85 год Глыбоцкаму раёну
З архіва Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі
Пліскі раённы харчкамбінат, затым Падсвільскі вінзавод, пазней завод харчовых прадуктаў быў адным з буйнейшых прадпрыемстваў у пасёлку і асноўным месцам працы для многіх падсвільчан. Размяшчаўся ў г.п. Падсвілле па вул. Савецкай, 70, плошча тэрыторыі завода – 2,7 га (1997).
Прадпрыемства — Пліскі раённы харчкамбінат, было адкрыта ў 1954 годзе ў будынку польскіх казармаў. Харчкамбінат выпускаў кандытарскія вырабы – пячэнне ў абмежаваным асартыменце, булкі двух сартоў, а таксама займаўся саленнем агуркоў, грыбоў і выпускам пладовых він.
Прамыслова-вытворчы персанал складаўся з 10 чалавек. Вытворчасць ажыццяўлялася саматужным спосабам. Кандытарскя вырабы выпякаліся ў жаравой печы.
У 1955 годзе выканкам Пліскага раённага савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне аб будаўніцтве вытворчай базы райхарчкамбіната. У 1956 годзе былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю цахі па вытворчасці безалкагольных напіткаў, нарыхтоўцы і пераапрацоўцы пладоў і ягад, засолкі капусты і агуркоў, вырабу пладова-ягаднага віна, выпуск якога у будучым складаў 100 дкл.
Да 1964 года большасць працэсаў выпуска віна ажыццяўлялася ўручную. У цаху перапрацоўкі сыравіны былі ўстаноўлены толькі драбілка КДП-3 і ручны прэс. Падача пладоў і ягад, ачышчэнне ад адходаў ажыццяўлялася ўручную.
У 1964 годзе, калі Падсвільскі райхарчкамбінат рашэннем Віцебскага аблвыканкама перайменаваны ў “Падсвільскі вінаробчы завод”, пачалася паступовая мадэрнізацыя вытворчасці. На працягу трох гадоў былі мехазаваныя многія працэсы. Завод набыў новае тэхнічнае абсталяванне:
- Аўтаматы для розліва віна
- Аўтамат для закаркоўвання бутэлек
- Аўтамат для сургучкі бутэлек
- Аўтамат для наклейкі этыкетак на бутэлькі
- Прэсы для адціскання пладоў і ягад – “М- 221”
- Транспарцеры
- Мыечныя машыны.
Вялася значная работа па пашырэнню асартыменту выпускаемай прадукцыі, асвойваліся новыя віды вырабаў. У 1967 годзе завод выпускае да 15 найменаванняў пладова-ягадных він, апрацоўвае і выпускае да 10 найменаванняў вінаградных він. У 1966 годзе на заводзе працавала каля 120 рабочых.
1985 годзе, у час антыалкагольнай кампаніі, выпуск віна зменьшыўся. Каб не спыніць прадпрыемства, дырэктар Падсвільскага вінаробчага завода Леанід Францавіч Багдановіч пачаў меркаваць, якую прадукцыю можна выпускаць заводу. “Не вином единым…” – вырашылі на прадпрыемстве і пачалі выпускаць разнастайныя прысмакі.
У першыя дні 1987 года выпушчана першая партыя новай прадукцыі – кукурузныя палачкі. Месцам для цэха па вытворчасці кукурузнай палачкі выбралі вінасховішча. Тады нават цяжка было паверыць, што паўпадвальнае памяшканне з адзіным акном праз тры месяцы набудзе зусім другі выгляд. Зрабілі ўсе сваімі сіламі: паклалі падлогу, абліцавалі пліткай сцены, прарэзалі вокны. Былыя вінаробы перакваліфіцыраваліся на будаўнікоў і слесароў. Паколькі з абсталяваннем па вытворчасці палачкі раней не былі знаёмы, прайшлі двухтыднёвую падрыхтоўку на лідскім заводзе, які выпускаў такую ж прадукцыю. За першы год выпусцілі 340 тон кукурузнай палачкі.
Лінія па вытворчасці кукурузных палачак – не адзіная навінка завода. У былых спіртасховішчах былі пачаты работы па абсталяванні цэха па вытворчасці пячэння. Былі завезены машыны для апрацоўкі ўзарваных зярнят рысу, кукурузы, ячнай крупы. Як кукурузная палачка, так і гэтыя ласункі вырабляліся з прывазной сыравіны. У 1988 годзе завод выпусціў: 86 т аўсянага пячэння, 125 т журавіны ў цукру, 2,4 т усходніх прысмакаў.
Выпуск кандытарскіх вырабаў рос. У 1991 г. было выпушчана кукурузных палачак – 765 тон, аўсянага пячэння – 626 тон, усходніх прысмакаў – 128 тон, журавіны ў цукру – 3 тоны. Але пачынаючы з 1992 года аб'ёмы вытворчасці пачалі зніжацца. У 1995 годзе аўсянага пячэння выпушчана 48 тон, усходніх прысмакаў – 2 тоны. З 1996 года выпуск прысмакаў спыніўся.
З алкагольных напіткаў у асартыменце заставаліся толькі сокі спіртавыя, якія пастаўляліся на прадпрыемствы па выпуску безалкагольных напіткаў. У 1988 годзе пачалі выпускаць лікёра-гарэлачныя вырабы. Пастаўшчыкі спірту-рэктыфікату – Лынтупскі і Багушэўскі спіртзаводы, пладоў і ягад – калгасы і саўгасы, раённыя нарыхтоўчыя канторы (РНК) і насельніцтва Віцебскай вобласці.
Тэхналагічны і мікрабіялагічны кантроль ажыццяўляла лабараторыя завода, якая адпавядала патрабаванням для выканання вымярэння і выпрабоўвання аб’ектаў кантроля з патрабаванай дакладнасцю па паказанням і мела атэстацыю.
Прадукцыя, выпускаемая Падсвільскім заводам харчовых прадуктаў, рэалізоўвалася гандлёвымі арганізацыямі Віцебскай, Мінскай, Магілеўскай абласцей.
На заводзе харчовых прадуктаў вытворчы працэс не спыняўся, своечасова і з найменшымі затратамі закуплялася сыравіна, удасканальваліся вытворчыя працэсы, знаходзіліся шляхі збыту гатовай прадукцыі, якая паспяхова рэалізавлася і двала прыбытак. На заводзе працавала звыш 300 чалавек. Завод будаваў новыя дамы і кватэры. Працаўнікі былі ўпэўнены, што свае жыллёвыя ўмовы яны палепшаць, і гарантам таму было іх роднае прадпрыемства. Папулярызацыю завод заваяваў не толькі прадукцыяй, але калектывам, які ўзначальваў Валерый Іванавіч Акуленка.
Мянялася эканамічнае становішча краіны і завода, змянялася кіраўніцтва. Новы кіраўнік – Іван Іванавіч Пустыннікаў, рабіў усё магчымае, каб узначалены ім завод працягваў працаваць нават у складаных рынкавых умовах. Быў праведзены рамонт у цаху разліву: адрамантаваны дах, замененыя вокны і дзверы, ўстаноўлена вентыляцыйная сістэма, зроблены санітарныя прапускнікі, змантаваныя сістэма відэаназірання і пажарная сігналізацыя, пабудавана дах-навес для тары. Праведзены бягучы рамонт купажного цэха. Пачынаючы з 2013 года нарыхтоўка сыравіны на Падсвільскім вінзаводзе ажыццяўлялася без прыцягнення крэдытных рэсурсаў.
Але эканамічнае становішча ускладнялася. У маі 2015 года ў эканамічны суд Віцебскай вобласці паступіла заява аб узбуджэнні вытворчасці па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці прадпрыемства. Прэтэнзія да заводу была адна: неабходна пакрыць запазычанасць па акцызным падатку ў памеры больш за 60 млрд. рублёў, што і прывяло гэтае прадпрыемства да працэдуры банкруцтва.
На пачатак 2020 года колькасць работнікаў складала 42 человекі. 13. 05. 2020 г. завод харчовых прадуктаў завяршыў свае існаванне.