Турыстычнымі сцяжынкамі Шунеўскага краю "О, край родны, край прыгожы!.."
Наша жыццё – гэта працяг жыцця нашых продкаў, а тое, што вакол нас – гэта след іх жыцця…
![]()
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дае бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць? Якуб Колас
Першы ўспамін пра вёску Шунеўцы сустракаецца ў 1775 годзе. Назва паходзіць ад прозвішча Шунеў, Шуневіч.
Па дадзеных перапісу насельніцтва 1897 года ў вёсцы пражывала больш за 200 чалавек (137 мужчын и 143 жанчыны). 1921 год — 282 жыхары, 50 двароў. 1931 год — 365 жыхароў, 64 двары. 2014 год — 930 жыхароў. На 01.01.2023 г. у вёсцы жыве каля 1000 чалавек.
Вёска знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад раённага цэнтра г. Глыбокае.
Шунеўская сельская бібліятэка
Гасцей вескі Шуневічы першай сустракае філіял №36 Шунеўская сельская бібліятэка.
З 2018 года яна размяшчаецца ў будынку канторы ПМК “Меліявадгас”. Раней яна суседнічала з Домам культуры. Бібліятэка мае абанемент і чытальную залу. Фонд складаюць звыш 13 000 экз. дакументаў. Наведвальнікамі з’яўляюцца каля 900 жыхароў вёскі Шунеўцы і навакольных вёсак. Бібліятэка мае шмат краязнаўчага матэрыялу пра сваю мясцовасць, знакамітых людзей, пра Глыбоччыну.
УП “Глыбоцкая ПМК меліяводгас”
Да 1972 года Шунеўцы былі цэнтрам калгаса “Парыжская камуна”. Пасля далучэння да калгаса суседняй гаспадаркі цэнтр перанеслі ў вёску Зарубіна. 1 лютага 1973 года ў Глыбоцкім раёне з'явілася новая меліярацыйная арганізацыя — перасоўная механізаваная калона (ПМК). Узначаліў яе Шаламіцкі Леанід Пятровіч. У спадчыну ад былога калгаса ПМК засталіся адміністрацыйны будынак, клуб, бібліятэка, магазін і двухсямейны дом.
Напрыканцы 1976 года калектыў ПМК “Меліяводгаз” узначаліў Рындзёнак Іван Іосіфавіч. З прыходам новага кіраўніка пачаўся рост прадпрыемства і добраўпарадкавнне населенага пункта. Была заасфальціравана дарога Глыбокае - Шунеўцы, адкрыты рэгулярны рух прыграднага аўтобуса. Пабудаваны дзіцячы сад і гандлёвы цэнтр. За пяць год 150 маладых сямей атрымалі кватэры у павярховых дамах з камунальнымі выгодамі. Быў пабудаваны інтэрната для маладых працаўнікоў.
У 1981 годзе ПМК-46 заняла 1-е месца ў трэсце “Полацкводбуд” і 2-е – у Міністэрстве меліярацыі воднай гаспадаркі БССР па выниках працы.
У 1984 годзе калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай калегіі Мінводгаса СССР і прэзідыума ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі як пераможца ва Усесаюзным аглядзе па шырокаму ўкараненню брыгаднага гаспадарчага разліку ў будаўнічых арганізацыях.
У 1986 годзе калектыў калоны ПМК-46 стаў пераможцам рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва. Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву Рындзёнка І.І. на працягу 30 гадоў ПМК-46 лічылася адной з лепшых калон не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў рэспубліцы.
У 2006 годзе на пасаду дырэктара УП “Глыбоцкая ПМК меліяводгас” прызначаны Танканог Эдуард Аляксеевіч, начальнік Глыбоцкай ПМС. Па выніках работы за 2013 год Танканог Э. С. удастоены званняў “Лепшы кіраўнік года” і “Чалавек года Віцебшчыны”. https://www.sb.by/articles/pust-vblizi-arzhanitsy-rozh-kolositsya.html З сакавіка 2023 года арганізацыю ўзначаліў малады кіраўнік Палідавец Аляксандр Расціслававіч. УП “Глыбоцкая ПМК меліяводгас” заслужана займае лідыруючае месца сярод мелірыятыўных прадпрыемстваў Віцебшчыны.
ДУА”Шунеўская базавая школа Глыбоцкага раёна”
Шунеўскія дзеці па завядзёнцы вучыліся ў Гірстунскай базавай школе. І калі на пачатку 90-х гадоў ХХ ст. школа ў Гірстунах стала малакамплектнай, паўстала пытанне аб яе закрыцці. У ліпені 1992 года Глыбоцкі райвыканкам прыняў рашэнне аб рэканструкцыі Шунеўскага дзіцячага садка пад школу. Правесці капітальны рамонт будынка было даручана дырэктару Гірстунскай базавай школы Міхалевіч Лідзіі Міхайлаўне. Рамонт быў праведзены ў сціплыя тэрміны і 1 верасня 1992 года Шунеўская базавая школа гасцінна адчыніла дзверы перад дзетварой.
Вучнямі школы сталі 270 дзяцей. У штаце было 20 настаўнікаў. Дырэктарам была прызначана Міхалевіч Л.М. Па заявах бацькоў рашэннем Глыбоцкага райвыканкама ў 1994 годзе школа атрымала статус "Шунеўская сярэдняя школа".
З 2019 года школа стала ДУА “Шунеўская дзіцячы сад – базавая школа”. У 2022 годзе школа адзначыла сваё 30-годдзе.
Штучны вадаём “Чорныя камяні”
Паблізу вёскі Шунеўцы няма прыродных рачулак і вададаёмаў. Па ініцыятыве ПМК “Меліявадгас” непадалёку ад паселішча быў створаны штучны вадаём – т. н. “возера”, або Чорныя камяні. Яно з’яўляецца любімым месцам адпачынку мясцовых жыхароў і не толькі. Прыгожыя краявіды і чыстая вада прыцягвае жыхароў для правядзення вольнага часу.
Назва “Чорныя камяні” утварылася ад тарфянога налету на каменнях, якія падымаліся з глыбіні пры стварэнні вадаёма.
Дом культуры
У красавіку 1957 года ў в. Шунеўцы адкрыўся сельскі клуб, у далейшым Дом культуры. У вялікім будынку размясціліся танцавальная і глядзельная залы,
бібліятэка, службовыя памяшканні. Шмат цікавых мерапрыемстваў — канцэртаў, агеньчыкаў, тэатралізаваных пастановак было праведзена работнікамі Дома культуры. У 2014 годзе Дом культуры зачынены. Зараз будынак выкуплены пад патрэбы прадпрымальніцкай дзейнасці.
Помнік загінуўшым воінам
Побач з будынкам клуба знаходзіцца помнік землякам, загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. 
37 імёнаў нашых землякоў увекавечаны на мемарыяльнай дошцы. Кожны год тут ладзяцца мерапрыемствы да дня Дня Перамогі, школьнікаў урачыста прымаюць у піянеры. У мінулыя часмы ганаровымі гасцямі былі ветэраны, малалетнія вязні і сведкі Вялікай Айчыннай вайны.
Габрусёў камень
Звярнуўшы на дарогу, што вядзе на Старыя Шунеўцы, вандроўнік ўбачыць вялікі валун, які ўваходзіць у пералік самых вялікіх валуноў Беларусі.
Калісьці тут быў хутар, на якім жыў Габрусь. Ідучы у вёску, альбо з вёскі дадому, ён заўсёды адпачываў каля гэтага валуна. Нават калі хацелі яго адтуль прыбраць, Габрусь не дазволіў, адстаяў сваё месца адпачынку!
А зараз гэта мясцовая славутасць і кропка адліку на шляху вяскоўцаў…
Вадаспад на рацэ Аржаніца
Рака Аржаніца, працягласцю 35 км., з’яўляецца галоўным прытокам ракі Бярозаўкі (на карце XVI ст. адмечана як Беразвеч). Пачынаецца ў забалочаным масіве, на паўднёвым усходзе ад гарадскога пасёлка Круляўшчызна на мяжы Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў, працякае праз возера Чачалёўскае. На яе берагах знойдзена некалькі старажытных пасялішчаў (гарадзішч), узнікшых на тэрыторыі Глыбоччыны ў VII – V ст. да н.э. У наш час рака Аржаніца, якая цячэ паміж в. Гірстуны і в. Шарабаі, знаходзіцца ў забалочаным стане.
Калісьці, непадалёк ад вёскі Гірстуны, на рачулке знаходзіўся вадзяны млын, які доўгі час працаваў на карысць людзям. З цягам часу ён перастаў функцыянаваць і паступова разбурыўся. Як напамін аб млыну на рэчцы застаўся вадаспад. У сярэдзіне 2000-х гадоў работнікі Глыбоцкай "ПМК-меліяводгас" вадаспад аднавілі.
Зараз гэта адно з цікавых месцаў адпачынку вяскоўцаў і глыбачан. У летнія дні вадаспад драбнее, але вясёлы шум падаючай вады вабіць да сябе людзей. А вясной можна на свае вочы ўбачыць, якая вялікая сіла закладзена нават у такім невялікім па памерах вадаспадзе, убачыць яго, так сказаць, “на 100% сваёй магутнасці”.
Вёска Гірстуны
Калі вы працягнеце вандроўку далей, то трапляеце ў вёску Гірстуны. Невялічккая, але вельмі прыгожая вёска парадуе вас сваёй чысцінёй, прыгажосцю і невялікай капліцай святога Юзафа https://catholicnews.by/tag/girstuny/ . Яна з'явілася ў вёсцы дзякуючы жыхарам, якія ведаюць, што ўся справы людскія робяцца з Божай дапамогай.
Ведайце мінулае, беражыце сучаснае, клапаціцеся пра будучае!
У вандроўку запрашалі: загадчык Шунеўскай бібліятэкі Ірына Нікіфаровіч і бібліятэкар Шунеўскай бібліятэкі Таццяна Аксяновіч.
- 68
