Гісторыя Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі пачынецца ў 1946 годзе, калі мясцовай уладай было прынята рашэнне аб адкрыцці ў мястэчку публічнай бібліятэкі.
Першапачаткова яна размяшчалася ў будынку былой польскай казармы, на месцы якой зараз стаіць Падсвільскі Дом культуры. На той час бібліятэка налічвала 150 кніг, сабраных жыхарамі мястэчка. Карысталіся бібліятэкай 87 чалавек.
Першым бібліятэкарам была Скрабатун Алена Аляксееўна. Яна скончыла чатыры класа, што было значна для таго часу. Да таго ж, яна мела патызанскае мінулае і яе праз пэўны час прызначылі старшынёй Ясевіцкага сельсавета Глыбоцкага раёна. Пазней, пасля заканчэння Мінскай партыйнай школы, была накіравана старшынёй калагаса ў Міёрскі раён. Алена Аляксееўна вывела гаспадарку ў перадавікі, была вядомым і паважаным кіраўніком у раёне.
Кнігі карысталіся попытам, актыўна чыталіся, аднак, з мэтай “прапаганды літаратуры і набліжэння кнігі да чытача”, практыкавалася і кніганошаства – за кожнай вуліцай мястэчка быў замацаваны кніганоша, які прыносіў суседзям кнігі на дом.
З чэрвеня 1950 г. Падсвілле стала цэнтрам Пліскага раёна, а Падсвільская бібліятэка – раённай бібліятэкай Пліскага раёна. За 10 год (3 1949 па 1959 гг.) кніжны фонд вырас да 9 000 адзінак літаратуры, чытачоў было ўжо 420 чалавек.
Работнікі бібліятэкі часта мяняліся, бо ад бібліятэкара патрабаваўся шырокі агульны кругагляд, прафесійныя веды, уменне працаваць з людзьмі. Такім патрабаванням поўнасцю адпавядала Галіна Адамаўна Галуза, якая з 1957 г. працавала загадчыцай Падсвільскай раённай бібліятэкі. Бібліятэчнай справе Галіна Адамаўна аддала 37 год свайго жыцця. Яе калегай і вернай напарніцай была Франя Сцяпанаўна Івашчонак, стаж бібліятэчнай працы якой быў 29 год.
Пліская раённая бібліятэка стала першым працоўным месцам для былога дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіны Мікалаеўны Алейнік.
У 1957 годзе з фонду Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі быў выдзелены дзіцячы фонд і ўтворана Падсвільская дзіцячая бібліятэка.
З 1962 года Пліская раённая бібліятэка стала занальнай і выконвала метадычныя функцыі для бібліятэк падсвільскай зоны. З сярэдзіны 60-х гадоў ХХ ст. на прадпрыемствах мястэчка пачалі арганізоўвацца першыя пункты выдачы і перасоўчыя бібліятэкі. На пачатак 70-х гг. пры Пліскай занальнай бібліятэцы працавала 15 перасовак і пунктаў выдачы.
У 1974 г. бібліятэка атрымала прапіску на другім паверсе новага будынка Падсвільскага Дома культуры. У жыхароў пасёлка станавілася модным наведваць бібліятэку, дзе праводзілася шмат мерапрыемстваў.
Пры бібліятэцы на працягу 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя, змяняючы адзін аднаго, плённа і творча працавалі клубы па інтарэсах – паэтычны клуб “ЛИРА”, літаратурна-музычная гасцеўня, жаночы клуб “ПРАЛЕСКА”.
80-я гады мінулага стагоддзя былі пераходнім этапам для краіны, культуры і бібліятэкі. У гэты складаны час у бібліятэцы працавалі Данільчанка Іна Уладзіміраўна і Наталля Казіміраўна Аўласевіч.
Сярэдзіна 90 гадоў ХХ ст. стала новым этапам у дзейнасці бібліятэкі. Установу ўзначаліла Святлана Паўлаўна Яцкоўская, бібліятэкарам чытальна залы пачала працаваць Наталля Казіміраўна Аўласевіч. Маладыя і творчыя дзяўчаты не баяліся эксперыментаў, шукалі новыя формы работы. У 2002 годзе бібліятэка, адна з першых, пачала аказваць насельніцтву платныя паслугі. Павялічыўся штат бібліятэкі. Прыйшла
працаваць у бібліятэку Таццяна Уладзіміраўна Завацкая, якую чытачы ведалі як адкрытага чалавека, добрасумленнага і граматнага работніка. Зараз ветлівай усмешкай сустракае чытачоў Вікторыя Міхайлаўна Марцынкевіч.
Пасля рамонту ў 2007 г., бібліятэка атрымала спрыяльныя умовы для работы. Значна змяніўся інтэр’ер, бібліятэка стала камп’ютарызаванай, займела выхад у інтэрнэт, свой электронны адрас: podsvilbibl1@yandex.by. Гэта дазволіла выконваць 14 відаў платных паслуг. Фонд рэгулярна папаўняецца дакументамі на папяровых і электронных носьбітах. Зараз ён складае 21100 адзінак, якімі карыстаюцца 1440 чытачоў. Новыя тэхнічныя сродкі далі магчымасць займацца выпускам рэкламных і краязнаўчых дакументаў, бібліяграфічных буклетаў і паказальнікаў, асабістых выданняў мясцовых літаратараў.
Бібліятэкарамі здаўна вядзецца работа па збору, апрацоўцы і захаванні краязнаўчых матэрыялаў, якія прадстаўлены на выставе “Я гэты край Радзімаю заву...” А гэта – гісторыя паселка і бібліятэкі, звесткі аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, народных майстрах, вядомых людзях пасёлка, гісторыі прадпрыемстваў і шэраг іншых дакументаў. У 2008 г. Падсвільская гарпасялковая бібліятэка бібліятэка на абласным узроўні рэспубліканскага конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”заняла І-е месца за напісанне “Гісторыі Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі”.
Асобнай старонкай у рабоце б-кі з’яўляецца папулярызацыя творчасці майстроў дэкаратыўна-прыкланога мастацтва і літаратараў Падсвілля і Глыбоччыны.
Ганаровымі гасцямі бібліятэкі былі пісьменнікі А.Пашкевіч, В.Іпатава, Б.Пятровіч, А.Жыгуноў. Адбыліся прэзентацыі кніг М.Баравік, Г.Шаколы, А.Пажога, З.Наваенка.
Пастаяннай формай работы з кнігай і чытачом з’яўляюцца прэм’еры, презентацыі, бенефісы, актуальныя дыялогі, гадзіны разважанняў і іншыя. У 2013 годзе Падсвільская гарпасялковая бібліятэка стала параможцай ў абласным конкурсе інавацыйных форм работы, на які прадставіла літаратурны подыум “Кніга + моладзь”.
Працягваеца даўняя традыцыя работы аматарскіх клубаў. У бібліятэцы працуе жаночы клуб “СЯБРОЎКІ”. З мэтай выхавання павагі да закону, фарміравання сучаснага светапогляду праз прызму маралі і духоўнасці, пры бібліятэцы з 1999 года працуе падлеткавы клуб “ЛІНІЯ”.
Нам пунктах выдачы дзейнічае перасоўчы прэсс-клуб “Свет перыёдыкі”.
У 2016 годзе Падсвільская гарпасялковая бібліятэка будзе адзначаць свой 70-гадовы юбілей. Мы упэўнены, што гэты доўгі шлях усе работнікі бібліятэкі, тым ліку і мы, прайшлі годна!
Загадчык Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі С.П.Яцкоўская
P.S. Запрашаем усіх, хто зацікавіўся гісторыяй Падсвільскай бібліятэкі, а таксама цакавіцца гісторыяй Падсвільскага краю, пазанёміцца з выставай краязнаўчых матэрыялаў.