АД ГІСТОРЫІ РОДУ - ДА ГІСТОРЫІ НАРОДУ

01 0Самадзейныя мастачкі - сёстры Еўфрасіння (Надзея) Перапечка і Любоўю Юргель.

 

 

 

Даследчая праца “Ад гісторыі роду - да гісторыі народу”

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа №2 г. Глыбокае” Віцебскай вобласці

Выканала Бурэнь Дар’я, вучаніца 6 “А” класа

Кіраўнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Шылёнак Т.П.

       

Хто згубіў сваіх продкаў-сябе губляе”

Уступ

Мэта:   Аналіз гісторыі свайго роду і выяўленне сувязі гісторыі краіны і   сям΄і; Выяўленне сваяцкіх сувязей паміж мной і самадзейнымі мастачкамі - сёстрамі Еўфрасінняй (Надзеяй) і Любоўю Перапечкамі.

Пра гэтых мастачак, равесніц  Я. Драздовіча, зараз ужо мала хто памятае. Але іх дываны ўпрыгожвалі ў 40-60 гады ХХ стагоддзя не адзін дом на Глыбоччыне, а магчыма, і за яе межамі. А тое, што яны яшчэ пісалі абразы, якія захоўваюцца ў нашых храмах і дамах, тады стараліся не ўспамінаць, бо былі часы атэізму.

Таму сёння прыгадаць гэтыя імёны вельмі актуальна. Збіраюць такі матэрыял і супрацоўнікі Дзяржаўнага мастацкага музея горада Мінска.

Задачы працы:  Запісаць успаміны сваякоў; Папрацаваць у архіўных фондах Дзяржаўнага музея г. Глыбокае, храмах Глыбоцкага раёна; Прааналізаваць сабраны матэрыял; Скласці радаводнае дрэва.

Самай вялікай праблемай стаў пошук людзей, якія памятаюць мастачак, а таксама пошук іх работ, якіх , на жаль, засталося мала.

Такім чынам, аб’ектам даследавання  стала гісторыя  маёй сям’і, прадметам  даследавання – успаміны сваякоў, знаёмых і незнаёмых людзей, архіўныя звесткі, дзённікавыя запісы Я. Драздовіча.

У час працы ўзнікла гіпотэза: успаміны Я. Драздовіча пра мастачак і ўспаміны майго прадзядулі пра сваіх цётак- мастачак – гэта ёсць гісторыя пра адных і тых жа людзей?

1. ГІСТОРЫЯ РОДУ МАЁЙ ПРАПРАБАБУЛІ

 Мае прабабуля і прадзядуля жывуць зараз у маленькай вёсачцы Мацясы Абрубскага с/с Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

01Кожны раз, калі прыязджаю ў гэтую вёсачку, лаўлю сябе на думцы: дажывае… Робіцца страшна і горка. Нашай вёсачцы, як я толькі ведаю, ужо 221 год (гэта калі пра яе прыгадваюць дакументы). Трымаю ў руках дакумент 1795 года (Трэці падзел Рэчы Паспалітай). Вёска Мацясы належала царкве, што ў сяле Кавалі, і мела 8 двароў (дамоў), у якіх пражывала 60 чалавек. Вёска тады была ў Дзісненскім уездзе Мінскай губерні.

Зараз 2017 год. У вёсачцы Мацясы - 8 чалавек, а двароў, у якіх жывуць гэтыя людзі – пяць. Стаяць, праўда, і пустыя хаты, у якіх зараз ужо ніхто не жыве.

 

 

 

 

02З таго далёкага дакумента 1795 года, я даведалася яшчэ, што мой далёкі продак быў сіратой і гадаваўся разам з сястрой ў дзядзі. Што здарылася з бацькамі Сямёна Кліменцьевіча Сауліча, я ўжо не даведаюся. Напэўна, гэта была цяжкая хвароба. Быць сіратой і жыць у чужой хаце, хоць і дзядзькі, гэта вядома ж, цяжка. А яшчэ давялося яму ўдзельнічаць і ў баях супраць Напалеона, быў салдатам Адэскага пяхотнага палка.

 Лёс злітаваўся з яго. Жывы вярнуўся ў родную вёску, пабраўся шлюбам з Францішкай Васільеўнай. Абодва пасля 1861 года сталі казённымі сялянамі, абодва праваслаўнага веравызнання.

У 1862 годзе ў Сямёна і Францішкі нарадзіўся першынец-хлопчык Клімент (імя хлопчыку далі дзядулева), праз год нарадзілася дачушка Хрыбранія, а праз чатыры гады і сын Мітрафан. Каб дзеткі былі дужыя, іх хрысцілі адны кумы: родная сястра Сямёна Агаф’я Кліменцьеўна і Дамінік Аляксеевіч Пашковіч. 

Дзеці выраслі, стварылі свае сем’і. Мы толькі прасочым за лёсам старэйшага сына Сямёна і Францішкі --  Кліментам. Ва ўзросце 28-29 год ён жаніўся з Юліяй Фёдараўнай Шылёнак, жыхаркай вёскі Ясевічы. У 1891 годзе ў сям’і нарадзіўся першынец Емяльян, а потым - аж восем дзетак: Емяльян, Ганна, Анастасія, Ягор, Пронна, Макар, Васіль, Хрысціна. Жыць бы сям’і і радавацца. Ды не…Напэўна, горш за ўсё нараджацца на стыку тясячагоддзяў. Па вёсцы пракацілася так званая хвароба “іспанка” (кажуць, разнавіднасць грыпу), выміралі сем’ямі. Не абышла хвароба і сям’ю Клімента: харанілі за дзень па двое дзетак. Засталіся ў жывых толькі дзве дзяўчынкі - Ганна і Настасся. Калі старэйшай толькі споўнілася 14 год, памерла яе маці, а тут і Першая сусветная вайна. На фронт Клімент не быў мабілізаваны, 52 гады ўжо споўнілася, але ў абозе бываў не раз. Застудзіўся, былі праблемы з нагамі. Працаваў сам да знямогі разам з дачушкамі. Пасадзіў сад, самы вялікі на ўсю вёску. Садам Клімент асабліва ганарыўся.

Падрасталі дачушкі. Вось ужо Ганна пабралася шлюбам з Піскуновічам Кузьмою з вёскі Леднікі. Кузьма прыйшоў у прымакі, бо не магла Ганулька пакінуць хворага бацьку.

Зноў вайна, на гэты раз грамадзянская. У 1920 годзе нарадзілася першая дачка Надзея. Быў жнівень, гарачыня. У хату забег рускі салдат і папярэдзіў, каб выбіраліся: будзе вялікі бой. Пасля бою бальшавікоў з палякамі з 24 хат засталося толькі 6. Хата прабабулі згарэла. У большасці вяскоўцаў згарэла і свойская жывёла.

Усю зіму Ганулька з дачушкай пражылі ў лазні аднавяскоўца, апраз некаторы час пабудавалі хату.  І тут зноў змянілася ўлада, аказаліся ў польскай кабале: вялізныя падаткі на зямлю, шараварку адрабіць (для рамонту дарогі трэба было вывезці сваім канём 4 кубаметры камення), у лес без білета ў грыбы ці ягады нельга. У кожнай вёсцы - солтыс, ен сочыць за сялянамі... 

У 1939 годзе прагналі палякаў, тут бы ўздыхнуць, але ў 1941 годзе зноў вайна. За вайну памерла ў маёй прабабулі сястра - не паспелі зрабіць аперацыю, выдаліць гнойны апендыцыт. Двое сыноў забралі на фронт у 1944 годзе. Аж у Куранец (Ушацкі раён) насіла бабуля пешшу харч сынам, бо там быў рассыльны пункт. 

З вайны хлопцы вярнуліся, але адзін з іх хутка памёр ад сухот.

Потым калгас, праца ад цямна да цямна за трудадні.

Памерла прапрабабуля ў 1986 годзе. Але ў вёсцы яе заўсёды ўспаміналі добрым словам: ні з кім не сварылася, нікога не крыўдзіла. І тое, што ў вёсцы яе клікалі памяншальна-ласкавым словам Ганулька ўжо пра многае гаворыць.

Такім чынам, мы можам пераканацца на прыкладзе жыцця толькі адной галіны майго роду, што з маленькіх гісторый сям’і складаецца гісторыя краіны. Я пераканалася, што лёс беларусаў быў нялёгкі, але яны не гублялі дабрыню, спагаду да чужой бяды, бераглі сваіх блізкіх і свае сем’і.

 

2. МАСТАЧКІ-САМАВУЧКІ

03045У нашым горадзе ёсць храм Прасвятой Багародзіцы. Аднойчы тут праводзілі рэстаўрацыю абразоў. Зняўшы аклад з абраза Азяранскай Божай Маці  работнікі храма на адваротным баку прачыталі подпіс: “Рисовала Евфросиния Перепечко Березвеч 1910 г.” За акладам іконы аказаліся грошы тых часоў.

 Пра Еўфрасінню Перапечку няма дакладных звестак.

 

 

 

 

12212 05Я, напэўна не звярнула б на ўсё гэта ўвагу, каб не прыгадала адну акалічнасць. Аднойчы мой прадзядуля расказваў мне пра нашых родных і прыгадваў гэта прозвішча. Гаварыў аб тым, што яго маці, Піскуновіч Ганна Кліменцьеўна, мела дзвюх стрыечных сясцёр, якія пісалі абразы і малявалі дываны. Адзін з іх   - “Ісус Хрыстос у цярновым вянку”  і харугвы, ён паказаў мне ў мясцовым храме вёскі Кавалі.

Калі супаставіць гэтыя факты, то атрымліваецца, што гэтыя абразы напісаны адным і тым жа чалавекам.

Пагутарыўшы са сваякамі і старымі людзьмі, я даведалася наступнае: у Беразвеччы насупраць вострава возера Вялікага (зараз гэта горад Глыбокае) пражывалі дзве сястры (у народзе іх называлі Банісішкамі (Банюсішкамі). Яны пісалі абразы і малявалі дываны.

Пра іх майстэрства ведаў нават Язэп Драздовіч і не раз наведваў іх. Пра гэта ён успамінае ў сваіх дзённікавых запісах: ліпень,1934 год. “Закупіўшы ў Глыбокім самае найпатрэбнешае, наколькі грошы хапіла, іду адведаць сваіх даўно знаёмых сясцёр - малярак, што ў Беразвеччы жывуць, над возерам, насупраць астраўка”. [1,с. 448] Другі запіс датуецца 1936 годам: “Па дарозе, праходзячы праз Беразвечча, меў прыемнасць адведаць дзвюх сясцёр, мастачак-самавучак, і быць у іх госцем. Угашчалі мяне віном самадзельным і навучылі мяне, як яго трэба рабіць: паўкілі рысу, кілё з чвэрцяй цукру і на 15 грам дражджэй тры літры вады адваранай і тры тыдні часу на хаджэнне”. [1,с. 482]

Пра жыццё гэтых мастачак мы пакуль што ведаем не шмат. Па ўспамінах пляменнікаў абразы “Ісус Хрыстос у цярновым вянку” і харугвы напісаны сёстрамі - ці адной з іх. Зараз знаходзяцца ў Кавальскім храме. Апошнія святыні былі перададзены храму ўжо ў 60-е гады ХХ стагоддзя. Магчыма, іх абразы ёсць і ў іншых храмах, мы пакуль пра гэта не ведаем.

09З успамінаў пляменніцы Русак Надзеі Кузьмінічны, 94 гады. “У мамы [Піскуновіч Ганны Кліменцьеўны] былі дзве сястры, радніліся мы з імі. Жылі ў Беразвеччы, насупраць возера. Мне на вяселле дыван намалявалі. Доўга вісеў, але ўжо няма. Намаляваны былі два прыгожыя лебедзі ў акаймоўцы кветак.”

 

 

 

 

11

Піскуновіч Пётр Кузьміч, 83 гады. “Быў у іх у гасцях. Мы з сынам Валікам на лодцы плавалі на востраў па сена для коз. Больш нічога асабліва не памятаю”. 

Ціско Надзея Макараўна, 80 год, г. Глыбокае. “Жылі як манашкі, так нічым не выдзяляліся, толькі што рысавалі. У нас, помню, дыван іх быў, русалкі намаляваны”.

Мурашка Тамара Аляксандраўна, 60 год, г. Глыбокае. “Сваякі маёй бабулі. Дзве сястры Надзя і Люба. Люба была замужам, але мужа як узялі у польскае войска, так ён і не вярнуўся. Здаецца ў Любы прозвішча  было Юргель. Сын у Любы быў Валік. Надзя была не замужам. Былі вельмі набожныя. У Вільню хадзілі пешшу пакланіцца святым машчам. Пісаць абразы благаслаўляў іх не проста бацюшка, а самы высокі чын са свяшчэннікаў. Магчыма, тады Надзеі было дадзена другое імя Еўфрасіння.

Сын Валік быў разумны хлопец, вывучыўся на электрыка. Казалі, што закончыў тры тэхнікумы. Жаніўся, але жыццё не склалася. Жонка разам з дзецьмі паехала ў Баранавічы, сын там жыве і зараз, дачка ў Мінску. Валік дзецьмі не цікавіўся, гадоў 6-7 назад памёр.”

8 13Шкурлепская  Ганна Аляксееўна, 75 год, прыгадвала, што з сяброўкай з вёскі Мацясы хадзілі да мастачак заказваць дываны. Сяброўка заказала намаляваць тройку, а яна заказала намаляваць прыгожыя кветкі. 

 

 

 

 

8 1 Жыхарка горада Глыбокае, Хромава Яніна Іванаўна, перадала мясцоваму музею дыван гэтых мастачак.

Дываны былі вельмі запатрабаваны ў мясцовых дзяўчат у 50-60 г.г.  ХХ стагоддзя. А вось пра тое, што мастачкі пісалі абразы сваякі стараліся не вельмі прыгадваць. Мы ведаем, што ў гэты час гаварыць пра Бога нельга было, а пра абразы тым больш.

Якім жа чынам гэтыя дзве жанчыны, а можа, толькі адна з іх, навучыліся такому майстэрству?

У пачатку ХХ стагоддзя ў Беразвеччы існаваў жаночы манастыр, які славіўся школай іканапісу. Абразы пісаліся не толькі для мясцовага прыходу, але і для другіх раёнаў. Дзяцінства і юнацтва дзяўчынак якраз і праходзіла ў гэты час, у манастыры яны, калі не вучыліся ў школе, то бывалі, бо там працаваў іх сваяк. Навучыцца асновам малявання яны там маглі, бо і далейшае іх жыццё было падобнае да жыцця манашак.

Пахаваны сёстры Еўфрасіння (Надзея) Перапечка і Любоўю Юргель на могілках у вёсцы Забелле Глыбоцкага раёна.                                              

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 Прайшоў час. Многае змянілася ў нашым жыцці, але памяць пра самадзейных мастачак жыве і сёння. Жыве ў ліках святых на іконах, вясёлкай колераў на дыванах. Хоць захавалася гэтых дываноў не вельмі шмат, але яны былі, і яны ёсць.

Мастацкая школа ім. Я.Драздовіча ў г. Глыбокае плануе адкрыць музей маляванак. Я думаю, сярод экспанатаў маляваныя дываны Еўфрасінні і Любові Перапечак зоймуць пачэснае месца. А перад абразамі ў храмах вернікі будуць схіляць галовы яшчэ не адно стагоддзе.

Галоўнае, каб быў мір і спакой на нашай зямлі, каб не руйнаваліся храмы, не гінулі людзі, дзеці не станавіліся сіротамі, каб не давялося майму пакаленню перажыць тое, што перажылі мае продкі.

Такім чынам, мы прасачылі, як гісторыя краіны праламілася ў гісторыі  сям’і, ці, наадварот, гісторыя сям’і стала гісторыяй краіны.

Нам удалося скласці генеалагічнае дрэва па лініі прадзеда, устанавіць сваяцкія сувязі з сёстрамі - мастачкамі Перапечкамі, успомнілі незаслужана забытае імя мастачкі-іканапісца Еўфрасінні Перапечкі, выявілі, што сёстры Перапечкі былі добрымі знаёмымі  Язэпа Драздовіча і, як і ён, малявалі дываны.

Асобамі сясцёр-мастачак зацікавіліся супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны для музея маляванак.

Літаратура:

  1. Я. Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы/уклад. Міхася Казлоўскага.-Мінск: Мастацкая літаратура,2014
  2. Інтэрнэт-рэсурсы:

www.nlb.ay

www.bas_net.ay

г. Глыбокае 2017

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих

sm

kulturaby

2023 god miru

01

glub rik

02

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

uni

vit

Vitebskie vesti

pomogut.by

qr

 

Счетчик посещений

Сёння 4

Учора 90

За тыдзень 94

За месяц 1573

Усяго 97582

Перыяд:

2018-01-01 - 2023-03-21

Зарэгістравалася: 236