27/09/2021
95 год назад (1926 г.) пабачыла свет галоўная праца нашага земляка Вацлава Ластоўскага — манументальная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя», у якой прыводзіліся цытаты на старабеларускай мове са шматлікіх старажытных кніг і рукапісаў. Публікацыя ўяўляе сабой агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.»
З факсімільным выданнем кнігі «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» можна пазнаёміцца ў Глыбоцкай раённай бібліятэцы.
В.Ластоўскі даследаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь.
У 1924 годзе надрукаваў «Падручны расійска-крыўскі слоўнік», які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў: руска-беларускі слоўнік асабовых імён «Крыўскі (беларускі) іменьнік»; слоўнік тэрмінаў арніталагічных «Назовы птахаў» і батанічных — «Іменьнік расьцін». У слоўніку беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда» апроч народнай лексікі прапаноўваў шмат уласных лексічных вынаходак і да добрага, сапраўднага матэрыялу дадаў шмат выдуманага, і, паводле думкі Я. Станкевіча, выдуманага несістэмна.
У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» — першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905).
Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш.). Аўтар фантастычнай аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі», 1923). Складаў чытанкі для дзяцей. Апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і інш., успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А. Талстой), англійскай (Р. Кіплінг, Б. Мэон), польскай (Э. Ажэшка, А. Валодзьскі, К. Тэтмаер), дацкай (Х. К. Андэрсен) і іншых моў.
Дакументы і матэрыялы з архіва В. Ластоўскага захоўваюцца ў Вільнюсе, Маскве, Мінску, Саратаве.
Вацлаў Ластоўскі пэўны час працаваў бібліятэкарам студэнтскай бібліятэкі ў Пецярбургу і Саратаўскай дзяржаўнай бібліятэкі.
Па матэрыялах сеткі Інтэрнет.
Падрыхтавала Ізаітка М.В., бібліятэкар АБМ Глыбоцкай ЦРБ.