13 кастрычніка спаўняецца 130 год з дня нараджэння Язэпа ДРАЗДОВІЧА, беларускага мастака, графіка, пісьменніка, этнографа.
Нарадзіўся Язэп у 1888 годзе ў засценку Пунькі Дзісненскага павету ( зараз Глыбоцкі р-н) ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Сям’я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана змяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу. У 1910-14 гг.. служыў у арміі, у 1-ю сусветную вайну ваяваў на Заходнім фронце. Пасля звальнення з арміі з-за стану здароўя жыў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы. У 1919-20 гады працаваў мастаком –дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры; у 1919 арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адчыняла школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Пасля вяртання на Дзісеншчыну, якая паводле Рыжскага дагавора 1921 г. адышла да Польшчы, у 1921-22 гадах спрабаваў арганізаваць на радзіме беларускія школы. У 1924-26 г. выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з ТБШ. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. У 1926-27 супрацоўнічаў у сатырычным часопісе «Маланка». У 1927г. заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў маляванне ў беларускай гімназіі ў Навагрудку, вёў работу па збору экспанатаў для Віленскага беларускага музея. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940-41 гады працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках.
Пасля вайны хадзіў ад вёскі да вёскі па роднай Дзісеншчыне і зарабляў капейчыну на хлеб і фарбы маляваннем дываноў і карцін. Шмат карцін прысвяціў космасу. У сваіх графічных і жывапісных работах Язэп Драздовіч распрацоўваў тры касмічныя тэмы: “Жыццё на Месяцы”, “Жыццё на Марсе” , і “Жыццё на Сатурне”. У яго было сваё, па-зямному рэалістычнае, бачанне касмічнага жыцця. Аўтар навукова-папулярнай брашуры па астраноміі «Нябесныя бегі» (1931). Кола інтарэсаў Я. Драздовіча было шырокім: гісторыя роднага краю, археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Апошнія гады працаваў як народны дэкаратар. Памёр у г.п. Падсвілле. Пахаваны ў в. Ліпляны, на магіле пастаўлены помнік.
Глыбачане шануюць памяць пра знакамітага земляка. У г. Глыбокае на Алеі знакамітых землякоў устаноўлены яго бюст, у Падсвільскай сярэдняй школе працуе музей ім. Я.Драздовіча. Яго імя носіць мастацкая школа г. Глыбокае. Дываны, намаляваныя мастаком, можна ўбачыць у гісторыка – этнаграфічным музеі. У раённым Доме рамёстваў працуе паслядоўнік яго справы - народны майстар Беларусі Святлана Скавырка, якая малюе прыгожыя дываны і дэманструе іх не толькі на абласных і рэспубліканскіх выставах, але і за мяжой.
А бібліятэкары ДУК “Глыбоцкая ЦБС” назапасілі шмат інфармацыі пра жыццёвы і творчы шлях вядомага земляка і імкнуцца данесці яе сваім карыстальнікам.
У гонар юбілея вядомага земляка афармляюцца паліцы, праводзяцца мерапрыемствы. У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі аформлена кніжная паліца “Дзівосны свет Яэпа Драздовіча”, а на прыканцы кастрычніка адбудзецца вечар-сустрэча з народным майстрам Беларусі Святланай Скавырка і ўдзельнікамі плэнэра, які прайшоў у Ліплянях і быў прысвечаны юбілею Я.Драздовіча.
Бібіятэкары Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы аформілі выставу-партрэт “Шлях да сваёй зоркі” і сумесна з супрацоўнікамі і выхаванцамі мастацкай школы ім. Я.Драздовіча рыхтуюць відэа-прэзентацыю “Мастак і пясняр роднага краю”.
Пройдуць гадзіны мастацтва “Шляхамі Язэпа Драздовіча” у Дзеркаўшчынскай, Запрудскай, Марцыбылінскай, Мнюцкай і Падсвільскай дзіцячай бібліятэках, урокі выдатнай асобы “Жыццё з талентам у душы” – у Шунеўскай і Удзелаўскай, урок знаёмства “След вялікага жыцця” – у Карабоўскай, краязнаўчая гадзіна “Рамантычны вандроўнік” – у Псуеўскай, вернісаж жыцця “Я.Драздовіч і яго фантастычныя сны” – у Прошкаўскай бібліятэцы. Бібліятэкар Азярэцкай бібліятэкі-музея этнаграфіі падрыхтавала краязнаўча-мастацкую гадзіну “Як многа гавораць імёны такія”, дзе раскажа пра знакамітых землякоў - Я.Драздовіча, В.Ластоўскага, Т.Даленга-Мастовіча, юбілей якіх адзначаем у гэтым годзе.
Бібліятэкары Падсвільскай г.п. бібліятэкі ў рамках свята “Падсвільскі світанак” у парку аформілі краязнаўчы куток “Свет любімых вобразаў” , прысвяціўшы яго юбілею Я. Драздовіча. Наведвальнікі змаглі не толькі пазнаёміцца з літаратурай пра земляка, але і паўдзельнічаць у майстра- класе - паспрабаваць сябе ў ролі мастака маляванак. Акрамя гэтага, у кастрычніку падрыхтавалі гадзіну мастацтва “След вялікага жыцця” з майстра-класам па стварэнні маляванак.