У лютым 2024 года спаўнілася 20 год геральдычнаму знаку гарадскому пасёлка Падсвілле.
Геральдыка Беларусі мае глыбокія гістарычныя і культурныя карані. Гарады сталі атрымліваць свае гербы разам з магдэбургскім правам яшчэ ў XV ст. Найбольш старажытныя гербы маюць Полацк і Камянец. Звычайна герб адлюстроўваў гістарычныя абставіны ўзнікнення горада, яго геаграфічныя асаблівасці, або прыналежнасць да магнацкага рода.
Першым нарматыўным прававым актам, які датычыцца заснавання гербаў і сцягаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак нашай краіны, з'явіўся Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 г. нумар 60 "Аб заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці". Гэты дакумент адрадзіў агульнаеўрапейскую гістарычную традыцыю атрымання населенымі пунктамі гербаў ад кіраўніка дзяржавы. Беларуская гарадская геральдыка, якая прайшла некалькі этапаў у сваім развіцці, мае глыбокія карані.
Таму Указ з'явіўся па сваёй сутнасці афіцыйным пацвярджэннем гістарычных гербаў, якія існуюць ужо некалькі стагоддзяў, і гербаў, створаных сучаснымі геральдыстамі.
Падсвілле ўвайшло ў лік 43 гарадоў і пасёлкаў Віцебскай вобласці, якія маюць гербы.
Герб гарадскога пасёлка Падсвілле быў зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 60 ад 09.02.2004
ПАЛАЖЭННЕ
пра герб гарадскога пасёлка Падсвілле Глыбоцкага раёна
- Герб гарадскога пасёлка Падсвілле з'яўляецца яго афіцыйным геральдычным сімвалам.
Герб гарадскога пасёлка Падсвілле з'яўляецца ўласнасцю гарадскога пасёлка Падсвілле, правам распараджэння якой валодае Падсвільскі пасялковы выканаўчы камітэт.
- Выява герба гарадскога пасёлка Падсвілле размяшчаецца на будынках, у якіх размешчаны органы мясцовага кіравання і самакіравання гарадскога пасёлка Падсвілле і яго тэрыторый, а таксама ў памяшканнях пасяджэнняў гэтых органаў і службовых кабінетах іх кіраўнікоў.
Выява герба гарадскога пасёлка Падсвілле можа размяшчацца ў тых месцах гарадскога пасёлка Падсвілле, дзе ў адпаведнасці з заканадаўствам прадугледжваецца размяшчэнне выявы Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Пры адначасовым размяшчэнні герба гарадскога пасёлка Падсвілле і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь герб гарадскога пасёлка Падсвілле павінен размяшчацца з правага боку ад Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, калі знаходзіцца да іх тварам.
Выява герба гарадскога пасёлка Падсвілле можа выкарыстоўвацца таксама падчас дзяржаўных свят і святочных дзён, урачыстых мерапрыемстваў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, народных, працоўных, сямейных свят і мерапрыемстваў, прымеркаваных да памятных дат.
- Права на выкарыстанне выявы герба гарадскога пасёлка Падсвілле ў выпадках, якія не ўказаны ў пункце 2 гэтага Палажэння, можа быць прадастаўлена па рашэнню Падсвільскага пасялковага выканаўчага камітэта.
Герб: у блакітным полі іспанскага шчыта са срэбным перакуленым вастрыём тры рыбіны: адна (у цэнтры) – блакітнага, дзве па краях - срэбнага колеру. Усе рыбы ўсплываючыя і выгнутыя ў выглядзе маладзіка.
Водная стыхія рэк і азёр Віцебшчыны перададзена ў гербе Падсвілля. Гарадскі пасёлак Падсвілле Глыбоцкага раёна размешчаны на берагах азёр Алаізберг і Белае.
Набліжанасць да вадаёмаў перададзена ў гербе "вастрыём" - другаснай геральдычнай фігурай, якая падзяляе шчыт, рассякаючы яго, і "паглыбляе" верхнюю частку, а таксама адлюстраваннем трох рыбін процілеглых колераў на срэбным і блакітным полі.
Рыбы і іншыя насельнікі падводнага свету даволі часта сустракаюцца як у гістарычнай, так і сучаснай тэрытарыяльнай геральдыцы. У гербе (2006 г.) суседняга горада Паставы - тры залатыя рыбы, ( у гербе 1582 г.) польскага горада Сураж-Падляшскі адлюстраваны карп, у гербе (1845 г.) літоўскага горада Свянцяны - дзве срэбныя сялявы, у гербе (1781 г.) расіійскага Саратава - тры сцерлядзі, у гербе (1779 г.) расіійскага Новага Аскола - тры вырезуба, у гербе (пач. XVIII ст.) расіійскага Азова - тры асётры і інш.
Паўзуновыя, рыбы, насякомыя і земнаводныя прылічваюцца да натуральных негеральдычных фігур. У той жа час рыба з'яўляецца адным з важнейшых сімвалаў хрысціянства. Тры рыбіны ў гербе Падсвілля ўвасабляюць не толькі прыродную адметнасць мясціны, але і розныя накірункі хрысціянства. Прадстаўнікі трох з іх здавён жывуць у гэтым рэгіёне.
Аўтар герба г.п. Падсвілле М.М.Елінская, мастак А.У.Леўчык.
Крыніцы:
Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь.- 2004.- № 26.- 19 лютага
Адамушка, У.І. Геральдычны вянок Віцебшчыны / У.І.Адамушка, М.М.Елінская, С.В.Рублеўскі.- Віцебск: Віцеб. абл. друк., 2010.- 92 с.- С.65.
Адкрытая інфармацыя з сеткі Інтэрнет