Навіны
Па старонках Кнігі ў свет Літары і Алфавіту. Аа
У рамках праекту "Кожная пятніца — роднае, свае" прапануем знаёмства з цікавай кнігай "Беларуская мова ад А да Я", якая знаходзіцца ў фондзе чытальнай залы Глыбоцкай раённай бібліятэкі .
Пра кнігу і яе значнасць для беларусаў разважае Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў:
"Дарагія сябры! Запрашаем вас у падарожжа па старонках кнігі «Беларуская мова ад А да Я», якая адкрые сваім чытачам чароўны свет мовы, поўны цікавых гісторый і фактаў, таямніц і загадак.
Ці ведаеце вы, што на планеце Зямля болын за 7 тысяч моў? Кожная з іх, у тым ліку беларуская, мае сваю гісторыю і адметны лёс. Няма такой мовы, якая не заслугоўвае павагі. Кожная з іх дарагая для свайго народа, як хлеб роднай зямлі.
Беларуская мова адна са старажытных славянскіх моў. Яна ўзыходзіць да гаворак плямёнаў дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, якія насялялі землі паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, Дняпром і Сожам. Ужо ў дапісьмовую пару нашы продкі стваралі мудрыя казкі і прыказкі, фантастычныя легенды і паданні, цікавыя загадкі і меладычныя калыханкі, якія беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
На беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян у пачатку XVI стагоддзя з’явіліся друкаваныя кнігі. На ёй былі апублікаваны пераклады тэкстаў Святога Пісання, пабеларуску выйшла першая ў гісторыі нашай краіны Канстытуцыя (Статут Вялікага Княства Літоўскага), створана багатая летапісная спадчына. Усё гэта складае сапраўдны духоўны скарб беларускага народа.
Сёння беларускай мове нададзены высокі статус дзяржаўнай мовы.
У кнізе, якую вы трымаеце ў руках, у папулярнай і займальнай форме расказваецца пра паходжанне літар беларускага алфавіта, іх напісанне і ўжыванне ў розныя гістарычныя перыяды. Стужка часу дазваляе прасачыць, як змянялася мова беларускага пісьменства ад першых рукапісных помнікаў (1229 г.), у якіх адлюстраваны толькі асобныя рысы нацыянальнай мовы, да нашых дзён, калі штучны інтэлект шырока выкарыстоўваецца не толькі ў даследаванні мовы, але і ў яе засваенні.
Са старонак кнігі вы даведаецеся шмат цікавых фактаў: колькі існуе слоў у беларускай мове, чым адрозніваюцца гаворкі заходняй часткі Беларусі ад усходняй, як нараджаюцца новыя словы, чаму змяняюцца і становяцца ўстарэлымі. Вы атрымаеце адказ на пытанне, дзе даведацца пра паходжанне нашых імён, назваў вёсак і гарадоў, планет і сузор’яў.
Выданне знаёміць з некаторымі правіламі беларускай мовы, са складанымі выпадкамі вымаўлення слоў і іх ужывання. На кожную літару алфавіта прыводзяцца самабытныя, адметныя беларускія словы і іх значэнні.
Радкі з твораў выдатных пісьменнікаў дапамогуць адчуць каларыт, прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы, а прыказкі глыбей зразумець народную мудрасць.
Кніга змяшчае вялікую колькасць ілюстрацый і фотаздымкаў. Гэта і выявы старажытных пісьмовых помнікаў, дзе сабраны залатыя россыпы беларускай мовы, якія мы павінны старанна берагчы і захоўваць. Гэта і сучасныя слоўнікі і граматыкі, якія дапамогуць чытачу сарыентавацца ў выданнях, што замацоўваюць нормы беларускай літаратурнай мовы і расказваюць пра асаблівасці дыялектаў.
«Беларуская мова ад А да Я» унікальнае выданне, якое крок за крокам правядзе чытача па сцяжынках роднай мовы і навукі аб ёй.
Жадаем прыемнага падарожжа!"





- 45
