Задарожжа і яго ваколіцы

 Zadarozhzha 00

 Вёска Задарожжа размешчана на беразе возера Мнюта. У пісьмовых крыніцах яна вядома з ХVІ стагоддзя. Згодна "Полацкай рэвізіі 1552 года" вёска мела 31 двор "людзей талковых дымоў дваццаць шэсць а сяброў іх пяць". Яна была цэнтральным паселішчам аднайменнай воласці і належала каралю. Намеснікам караля на землях Задарожскай воласці з’яўляўся Сямён Арэхаўскі, які павінен быў у войска “трох коней ставіць”. Карыстаючыся прывілейным становішчам “зямель каралеўскіх”, Сямён Арэхаўскі сачыў за тым, каб уладальнікі суседніх маёнткаў адбывалі павіннасці “на карысць дзяржавы”. Напрыклад, згодна “Полацкай рэвізіі 1552 года” людзі суседняга двара Гарадзец «на стан Задарожский ходят, на пана воеводу и на послов и гонцов подводы и стацею дають».

Далей у дакуменце ідзе скарга ўладальніцы двара Гарадзецкага княгіні Сакалінскай, што «Задорожане людей её к даванью стацей притягивают и за то грабежи делают, а она поведала, што того не повинна с людей своих давать». Суседняя з Задарожскай воласць Старынкі належала сыну Сямёна Арэхаўскага — шляхцічу Станіславу. Буйнейшым населеным пунктам Старынкаўскай воласці была вёска Мнюта.

У 1601 годзе з фундацыі караля Жыгімонта ІІІ у Задарожжы быў збудаваны драўляны касцёл Найсвяцейшай  Панны Марыі Ласкавай, з наданнем касцёлу вёскі Задарожжа і фальварку Курноўшчына для ўтрымання вікарыя (памочніка ксяндза), рэктара школы, канторы і слуг касцёльных. Будаўніцтвам кіраваў намеснік воласці Пётр Арэхаўскі. Абавязковым пунктам фундацыі з’яўлялася ўтрыманне пры касцёле “школкі”.

У 1733 годзе касцёл быў перабудавны занава з дрэва. Задарожская парафія лічылася адной з буйнейшых на землях Глыбоччыны. У 1781 годзе ў ёй налічвалася 1213 чалавек. У школе на той час вучылася 9 дзяцей, з якіх толькі два вучні належалі да шляхецкага саслоў’я.

У канцы ХІХ стагоддзя вёска Задарожжа мела каля 20 двароў, у якіх, згодна перапісу 1897 года, пражывала 108 мужчын і 100 жанчын. У пачатку ХХ стагоддзя ў дакументах былі пазначаны два населеныя пункты з назвай Задарожжа: першы – сяло пры касцёле, у якім пражывала 11 жыхароў (4 мужчыны і 7 жанчын) і якому належала 33 дзесяціны зямлі (36 га), другі – вёска з 121 жыхаром (66 мужчын і 59 жанчын), якія працавалі на 183 дзесяцінах (200 га).

У 1902 годзе касцёл у вёсцы згарэў. Улічваючы вялікую колькасць вернікаў гэтай парафіі (каля 5 тысяч чалавек), было прынята рашэнне ўзнавіць святыню. У 1903 годзе быў зацверджаны каштарыс будынка новага касцёла на суму 51 265 рублёў 50 капеек. Для параўнання, каштарыс на чарцёж і пабудову каменнай царквы ў Празароках, складзены і зацверджаны ў тым жа годзе, склаў 14 815 рублёў 35 капеек. Усе арганізацыйныя і будаўнічыя работы ляглі на плечы тагачаснага ксяндза Антонія Валентыновіча.

Чарцёж і малюнак новага будынка касцёла ў строгім гатычным стылі здзіўляў сваёй велічнасцю і хараством. У той час была выдадзена паштоўка зzadarozhzha kascel 4856 1299354398 b1 праектным малюнкам Задарожскага касцёла і заклікам да вернікаў знайсці сродкі на яго будаўніцтва. На ёй, у прыватнасці, напісана:

“У Задарожжы на месцы спаленага касцёла, які згарэў у Вялікую суботу 1902 года, з ахвяраў людзей добрай волі ўзводзіцца новы мураваны касцёл Маці Боскай Ласкавай. У сувязі з тым, што пяць тысяч парафіян, даведзеныя да галечы шматгадовымі неўраджаямі, у будаўніцтве могуць дапамагчы толькі ўласнай працай, звяртаемся да чулых сэрцаў хрысціянскіх аб братняй сціплай дапамозе.”

Падчас будаўніцтва храма дзяржаўнае фінансаванне было значна зніжана, і будынак храма не вытрымаў першапачатковага вырашэння. Урачыстае асвячэнне новага будынка касцёла адбылося ў 1910 годзе.

За польскім часам Задарожжа атрымала статус калоніі, у якой мелася 19 двароў з колькасцю 107 жыхароў. Належала вёсцы 184 дзесяціны зямлі.

Побач з Задарожскім касцёлам калісьці знаходзіўся фальварак Якубенкі -- адсюль карані Аляксандра Грына (сапраўднае прозвішча Грынеўскі), вядомага рускага пісьменніка.

Маёнтак Якубенкі з даўніх часоў належаў роду Грынеўскіх. Прадзед пісьменніка А. Грына Леанард (1750–1826 гг.) валодаў маёнткам разам са сваімі сынамі Вікенціем, Стэфанам, Каэтанам і Еўзібіем. Вікенцій Леанардавіч Грынеўскі (1791-1849 гг.), згодна «Списка дворян Дисенского уезда» за 1840 год, з’яўляўся ўладальнікам маёнтка Якубенкі са сваімі братамі і іх дзецьмі.

Стэфан Еўзібіевіч Грынеўскі – бацька пісьменніка А. Грына —пражываў у маёнтку да 1863 года і быў высланы ў Томскую губерню за ўдзел у паўстанні.

Памятны след у жыцці Глыбоччыны пакінуў яшчэ адзін прадстаўнік роду Грынеўскіх – Тэадор Аляксандравіч (29.01.1860 – 29.11.1932 гг.). У 1881 годзе ён скончыў Віцебскую Аляксандраўскую гімназію і паступіў у Імператарскі Маскоўскі універсітэт. Пасля вучобы працаваў урачом у Маскве. Яго пацыентамі былі капіталіст Савва Марозаў, акцёры Маскоўскага тэатра Леанідаў і Мейерхольд.

У 1904 годзе ён арганізаваў у Маскве санаторый, а ў 1913 годзе выкупіў падмаскоўны маёнтак Грэбнева, дзе стварыў філіял санаторыя. У ім лячыліся многія вядомыя людзі таго часу, бо месца карысталася значнай папулярнасцю сярод інтэлігенцыі. Менавіта на базе гэтага санаторыя потым быў створаны вядомы туберкулёзны санаторый імя Н.А. Сямашка.

Jakubenki 1913 Да 1920 года кіруе санаторыем Тэадор Грынеўскі. Пасля гэтага ён выязджае з сям’ёй на работу ў Польшчу. Доўгі час жыў і працаваў у Варшаве, дзе прымаў актыўны ўдзел у стварэнні сістэмы аховы здароўя Польшчы. Маючы багаты вопыт па арганізацыі санаторыяў, Тэадор Аляксандравіч праводзіў вялікую работу па стварэнні аздараўленчых устаноў тагачаснай Польшчы. У 1929 годзе ён пераязджае ў свой маёнтак Якубенкі і да самай смерці працуе на пасадзе ўрача Пліскай амбулаторыі. У гэты час маёнтак налічвае 167 дзесяцін зямлі, на якой працуюць 50 чалавек. Акрамя маёнтка Якубенкі, сям’і Грынеўскіх на Глыбоччыне належаў фальварак Аляксандрава (23 жыхары, 138 дзесяцін зямлі) і леснічоўка Плаўна (6 жыхароў, 34 дзесяціны).

Пасля вайны вёска Задарожжа – адзін з населеных пунктаў Пліскага раёна.

Пасля вызвалення з лагера ў 1957 годзе, на работу ў Задарожжа прыязджае ксёндз Люцыян Паўлік. Сваё святарскае служэнне ксёндз Люцыян Паўлік распачаў яшчэ падчас вайны ў Ідолце, пасля служыў пробашчам у Друі. Пасля вайны быў асуджаны на 25 гадоў лагераў і шэсць гадоў правёў у сталінскім ГУЛАГу. У цяжкі пасляваенны час ён праводзіў набажэнствы не толькі ў Задарожжы, але даязджаў са словам божым да суседніх вёсак. Пры падтрымцы парафіян ксёндз змог выратаваць ад разбурэння старэйшы храм у раёне. І сёння Задарожскі касцёл здзіўляе наведвальнікаў сваёй веліччу і хараством.

А. Хайноўскі, старшы навуковы супрацоўнік

Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Крыніца:  Веснік Глыбоччыны.- 2009.- № 57-58 (25 ліп.)

Пошук па сайту

Russian Belarusian Chinese (Traditional) English French German Italian Spanish
Версия для слабовидящих

Simvaly RB

kulturaby

2025gb25

80 peramoga

mchs

pravo.by logo main

glub rik

02

kidspomogut.by

nlbby1

vlib

vggazetaby

uni

vit

Vitebskie vesti

pomogut.by

scyag gerb

ncpi

qr

 

Счетчик посещений

Сёння 233

Учора 217

За тыдзень 450

За месяц 4278

Усяго 263157

Перыяд:

2018-01-01 - 2025-10-14

Зарэгістравалася: 292