Экологическая викторина “Вода, вода, кругом вода…”
Квест-игра “Выбираешь профессию – выбираешь жизнь”
Глубокская районная библиотека приглашает на Библионочь!
Запрудскія валачобнікі
Читаем книги и изучаем картины! "Пасхальные рассказы" и "Пасхальный обряд. Христосование"
Выставка-настроение «О, весна без конца и без краю...»
Фальклорныя пасядзелкі “Вот и Пасха, запах воска, запах тёплых куличей…” прайшлі ў Падсвільскай гарпасялковай біблія...
   Вода – это сама жизнь. Поэты и писатели посвятили и посвящают воде свои произведения. Вода в сказках способна творить чудеса. Она может быть сильной и слабой, мёртвой и живой. ... Читать далее...
          14 апреля Глубокская детская библиотека пригласила учащихся 3 «В»  СШ №1 г. Глубокое им. П.О. Сухого на квест-игру «Выбираешь профессию – выбираешь жизнь». ... Читать далее...
Масштабная акция, традиционно проходящая в апреле – это открытые двери десятков крупнейших библиотек страны. ... Читать далее...
Галоўнай асаблівасцю святкавання Вялікадня з’яўляецца валачобны абрад, які ўжо радзей пачалі праводзіць на вёсцы, не гаворачы пра горад. ... Читать далее...
Это знакомство с искусством посвящаем Великому празднику – Пасхе.Представляем книгу "Пасхальные рассказы" и картину Б.Кустодиева "Пасхальный обряд. Христосование"   ... Читать далее...
 Весна – прекрасное время года. Весенние пейзажи завораживают своей красотой. Русские поэты и писатели воспевали всю эту красоту в своих произведениях.  ... Читать далее...
 Асвечанай вярбы пукатыя галіны, дакладны знак на адыход зімы. Час роспачы мінуў! Адпушчаны правіны! Анёльскі хор пяе ўрачыстыя псалмы.  ... Читать далее...
Версия для слабовидящих

Статистика пользователей

Период:

2018-01-01 - 2026-04-19

Зарегистрировалось:

296

Сёння 828

Тыдзень 5,502

Месяц 11,411

Усяго 356,956

 5858585

 

 27 лютага адзначае юбілей, напэўна, самы вядомы чалавек глыбоцкай зямлі – Алесь Жыгуноў.

І хоць яго малая радзіма на Магілёўшчыне,  мы ўжо даўно лічым яго сваім, глыбоцкім паэтам.
Ад імя ўсіх чытачоў віншуем Алеся Міхайлавіча з юбілеем! Жадаем даўняму сябру бібліятэкі творчага плёну, жыццёвага аптымізму і моцнага здароўя!

573838389Месца нараджэння Аляксандра Міхайлавіча Жыгунова -- Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці, вёска Тройца. 27 лютага 1954 года ў звычайная сялянскай сям’і адбылося папаўненне – нарадзіўся хлопчык і ніхто, ні бацька, ні маці не думалі і не марылі, што стане іх сын паэтам. Але лёс спрыяў таму, што душа хлапчука больш імкнулася да высокага, чым да зямнога.

– Мае бацькі казалі, што мой прадзед рыфмаваў прыгожыя прыпеўкі, якія потым весела спявалі пад гармонік. Увогуле ў маім родзе было шмат гарманістаў. І мяне дзядзька таксама навучыў іграць.

З дзяцінства Алесь любіў чытаць і асабліва – паэзію. Захапляўся творчасцю Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, любіў творы беларускіх паэтаў - Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, зачытваўся вершамі земляка Анатоля Сербантовіча.

– А мяне вось у дзяцінстве сябры называлі прафесарам, таму что заўсёды, куды б ні ішоў, браў з сабой кнігу. І сёння праз гады гэта звычка са мною. Па некалькі разоў перачытваю творы любімых аўтараў, напрыклад, Васіля Быкава, Леаніда Галубовіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Вячаслава Адамчыка і іншых. Люблю пагартаць старонкі кнігі, адчуць пах друкарскай фарбы. А вось электронныя кнігі – зусім іншае. Іх не адчуваеш, проста чытаеш.

Працоўны шлях юнак пачаў дырэктарам сельскага клуба ў вёсцы Баркі Шклоўскага раёна. Затым паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1976 годзе. Атрымаўшы накіраване ў Глыбоцкі раён Алесь Жыгуноў працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Чарневіцкай СШ, Пліскай СШ. Набыў вопыт работы як журналіста, так і карэспандэнта-арганізатара раённага радыёвяшчання.

На працягу доўгага часу з’яўляўся намеснікам сакратара Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, старшынёй Глыбоцка-Полацкай філіі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, кіраўніком літаратурнага аб’яднання “Далягляды”, створанага пры раённай газеце “Веснік Глыбоччыны”.

– У дзясятым класе адаслаў свае першыя беларускамоўныя вершы ў шклоўскую раённую газету «Ударны фронт» (мая малая радзіма – Шклоўшчына Магілёўскай вобласці). Памятаю, мы з бацькам касілі траву ўздоўж абрывістага берага, а мой стрыечны брат крычыць з другога боку, што верш надрукавалі. Каб хутчэй убачыць газету, не раздумваючы кінуўся ў возера. Хлопцы часта ныралі з гэтага берага, а я ўсё баяўся. Вершы быццам надалі мне смеласці. Так і пачалося сяброўства з газетай, доўгі час рэдактарам якой быў вядомы літаратар Лявон Анціпенка.

На другім курсе ўніверсітэта пачаў супрацоўніцтва з «Чырвонай зменай». Маімі аднакурснікамі былі таленавітыя творцы Анатоль Шушко, Мікола Мятліцкі, Іван Рубін і іншыя. Выкладалі ў БДУ ў той час Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, кіраўніком дыпломнай работы быў паэт ад Бога Рыгор Сімашкевіч.

Першыя вершы ў газеце “Чырвоная змена” надрукаваны ў 1972 годзе.  Паэзія захапляе яго і ён піша ўсё больш і больш. Падборкі яго вершаў сустракаюцца на старонках часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, газетах “ЛіМ”, “Чырвоная змена”, “Настаўніцкая газета”, “Віцебскі рабочы”.

– Па размеркаванні прыехаўшы ў Чарневічы ў сельскую школу, пісаў патроху. Аднойчы літаратурны крытык Тамара Чабан звярнула ўвагу на мае вершы, прапанавала надрукаваць. Публікацыі ў вядомых беларускіх літаратурных выданнях ішлі адна за другой, Анатоль Вярцінскі чытаў мае вершы нават з трыбуны з’езда пісьменнікаў.

Спрабаваў пісаць апавяданні. Іх таксама друкавалі ў газеце. Але гэта зноў жа не маё. Празаік – той, хто піша кожны дзень, а я свае творы складу ў галаве, вынянчу ў душы і толькі потым запішу.

У 1982 годзе па публікацыях у часопісах і газетах яго прымаюць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Гэта амаль што адзіны выпадак, калі ў Саюз быў прыняты паэт, які не меў на той час выдадзенага зборніка паэзіі.

98998І толькі праз два гады, ў 1984 годзе, калі сабралася вялікая колькасць вершаў, Алесь Жыгуноў выдае невялічкую кніжку пад назвай “Матчына вышыванка”. Ужо ў тым зборніку адчуваецца моцная сувязь паэта з роднай зямлёй, з бацькоўскай хатай, роздум над лёсам Радзімы і чалавека.

Раслі мы, Колі, Лёні, Янкі…
І на Купала Йвана ноч
нас прыбіралі ў вышыванкі
Такія – не адвесці воч.

У каласочкі, васілёчкі... 
Матулі гутарку вялі: 
— Глядзіце, каб Купалля дочкі
Вас прыгажосцю не ўраклі.

Мы суцяшалі, як умелі,
-Маўляў, яшчэ мы хлапчукі.
Да рэчкі беглі і — нямелі:
Плылі дзявочыя вянкі.

I мы, шчаслівыя, да ранку
Жылі таемнаю красой, —
Хілілася на вышыванку
Галоўка з русаю касой.

Адкарагодзілі палянкі, 
3 кастра маленства — вугалі...
А мы з табою вышыванкі
Матуліны ці збераглі?                      "Вышыванкі"

Zhygunoyu Ales 001Зборнік вершаў “Мая Тройца” выйшаў праз 10 год пасля выдання першай кнігі. Паэт пасталеў, набыў новы погляд на жыццё, але ў сваёй творчасці застаўся верным тэме Радзімы і таму запаветнаму куточку, дзе ўкараніўся яго род. Ён добра ведае жыццё сваіх аднавяскоўцаў, іх быт. Складаныя ўзаемаадносіны і перажыванні сялян уваходзяць у паэзію Алеся Жыгунова натуральна і нязмушана. Тройца – гэта назва вёскі ў якой нарадзіўся паэт, ён абагаўляе сваю вёсачку і прысвячае ёй вершы.

Блукаў мой продак,
Мусіў прыпыніцца,
Бо натаміўся
За паўдзён высокі.   "Тройца"

У сваіх вершах Алесь Жыгуноў паэтызуе славянскую працу, побыт, хараство душы вяскоўцаў, родны дом, бацькоўскі парог, прыроду, у якой чуе шчымліва журботную музыку восені.

На беразе прыснулі каравелы,
Шыбуе восень з холадам, імжой,
Любімая з вачамі каралевы
Становіцца жанчынаю чужой.

І не знайсці ад болю суцяшэння.
І прымірыцца з гэтым не магу,
А восень імклівае ўзвышэнне
Нясе у жыццё і роспач і тугу.

Прыносяць сон бясконцыя залевы.
Душа, як лес, пакрылася іржой.
Любімая з вачамі каралевы
Становіцца жанчынаю чужой.

Вобраз “малой радзімы” нітуе ўсе роздумы паэта пра час, гістарычную памяць, лёс чалавека. Многім вершам Алеся Жыгунова ўласцівы спавядальны характар.

Ёсць цішыня празрыстых туманоў
І дзіўная вільготная лагоднасць.
І ты ўжо адчуваеш неабходнасць
Сустрэцца з туманамі каб ізноў.

 І ты ідзеш ад кавы, ад жанчын.
 І ты ідзеш, збягаеш проста з ганка
 На ўзбярэжжа ўзорыстых лагчын,
 Дзе туманы блукаюць да світанку.

...

 А потым прыйдуць восеньскія сны,
 Здаровыя, як ночы неад’емнасць.
 Таму, відаць, люблю я туманы,
 Што ёсць у іх якаясьці таемнасць.

Лірыка, перажыванні чалавека, любоў да жанчыны - тэмы на якія піша паэт. Асаблівым радком у яго творчасці стаяць вершы, прысвечаныя маці. Чытаючы іх разумееш, што гэта той чалавек - амаль што адзіны, - за каго штодня ў яго баліць душа і сэрца, што ён адчувае сваю віну перад маці за рэдкія прыязды дадому, не вялікую дапамагу, што пакінуў у вёсцы адну. І калі маці пайшла з жыцця, смутак і ўспамін аб ёй засталіся ў сэрцы паэта назаўсёды.

– Шмат шчырых, добрых вершаў прысвяціў роднай маці, дакладней, яе памяці. Адчуванне такое, што ў жыцці ёй нешта не дадаў. Можа, рэдка прыязджаў дадому, мала дапамагаў. І пакуль у вершах не выплакаў гэты запознены боль, не мог супакоіцца. Напісаў паэмы «Сустрэча з Тройцай», «Хата», і неяк на душы палегчала. Лірычнага паэта ўвогуле натхняе прыгажосць – жанчыны альбо прыроды. Да таго ж люблю восень. У гэтую пару года вершы хутчэй кладуцца на паперу.

Прысніся, мама, бо хачу
Пагаварыць з табою шчыра,
Бо не жыву я, а лячу
Усе жыццё сваё - у вырай.

Няма прытулку на зямлі,
Няма надзейнага прыстанку.
Дажджы сцяжынкі залілі,
І дошкі пагнілі на ганку,

Куды вяртацца мне здалёк
І пачынаць жыццё нанова.
Скажы мне ласкава: - Сынок!..
Я ўжо не помню гэта слова.

Адной з найбольш плённых у творчасці паэта з’яўляцца тэма кахання. Гэта тое пачуццё, якім пранізана ўсё яго жыццё, тая крыніца, якая надае натхненне і неперапынную працу душы і сэрца. Глыбокім лірызмам і празрыстацю вылучаюцца яго вершы Алеся Жыгунова пра каханне.

– Не ведаю, як у другіх паэтаў, а ў мяне вершы прыходзяць, складаюцца самі, нечакана, калі, напрыклад, еду ў аўтобусе, адпачываю ці размаўляю з сябрамі. Прыйдзе душэўная патрэба нешта напісаць, стварыць, і паэтычны ці празаічны твор калі не сёння, то некалі будзе напісаны, надрукаваны.

Пагавары са мной пра восень,
Пра лістапад і халады.
І пра вятры, што ўсмак галосяць,
Ляцяць, не цямячы куды.

Тваё танклявае запясце
Крану дрыготкаю рукой.
Пагавары са мной пра шчасце,
Мяне хоць крышку супакой.

Варона выстудзіла горла,
Таму і песняй не кране.
Не гавары са мной пра гора,
Яго залішне у мяне.

Віруе восеньскае ранне,
А за пагоркамі – зіма.
Не гавары мне пра каханне,
Бо пра каханне слоў няма.         

– Па характары я аптыміст, крытыкі называюць мяне паэтам-лірыкам. І гэта сапраўды так. Прапускаючы праз сябе перажыванні родных, блізкіх і знаёмых, імкнуся ўзвысіцца над будзённасцю, пераадолець боль, падзяліцца радасцю. І каб не выліваў я гэтыя эмоцыі ў вершах, напэўна, не вытрымаў бы. Менавіта перажываннямі і праяўляю сябе. Мой неспакой, можа, не кожнага і кране...                            

Аддаўшы Глыбочыне усё сваё жыццё, паэт не застаўся абыякавым да гэтага краю, яго гісторыі, да лёсу знакамітых людзей. У Алеся Жыгунова ёсць вершы, прысвечаныя слаўным асобам нашага краю, якія тварылі на карысць роднай Беларусі – Язэпу Драздовічу і Ігнату Буйніцкаму.

Людцы, дзякуй за хлеб,
Вы мяне шанавалі.
Я – Драздовіч Язэп,
Вы пазналі?

 Задыхаўся і слеп,
 Бо тварыў апантана,
 Я – Драздовіч Язэп
 Што маё захавана?
Так мяне не стае,
Голаў хіліце нізка,
А карціны мае
Каля сэрцайка блізка?

 ***

Глыбоччына, Ігнат Буйніцкі
Рэй пачынае спакваля:
- За справу шчырую бяруся,
Свой люд праславім, ягомосць.
А ну пакажам, беларусы,
На што мы здатны, хто мы ёсць!.. 

Zhygunoyu Ales 05На пачатку 2004 года ў адным з прыватных выдавецтваў Мінска выйшаў у свет паэтычны зборнік  “Пагавары са мной пра восень”. За гэты зборнік  Алесь Жыгуноў быў удастоены абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.

Галоўная тэма зборніка, зразумела, -- каханне.

На цябе палюю, як на звера:
Атачыць сцяжкамі, аблажыць.
А твая пакрыўджаная вера
І пяшчота памагаюць жыць.

 Без цябе мне холадна і горка,
Без цябе згасаю я ў журбе.
Дзень звычайны скоціцца з пагорка
Дзень, які пражыў я без цябе.

 Я хачу спатканняў у прасторы,
 Дзе няма нікога, толькі Бо
 Несуцешны, ласкавы, каторы
 Мне з табой сустрэцца дапамог.

Zhygunoyu Ales 04

У зборнік “Ля цяпельца зары” (2009) увайшлі вершы з папярэдніх зборнікаў, а таксама новыя творы. Па выніках рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор-2010» аўтар паэтычнага зборніка ўзнагароджаны дыпломам II ступені ў намінацыі «Паэзія».

Ужо й не верыў, што аднойчы
Пакіну свой таемны схоў.
Табе каб паглядзець у вочы,
Прайду я тысячы шляхоў.

I я мільён прайшоў, няйначай.
I, крышку стомлены жыццём,
Я з безагляднасцю юначай
Сваім дзялюся пачуццём.

Не ведаў я, што завітае
У сэрца вобраз дабраты,
Што будзе восень залатая,
I буду я, і будзеш ты.

Адчую радасць, як калісьці.
Чаго мне іншага хацець?
I будзе восеньскае лісце
Аб нечым вечным шапацець.

 

Zhygunoyu Ales 01У 2016 годзе ўбачыў свет чарговы паэтычны зборнік паэта "У храме радасці і смутку"

Мелодыі восені — сумныя ноты.
А хочацца сонца, цяпла і пяшчоты
I, можа, адной выпадковай сустрэчы,
Каб плашч незнаёмцы накінуць на плечы.
I з ёю блукаць;у лугах да світання
I Блока чытаць, і хмялець ад кахання.

 

  

545454554545лоо45Алесь Жыгуноў піша для дзетак. Дзіцячыя вершы змешчаны ў зборнік “Дзе начуе апетыт?” (1984). Аўтарскае выданне “Баравічок на скутары” убачыла свет у 2012 годзе. За кнігу вершаў “Баравічок на скутары”  Аляксандр Міхайлавіч Жыгуноў удастоены абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі ў намінацыі “літаратура для дзяцей” 

Асобныя творы А. Жыгунова ўвайшлі ў чытанку для дзяцей пачатковых класаў. Шэраг дзіцячых вершаў увайшоў у зборнік "У храме радасці і смутку".

– Гэта было колькі год таму, калі мая дачка Алеся яшчэ была маленькай. Аднойчы яна папрасіла, каб напісаў што-небудзь для яе. Неўзабаве з’явілася 7 дзіцячых вершаў і паэмка «Чорнагаловы» пра баравічка, якога мы разам з дачкой ратавалі ад непрыемнасцяў. Вершаваную казку надрукавалі ў «Вясёлцы». Прайшоў час, і ўжо для дачкі Алесі –  Анюты –  напісаў «Баравічка на скутары», які не любіць грыбнікоў, што знішчаюць грыбніцу і пакідаюць смецце ў лесе. Я сябе паставіў у ролі яго сябра. Разам удваіх мы на скутары ганяем па лесе і наводзім парадак. Канешне, галоўная гераіня паэмы – маленькая Анюта.

На творы Алеся Жыгунова наш мясцовы самадзейны кампазітар Браніслаў Грамакоўскі напісаў каля дваццаці песень.

Трэба адзначыць, што ў Душанбэ (выдавецтва «Адиб», 2009 г.) пабачыла свет кніга твораў беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на таджыкскую мову. Сярод аўтараў такія вядомыя творцы, як М.Мятліцкі, В.Гардзей, Р.Баравікова, Я.Сіпакоў, Г.Марчук, В.Лукша, А.Салтук... Ёсць у кнізе і падборка вершаў глыбоцкага паэта Алеся Жыгунова: на таджыкскую мову перакладзены яго творы "Канстанцінава", "Прысніся, мама...", "У Бога паверыў" і інш. Дарэчы, раней творы нашага земляка перакладаліся на рускую і польскую мовы.

Дарэчы, 159 публікацый твораў Алеся Жыгунова змешчана на старонках перыядычнага друку за апошнія 42 гады. 

00000Для жадаючых пазнаёміцца з творчасцю Алеся Жыгунова, прачытаць яго лірыку, работнікі Глыбоцкай раённай бібліятэкі падрыхтавалі выставу "Пагавары са мною..."

 

У падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстана інтэрв'ю Дзіяны Берніковіч «Алесь Жыгуноў. Лірычнага паэта натхняе прыгажосць» // Народнае слова. -  2012. - 22 мая.-  № 57. 

А таксама інтэрв'ю Уладзіміра Сауліча "Мая родная вёсачка помніць мяне..." : Алесь Жыгуноў  // ЛіМ. - 2024.- 1 сакавіка. - № 9.- С.10.