Да 30 – годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка – фашысцкіх захопнікаў
Аб ёй расказвала ўжо наша газета.
Аб ёй , яе мужнасці і бясстрашшы складалі легенды.
Лёсам партызанкі-разведчыцы Клавы Шакаладавай зацікавіўся спецыяльны карэспандэнт “Красной звезды”
капітан І ранга Мікалай Цімафеевіч Котыш.
На працягу чатырох год ён вёў пошукі дакументаў, пісем, сведак.
І вось у трох нумарах “Красной звезды” (за 23, 24, 25 кастрычніка 1973 г.) надрукаваны расказ аб Клаве Шакаладавай.
Мы змяшчаем яго з некаторымі скарачэннямі.
- “Трымайся, дачушка!”
(Па загаду разведаддзела штаба Калінінскага фронта ў тыл ворага самалёт, там закідваецца разведвальная група ).
…Іх было пяцёра: камандзір разведгрупы, яна, Клава – яго намеснік, два разведчыкі – сібіракі і радыстка Тося Мігунова. Блукалі доўга і цяжка: часта нарываліся на варожыя пасты. Уходзілі, замяталі сляды ў гнілых багнах. Пачыналіся ўжо зацяжныя дажджы, і ім стала здавацца, што, змучаныя бездарожжам, яны блукаюць па дну віра, блукаюць і не ведаюць, калі скончыцца гэтая стыглая вада. Часамі выбіраліся на сухія чыгуначныя насыпы, але тут зноў грымелі стрэлы, чыркалі па соснах кулі. Потым разбушавалася навальніца, кананадай грымела ўсю ноч, шчапаючы дубы і пранізваючы агнём цемру, а яны цешыліся непагадзі, беглі пад яе ахову. Дзесьці брахала аўчарка, аднак лівень змываў іх сляды, і яны ўсё ішлі па багнах і гушчарах.
– Вось і пачаўся навучальны год, – сказала Клава, успомніўшы, што сёння першае верасня. Калісьці гэта было пачаткам вучобы, а цяпер – пачатак яшчэ нязведанных выпрабаванняў.
Жылі ў лесе, спалі ў шалашы з яловых лапак. Старшы размеркаваў, хто куды ідзе, удакладніў месца яўкі, паролі час выхаду на сувязь. Галоўная задача – разведка фашысцкіх гарнізонаў, збор звестак аб руху воінскіх эшалонаў.
Клава накіравалася на лясны хутарок. Пачынаць трэба было са знаёмства з людзьмі. І як пачыналася гэтае знаёмства? З рознымі людзьмі па- рознаму. З бабуляй Сцепанідай, якая брала ваду са студні, ветліва прывіталася, дапамагла данесці вёдры да хаты, а праз паўгадзіны Клава піла малако і слухала расказ пра сям’ю Курашоў: “Адчайны Селіверст, сумленны Селіверст. І дочкі ў яго такія ж, і жонка…”.
Цяжка сказаць, чаму асцярожны мужык Селіверст Кураш хутка даверыўся незнаёмай дзяўчыне – магчыма, прынесеныя ёю фронту навіны аб Маскве разбярэдзілі душу ці якаясьці па – дзіцячая адкрытая непасрэднасць кранула старога, аднак прыняў ён яе даверліва, хаця і стрымана. Разам з ёй уся разведгрупа асталявалася ў Курашоў. Сам Селіверст Сямёнавіч, сівы, пажаўцелы ад зацяглай хваробы, рэдка выходзіў з хаты, але ведаў усё, што адбываецца навокал. І зразумела: сувязнымі групы былі яго дочкі Соня і Люба.
Вечарамі, калі Шакаладава і яе таварышы вярталіся з дзённых паходаў па навакольных вёсках, Селіверст Сямёнавіч дабаўляў і свае навіны: з Глыбокага на Круляўшчызну прайшлі два саставы з гарматамі і аўтамашынамі, па прасёлку ў бок Зябак крочылі чатыры роты.
Тося Мігунова ішла ў лес, ўключала радыёстанцыю, выклікала Цэнтр. Неяк вярталася Клава з Зябак праз лес і пачула стогн. Пад кустом арэшніка ляжаў у непрытомнасці русавалосы хлопец у гімнасцёрцы. Ірванула каўнер і войкнула: у плячы рваная рана, скрозь кроў бялее ключыца. Сцягнула рану хусцінкай і павалакла хлопца на хутар. Колькі ішла – не памятае, але пастукалася да Курашоў, калі праспявалі трэція пеўні.
Раніцой хлопец ачуняў і расказаў, што там, у лесе, яшчэ шэсць нашых салдат – разведчыкаў, трапіўшых у засаду. Клава паглядзела на Кураша:
– Што будзем рабіць, Селіверст Сямёнавіч?
– Што ж, давай сюды іх.
Клава, Еўдакія Андрэеўна, Люба, Соня накіраваліся ў лес. Знайшлі раненых… Месяц хавалі ў лазні, выхаджвалі, а потым Шакаладава павяла ўсіх да лініі фронту:
– Усяго добрага, хлопцы. Прывітанне Вялікай зямлі. Поўначчу яна ўзляцела на прыступак хаты Курашоў, ірванула дзверы:
– Аблава!!
– Дзе Еўдакія і дочкі? – падняўся з пасцелі Селіверст.
– Пайшлі з нашымі… Уставайце ж!
–Ты таксама бяжы. Са мною далёка не пройдзеш. –
Падумаўшы дадаў:
– Трымайся, дачушка! Табе яшчэ прыйдзецца цяжка..
На зарэччы забрахалі сабакі.
– Ды ўставайце ж! – закрычала Клава.
Селіверст махнуў жоўтай рукой на парог:
– Ідзі… Няма за мной грэху…
У сабачы брэх урэзаўся трэск чэргаў. Клава выскачыла на двор і пабегла гародамі да займішча, у лес. Туды ўжо слаба даляталі гукі ўзбударажанага хутара.
Селіверст Кураш усё ж такі падняўся, але вырашыў чыста па – сялянску: ісці ў лес да партызан, са сваёй каровай. Вывеў буронку з хлева. І тут яго прыспелі карнікі. Адразу ж да сцяны: “Дзе дочкі? Жонка? Партызаны? – глухімі штуршкамі аддавалася ў галаве хворага Селіверста. Яго звязалі, павалаклі да павозкі.
Обер-лейтэнант пляснуў бензінам з каністры на саламяную страху, кінуў факел, папаўзло ўверх полымя. Затрашчалі ў агні бутэлькі. І раптам разрывы: пачалі рвацца патроны, схаваныя Курашом пад страхой.
Усю ноч катавалі Кураша, раніцой прывязалі да павозкі і павалаклі па вёсках, хвалячыся, што злоўлены камандзір партызанскага атрада. Потым Селіверста падцягнулі пад перакладзіну шыбеніцы на плошчы ля царквы. Быў ён босы, у рванай, акрываўленай касаваротцы. Да віска халоднай змяёй дакраналася пятля. Падняў белую галаву, мутным позіркам абвёў забітую людзьмі плошчу, пашукаў жонку і дочак…
- Людзі добрыя… – аглядзеў Кураш натоўп.
І хоць на сівую галаву накінулі ўжо пятлю, але паспеў крыкнуць: Паміраю за Радзіму!..
І раптам вяроўка абарвалася. У натоўпе загаманілі:
– Не вінаваты чалавек…
Обер-лейтэнант падаў жалезную клямру. Прыціснулі горла Кураша гэтай клямкай і прыбілі да перакладзіны. Пяць гадзін стаяў стогн над плошчай ля царквы.
Жонка і дзеці Кураша дабраліся з Клавай на хутар Горнае. А ў разведгрупу прыбывалі ўсё новыя людзі – Аляксей Ціханаў, Антон Рачыла, Вікенцій Ананіч, Якаў Самсонаў, яго браты Цімафей і Рыгор, сёстры Анна і Кацярына, Мікалай Жыла, Казімір Жукоўскі, Абрам Цырлін, Альберт Смяхоўскі, Таццяна Лаўрыновіч… Усе яны прыйшлі сюды пасля знаёмства з Шакаладавай.
Неяк Таня Лаўрыновіч і Клава мылі бялізну на рэчцы, тут і падышлі да іх тры мужыкі у целагрэйках.
– Ці не скажаце, як нам да сваіх прыбіцца?
– Цяпер цяжка сказаць, дзе свае, дзе чужыя, – ухілілася ад прамога адказу Клава.
– Мы свае, дачушка. Нам бы да партызан…
– Якія партызаны? – Клава здзіўлена паглядзела на незнаёмых. Тыя, паціснуўшы плячыма, падаліся ў чарот. Дома ж Клава сказала Тані: “Падазроныя тыпы. Не давярайся”. Але “падазроныя тыпы” і на другі дзень прыйшлі да рэчкі, дзе засталі Таню адну. “Дачушка, дапамажы…”. І Таня паверыла: “Вечарам вунь да той вярбы прыходзьце”.
Яна павяла іх у лес, да сваіх, і ўжо на паўшляху ўстрапянулася ад трывожнага прадчування бяды: “Не, гэта не свае…”. Цяпер яна ведала, што рабіць: павяла іх на Гнілыя балоты. Там, у непралазнай багне, яе растралялі: сухі стрэл успудзіў птушак і абарваў жыццё.
– Хутка ноч ляжа, а Клаўдзіі няма, – Максім Філімонавіч Самсонаў, у сям’і якога жыла цяпер Шакаладава, раз за разам падыходзіць да вакна, буравіць вачыма цемень. Клава з’явілася далёка за поўнач. З цяжкасцю пераступіла парог – мароз горбіў спіну, падламаліся ногі. Хруснула заледзянелая вопратка:
– У Шошу правалілася. Гналіся…
– Адсталі? – занепакоіўся Максім Філімонавіч.
– Здаецца на Остраў павярнулі.
Суконкай адцёрлі твар, рукі, ногі, напаілі чаем з мятай, захуталі і паклалі на печы. Спачатку навалілася прыемная стомленнасць, а калі сталі адыходзіць абмарожаныя ногі, гатова была крыкам крычаць: ламала косці з сярэдзіны.
Перад досвіткам боль улёгся і раптам па акну палыхнуў клінок промня. У хату ўварваўся хрыплы маторны трэск. Клаўдзія адразу зразумела: матацыклісты. Ці не з Лужкоў ?
На ногі паднялася ўся сям’я Самсонавых. Завохала Анна Фамічна, моўчкі кінуўся ў сенцы Максім Філімонавіч, схапіў пляцёнку і кінуў у падполле; насцярожвыліся Максімавы дочкі – Анна і Кацярына. Яны – то ведалі, што ў той пляцёнцы прынесеныя Клавай лістоўкі.
Нарэшце ўсё сціхла, але праз некаторы час на заінелых вокнах зноў сполахі. Клава кінулася да акна: “Гарыць!”. У тую ноч фашысты спалілі суседнюю вёску.
- Пагоня
Не ведалі эсэсаўцы міма якога дома праімчаліся: уся сям’я Максіма Самсонава працавала на разведгрупу. Па парадзе Клаўдзіі яго дачка Кацярына, якая ведала нямецкую мову, уладкавалася на работу ў камендатуру, выпісвала аўсвайсы – нямецкія пасведчанні асобы – для мясцовых жыхароў. Запоўненыя і чыстыя бланкі перадавала Шакаладавай, а тая забяспечвала імі сувязных. Ліха працаваў і Цімафей, сын Максіма Самсонава, – разам з Клаўдзіяй яны прабіраліся ў варожыя гарнізоны.
Часцей за ўсё, накіроўваючыся “на рынак”, яна ішла з маленькім лазовым кошыкам, скупавата таргавалася з салдатамі, мяняючы сала на мыла і запалкі, страляла вострымі фразамі на чысцейшай нямецкай мове. Тыя захапляліся яе дасціпнасцю і знешнасцю: невялікага росту, пухленькая, над высокім ілбом пасма рыжаватых валасоў і хітравата скошаныя вочы, якія ў імгненне могуць быць то добрымі, ветлівымі, то выклікаюча смяючыміся, то сумнымі, бы ў Сікстынскай мадоны. “Артыстка, фрау!”– усклікалі белабрысыя баварцы.
Вечарам, калі Клава ледзь паспела перадаць радысцы Тосі Мігуновай звесткі аб колькасці гармат і танкаў у Падсвіллі, да Самсонавых зайшлі фашысцкія афіцэры… Капітан з рубцамі па ўсім твары, які ўжо бачыў Клаву, усклікнуў:
– О, фрау артыстка! Можа, вы нам праспяваеце?
– Можна і праспяваць, – гарэзліва ўсміхнулася Клаўдзія. Узяла гітару, прайшла позіркам па чужых насцярожаных тварах, і смяртэльная нуда паласнула душу: з якой асалодай яна паслала б кулю вось гэтаму худому рубцаватаму гаўптману, які ўдзельнічаў у катаванні Кураша. Але яна заспявала. Заспявала так, што сама ледзь не заплакала, а Анна Фамічна закрыла твар фартухом.
…Афіцэры апладзіравалі.
– А цяпер я прачытаю вам Гейне. “Лорэлея…” .
– Не трэба Гейне! Бальшавік… – замахаў пальчаткай гауптман. Клаўдзія ўсміхнулася.
Бальшавік дык бальшавік.
– А не хацелі б вы, фрау, папрацаваць у нас перакладчыцай? – прапанаваў рубцаваты.
– Баюся, пан капітан, не спраўлюся, – адказала Шакаладава. – Але я падумаю.
– Добра! Толькі не марудзьце.
Афіцэры пайшлі. Было над чым задумацца…
Можна ўвайсці ў давер, мець доступ да важных звестак, але магчыма гэта пастка, магчыма, за ёй ужо даўно сочаць, а цяпер шукаюць нітку да ўсёй групы. Насцярожвала яшчэ адно: Шакаладава ўжо ўладкоўвалася перакладчыцай у ваеннай камендатуры ў Глыбокім. Прыхапіўшы кіпу дакументаў, знікла.
У акрузе пакуль не чутна аб знікненні пераводчыцы. Але ж, напэўна, шукаюць. Пераходзіць у другія вёскі? Толькі там, сярод незнаёмых яшчэ небяспечней. Згаджацца? Параілася з камандзірам групы. Той запярэчыў: “Са згодай не спяшайся. Але сувязі не губляй. Спявай ім, спявай…”.
Ноччу на 17 студзеня Цэнтр загадаў: “Устанавіць прыналежнасць 12 эшалонаў, якія прыбылі ў Полацк”. Па дамоўленасці са знаёмым машыністам прытулілася на тэндары цягніка. Раніцой, размахваючы лазовым кошыкам, ішла ўсцяж “таварнянка” і загаворвала з салдатамі, якія стаялі ля замаскірованных пульманаў, наконт абмену сала на мыла. Тыя толькі матлялі галовамі, і яна ішла далей. Па адтапыранаму брызенту ўгадваліся гарматы. Танкаў не бачна.
Не, вунь на хваставых платформах узвышаюцца вежы. Колькі іх? Цяжка з ходу прыкінуць. Кінула позірк усцяж саставу – шэсць ці сем платформаў з танкамі. Вярнулася назад. “Мяняю сала на мыла…” Паднялася на арачны мост – адсюль бачна ўся станцыя, забітая эшалонамі.
Іх не дванаццаць, а чатырнаццаць. Галоўныя платформы – гарматы, хваставыя – танкі. На мосце мерзне пажылы салдат з аўтаматам на грудзях. “Мяняю сала на мыла…”
На пероне яе спыняе патруль, пытае дакументы. Яна паказвае аўсвайс. Яе вядуць у камендатуру, там доўга разглядаюць дакументы, кудысьці тэлефануюцт, а яна, прытуліўшыся спіной да гарачай, абітай жалезам печы, імкнецца не выдаць трывогі – здаецца, дрэмле. Закрыла вочы, думае:
“Час, час… Эшалоны ж пойдуць”.
У камендатуры прасядзела да поўдня. Ёй вярнулі аўсвайс, яна выйшла на скрыпячую ад марозу платформу. Дзе-нідзе стаяць “мерседэсы”. Хімічныя войскі? Хто іх ведае…
Ніякіх знакаў. Яна крочыць па шпалах… І раптам свісток: “Цурук!” Яна азірнулася. Патруль, які толькі што правяраў аўсвайс. Афіцэр махае пальчаткай. Бы агонь думка: бегчы ці спыніцца? Магчыма, што-небудзь пранюхалі? Яна сама не ведае чаму, але рашыла ўцякаць. Кінулася за вагон, перабегла другі, трэці пуці, побач пакгаўз, забіты скрынкамі, за ім – паркан, а там – двары... Лязгнулі буферы, крануліся вагоны, і перад вачыма са свістам заклубілася пара. Яна зірнула ўверх – замаслены твар машыніста. Рукі самі ўчапіліся за поручні… І раптам трэск аўтаматнай чаргі…
Не, раней трэску яна пачула посвіст куль. Гэты посвіст падштурхнуў яе ўверх па лесвіцы. Машыніст моўчкі прапусціў да топкі…
Ёй трэба схадзіць у Круляўшчызне, але састаў там не спыняецца. “Магу, дачушка, толькі крыху прытармазіць”, – сказаў машыніст. Ужо за станцыяй састаў збавіў ход, Клава саскочыла пад адхон і падвярнула нагу. З цяжкасцю дабралася да хутара, і Мігунова тут жа адстукала ў Цэнтр: “У Полацку 14 эшалонаў. Танкаў больш сямідзесяці, гармат сто дваццаць. Ёсць аўтамашыны без знакаў…”
У разведгрупе, якая дзейнічала ў зоне партызанскіх брыгад, востра абмяркоўвалася пытанне легалізацыі. Адны лічылі, што трэба дзейнічаць скрытна, жыць у лесе і дабываць звесткі начнымі вылазкамі. Шакаладава настойвала жыць у вёсцы, уладкавацца на работу, зблізіцца з людзьмі, увайсці ў давер’е да нацыстаў – толькі так можна дабыць што – небудзь вартае. Рызыкоўна? Так. Аднак шанцаў на ўдачу больш, чым адседжвацца ў лесе. Да адзінай думкі не прыйшлі. Звярнуліся ў Цэнтр. У адказ: “Шукаць шляхі легалізацыі”.
Крыху пазней ацэнка папярэдняй работы: “Даныя аб перавозках праціўніка па чыгунцы Круляўшчызна – Полацк і звесткі аб гарнізоне Лепеля заслугоўваюць увагі”. Пасля вяртання ў Цэнтр разведчыкі даведаюцца, што значыла гэтае скупое “заслугоўваюць увагі”. Нашы бамбардзіроўшчыкі наносілі масіраваны ўдар па станцыі, забітай саставамі і Лепельскім гарнізоне. Часам Цэнтр выказваў незадавальненне: “Даныя важныя, але чаму так позна?” Тады Клава хвалявалася, перажывала: як жа паскорыць перадачу? На самай справе, стараліся, рызыкавалі – і ўпустую. Эшалон пайшоў на Полацк ці Віцебск, у дарозе быць яму некалькі гадзін, а ты пакуль дабярэшся да вёскі, адтуль з Тосяй у лес, пакуль выклічаш Цэнтр, перадасі, пакуль падымуць самалёты, а састаў ужо знік бясследна. Абмяркоўвалі, прыкідвалі, што – кольвек прыдумалі: хаця і рызыкоўна, але Мігуновай трэба быць са сваёй радыёстанцыяй бліжэй да аб’екту разведкі і неадкладна радзіраваць: калі выйшаў эшалон, калі прыкладна прыбудзе на станцыю. І зноў Цэнтр па той бок фронту слухаў голас: “13 лютага з Віцебска ў Полацк прыбыло 12 тысяч войска…”. “У Лепелі па вуліцы Савецкай у педвучылішчы жывуць 150 лётчыкаў… ”
І раптам нязвычна трывожнае: “Што рабіць? Тры дні назад размяшчэнне лагера абследаваў самалёт…” Прыйшлося мяняць і месца, і радыёхвалі, і пазыўныя.
Цяпер Шакаладава садзіцца побач з Мігуновай і піша: “З гарнізонаў Віцебскай вобласці немцы ад’язжаюць на фронт. Застаюцца адны паліцаі. Маю схемы мястэчка Краснае, станцыі Маладзечна, план Глыбокага, дакументы будаўніцтва дзотаў ля Зябак і Падсвілля”.
Радыёграмы, увасабляючы вытрымку і знаходлівасць Шакаладавай (яна цяпер замяняла захварэўшага камандзіра групы), паступалі бесперабойна: “Паведамляю кіруючы састаў Глыбокага: галоўны камісарыят узначальвае генерал Гохман, яго намеснік – Гемлат, на чале паліцыі – Гебель” . “У Глыбокае прыбылі эшалоны – 4000 салдат, 300 машын”. “На могілках ля Плісы будуюць бензасклад. На аэрадроме Сітцы 90 самалётаў і 7 зенітак…”
- Пісталет ля скроні
У Зябкі трэба было ехаць неадкладна – фашысты ўзмацнілі рух па чыгунцы Маладзечна–Полацк. Цэнтр патрабаваў даведацца: ці не рыхтуецца наступленне на гэтым участку? Пабольш звестак аб Полацку, дзе сыходзяцца пяць ветак. Каму ехаць у Зябкі? Камандзір групы адразу вызначыў: паедзе Шакаладава. Не, ён не загадваў, а як бы выказваў свае думкі і раіўся з усёй групай, у тым ліку і з Шакаладавай. Яна згадзілася: ехаць толькі ёй. Яна ўжо бывала ў Зябках, пазнаёмілася з камендантам. Таму спадабаліся вершы “Ларэлея”. На суботу прызначылі новую сустрэчу. У суботу ён яе чакае. Чакае… На імгненне яна адчула халадок трывогі.
Яна доўга разважала, да дробязі прыпамінала паводзіны, кожнае слова каменданта. Не, ён здаецца, не здагадваецца, хто яна. Ён так натуральна хваліцца і так уважлівы да яе…
Значыць, ехаць толькі ёй, і нікому іншаму.
Ад’язджаючы, яна зайшла да сувязной Валі Пасюкоўскай…
– Давай, навядзём бляск, я ўсё ж як – ніяк артыстка.
Да саламянай белізны выфарбавала валасы, апранула лепшую Валіну сукенку – зялёную, у белы гарошак, модныя, на высокім абцасе туфлі. Падыйшла да люстэрка, сама сабе пагразіла пальцам:
– Ну, Клаўка, будзь разумніцай. Больш вытрымкі.
Валя таксама схілілася да люстэрка, кранула амаль празрыстыя валосы сяброўкі:
– Гэта як у Ясеніна? “Твоих волос стеклянный дым…”
Ля палісадніка з белымі мальвамі нецерпяліва таптаўся шустры канёк, запрэжаны ў старэнькую павозку. Цырлін пастукаў пугаўём у акяніцу:
– Паехалі!
У элегантнай Клавінай сумцы побач з цёплым падарожнікам грэлася халодная сталь “вальтэра”. Клаўдзія даўно навучылася з яго страляць.
І цяпер, адкрыўшы сумку, кранала рубчатую ручку. Як бы хацелася пераканацца, ці ўсё на месцы. Бойкі канёк хутка давёз да Слабодкі, Цырлін працягнуў мазолістую руку:
– Ну, Клаўдзія, будзь асцярожней…
Цяпер яна пойдзе пешшу. Цвіў бэз, за возерам кукавала зязюля. Яна спынілася ля вады, паглядзела на свой адбітак.
…Працокалі на ступепеньках ганку абцасы; званок, і распахнуліся абшытыя чорным дэрмантынам дзверы.
– О, фрау Ларэляй! – сухапары камендант ліха шчоўкнуў абцасамі.
На стале малінавым колерам пераліваецца графін, афіцэр працягвае келіх:
– За дарогу, фрау Ларэляй!
Клаўдзія не спяшаецца спытаць, аб якой дарозе ідзе гутарка: прыгубіла келіх, а скошаныя вочы ўжо абмацалі сейф – ён не замкнуты, ледзь прыадчынены…
На хвіліну сумелася: магчыма, не сёння, як-небудзь у іншы час? Але ж там у Цэнтры чакаць не будуць. Яна ж усё жыццё чакала чагосьці галоўнага. Магчыма, да гэтага галоўнага адно імгненне?..
За дзвярыма ціха. “Зараз або ніколі?” Дзесьці стукае гадзіннік. Не, гэта пульс б ’е ў скроні. Яна шчоўкае сумкай. Званок. Дастае з сумкі… хустачку. Уваходзіць салдат, перадае каменданту пакет і выходзіць. Камендант штосьці гаворыць, але Клава яго не чуе, нема ўсміхаецца. За дзвярыма зноў цішыня. Толькі гадзіннік стукае па – дамашняму. “Зараз або ніколі” …Яна выхоплівае з сумкі “вальтэр” і ціха, але ўладарна:
– Хэндэ хох!
– Ларэляй?!
Яна паўтарыла холадна і рашуча:
– Хэндэ хох!
Ён падняў рукі, прыхіліўся да сцяны. Яна прымусіла павярнуцца тварам да сцяны, узяла са стала пакет, адкрыла сейф, схапіла дзве чорныя папкі… І раптам за дзвярыма – крокі. Яна кінула трывожны позірк на чорныя дзверы.
Капітан ускрыкнуў, ірвануўся ад сцяны. Яна націснула на спускавы кручок “вальтэра”. Раніла ў плячо. Зноў націскае на кручок… Асечка. Сэрца ўстрапянулася, пахаладнела.
Стрэл у адказ каменданта – таксама асечка.
З трэскам расчыняюцца дзверы. Убягаюць салдаты… Удар прыкладам па галаве, і цяжкі прыадчынены сейф, чорныя дзверы, крываваружовая столь паплылі гіганцкім колам. Прачнулася ад рэжучага болю: рукі скручаны калючым дротам.
…Яе вывелі на прывакзальную плошчу, запорўненую сагнаным людам. Шарэнгай выцягнуўся ледзь не ўвесь гарнізон Зябак. Яна стаяла на прыгорку пад вязам, на якім шумна мітусіліся гракі. Падняла галаву, паглядзела на птушак – чорна ўспыхнулі тугія крылы. Яна, здаецца, не чуе таго, што кажа праз перакладчыка камендант:
– Хто прызнае гэту партызанку – тысяча марак…
Плошча маўчыць, толькі мітусліва крычаць гракі.
Яна акінула позіркам прыціхшых сялян, прыкмеціла ў натоўпе сваіх сувязных, ледзь усміхнулася распухшымі губамі. Вось стаіць кухарка цётка Міхаліна. За яе плячыма – немігаючыя вочы Любкі…
Потым, як і Селіверста Кураша, яе павялі па дварах. Спыніліся каля хаты Пасюкоўскай. Ля палісадніка стаяла Валя, бледная, з закушанымі губамі, у распахнутых вачах – нямы адчай. Клава прыпомніла: на ёй Валіна сукенка. Няўжо ведаюць? Але тут адкінула халодзячую думку, са знаёмым прышчурам зірнула на сяброўку: “Ну, чаго ж ты так?”
– Ты ведаеш гэту жанчыну? – камендант паказаў стэкам на Пасюкоўскую. І тым жа стэкам у твар Шакаладавай.
– Толькі праўду, праўду!..
– Упершыню бачу.
– Ты заходзіла ў гэту хату? – Клава адмоўна павяла галавой.
Апошнюю ноч правяла ў камеры, баялася заснуць – каб у беспрытомнасці не выказаць таго, што ўтаіла ў час катаванняў. Ды і сон не ішоў, але пачыналіся галюцынацыі. Думкі, бы стомленыя птушкі, ляцелі далёка, да аконнага святла роднай хаціны. Яна бачыла маці, размаўляла з ёй, прасіла прабачэння, што пакінула яе, хворую. Потым вярталася рэчаіснасць – халодная, ясная: група цэлая, група будзе яшчэ працаваць. Праўда, вывезлі на Вялікую зямлю раненых хлопцаў. Пераводзяць у Прыбалтыку, да латышоў Тосю Мігунову. А як там Самсонавы – Яша, Каця, Аня, Цімоша?.. Не ведала Клава, што ў хуткім часе гэта сям’я пройдзе такую ж страшную апошнюю дарогу. Максіма Філімонавіча спаляць у Асвенціме, там жа памрэ замучаная катаваннямі Анна Фамінічна, Яша загіне ва Усходняй Прусіі за тры дні да перамогі, а Цімоша будзе сядзець вось у гэтай каморы і прачытае яе, Клавін, апошні надпіс на сцяне: “Смерць фашыстам!”, а потым прыме такія ж катаванні і будзе ляжаць у адной магіле з ёй.
Чутна было, што яе вазілі ў Плісу і ў Глыбокае. Доўга катавалі ля возера Псуя – сціскалі ціскамі рукі так, што трашчалі косці, калолі цвікамі грудзі. “Хто яшчэ з партызан у Зябках?” Яна траціла прытомнасць, а, прыйшоўшы ў сябе, паўтарала: “Я адна выкінута на парашуце. Жаль, што мала зрабіла. Смерць вам, вылюдкі!”
…Яна стаяла ля возера і глядзела ў перавернуты блакіт неба. Там, каля яе галавы, плылі аблокі – незвычайна белыя, быццам рана выпаўшы снег.
Ці ёсць мяжа той глыбіні, ці яна бясконцая, як сам час?
Праз некалькі мінут суха прагучыць стрэл, і яна ўпадзе ў гэта неба.
…Упершыню аб Шакаладавай я даведаўся ад следапытаў Псуеўскай васьмігадовай школы, якую ўзначальвае дырэктар Іван Іванавіч Волкаў. Затым знайшоў Антаніну Іванаўну Мігунову, былую радыстку разведатрада. Жыве яна ў Кашыне, пад Калініным, працуе на заводзе, узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі. У яе трохгадовы ўнук Юрый. Ад яе даведваюся аб лёсе іншых разведчыкаў. Дачка Селіверста Кураша Соф’я выехала ў Сібір разам з мужам і маці Яўдакіяй Андрэеўнай, гадуе трох дзетак.
Кацярына Максімаўна Самсонава ў Падсвіллі.
Прыйшло пісьмо з архіву: “Будучы намеснікам камандзіра групы, Шакаладава К.Г. прыцягвала мясцовых жыхароў да работы ў інтарэсах нашай Радзімы, праяўляючы ініцыятыву, смеласць і адвагу, здабывала каштоўныя звесткі аб праціўніку. Імя Шакаладавай было шырока вядома ў партызанскіх атрадах Дуброўскага, Мядзьведзева, Хомчанкі…”
А вось думка самаго камбрыга Пятра Антонавіча Хомчанкі, які да нядаўняга часу жыў у Маскве: “Гэта мужная дзяўчынка дапамагла нам наладжваць сувязь з насельніцтвам, падбіраць разведчыкаў і сувязных, сама хадзіла на небяспечныя аперацыі”.
І, нарэшце, перада мной старэнькая папка з хрупкімі лісткамі. Данясенні, данясенні, данясенні… Усе яны звязаны з імем Шакаладавай. А вось напісана яе ўласнай рукой – некалькі старонак са сшытка акуратнага вучнёўскага почарку: данясенне аб першых днях разведработы. На тэлеграмах і пісьмовых данясеннях скупыя паметкі штаба фронту: што зроблена па гэтых данных. Удары, удары, удары... мала хто з лётчыкаў, што кідалі пікіроўшчыкі на варожыя эшалоны, ведаў што гэтыя цэлі падказаны дзевятнаццацігадовай разведчыцай.
Н. Котыш,
капітан І ранга.
Шлях перамогі. – 1973. – 15 лістапада, 27 лістапада, 6 снежня