З бібліятэчнага архіва
Чарневічы, 2013 год
ВОЗЕРА ГІНЬКАВА: РАСКРЫВАЕМ ТАЯМНІЦЫ
Змест
Уводзіны ……………………………………………………………………..3
- Возера Гінькава ў геаграфічным і гістарычным асяроддзі
- Нарысы аб геаграфічным становішчы возера………….........4
- Прыродная характарыстыка вадаёма………………………....4
- Гісторыя вывучэння і даследавання возера……………….....5
- Паходжанне назвы…………………………………………………….6
- Даследаванне прыроды возера
- Будова катлавіны………………………………………................7
- Гідралагічны рэжым…………………………………………….…8
- Таямніцы і рэчаіснасць Сахнавіцкай пячоры……………………...10
- Заключэнне …………………………………………………………….13
- Спіс літаратуры………………………………………………………...14
- Дадаткі:
№1 Геаграфічнае становішча возера Гінькава ( схема)……………..15
№2 Старажытныя словаўтваральныя асновы назваў рэк і азёр Беларусі………………………………………………………………......…16
№3 Сахнавіцкая пячора………………………………………….....…….20
Актуальнасць: У апошняе дзесяцігоддзе ідзе дыскусія ў навуковым і краязнаўчым асяроддзі, на старонках перыядычнага друку, аб адным з глыбокіх і сваеасаблівых азёр краіны – Гінькава, яго прыродзе, чысціні вады. Але большасць публікацый абавязкова засяроджваецца на ўнікальным збудаванні на беразе возера – Сахнавіцкай пячоры. Таму і мне захацелася прымкнуць да вывучэння возера і выказаць свой погляд на існуючыя недаследаваныя бакі нашага ўнікальнага вадаёма.
Глава І.
Возера Гінькава ў геаграфічным і гістарычным асяроддзі
Нарыс аб геаграфічным становішчы возера
Возера Гінькава знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, у Паазерскай правінцыі. Адносіцца да басейна ракі Авута і яе прытока—ракі Нехрысць. У 33 кіламетрах ад раённага цэнтра і 4 кіламетрах ад аграгарадка Чарневічы.
З-за асаблівасцяў будовы берагоў падысці да возера цяжка, таму асвоена чалавекам толькі яе паўночная звужаная частка. На ёй у 300-400 метрах ад возера знаходзіцца невялікая знікаючая вёска Сахнавічы, некалькі пабудоў хутара Саннічкі, якія ператвораны ў адну з першых аграсядзіб у раёне. Зручных падыходаў да возера 2-3, якія прадстаўлены вузкай звілістай гліністай палявой дарогай і сцежкай. Больш зручны падыход, лепш асвоены – каля Санічкоў. Палявая дарога ад шашы Чарневічы-Празарокі прывядзе да адносна высокага, але выраўненага ўзбярэжжа, з якога адкрываецца панарама большай часткі возера, асабліва яе найбольш глыбокіх месцаў. Выраўненае ўзбяржжа мае невялікія памеры, прыкладна 50 на 50 метраў і стала адзіным на возеры месцам адпачынку.
- Прыродная характарыстыка вадаёма
Найбольшая глыбіня—43,3 м ( трэцяя па глыбіні ў Беларусі)
Даўжыня—2,2 км
Найбольшая шырыня—290 метраў
Даўжыня берагоў—4,84 км
Плошча вадазбору—4,4 км²
Зарастае слаба.
Рэдкія, біялагічныя арганізмы: рыба стынка, якая пахне агурком, рапушка. Найбольш распаўсюджаныя—шчупак, язь, плотка, лінь, уклейка.
- Гісторыя вывучэння і даследавання возера
Я знайшоў першае навуковае летапіснае ўпамінанне аб возеры, якое змешчана ў працы “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага ўезда Віленскай губерніі”, якая выйшла ў 1896 годзе і належыць А.Сапунову і князю В. Друцкаму-Любецкаму. Там сказана “…у 4 вярстах ад сяла Чарневічы, паблізу вёскі Барсукі, знаходзіцца Гінькава возера, на ўзвышаным беразе гэтага возера бачны разваліны падземнага ходу, сцены складаюцца з дробных камянёў, якія залітыя вадой”.
Далей адзначаецца: “…Пасля абвалу азёрнага берага паказаўся цагельны звод, напэўна, калідор, які вядзе ў пячору, якую ніхто пакуль не даследаваў…” цікава, што напісанае Сапуновым у 1896 годзе аб возеры і пячоры на яго беразе застаецца актуальным і дагэтуль. У 20-30гады ХХ ст., у час знаходжання краю ў складзе Польскай дзяржавы, ўсебаковых навуковых даследаванняў не праводзілася, але па расказах мясцовых жыхароў звесткі аб возеры змяшчаліся ў перыядычным друку. Гэта былі паданні і артыкулы ў газетах, брашурах.
У пасляваенны час возера таксама не даследавалася. Пачатак комплекснаму навуковаму даследаванню возера паклала загадчыца кафедры азёразнаўства БДУ Вольга Піліпаўна Якушка, дзякуючы якой, навуковыя экспедыцыі склалі першую разгорнутую характарыстыку вадаёма. Навуковыя звесткі аб возеры змешчаны ў комплекснай працы “Азёры Беларусі” 1988 года выдання, а першыя нарысы аб возеры Вольга Піліпаўна падала ў выданні “Край блакітных азёр” у 1969 годзе і “Край азёрны” у 1978 годзе.
У канцы 90-х гадоў прыроду возера вывучалі супрацоўнікі Інстытута геафізікі і геахіміі Акадэміі навук Беларусі.
Апошні этап разгадкі тайнаў возера ўзнік дзякуючы дапытлівым журналістам рэспубліканскіх і раённых газет і іх па публікацыям аб возеры і асабліва аб загадкавай пячоры на беразе яго. Дапамагаюць даследаваць возера і аматары дайвінгу, якія апускаюцца на дно возера і здымаюць недасягаемыя (недаступныя) з паверхі карціны глыбіннага жыцця.
Вось і я паспрабую ўнесці свой уклад у складанне разгорнутай характарыстыкі возера, у разгадку некаторых яго таямніц, асабліва ў вызначэнні паходжання назвы возера, некаторых асаблівасцях прыроды яго і пячоры на беразе возера.
Глава ІІ.
Паходжанне назвы возера
Пачынаючы даследаванне гэтай праблемы, мне здавалася, што тут не будзе ніякіх праблем і ўсё будзе проста. Але гэта аказалася не так. Я сутыкнуўся з тым, што возера мае некалькі крыніц узнікнення сваёй назвы, таму для тлумачэння шматлікіх варыянтаў я падзяліў іх на дзве групы: навуковую і краязнаўчую.
- Навуковае тлумачэнне
Згодна яго назва возера звязана з балцка-раннеславянскім этнасам, які засяляў наш край з 2-3 тысячагоддзя да н.э. і да 4-5 стагоддзя н.э. Балцкія гідронімы можна ўбачыць пры знаёмстве з картай Паазер’я: яны маюць незразумелае для нас значэнне. Але, калі мы даведаліся аб старажытных словаўтваральных асновах, з якіх складаліся балцкія назвы рэк і азёр, я пачаў вызначаць назву возера.
Гідронім “Гін”- азначае глыбокая бездна, дно, абрыў, а “в”, “ва”- вада, возера. Таму наша возера мела першапачатковую назву - “Гінв”, або “Гінва”. Славяне, якія засялялі край пазней, прынялі гэту назву, але для зручнасці свайго вымаўлення дабавілі гукі “ка”,”а”, мяккі знак і атрымалася сучасная назва “Гінькава”. Падобную назву з ім маюць азёры, якія размешчаны побач з ім: Свядава, Шылава, Осава і іншыя. Яны ўсе глыбокія, вузкія, маюць крутыя схілы.
- Краязнаўчыя тлумачэнні
- Назва возера паходзіць ад прозвішча сям’і Гінько, якая, магчыма, жыла на паўднёва-заходнім беразе. Прозвішча Гінько вельмі распаўсюджана ў нашым краі. Але, магчыма, і наадварот, што само прозвішча ўзнікла ад назвы возера і першыя пасяленцы каля яго атрымалі такое прозвішча.
- Этнограф, краязнаўца, мастак, наш слынны зямляк Язэп Драздовіч часта бываў на гэтым возеры, але называў яго так – “Гінь-возера”, падразумяваючы пад гэтай назвай бязмерную бездну, вузкую, глыбокую раку.
- У краязнаўца Івана Волкава, які ў свой час працаваў у Чарневіцкай школе, мы знаходзім трэцяе, асабістае тлумачэнне, якое ён выклаў у аповядзе аб таямнічым Гіні, які жыў тут.
- Апытваючы мясцовых жыхароў, я пазнаў яшчэ адну назву возера. Так, у 20-80-я гады ХХ ст. яно часта называлася як “Міцькаўскае”, ад назвы вёскі, якая была на беразе возера. Але са знікненнем вёскі гэта назва сама сабой адпала.
- А вось жыхары існуючай вёскі Сахнавічы, асабліва пажылыя, у размове пазначаюць яго па-свойму—Сахнаўскае.
Падводзячы вынік і адкінуўшы яшчэ некалькі варыянтаў назвы, я прытрымліваюся Балцка-раннеславянскай назвы паходжання, якая больш адпавядае рэчаіснасці.
Глава ІІІ.
Даследаванне прыроды возера
3.1 Будова катлавіны
Гледзячы на фізічную карту Афрыкі, позірк ва ўсходняй частцы яе засяроджваецца на блакітнай вузкай стужцы, якую ўтвараюць азёры. Гэта Вялікі Афрыканскі разлом, які ўтварыўся ў зямной кары і запоўніўся вадой, утварыўшы глыбокія вузкія азёры.
Якое дачыненне мае гэты факт да майго даследавання? Для адказу на гэта пытанне неабходна паглядзець на карту нашага Глыбоцкага раёна. Ва ўсходняй яго частцы, што мы там знаходзім? Вузкая, амаль блакітная паласа працягнулася ад возера Шо (як афрыканскае возера Вікторыя) па азёрах Доўгае, Свядава, праз Качанава, Гінькава, Шылаўскае да возера Сельчанскае і далей за межамі раёна, на Міёршчыне—да Язненскіх азёр. Чым не падабенства з Афрыканскай сістэмай? Нашу сістэму азёр па самаму глыбокаму і доўгаму возеру можна было б назваць Доўгінскай. Яна ляжыць у глыбокім, доўгім, выцягнутым з поўначы на поўдзень паглыбленні сярод высокіх пагоркаў.
Але гэта сістэма ўтворана не рухамі зямной кары, а павярховымі водамі, перш за ўсё апошнім скандынаўскім ледавіком, пачынаючы з пачатку яго насоўвання да поўнага раставання. Прааналізаваўшы перыядычныя выданні, навуковыя працы, мне сустрэліся тры меркаванні аб утварэнні катлавін азёр і асабіста возера Гінькава: карставае, тэрмакарставае і лажбінна-ледавіковае.
Так, карставае ўтварэнне катлавіны тлумачыцца тым, што на беразе возера каля пячоры сустракаюцца вапняковыя кускі, якія раствараюцца, і таму возера паглыбляецца. Але па майму меркаванню гэтыя пароды завезены сюды чалавекам і нідзе, акрамя пячоры тут не сустракаюцца. Тэрмакарставае меркаванне ўтварэння катлавіны звязваюць з тым, што ў час адступлення ледавіка ў тоўшчах зямлі засталіся пахаванымі глыбы лёду, якія потым растаялі і ўтварылі возера. Але вядома, што такія азёры звычайна неглыбокія, маюць астравы. Таму і гэта меркаванне памылковае.
Больш правільнае трэцяе меркаванне. Яно асноўваецца на маім асабістым даследаванні берагоў і на вывучэнні навуковай літаратуры па тэме. Катлавіна возера Гінькава лажбіннага паходжання і ўтварылася ў два этапы. Спачатку ледавік, дзякуючы свайму насоўванню выразаў, утвараў лажбіну, а потым, у час свайго раставання талыя воды падалі з высокіх уступаў, узгоркаў вадападамі, выбіваючы глыбокі каньён. Паміж глыбокімі катлавінамі ўтварыліся ўчасткі з меньшым уздзеяннем вадападаў—падняцці, якія называюць рыгелямі. Яны раздзялілі азёрныя катлавіны паміж сабой.
Такім чынам, Гінькава мае катлавіну лагчыннага паходжання, якая мае форму сярпа. Катлавіна складзена пераважна марэннымі цяжкімі суглінкамі. Возера падобна на глыбокую цясніну, якая ўрэзана ў рэльеф да 60 метраў. Схілы вельмі стромкія, крутыя, каля 30°- 35°, але значная частка іх мае круцізну да 40°- 45°, часам абрываецца амаль адвесна. Надводныя схілы дасягаюць вышынь у 20-30 метраў, берагі супадаюць са схілам, а падводная частка, як і надводная, адзначаецца рэдкай для Беларусі круцізной. Пры сярэдняй шырыні возера ў 200-220 метраў амаль у сярэдзіне знаходзіцца месца з глыбінёй у 43,3 метра. На долю глыбінь больш 20 метраў прыпадае каля 40% плошчы возера, а на глыбіні да 2 метраў — толькі 5%. Таму можна адразу ў час купання ныраць з берага і быць асцярожным пры апусканні ног на дно, якога ў 3-5 метрах ад берага можна не дасягнуць.
3.2 Гідралагічны рэжым возера
Возера зачароўвае сваёй прыгажосцю, таямнічасцю. Воднае люстэрка возера ў цёплы перыяд года мае зеленаватую афарбоўку. Мы гэта тлумачым тым, што паверхня вады адбівае зеляніну густой расліннасці крутых, высокіх берагоў.
Вада возера ўнікальная. Гэта самае чыстае возера Беларусі. Празрыстасць вады летам каля 4,5 метраў, а зімой да 5,5 метраў. Дзе яшчэ ў краіне можна ўбачыць такое глыбокае і чыстае возера! Пры невялікай плошчы аб’ём вады ў ім каля 8 млн м³, гэта больш, чым ва ўсіх азёрах каля г. Глыбокае разам узятых.
Пры гэтым вада вельмі чыстая, амаль без прымясяў. Унікальнасць і чысціню вады адзначалі і дайверы, група якіх колькі год назад даследавала дно возера.
Чаму возера захавалася такім чыстым?
Першае. Возера размешчана ў цяжкадаступным месцы, дзе амаль адсутнічае пастаяннае насельніцтва. Таму антрапагеннае ўздзеянне чалавека на возера ў выглядзе каналізацыйных і бытавых выкідаў, сцёкаў з агародаў і прысядзібных участкаў зведзена да нуля.
Другое. Большасць азёр у краіне пагаршаюць стан вады з-за інтэнсіўнага паступлення мінеральных і арганічных рэчываў з фермаў і сельскагаспадарчых угоддзяў, на якіх уносяцца мінеральныя ўгнаенні, гной, атручвальныя рэчывы. Возера Гінькава такога ўплыву не мела, паколькі бліжэйшыя фермы знаходзяцца на адлегласці 2-3 км, а крутыя схілы перашкаджаюць вядзенню палявах работ. Большасць схілаў занята кустарнікавай расліннасцю і сінім дзікім люпінам, а таксама травастоем, з якога нарыхтоўваюць кармы.
Трэцяе. Асноўны прыход вады прыходзіцца на падземнае жыўленне. Яно ў возера даволі інтэнсіўнае. Дастаткова прайсціся па крутым беразе сярод расліннасці і адразу адчуеш, што ступні становяцца мокрымі, а нага слізгае па вадкім грунце. Улічваючы асаблівасць парод, праз якія прасочваецца вада, якасць яе заўсёды высокая, з невялікай доляй акісленнасці і цветнасці. Можна выказаць гіпотэзу, што вялікі і донны прыток вады.
Чацвертае. Адзначаюцца нізкія гідрабіялагічныя паказчыкі вады. Адной з прычын гэтага з’яўляецца вопаўзні. Не паспее прыбрэжная водная расліннасць пачаць жыццядзейнасць, як праз некаторы час яна заносіцца глініста-пясчанымі накладамі. Цікава было назіраць за працай аквалангістаў у час паказу па тэлебачанні дакументальна-навуковага фільма аб возеры. На дне адсутнічала ўсякая расліннасць, а ўсе водныя аб’екты былі бачны выразна і далёка.
Але я лічу, што ўнікальнаму вадаёму пагражае небяспека. На чым грунтуецца такі вывад? Пачну, як ні дзіўна – з картаграфіі. Пры даследаваніі картаграфічных асаблівасцяў возера на мясцовасці, а потым на карце, было ўстаноўлена, што ўсе буйнамаштабныя карты Глыбоцкага раёна і Падзіння маюць памылкі і змяшчаюць аб’екты, якіх няма на мясцовасці. Так, на карце паказваецца, што з паўночнага боку Гінькава ад возера Шылаўскае маецца пратока, рачулка, якая нясе ваду ў наша возера. Але яе я не знайшоў. І яе не можа быць, паколькі паміж азёрамі маецца прыўзняты ўчастак да 7 метраў вышыні, па якім пракладзена шаша Чарневічы-Празарокі. Значыць водаабмену паміж азёрамі няма.
Далей даследаванні паказалі, што вытока з возера, якая паказана на карце ў бок ракі Авуты таксама ў натуральным выглядзе не існуе. На гэтым месцы цяпер нізінны, забалочаны ўчастак, які ўтварыўся ў выніку вытаптвання ў час вадапою статкамі жывёлы былой вытокі. Магчыма, толькі вясной ёсць невялікі, павярховы выток вады з возера. Такім чынам, я раблю выснову, што возера цяпер амаль бяссцёкавае. А таму водаабмен адбываецца больш павольна і ў асноўным толькі за кошт выпарэння і, магчыма, за кошт нейкага падводнага прытоку. Калі раней лічылі, што змена ўсяго аб’ёму вады патрабуе 8 - 10 год, то цяпер, у выніку закрыцця вытокі, гэты час павялічваецца. А гэта прывядзе да негатыўных вынікаў. Ужо цяпер, у выніку працяглых дажджоў, або ў час дажджлівага лета, узровень вады ў возеры павышаецца на 0,5-0,7 метра, што прыводзіць да падтаплення крутых схілаў і хутчэйшага іх спаўзання з усёй драўніна-травяністай расліннасцю ў ваду, якая будзе загнівацца, раскладвацца і прывядзе да павелічэння колькасці мікраарганізмаў, жыўнасці ў вадзе, змяншэнню празрыстасці
Глава ІV.
Таямніцы і рэчаіснасць Сахнавіцкай пячоры
лова “Беларусь” і “пячора” несумяшчальныя. Няма ў нас іх у натуральным выглядзе. Але толькі не для возера Гінькава. На яго беразе знаходзіцца часцінка беларускай экзотыкі — уваход у пакуль што не даследаванную на беразе пустоту. Ці то скляпенне невядомага назначэння, ці то прырода стварыла тут унікальную збудову? Якую працу не возьмеш аб возеры Гінькава, абавязкова ў ёй ідзе аповед аб пячоры. Якія ж аповеды існуюць аб ёй у сучасны час, і якое маё меркаванне аб гэтым аб’екце?
- ІІІ. Легенды вакол возера Гінькава
І.І.Волкаў
Заварожаныя дары
(Паданне першае)
Дзве сястры, Феафанія i Леанора, доўгі час жылі ў Варшаве. Іх мужы былі пры каралеўскім двары, не шкадавалі сродкаў і сваім жонкам, яснавяльможным паням, рабілі ім шыкоўныя дарункі: залатыя пярсцёнкі і ланцужкі, бранзалеты, наборы посуду, рэдкія упрыгожанні з перлін i іншых дарагіх камянёў.
У час падзелу Рэчы Паспалітай мужы былі арыштаваны i вывезены ў Расею, а пані Феафанія i Леанора вярнуліся ў родныя мяcцiны, прыхапіўшы дары cвaix багатых мужоў. Аднаго баяліся яснавяльможныя пані, каб прывезеныя iмі дары, незлічоныя багацці, не трапілі ў pyкi новых расейскіх улад.
I вырашылі пaнi прыхаваць свае шматлікія каштоўнасці ў склепе (пячоры), што знаходзілася ў кручах Гінькава возера. Варшаўскія пані звярнуліся да старэнькага дзядка, варажбіта i калдуна. Дзядок-калдун заваражыў прывезеныя з Варшавы дары, прачытаўшы над iмi хітрую замову. Узяць заварожаныя дары можна толькі нашаптаўшы гэтую ж замову тры разы i тройчы прамовіўшы: «Разваражыцеся, дары!» Хутка шаноўныя пані памерлі, а дары засталіся ў склепе.
Там да цяперашняга здараецца такое: у таго, хто рызыкне спусціцца ў склеп, пачынае круціцца ў галаве, займае дых, падкошваюцца нoгi i ён, як корак з бутэлькі, вылятае адтуль.
Напалеонаўскі скарб
(Паданне другое)
Бязладна бeглi, адступалі войскі заваёўніка Напалеона, з iмi пляліся цяжкія павозкі з нарабаваным у Pacei i Беларусі скарбам: золатам, перламі i іншымі дарагімі рэчамі. З Полацка чужынцаў падціскала расейская армія. У Празароках абозы звярнулі ў напрамку на Чарневічы, каб выйсці на Кацярынінскі бальшак Дзісна — Лужкі — Вільня. За вёскай Касарова абозы спаўзлі ў лагчыну, а ўзняцца на пагорак не змаглі: перашкаджаў вялікі галалёд, а большасць коней, нарабаваных у беларускіх сялян, былі непадкаванымі.
Напалеонаўскія ваякі вырашылі пасыпаць пяском невялікі ўчастак дарогі да Гінькава возера, завезлі туды нарабаваныя скарбы i прыхавалі ix склепе над азёрнай кручы. Вырашана — зроблена. Абозы хутка былі разгружаны, а напалеонаўскія ваякі, нібы Марка па пеклу, па коўзкай дарозе праз Чарневічы i топкую пойму ракі Авуты выпаўзлі на Віленскі тракт i ўжо без цяжкіх абозаў шпарчэй прасоўваліся ў напрамку сваёй Францыі. Дарагія напалеонаўскія скарбы, кажуць, i па сённяшні дзень прыхаваны пад скляпеннямі ў кручах Гінькава возера.
Склад збpoi
(Паданне трэцяе)
- Дарога ад Язна да Празарок была забіта павозкамi з ваеннай амуніцыяй. Казакі пад кіраўніцтвам легендарнага Гая прарвалі польскую абарону i калонамі на Лужкі i Празарокі рушылі на захад. Польскія ваенныя абозы былі паспешна павернуты на Касарова, а адтуль рушылі да кручаў Гінькава возера.
Каб зброя i другая ваенная амуніцыя не дасталася бальшавікам, яе згрузілі ў гінькаўскі склеп. Сярод амуніцыі былі вялікія металічныя бочкі з атрутнымі рэчывамі. Вось чаму з тым, хто адважыцца спусціцца ў склеп, адбываюцца дзіўныя здарэнні: смяльчак пачынае задыхацца, накатваюцца ваніты, знікае сіла ў нагах. Смяльчак вылятае куляй са склепа i доўга адлежваецца на зямлі, каб прыйсці ў звычайны стан.
- Мясцовыя жыхары вёсак расказваюць аб уваходзе ў падземны тунель, які пачынаецца тут і заканчваецца ў Празароцкім касцёле.
- Старажылы гавораць, што даўным даўно на гары каля возера была царква, а потым яна правалілася пад зямлю, а пячора — толькі святы ход, які вёў у лес.
- Ёсць меркаванні аб прыродным утварэнні гэтага аб’екта з двума адтулінамі, якія з’явіліся ў выніку растварэння і вымывання вапнава-пясчаных берагоў.
Прааналізаваўшы ўсе шматлікія акалічнасці, я выказваю сваё меркаванне аб гэтым збудаванні. Яно наступнае.
Па характары развалін я думаю, што гэта не прыроднае, а гаспадарчае збудаванне, якое стварыў чалавек. Напэўна, з’явілася яно даўно, у часы заняпаду Полацкага княства, або ў перыяд ВКЛ.
Такі позні час можна патлумачыць тым, што мясцовыя жыхары не памятаюць нічога аб гэтым аб’екце. Калі б ён быў узведзены пазней, то вусная пагалоска данесла б да нас нейкія звесткі аб характары забудовы і назначэнні. Змесціва разбураных мураваных блокаў указвае, што раствор, які ўжываўся для змацавання камянёў і цэглы падобны на раствор у фундаментах будынкаў мураванага дойлідства ХІV- XVІІ стагоддзяў.
Што тут магло быць? Я мяркую, што гэта быў значны па памерах будынак, які мог належыць князю, магнату, або гэта быў кляштар. Але адметнай асаблівасцю яго была абарончая функцыя. Калі ўзгадаць часы Лівонскай вайны і асаду Полацка дружынай Івана ІV, то ўспамінаецца, як полацкі ваявода Давойна даў загад вывесці з асаджанага горада каля 3 тысяч сялян, каб зменшыць колькасць едакоў у Полацку. Большая частка іх выйшла за горад праз тунелі-лазы, якія былі ў тыя часы пад большасцю вялікіх будынкаў, асабліва абарончых і цягнуліся за горад. Такія тайныя тунелі былі і тут і рэшткі іх засталіся. Усё ўлічыў гаcпадар будоўлі: прыгожае месца, высокія, цяжкадаступныя ўгоркі на беразе возера, недаступнасць будынка з боку возера і тайны тунель зрабіў.
Але ў адным памыліўся ён — не ўлічыў характар і асаблівасць парод, на якім было збудаванне. Пад высокім, крутым узгоркам быў “плавун” са шматслойнымі падземнымі водамі паміж грунтам. Таму з цягам часу ён пачаў спаўзаць уніз да возера, а потым увогуле разбурыўся. Спаўзае ён і цяпер у наш час. Прыйдзе час, калі з пагорка спаўзуць рэшткі пабудовы, якую лічаць Сахнавіцкай пячорай.
Спіс выкарыстанай літаратуры:
- Азёры Беларусі / пад рэдакцыяй В. П. Якушка. – Мн.: Ураджай, 1988. – 216 с.
- Блакітная кніга Беларусі: (водныя аб'екты Беларусі): энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 1994. - 414, [1] с., [4] л. каляр. іл.
- Край блакітных азёр / пад рэдакцыяй В. П. Якушка. – Мн.: Ураджай, 1969.
- Волкаў І.І. Легенды і паданні азёрнага краю. – Наваполацк, “Усяслаў Чарадзей”. – 51 с.
- Фота сатаронак інтэрнета.
Дадатковыя крыніцы:
-
Гінькава возера // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 140–141.
-
Гиньково // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 124.
- Мойсеенок, А. Тайны озера Гиньково / А. Мойсеенок // Родная прырода. – 2016. – № 7. – С. 14–16.























