Рыхтуемся да фэсту дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”. Праходзім тэорыю

Па-першае, трэба пазнаёміцца з кнігай В.Воранава "Дударская Глыбоччына", якая маецца ў фондзе Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Кніга апавядае пра гісторыю дударскай традыцыі ў Глыбоцкім краі і на Паазер'і ў цэлым. У выданні згадваюцца славутыя дудары найбольш дударскага, па словах аўтара, рэгіёну Беларусі. Значная частка кнігі прысвечаная дударскім матывам у літаратурнай творчасці пісьменнікаў Глыбоччыны.
Аўтар таксама згадвае друкаваныя і іншыя крыніцы, звязаныя з дударскай спадчынай у рэгіёне і прадстаўляе розныя перспектывы развіцця дударскага брэнду ў раёне. Выданне багата ілюстраванае архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі. Кніга будзе цікавая краязнаўцам, гісторыкам, людзям якія цікавяцца пытаннямі культуры ў нашым краі, але паколькі гэта першае выданне такога тыпу, то таксама шырокай дударскай супольнасці Беларусі.
Нефармальная прэзентацыя кнігі адбылася падчас І-га дударскага фэсту ў Глыбокім. Тады таксама госці фэсту змаглі набыць сабе ўласны асобнік.
ІІ-гі фэст з удзелам дудароў з Бельгіі, Польшчы, Сербіі, Славакіі, Харватыі і Беларусі адбудзецца 4-6 траўня 2018 года.
Дудары, якія будуць прадстаўляць розныя дударскія рэгіёны Еўропы выступяць у Глыбокім, а таксама ў Плісе, Празароках, Удзеле і Мосары. У межах фэсту плануецца шэраг культурных мерапрыемстваў - вечарына "Дударскі рэй", адкыццё выставы выцінанкі Наталлі Сухой і яе майстар-клас, гала-канцэрт, прэзентацыя клуба беларускай нацыянальнай кухні.
- 1283

