Р.Шарыпкін "Таямніца аднаго верша"

Zalesse

 

Народная вершаваная байка “Размова мужыка з панам”: нечаканая знаходка на Залесчыне

 Пад час пошукавай работы любы даследчык цешыць сябе надзеяй і марай знайсці цікавы артэфакт, нешта такое адметнае, што тычыцца гісторыі свайго краю, каб гэта атрымалася маленькая сенсацыя, невялікае адкрыццё ў краязнаўчым летапісе родных мясцін. Іншы раз для такой знаходкі дастаткова невялікай дробязі, якая аказваецца вельмі важнай для напісання новых старонак даследчай кнігі.

Першаадкрывальнік

Anatol Dzyarcach 2Пачаць размову варта з расказу пра першаадкрывальніка нашай знаходкі. Беларускі паэт Анатоль Рыгоравіч Зіміёнка (літаратурны псеўданім – Анатоль Дзяркач). Анатоль Рыгоравіч нарадзіўся ў 1887 годзе у вёсцы Турэц на Гарадзеншчыне. У 1904 г. закончыў Навагрудскае гарадское вучылішча. Служыў пісарам у Мінскай гарадской і земскай управах. У Расійскай імперыі за рэвалюцыйную і агітацыйную дзейнасць быў зняволены, потым сасланы.

Друкавацца ён пачаў з 1904 г. Працаваў у жанрах апавядання, агітацыйных прыпевак, фельетонаў, народных жартаў. Вельмі шмат пісаў твораў для дзяцей, і дзіцячыя вершы Анатоля Зіміёнкі заўсёды вылучаліся цёплым гумарам, своеасаблівымі паэтычнымі назіраннямі за дзіцячым светам. Анатоль Зіміёнка перакладаў з рускай на беларускую мовы творы У. Маякоўскага, С. Маршака, А. Барто, К. Чукоўскага. Працаваў і друкаваў свае творы ў газетах “Беларуская вёска”, ,Піянер Беларусі”. 16 кастрычніка 1936 года Анатоль Зіміёнка арыштаваны органамі НКУС, абвінавачаны ў беларускім нацыяналізме і шпіянажы на карысць Польшчы. Расстраляны 5 верасня 1937 года. Рэабілітаваны ў 1957-ым. Такі незайздросны лёс надзвычай таленавітага дзіцячага пісьменніка Беларусі, які ў страшныя часы сталінскага тэрору раздзялілі многія беларускія паэты і пісьменнікі…

У 1904 годзе Анатоль Зіміёнка займаўся зборам і запісам беларускага фальклору ў ваколіцах Навагрудка. Тады ён і запісаў цікавы верш, якому даў умоўную назву “Размова мужыка з панам”. У друку ўпершыню гэты твор з’явіўся на старонках зборніка “Беларусь” толькі ў 1924-ым. Па-сутнасці – гэта ананімная народная вершаваная байка, якая была створана невядомым аўтарам у часы паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 г.г. Твор уяўляе сабою дыялог паміж панам і беларускім селянінам, а па зместу – спрэчку, якая яскрава паказвае характар адносін паміж панамі і сялянамі ў той час. Вось самы паказальны ўрывак з гэтага народнага твора:

-A czy zdrow ty,moj Stafanie?

 -Ат! Ды жыву сабе, пане!

 -A czy zdrowa twoja Dorota?

 Chodzcie do mnie na robota:

 Kosic, suczyc pilnie trzeba,

 Dam peniedzy, dam i chleba!

 -Ой, панскі хлеб нам дакучыў,

 Калі нас так цяжка мучыў,

 Цэлы дзень трэба рабіць,

 А вечарам спадзявайся – будуць біць.

 

З упэўненасцю можна сцвярджаць, што такі ананімны верш у часы паўстання 1863-1864 г.г. з’яўляўся свайго роду агітацыйна-рэвалюцыйнай улёткай, своеасаблівай пракламацыяй, дарэчы, накіраванай у сваім сацыяльным пратэсце супраць панства…

 Залесчына. Нечаканая знаходка

 Zalesse kniga 02 6…Вёска Бушыкі, Залескі сельсавет, Глыбоцкі раён. Знаходка ў час адной з краязнаўча-пошукавых вандровак рукапіснага летапісу Залескай Свята-Пакроўскай царквы (падзеі грамадскага жыцця Залескага краю з 1880 па 1914 г.г.) стала для нас не проста цікавым гістарычным экспанатам і крыніцай для даследавання гісторыі Залесчыны, яна адкрыла нам вочы на непрадказальнасць пошукавай працы. Сярод старонак царкоўнага летапісу знойдзены гэты самы рукапісны верш…

 

 

 

 Прыходскі летапіс Залескай царквы

02 1 Zalesse kniga  Ананімны народны твор адшуканы на старонцы 227-ай летапісу. Напісаны хімічным алоўкам поўнасцю славянскім алфавітам. Зверху ўвесь верш перакрэслены крыж-накрыж некалькі разоў ужо другім алоўкам, фіялетавага колеру, і тут жа паверх радкоў нанесены другі запіс-“рэзалюцыя” на рускай мове: “Глупо и невежественно”.

Паспрабуем прывесці друкаваны арыгінал гэтага дзіўнага твора. Вось як ён выглядае (поўнасцю захаваны правапіс, асаблівасці пераносу, вершарадкоўе, лексічныя асаблівасці):

Якъ жиешь, Стефане?

- А живу себъ, пане!

Якъ есць здрова жона твоя,

Нехъ приходи до мнъ на

работа: косить и жонсть

тельке тшеба, - дамъ пинензы

дамъ и хлъба.

- Досиць намъ панскаго хлъба,Zalesse kniga 02 3

Пански хлъбъ намъ надо-

кучилъ, досць тагды насъ

панъ намучилъ: просъ день

намъ надо было рабити,

а вечеромъ прийдешь – бу-

дешь бити.

 

У сучаснай літаратурнай апрацоўцы, з захаваннем усіх неабходных умоў і правіл вершаскладання, правіл афармлення дыялагічнай і простай мовы верш будзе выглядаць так:

 

 -Як жывеш, Стэфане?

- А жыву сабе, пане!

-Як ёсць здарова жонка твая?

Няхай прыходзіць да мяне на работу,

Касіць і жаць толькі трэба.

Дам грошай, дам і хлеба.

-Досыць нам панскага хлеба!

Панскі хлеб нам надакучыў!

Досыць тады нас пан намучыў!

Праз дзень нам нада было рабіці,

А вечарам прыйдзеш – будуць біці.

Як бачна, сутнасць, ідэя верша поўнасцю захавана так, як у арыгінале, надрукаваным калісьці Анатолем Зіміёнкам. Першае ж адрозненне “залескага” варыянта, што кідаецца ў вочы, гэта адсутнасць польскамоўнага маналогу пана, ён перададзены невядомым нашым земляком у славянскай транскрыпцыі, так, як ён пачуў яго. Ёсць адрозненні ў лексічным змесце ад арыгінала амаль што ў кожным вершаваным радку: замены слоў, перастаноўка, дабаўленне іншых. Лексічны склад верша сведчыць аб змешанай руска-польска-беларускай мове. Прысутнічаюць літары дарэвалюцыйнага алфавіту “ер” і “ять”.

Zalesse kniga 02 7Zalesse kniga 02 8

 

 

 

 

 

Верш пісаўся па памяці, а гэта сведчыць, што ён быў вядомы на Залесчыне. Самае адметнае адрозненне – кідаецца ў вочы радок, які адсутнічае ў версіі Зіміёнка:

-Досыць нам панскага хлеба!

 І вось гэты радок значна выдзяляе нашага невядомага “залескага” прыхільніка верша: словы гучаць як праклён, як заклік, як супраціў, у якім адчуваецца боль, гнеў і пратэст. Цяпер крыху паспрабуем паразважаць: калі, пры якіх абставінах, чаму мог з’явіцца гэты ананімны верш даволі “небяспечнага” зместу, тым больш – на старонках (!) царкоўнага летапісу.

Напісаў яго той чалавек, які меў досыць свабодны доступ да штатнай кнігі залескай царквы. Гэта быў не святар адназначна, бо царкоўны служыцель як чалавек, дасканала валодаючы граматным пісьмом, не дапусціў бы такіх памылак у арфаграфіі і не ўжываў бы змешанай лексікі. Дастаткова прабегчыся па папярэдніх старонках летапісу, дзе залескія святары акуратна ліст за лістом запаўнялі агляд і асэнсаванне прайшоўшых падзей на Залесчыне год за годам: усё запісана на чыстай рускай мове, без адзінай арфаграфічнай памылкі. Перакрэслены верш і запіс “Глупо и невежественно” сведчаць аб тым, што рэзалюцыя нанесена менавіта святаром, які, пераглядваючы старонкі летапісу, і наткнуўся на нечаканае напісанне.

 

Zalesse kniga 02 4Пытанне наступнае: добра разумеючы, што гэты верш – рэч даволі небяспечная ў ідэалагічным і, нават, палітычным сэнсе, чаму святар не вырваў старонку з гэтай “крамолай”, аставіў верш проста перакрэсленым са сваім кароткім рэзюме?

Магчыма, верш быў запісаны псаломшчыкам або старастам царквы, чалавекам з вясковага, сялянскага асяродку. Невядомы нам чалавек даволі добра валодаў граматай, а дапушчаныя памылкі – звычайны паказчык любога вясковага “грамацея”, скончыўшага звычайную вясковую школу граматы або царкоўнапрыхадскую школу таго часу.

Прызнак таго, што невядомы аўтар – з нашых вёсак – лексічныя асаблівасці мовы, так званая “трасянка”, на якой, дарэчы, і зараз размаўляюць нашы вяскоўцы: “нада”, “работа”, “тагды”. Шмат паланізмаў, якія не проста перадаюць вобраз пана, але і сведчаць аб ужытку польскамоўных слоў у мясцовай гаворцы. Наяўнасць знакаў дарэвалюцыйнага алфавіту – сведчанне аб жывучасці традыцый дарэформеннага пісьма (да 1918 г.). Шмат у якіх дакументах перыяду 1919-1939 г.г., нават акупацыйнага перыяду 1941-1944 г.г., знойдзеных на Залесчыне, запісы, зробленыя нашымі вяскоўцамі, даказваюць гэта.

Час напісання? Магчыма, перыяд пасля 1917 года, магчыма, перыяд, калі мы былі ў складзе Польшчы з 1921 па 1939 г.г.

Што штурхнула невядомага аўтара на гэты запіс? Момант эмацыянальнага ўзрушэння, душэўныя перажыванні ў хвіліны адчаю, пачуты верш, які лёгка ложыцца на памяць і просты і даступны для ўсведамлення нашага земляка, адпавядаючы змест цяжкай рэчаіснасці на той момант? Тут можа быць што заўгодна… Важна тое, што верш быў добра вядомы на Залесчыне людзям, яго насілі ў памяці, ім валодалі… І, думаецца, яны добра разумелі глыбінны сэнс гэтага твора.

У залескім летапісе за 1880 год святар Максімільян Памяранцаў зрабіў наступны запіс, характарызуючы грамадскія пазіцыі мясцовага сялянства: К событиям 1812, 1830 и 1863 года местные крестьяне, насколько можно судить по рассказам стариков, относились совершенно пассивно и старались только оберегать свои пожитки.

Знойдзены верш у летапісе Залескай царквы, напрамую звязаны з падзеямі паўстання 1863-1864 г.г., з дзейнасцю Кастуся Каліноўскага, створаны ў тыя часы, яскрава сведчыць аб адваротным… Памяць аб тых падзеях захоўвалася ў нашых людзей, ананімны верш на старонках царкоўнага летапісу гаворыць аб спачувальнасці нашых вяскоўцаў героям паўстання.

Zalesse kniga 02 5Чаму верш не быў знішчаны святаром, а прызнаны толькі “глупым и невежественным” на словах? Можа святар таксама зразумеў, што гэта ўсё ж-такі народны літаратурна-гістарычны твор, і, нягледзячы на ідэалагічную небяспечнасць вершаваных радкоў, ён проста пашкадаваў знішчаць яго, у глыбіні душы разумеючы каштоўнасць народнага слова, крык душы простага селяніна, адчай, які выгукнуў калісьці ў часы паўстання невядомы нам самадзейны паэт? Безумоўна, гэта знаходка для нашых мясцін – неацэнны момант летапісу Залесчыны, яшчэ адна таямніца гісторыі…

 

2019 г.

Пошук па сайту

Russian Belarusian Chinese (Traditional) English French German Italian Spanish
Версия для слабовидящих

Simvaly RB

kulturaby

2024 gk

80 god vuzvalennya Belarusi

forum 2024

bazar 2024g

mchs

pravo.by logo main

glub rik

02

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

uni

vit

Vitebskie vesti

pomogut.by

scyag gerb

qr

 

Счетчик посещений

Сёння 149

Учора 192

За тыдзень 845

За месяц 464

Усяго 142270

Перыяд:

2018-01-01 - 2024-05-03

Зарэгістравалася: 283