастацтва, але і зараз, увайшоўшы ў наш храм, можна ўбачыць абразы высокамастацкага ўзору. Крыху можна сказаць слова пра найбольш адметныя з іх.

У 1881 годзе Свята-Пакроўская царква прыняла ў свае сцены вобраз Святога Вялікапакутніка Георгія ў пазалочанай раме. Ён быў ахвяраваны царкве нашымі прыхаджанамі “...в благодарность избавления Его покойного Государя Александра ІІ от смерти под Москвою 19 ноября 1879 года”. У 1880 годзе яшчэ адна ікона напісана ў гонар яшчэ тады цараваўшага імператара Аляксандра-Вызваліцеля ў памяць яго 25-гадовага царавання. На ёй паўстае перад намі Аляксандр Неўскі. У 1888 годзе царкве ахвяравана ікона з выявай Выратавальніка Ісуса Хрыста “...в память чудесного спасения Государя”: 17 кастрычніка 1888 года каля станцыі Баркі Курска-Харкаўскай чыгункі пацярпеў крушэнне цягнік, у якім знаходзіўся імператар Аляксандр ІІІ са сваім сямействам; цудам ніхто не загінуў у час гэтай катастрофы. У 1896 годзе Нова-Афонскі манастыр ( пад Пецярбургам) перадаў Залескай царкве абраз Святога Вялікапакутніка Панцеляймона.

Bushiki 7

Bushiki 8

 

 

 

 

 

***

Апошні святар-рэфарматар Залескай царквы дакастрычніцкага перыяду гісторыі, які заслугоўвае ўвагі і павагі менавіта з-за сваіх адукацыйных і асветніцкіх імкненняў, гэта айцец Іліядор Яўгенавіч Лукашэвіч (1909 – 1917 гг.). Прызначаны ў вёску Бушыкі на службу ў кастрычніку 1909 года, ён адразу распачаў сваю асветніцкую дзейнасць сярод мясцовага сялянства. А ўжо праз год айцец Іліядор арганізоўвае пешы хрэсны ход сваіх вернікаў у Полацк на ўрачыстую сустрэчу святых мошчаў Прэпадобнай Еўфрасінні Полацкай, якія пераняслі з Феадосіевай пячоры Кіеўскай лаўры. Аўтарытэтны святар здолеў сваімі словамі ўскалыхнуць людзей настолькі, каб разам з ім пешшу ў Полацк накіравалася больш 2.000 вернікаў. Яго слову верылі і за ім ішлі...

Святар Іліядор здолеў прыцягнуць да асветніцтва навучэнцаў школ Залескай воласці не толькі ў межах адукацыі: разам з мясцовымі настаўнікамі ён праводзіць народныя рэлігійныя і асветніцкія чытанні пры царкве і ў вёсках. За адзін толькі 1913 год пад яго кіраўніцтвам былі праведзены 34 дабрачынныя адукацыйныя сустрэчы з сялянамі, агульная колькасць наведвальнікаў склала 6.910 чалавек.

21 лютага 1913 года Іліядор Яўгенавіч вядзе святочнае набажэнства ў царкве з нагоды 300-годдзя Дома Раманавых. І ў гэтым выпадку ён пашырыў кола сваіх прамых паўнамоцтваў, клапоцячыся пра сялян не толькі як аб сваіх прыхаджанах, а аб распаўсюджанні асветніцтва і культуры сярод іх. У гэты дзень пасля святочнай службы айцец Іліядор арганізаваў для людзей масавае тэатралізаванае прадстаўленне і літаратурна-вакальную вечарыну з удзелам дзяцей школ Залескай воласці.

Верасень 1913 года адзначаны яшчэ адной знакавай падзеяй у жыцці Залескай царквы. На свята Успення Божай Маці ўпершыню быў арганізаваны пешы хрэсны ход з Глыбокага ў Залескую Свята-Пакроўскую царкву. На Глыбоччыне ў той час такія масавыя святочныя мерапрыемствы ўжо практыкаваліся; Залесчыну ж такое незвычайнае шэсце ўзрушыла: сабраць столькі людзей на набажэнства – у гісторыі храма такога яшчэ не было! Арганізатарам хрэснага ходу стаў Іліядор Лукашэвіч.

Падзея атрымала гучны рэзананс не толькі на Глыбоччыне. 14 верасня 1913 года часопіс “Вестник Виленского Свято-Духовского братства” прысвяціў нашай царкве вялікі артыкул у рубрыцы “Хроника общественной жизни”. Каб адчуць непадробныя эмоцыі ад гэтай значнай падзеі, звернемся да слоў аўтара: “К празднику Успения Божией Матери впервые ожидался в селе Залесье крестный ход из местечка Глубокое. Всё по-видимому было против осуществления этого паломничества. Праздник совпал с четвергом, т.е. базарным днём в Глубоком; время страдное и будничные базары почти безлюдны в эту пору: крестьяне все свои дела хозяйственно-торговые в страду откладывают на праздничные дни, чтобы заодно побывать в храме и исполнить дела в местечке.

Кроме того, заставляло сомневаться в успехе крестного хода и то ещё обстоятельство, что этот крестный ход был первый в Залесье из Глубокого… Погода стояла великолепная и богомольцев собралось до полуторы тысяч человек. Настоятель церкви, свящ. Ил. Лукашевич, предложил внебогослужебную беседу… Тысячная толпа под открытым небом с вниманием слушала трогательное повествование о прекрасной жизни Богоматери. “Идут, идут из Глубокого”… послышался сдержанный шёпот. Беседу пришлось закончить, чтобы поспешить навстречу крестному ходу.

Вдали, среди золотистых полей, плавно колебались белые хоругви паломников… В полуверсте от церкви крестные ходы паломников и встречавшихся сошлись…

Молебен ко Пресвятой Богородице и торжественный крестный ход вокруг храма совершил священник Глубокской церкви о. Ник. Игнатович, приведший паломников вместе с диаконом Ал. Кишулько. После молебна свящ. Ил. Лукашевич обратился к народу с экспромтом-словом, в котором душевно благодарил всех паломников за их благочестивый труд…”

3 ліпеня 1913 года пад час навальніцы мацнейшы ўдар маланкі разбіў званіцу на царкве. Сур’ёзныя пашкоджанні храму – гэта было яшчэ паўбяды: набліжаўся дзень 21 ліпеня – свята Залескай царквы, дзень ушанавання Найсвяцейшай Багародзіцы і яе іконы. Звярнуўшыся да людзей з просьбай аб дапамозе, усчуліўшы сялян простымі словамі аб міласэрнасці, святар Іліядор зрабіў немагчымае: людзі адгукнуліся на яго прызыў, з усяе акругі сабралі грашовыя ахвяраванні, паставілі неабходны матэрыял, талакой прынялі ўдзел у тэрміновым рамонце. На адбудову згарэўшай званіцы пайшло 517 рублёў 20 капеек. Немагчымае было зроблена – праз 19 дзён на свяце царквы нічога не нагадвала аб наступствах прыроднай стыхіі...

Як толькі ў 1914 годзе пачалася вайна з кайзераўскай Германіяй, святар Іліядор стварыў пры Залескай царкве Апякунскі Савет, які займаўся зборам дабрачынных ахвяраванняў, грашовых сродкаў, рэчаў для тых сем’яў, з якіх мужчыны пайшлі на фронт. Асаблівую ўвагу ўдзяляў Іліядор Яўгенавіч дзецям-сіротам, бо ўжо вельмі хутка на Залесчыну пачынаюць прыходзіць пахаванкі з франтоў Першай Сусветнай. Святар знаходзіць час і словы, каб зайсці ў кожную сям’ю загінуўшага, выказвае спачуванні, усцешвае жанчын, дзетак, аказвае грашовую падтрымку. Кожную нядзелю святар у царкве зачытвае апошнія зводкі з месцаў баявых дзеянняў...

Сведчаць летапісныя запісы: … С объявлением войны с Германией и Австрией, на войне сосредоточились все интересы. О всём, относящемся к военным действиям, прихожане самым аккуратным и подробным образом осведомлялись по воскресным и праздничным дням. При церкви был образован Попечительский Совет, помогавший всеми мерами и способами семьям лиц, призванным на театр войны. Деятельность Совета внесла сознательность и успокоение в среду прихожан, помогла много тем из семейств воинов, кои почему либо не могли получать пособия или нуждались в разнообразных советах и слове милосердия”.

20 ліпеня 1916-га года Залесчыну наведаў Архіпастыр Віленшчыны. Адна з галоўных мэтаў яго прыезду была – узняць патрыятычны дух прыхаджан ва ўмовах вядзення вайны. Фронт на гэты час стаяў зусім блізка – на Пастаўшчыне, Мядзельшчыне, у раёне Нарачанскіх азёраў.

Газета Віленскага брацтва вельмі падрабязна і ў дэталях асветліла гэту падзею на Залесчыне ў кастрычніку 1916-га.

«Около 7 часов вечера Владыка прибыл в Залесье. Архипастыря настоятель церкви священник отец Евстафий Балабушевич краткой речью, в которой, выразив особую радость видеть, встречать Архипастыря и получить благословение в тяжёлые дни военных невзгод, просил молитвы Святителя о сохранении прихода от нашествия врагов, о ниспослании тихого и мирного жития по пути осуществления высших христианских заветов.

 В ответ на приветственную речь настоятеля Архипастырь обратился к прихожанам, переполнявшим храм, со словом. Отметив наступление 3 годовщины войны и трогательно изобразив скорби, лишения и невзгоды, перенесённые в течение двух лет Державным Вождём, воинством и народом, Архипастырь призывал находить утешение в удачно развивающихся военных событиях последнего времени, убедительно свидетельствующих о являемой свыше милости и помощи русским людям. После сего, в противовес афоризму – «победит тот, у кого нервы крепче», прекрасно раскрыт Владыкою истинно христианский взгляд на исход войны, в основу коего положено библейское изречение: «гордым Бог противится, смиренным же подаст благодать»; а затем было проведено сравнение между русскими людьми и немцами по степени духовно-нравственного их развития, показавшее с убедительной ясностью, что русский народ по душе своей чище, ближе к Богу, а следовательно имеет больше дерзновения и надежды на милость Божию, на окончательную победу; в заключение Архипастырь призывал к нравственному самоусовершенствованию и к молитве об укреплении Российской державы, о благословении победой русского оружия и о даровании прочного и продолжительного мира. По окончании слова было совершено молебствие о даровании победы с провозглашением многолетия…» (“Вестник Виленского Свято-Духовского братства”. №12. 1916 г. С.119)

***

З 1917 года пачынае несці службу ў Залескай царкве святар Сокалаў Канстанцін Дзмітрыевіч Сам ён быў родам са Смаленшчыны.. У 1897 г. закончыў курс навучання ў Полацкім духоўным вучылішчы, тады ж атрымаў пасведчанне на званне настаўніка пачатковага вучылішча. У 1910 г. атрымаў сан святара; узнагароджаны сярэбраным медалём Чырвонага Крыжа на Аляксандраўскай ленце “В память участия в деятельности Общества Красного Креста во время Русско-Японской войны в 1904 и 1905 гг.”. Доўгі час выконваў абавязкі настаяцеля праваслаўнай царквы ў Дынабургу (Даўгапілсе). Потым працаваў у Радашковічах. Памёр у 1947-ым годзе, пахаваны у Бушыках на царкоўных могілках каля самага храма.

Sakalou K. Святар Залескай Свята-Пакроўскай царквы айцец Канстанцін Сокалаў

Радавод Сокалавых знакаміты тым, што цэлых тры пакаленні яго прадстаўнікоў прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу і царкве. Святаром быў бацька Канстанціна – айцец Дзімітрый, святарамі сталі два сыны Канстанціна – айцец Барыс Канстанцінавіч і айцец Георгій Канстанцінавіч Сокалавы.

Сокалаў Георгій Канстанцінавіч нарадзіўся 14.05.1906 г. у г. Дзвінску. У 1918 годзе закончыў народнае вучылішча ў Залессі, у 1921 годзе – гарадское вучылішча ў Глыбокім. З 1921 па 1931 гг. ён навучаецца ў Віленскай духоўнай семінарыі, і яшчэ ў час вучобы пачынае несці службу ў Залескай царкве псаломшчыкам (1927-1931 г.г.). Дальнейшы яго службовы шлях быў такім: 1931 – 1933 гг. - псаломшчык у царкве с. Дуброва Ракаўскага благачынія; 1933 – 1938 гг. – псаломшчык у царкве Ражаства Прэсвятой Багародзіцы ў мястэчку Лужкі; у 1938 годзе айцец Георгій у Вільні рукапаложаны ў сан дзьякана; з 1938 па 1947 гг. служыць у Лужэцкай царкве дзьяканам, потым настаяцелем. 23 красавіка 1947 года ён зноў пачынае несці службу ў Залескай царкве ў якасці другога святара разам са сваім малодшым братам Барысам Канстанцінавічам. У 1960-ым годзе яго пераводзяць настаяцелем Успенскай царквы ў Шаркоўшчыну, дзе ён адслужыць да 1969-га года. З сакавіка 1969-га айцец Георгій назначаны настаяцелем Міхайлаўскага сабора ў Мазыры.

Sokolow B. K. Сокалаў Барыс Канстанцінавіч, малодшы брат Георгія, нарадзіўся ў 1907 г. у Дзвінску. У 1928 годзе закончыў Віленскую духоўную семінарыю і з гэтага ж года па 1933-ці служыць псаломшчыкам у Залескай царкве. 1933-1947 гг. - айцец Барыс выконвае абавязкі другога псаломшчыка ў царкве Ражаства Прэсвятой Багародзіцы ў мястэчку Лужкі разам са сваім братам. У 1947 годзе рукапаложаны ў сан дзьякана і святара. З 1947 па 1961 гг. служыць святаром у Залескай царкве ў Бушыках. З 4 студзеня 1961 года – настаяцель нашай Свята-Пакроўскай царквы. У 1967 годзе айцец Барыс узведзены ў сан пратаіерэя.

Барыс Сокалаў памёр 8 ліпеня 1971 года, пахаваны на царкоўных могілках у в. Бушыкі. Яго дачка – Котава (Сокалава) Нона Барысаўна, сваё жыццё прысвяціла медыцыне. Працавала ўрачом, у 1990 г. ўзнагароджана знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, з 1997 па 2005 гг. займала пасаду галоўнага ўрача Глыбоцкай бальніцы.

 ***

Падзеі Першай Сусветнай вайны 1914 – 1918 гг., Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 года, грамадзянская і замежная інтэрвенцыя 1918 – 1921 гг., вайна з Саветаў з Польшчай, голад – разруха – пастаянная змена улад – нястача – разгубленасць – палітычная неразбярыха: усё пранеслася па нашым краі быццам смерч. Царква здолела выстаяць у гэтай віхуры таго часу, калі усё было пастаўлена з ног на галаву, калі людзі не паспявалі прывыкнуць да новай улады і ўвесь час нешта мянялася, ламалася, перайначвалася. Храм працягваў сваю дзейнасць, і туды ішлі людзі Залесчыны, каб адчуць хоць якое-небудзь заспакаенне, суцішэнне сваім думкам...

Свята-Пакроўская царква дзейнічае пры паляках: з 1921 па 1939 гг. ва ўмовах зусім новай палітыкі, у складзе зусім новай дзяржавы, з новымі законамі і новымі парадкамі храм працягвае сваю службу. Уціску царкве як праваслаўнаму храму пры Польшчы не было. Пры польскай уладзе ў Залескай царкве па штату зноў была ўведзена пасада другога святара: айцец Канстанцін Сокалаў нясе службу разам з айцом Іосіфам Балаем.

Асоба Іосіфа Балая даволі загадкавая. Разносіліся чуткі, што Іосіф Балай пачынаў сваю кар’еру ў якасці рэвалюцыйнага камісара Расійскай рэспублікі на Віленшчыне. Як толькі ў кастрычніку 1921 года яго прызначаюць святаром ў Залескую царкву, газета “Беларускія ведамасці” тут жа адгукнулася на гэту падзею невялічкім, але з’едлівым па сэнсу артыкулам: “Быўшы губэрскі камісар часоў Керэнскага (неакупаванай немцамі часткі Віленшчыны), Восіп Балай з Шаркаўшчыны, Дзісьненскага павету, высьвяціўся нядаўна на сьвяшчэньніка і заняў прыход ў Залесьсі, таксама Дзісенскага павету” (“Беларускія ведамасці”. № 6. 17.10.1921).

Айцец Іосіф падтрымліваў пад час сваёй дзейнасці вельмі шырокія дзелавыя сувязі з іншымі царкоўнымі прыходамі. Вёў актыўнае супрацоўніцтва з прадпрымальніцкай фірмай “Ліярня дзвонів”, якая знаходзілася ў Галіцыі (Заходняя Ўкраіна). Фірму трымалі браты Фяльчынскія, філіялы працавалі ў гарадах Перамышль і Калуш. Дапамагала гэта арганізацыя Залескай царкве закупкай царкоўнага інвентару, званоў, грашовымі пазыкамі.

Разам са сваімі прамымі абавязкамі айцец Іосіф выконвае і настаўніцкія: працуе ў Залескай школе “повшэхнай” выкладчыкам Закона Божага для дзяцей праваслаўнай веры.

 Balay_Iosif_.jpgBushiki 12

 Паштовая перапіска Залескай царквы                Айцец Іосіф Балай

 

Bushiki 13План размяшчэння будынкаў на землях Свята-Пакроўскай царквы. 1921 г.

Галоўнае свята Свята-Пакроўскай царквы – 21 ліпеня, дзень ушанавання Найсвяцейшай Багародзіцы і яе іконы. У нас дагэтуль гэта свята лічыцца самым любімым і чаканым. У народзе кажуць: “фэст”.

Для вёскі Бушыкі фэст на 21 ліпеня заўсёды падзея, бо на адзін дзень усё наваколле ажывае, царква становіцца цэнтрам усеагульнай увагі. Як сведчаць старажылы, пры Польшчы людзі спяшаліся на свята загаддзя. З ночы займалі месцы, каб раніцай трапіць у храм на богаслужэнне, прыняць удзел у хрэсным ходзе. Людзей збіралася столькі, што для захавання парадку польская паліцыя высылала патруль з Глыбокага, Германавіч, Лужкоў. 

Bushiki 1421 ліпеня 1937 г. Фэст у Бушыках.  Госці ў доме святара Залескай царквы Канстанціна Сокалава

 Пры польскім парадку ў вёсцы і ў царкве незадавальненне выклікала хіба толькі тое, што на царкоўным могільніку каля самага храма пачалі хаваць палякаў – грамадскіх служачых, асаднікаў, паліцэйскіх. Праваслаўная царква ў той час суседнічала з адміністрацыйнымі будынкамі польскіх улад, бо пры Польшчы Залеская гміна размяшчалася і працавала менавіта ў Бушыках, тут жа месціўся і паліцэйскі пастарунак. Ужываліся, не мяшаючы адзін аднаму...

Так прайшоў перыяд жыцця царквы пры польскім часе, потым – паўтара года – у складзе Савецкай дзяржавы. А ў 1941 годзе пачалася вайна...

***

Свята-Пакроўская царква выстаяла і ў часы фашысцкай акупацыі 1941 – 1944 г.г. У той страшны перыяд гісторыі царква, напэўна, была тым месцам, дзе людзі знаходзілі супакаенне, прытулак на час малебнаў, часовае суцішша ад вечнага страху і чакання смерці... Немцы не чапалі храм і вернікаў. Як расказвалі калісьці мне старажылы, цікаўныя нямецкія салдаты заходзілі іншы раз у царкву паглядзець на богаслужэнні. Больш таго, палітыка цывільных нямецкіх акупацыйных улад на Беларусі была наступная: каб прыцягнуць сімпатыі да германскага рэжыму з боку насельніцтва, акупанты дзейнічалі хітра, выкарыстоўваючы ўсе ўмелыя прыёмы прапаганды, агітацыі, паказваючы сваю “павагу і цярпімасць” да пачуццяў беларускіх вернікаў.

У хітрыя ідэалагічныя гульні нямецкімі ўладамі быў уцягнуты айцец Іосіф Балай, які ў часы фашыскай акупацыі працягваў служыць у царкве: у 1942 годзе ён вымушаны быў пад прымусам удзельнічаць у працы і дзейнасці Беларускай аўтакефальнай царквы, браў удзел у працы з’ездаў у Мінску. Трагічным аказаўся яго дальнейшы лёс. У чэрвені 1944-га айцец Іосіф разам з сям’ей пакідае нашы мясціны, рухаецца на захад з адступаючымі нямецкімі часцямі. Ён выдатна разумеў, што супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі яму не даруюць. Святар Іосіф Балай апынуўся ў Дрэздэне. Загінуў у 1945-ым годзе ў час бамбардзіроўкі горада англа-амерыканскай авіяцыяй…

Распаўсюджваліся сярод насельніцтва невялікія кішэнныя малітоўнічкі, выпушчаныя ў Берліне і ў Фінляндыі. Насельніцтву прапаноўваліся праваслаўныя народныя календары, дзе побач са звычайнымі малітвамі і добравядомымі запаведзямі Хрыста ідэолагі фашысцкага рэжыму ўслаўлялі ідэі нацызму, прапагандавалі “райскае жыццё” у Германіі, цытавалі прамовы Гітлера... Гэта была страшная і нябачная на першы погляд вайна – прыкрываючыся словамі Бібліі схіляць людзей да сімпатый бесчалавечнай ідэалогіі Трэцяга Рэйху.

І як жа тут не ўспомніць факты, які сведчылі зусім аб другіх намерах фашыстаў на нашай зямлі ў той час! Чамусьці не грэбавалі прадстаўнікі акупацыйных улад зімой 1941 года зачытваць прыхаджанам у царкве загады аб прымусовай здачы кажухоў, цёплага адзення для салдат вермахта... Чамусьці не саромеліся нямецкія вайскоўцы ў 1943 годзе знімаць з царкоўнай званіцы ўсе званы для пераплаўкі на патрэбы германскай арміі... Чамусьці прадстаўнікі новага парадку не баяліся Бога, збіваючы на могілках у Сетах, Запруддзі, Загор’і, Бушыках медныя і бронзавыя крыжы з надмагільных помнікаў... Чамусьці немцы, на салдацкіх спражках якіх былі вычаканены словы “Gott mit Uns” – “З намі Бог”, забываліся аб запаведзях Божых, калі ў жніўні 1943 года ў Бушыках бліз царквы пасля здзекаванняў была расстраляна яўрэйка Цэмахава Дрэйза толькі за тое, што яна мела няшчасце нарадзіцца і жыць яўрэйкай... І чамусьці не памяталі аб сваёй “вызваленчай місіі” акупанты, калі забівалі на Залесчыне былых савецкіх актывістаў, падазроных за сувязі з партызанамі стралялі цэлымі сем’ямі на вачах сагнаных аднавяскоўцаў, юнакоў і дзяўчат, малалетніх дзяцей вывозілі ў Германію, а Глыбоцкі Барок ў Беразвеччы стагнаў ад прадсмяротных воклічаў палонных чырвонаармейцаў, цывільнага насельніцтва, яўрэяў, палякаў, італьянцаў, якіх забівалі, тапілі, закапвалі ў зямлю, проста вынішчалі як смецце, як людзей ніжэйшай расы...

***

...Скончылася вайна. У 1945 годзе праводзіўся дзяржаўны ўлік усіх дзейнічаючых на Беларусі рэлігійных храмаў (цэркваў, манастыроў, малітоўных дамоў), пастаноўка іх на дзяржаўны кантроль. У рэестры пад № 76 па Глыбоцкаму раёну ўнесена Залеская Свята-Пакроўская царква ў вёсцы Бушыкі. На той год у дакуменце паведамлялася, што царква мае статут праваслаўнай, у карыстанні веруючых маюцца два жылыя дамы для святароў, невялікая прыцаркоўная вартаўніца, адзін вартаўнік, у наяўнасці маецца царкоўная тройка па кіраванню царкоўнымі будынкамі, ёсць рэвізійная камісія.

У перыяд з 1946 па 1949 гг. псаломшчыкам у Залескай царкве служыў Скурко Леў Рыгоравіч. Нарадзіўся ў 1921 годзе, закончыў чатырохкласную польскую гімназію ў Глыбокім. У 1939 годзе Леў Рыгоравіч заканчвае 1-ы курс праваслаўнага багаслоўскага ліцэя ў Варшаве. У 1946 годзе ён атрымаў сан дзьякана, святаром стаў у 1949-ым. Потым ён выконваў свае абавязкі ў Свята-Успенскай царкве ў в. Кавалі Глыбоцкага раёна (1949-1954 гг.), Свята-Мікалаеўскай царкве ў в. Забор’е Пліскага раёна (1954-1959 гг.). Пражыў зусім кароткае жыццё – памёр ва ўзросце 38 гадоў…

Фінансавы аддзел Глыбоцкага раёна праглядзеў пададзеныя за 1949 год дэкларацыі залескіх святароў Барыса і Георгія Сокалавых і налічыў падаходны падатак у суме 6.200 рублёў...

 Bushiki 15Bushiki 16

Свята-Пакроўская царква. Фэст у Бушыках (1949 г.)

***

Імкліва праносіліся аднаўленчыя 1950-я гг., пачалося дзесяцігоддзе 1960-ых, якое азнаменавалася разгарам антырэлігійнай кампаніі ў СССР. На Беларусі зачыняліся і знішчаліся цэрквы і касцёлы. Сумны лёс напаткаў многія помнікі рэлігійнага дойлідства на Глыбоччыне. Быў разбураны Беразвецкі кляштар базыльянаў з царквою – адным з лепшых узораў віленскага барока. У 1961 годзе зачынена, разабрана, перавезена ў цэнтр Залесся і перабудавана на сельскі клуб стараабрадніцкая царква-малельня. Разносіліся чуткі на Залесчыне і аб тым, што маюцца намеры зачыніць Свята-Пакроўскую царкву. Які лёс чакаў бы нашу святыню, каб не прыроднае ўзвышша, высокая гара, дзе месціцца храм? Царкву хацелі прыстасаваць пад зернесклад або любое памяшканне для патрэб калгаса... Аднак ні адзін конь з падводаю не здолеў бы пад’ехаць да будынка, нязручнасці выклікала якраз прыродна-геаграфічнае становішча царквы. Чуткі, размовы, меркаванні так і засталіся ў паветры, царкву не зачапілі і яна працягвала сваю дзейнасць.

Абавязкі святара на той час выконваў айцец Барыс Сокалаў. Дом яго і зараз стаіць у Бушыках якраз насупраць царквы.

Sakalou Barys K. Айцец Барыс Сокалаў у час вядзення набажэнства ў храме (1960-я гг.)

***

Дзень сённяшні – працяг жыцця і гісторыі Свята-Пакроўскай царквы. Царква велічна лунае над абшарамі Залесчыны. Як гісторыка-культурны помнік архітэктуры барока і рэтраспектыўнага-рускага стылю канца XVIII стагоддзя яна прыцягвае да сябе ўвагу даследчыкаў, мастакоў, вандроўнікаў, турыстаў. Як гістарычная кропка царква ў Бушыках уключана ў турысцка-краязнаўчы маршрут “Мінулае Залесчыны”.

  

 

Bushiki 18Царква ў Бушыках. 1976 г. Фота Уладзіміра Скрабатуна.

 

 

 

 

 

Bushiki 19Аўтар выказвае падзяку за знойдзеныя фотаздымкі, летапісныя крыніцы і публікацыі ў старых выданнях звестак аб Свята-Пакроўскай царкве Кастусю Шыталю, Дзянісу Лісейчыкаву, Аляксандру Хайноўскаму, Уладзіміру Скрабатуну, Юрыю Калбасічу.

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих

sm

kulturaby

2023 god miru

01

glub rik

02

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

uni

vit

Vitebskie vesti

pomogut.by

qr

 

Счетчик посещений

Сёння 2

Учора 47

За тыдзень 478

За месяц 1957

Усяго 97966

Перыяд:

2018-01-01 - 2023-03-26

Зарэгістравалася: 236