11.07.2019
Сваё існаванне Марцыбылинская сельская бібліятэка пачала ў 1951 годзе як Літоўшчынская хата-чытальня пры Літоўшчынскім сельскім савеце Глыбоцкага раёна Маладзечанскай вобласці. Гэта сведчыць з першага запісу ў інвентарнай кнізе — чэрвень 1951 г. За першыя сем месяцаў кніжны фонд Літоўшчынскай хаты-чытальні вырас да 525 экзэмпляраў.
Першы бібліятэкар Піляёнак адпрацаваў толькі год. Яго змяніла Жук Клеапатра Міхайлаўна, якая праз 3-4 гады перайшла працаваць бухгалтарам у кантору калгаса імя Калініна.
У канцы 40-х – пачатку 50-х гадах мінулага стагоддзя пачалося ўзбуйненне гаспадарак і вёсак. Жыхары са 150 навакольных хутароў перасяліліся ў вёску Мярэцкія, якая стала цэнтрам калгаса імя Калініна. Вёска Літоўшчына таксама ўвайшла ў склад Мярэцкіх. Разам з будаўніцтвам жылля ў гаспадарцы актыўна вялося будаўніцтва сацыяльна-бытавых устаноў.
Менавіта ў 50-я гады ХХ ст. метадам “народнай будоўлі” быў узведзены шыкоўны двухпавярховы клуб. На першым паверсе левага крыла была глядзельная зала на 300 пасадачных месцаў. У правым крыле выдзелілі вялікае памяшканне для бібліятэкі. На другім паверсе – пакоі для супрацоўнікаў і аматарскіх калектываў. Наваселле адбылося прыкладна ў 1955 годзе.
Загадчыкам Мярэцкаўскага сельскага клуба і бібліятэкі працавала Максак Яўгенія (1-2 гады). Чытачамі лічыліся 230 калгаснікаў.
“УМАЦОЎВАЦЬ МАТЭРЫЯЛЬНУЮ БАЗУ КУЛЬТАСВЕТУСТАНОЎ
XII Пленум ЦК КПБ, які абмяркоўваў пытанне аб стане і мерах паляпшэння культурна-асветнай работы ў рэспубліцы ўказаў, каб узняць узровень работы ўстаноў культуры, неабходна перш за ўсё ўмацаваць іх матэрыяльную базу.
Любая ўстанова культуры, размешчаная ў калгасным клубе, служыць адзінай мэце — забеспячэнню культурных патрэб калгаснікаў. Такая ўстанова прызначана для калгаснікаў, і праўленні арцелей павінны аказваць усялякую дапамогу ў стварэнні там неабходных умоў.
Правільна разумеюць сваю ролю праўленні сельгасарцелей «Перамога» (Пятроўшчына), «Зара» (Капыльшчына), імя Калініна (Мярэцкія), «Бальшавік», «За Радзіму» (Удзела), імя Сталіна і другія. Клубныя памяшканні тут адрамантаваны, у бібліятэках зімой цёпла, утульна. Для клубаў за сродкі культфонда набыты баяны, радыёлы, сцэнічныя касцюмы для ўдзельнікаў сададзейнасці, мэбля, наглядная агітацыя. ... ” А. КАЛОДЗІЧ, загадчык аддзела // Сцяг камунізма.- 1959.- 15 кастр.
На змену Максак Я. прыйшла працаваць Дзевятоўская Ганна Уладзіміраўна. Адказвала за стан клубнай і бібліятэчнай работы яна з 1960 па 1978 гг. Паказаўшы сябе здольным арганізатарам, адказным спецыялістам, Ганна Уладзіміраўна была пераведзена ў Глыбокае на пасаду дырэктара кінатэатра “Радзіма”.
1977-1978 гады былі часам, калі па ўсяму Савецкаму Саюзу вялася цэнтралізацыя бібліятэк. Бібліятэкі раёна аб’ядноўваліся ў сістэму з адзіным кіраваннем, фондам і камплектаваннем. Мярэцкаўская сельская бібліятэка стала філіялам №27 Глыбоцкай ЦБС.
Хто працаваў падчас цэнтралізацыі знайсці не ўдалося. Работа бібліятэкара складаная, патрабуе асаблівага характару: агульнага кругагляду, камунікабельнасці, цікаўнасці, цярплівасці, скурпулёзнасці, артыстычнасці і іншых якасцей. Спалучаць ў сабе іх можа не кожны. У 70- 80-я гады бібліятэкарамі працавалі Грыцкевіч В.Я. (жнівень 1978 – жнівень 1979, звольнілася ў сувязі са зменай месцажыхарства). На яе месца прыйшла выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Крупская Таісія Канстанцінаўна, якую змяніла таксама выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Маршына Галіна Якоўлеўна (жнівень-лістапад 1981 г.) Конце(?) Наталля Рычардаўна, Рудак Вольга Аляксандраўна, Пахілка (Фенько) З.П. (06.1983-06.1984), Дзягілева Вольга Віктараўна (08.1984-...), Кавалёнак Ганна Станіславаўна (1985-1987), Мальгін О.В. (1985-1986), Карпук Лілія Міхайлаўна (11.1985-1986), Стоцік Надзея Мікалаеўна (1986), Кравец Л.Ф., Сідарава В.І. і іншыя прайшлі праз шматлікія загады дырэктара Глыбоцкай ЦБС аб прыёме і звальненні. Відавочна, што работнікі затрымліваліся не надоўга.
У 1988 годзе ў зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіла 6 вёсак - Мярэцкія, Дзегцяры, Забелле, Кашталянаўшчына, Пятроўшчына, Петрунова, дзе пражывала 782 жыхары. З іх чытачамі з’яўляліся 520, у т.л. 110 – школьнікі.
Канец 80-х гадоў стаў больш спрыяльным для Мярэцкаўскай бібліятэкі ў кадравым плане. У бібліятэку на працу сталі прыходзіць спецыялісты бібліятэчнай справы.
Бібліятэка стала першым месцам для выпускніцы Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікум імя А.С.Пушкіна Базылюк Галіны Леанідаўны (1982 - 1984), якая далейшае жыццё з 1989 г. прысвяціла бібліятэчна справе ў Ломашах.
Федаровіч Н.В. (жонка ваеннаслужачага) працавала ў 1989-1992 гадах.
З 1992 па 1995 гг. абслугоўвала насельніцтва кнігай малады спецыяліст Інна Канстанцінаўна Гаравая, якая ў далейшым перайшла на працу ў Глыбоцкую ЦРБ.
З 1995 па 2006 гг. сустракала за бібліятэчнай кафедрай сваіх аднавяскоўцаў Алла Геогіеўна Дайлідзёнак. Бібліятэчнай адукацыі яна не мела, але была камунікабельнай, адкрытай, бібліятэка стала цэнтрам зносін для жыхароў вёскі Мярэцкія.
У студзені 2006 г. ў бібліятэку прыйшла працаваць Крысціна Францаўна Счасная.
У 2006 годзе калгас імя Калініна ўвайшоў у ААТ “Глыбоцкая птушкафабрыка”, вёска Мярэцкія стала аграгарадком. На момант арганізацыі аграгарадка (2007) бібліятэка мела 460 карыстальнікаў, кніжны фонд на канец 2006 г. складаў 5061экз.
Адміністрацыя ААТ знаходзіцца ў вёсцы Марцыбыліна. Таму планавалася размясціць бібліятэку ў будынку Марцыбылінскага культурна-спартыўнага цэнтра. З гэтай нагоды Мярэцкаўская бібліятэка была перайменавана ў Марцыбылінскую. Будынак Мярэцкаўскага клуба і бібліятэкі ў в. Мярэжцкія знеслі.
Але жыццё планы змяніла, бібліятэку ў 2007 г. перавялі ў будынак былой канторы калгаса імя Калініна. На той час у ім разам месціліся аграномы гаспадаркі, фірменны магазін птушкафабрыкі, комплексны прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, быў устаноўлены банкамат ААТ “АСБ Беларусбанк”.
Бібліятэцы выдзелілі пакой плошчай 50 м². Як бібліятэка аграгарадка ў 2007 г. установа атрымала камп’ютар і, адпаведна, пашырыла спектр платных паслуг. Іх стала 14 відаў.
На пачатак 2019 года бібліятэка застался адзінай функцыяніруючай установай ў будынку. Яна мае 530 чытачоў і 9014 экз. дакументаў.
У 2011 г. пры бібліятэцы працаваў дзіцячы клуб “Благовест”, які наведвалі вучні Мярэцкаўскай базавай школы-садка.
Бібліятэкай праводзяцца мерапрыемствы рознай тэматыкі. Ладзяцца выставы мясцовага мастака Цімашэнкава В.П., сустрэчы з пісьменнікамі. Сумесна з паэткай Зінкевіч Г.Б., членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мярэцкаўскай дзіцячы сад–базавай школай распрацоўваюцца арт-праекты.
Счасная Крысціна Францаўна за добрасумленную і творчую працу неаднаразова адзначалася кіраўніцтвам:
- Граматай Глыбоцкага аддзела культуры (2005, 2006, 2016)
- Граматай Віцебскага абласнога упраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі з нагоды 50-годдзя (2018)
- Граматай Глыбоцкага аддзела культуры і грашовай прэміяй за перамогу ў намінацыі “Лепшы арганізатар платных паслуг” па выніках (2010)
- Граматай Глыбоцкага аддзела культуры і грашовай прэміяй за перамогу ў намінацыі “Лепшая бібліятэка” (2012)