Падсвільская дзіцячая бібліятэка знаходзіцца ў адным будынку з дзіцячай школай мастацтва. І гэта арганічна, бо дзеці адначасова атрымліваюць ь музычную грамату, пазнаюць прыгожы свет гукаў і маюць магчымасць пазнаць свет больш шырэй праз кнігу...
Пры Пліскай раённай бібліятэцы дзейнічаў дзіцячы аддзел, які ў 1952 годзе стаў самастойнай адзінкай. Першым загадчыкам новай дзіцячай бібліятэкі была Шашкіна (Аніськовіч) Лідзія Грыгор’еўна. Інвентарная кніга 1952 года сведчыць, што бібліятэка адправілася ў самастойнае жыццё з адной тысячай кніг.
Бібліятэка пэўны час знаходзілася па вуліцы Савецкай, дзе ў 20-30-х гг. ХХ ст. пражывалі сем’і польскіх афіцэраў, а пазней быў Дом піянераў. Абанемент і кнігасховішча мелі невялікія памеры. Асноўная ўвага надавалася ідэйна-палітычнаму, ваенна-патрыятычнаму і працоўнаму выхаванню дзяцей.
У 1983 г. дзіцячая бібліятэка пераязджае ў наступны будынак польскіх часоў, на месца дзіцячай кансультацыі. Большая плошча дазволіла займець чытальную залу на 10 месцаў. Штат павялічыўся да двух работнікаў.
У верасні 1994 года адчыніліся дзверы ўтульнай дабраўпарадкаванай бібліятэкі для дзяцей і падлеткаў у будынку музычнай школы па вуліцы Юбілейнай.
Абанемент, чытальная зала і гульнявы пакой, абсталяваныя новай сучаснай мэбляй мэбляй, вялікі фонд кніг, перыёдыкі і аудыявізуальных дакументаў зрабілі бібліятэку культурным і эстэтычны цэнтрам для дзецей і падлеткаў. У бібліятэцы доўгі час працаваў гурток “Тэатральная лялька і мяккая цацка” ад Глыбоцкага дома раместваў, самадзейны “Лялечны тэатр”. Далучала да творчай дзейнасці юных чытачоў Баравік Марыя Якаўлеўна. Звыш 26 год пры бібліятэцы дзейнічаў клуб па інтарэсах “Чароўная школа” для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
Сучасны фонд Падсвільскай дзіцячай бібліятэкі аграгарадка “Падсвілле” налічвае больш 13 800 экз., з іх 6 найменаванняў газет і 11 часопісаў (2024). Бібліятэкай карыстаюцца 700 чытачоў. Бібліятэка працуе па патрыятычным, экалагічным, эстэтычным, краязнаўчым накірунках у рамках мэтавых праграм.
Дзецям цікава ў бібліятэцы, таму яны з задавальненнем наведваюць культурную ўстанову. Тут яны могуць пачытаць кнігі, пагартаць старонкі газет і часопісаў, пагуляць у настольныя і рухомыя гульні, паўдзельнічаць у пазнавальных мерапрыемствах (гл. на сайце).