На тэрыторыі Абрубскага сельсавета знаходзіцца тры помнікі землякам, загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Імем расстраляных, закатаваных, паўшых
Мы вам свет завяшчаем без слёз і вайны.
Толькі ў вашых сэрцах, у памяці вашай
Хай ніколі не змоўкнуць нашы званы!
Г.Бураўкін
Побач з будынкам былой Кіраўскай сярэдняй школы ў вёсцы Абруб-Ластавіцкі ўстаноўлены помнік – скульптура воіна (1974 г.). На помніку шыльда з імёнамі 56 жыхароў калгаса ім.Кірава, якія загінулі ў барацьбе за Радзіму.
У цэнтры вёскі Прыпернае ў 1970 годзе была ўстаноўлена помнік-стэла на ўшанаванне памяці 52 жыхароў вёсак Прыпернае, Сарокі, Харашкі, Шуневічы, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. На стэле надпіс “Памяти павших будьте достойны, вечно достойны. 1941-1945” і спіс загінуўшых воінаў-землякоў.
22 жніўня 2011 г. адбылося адкрыццё новага помніка — абеліск у выглядзе гранёнага слуп а з зоркай наверсе. На трох гранях абеліска — пліты з імёнамі загінуўшых. На верхняй частцы абеліска — стылізаваны беларускі ручнік, лаўровы вянок і дата «1941-1945».
У 1980 годзе, напярэдадні 45-й гадавіны з дня Перамогі, у вёсцы Бацілоўшчына, на месцы палявога шпіталя ўстаноўлены памятны знак воінам, памёршым ад ран у медсанбаце. На помніку надпіс “Вечная память павшим воинам. 1941-1945 д.Батиловщина”.
Помнік устаноўлены па ініцыятыве парторга саўгаса імя Энгельса У.Б.Хмялеўскага.
Медыцынскі санітарны батальён размясціўся ў Бацілоўшчыне ў 1944 годзе адразу пасля вызвалення Глыбоччыны ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Па словах сведкаў, у брацкай магіле пахавана 30-35 салдат. Імёны большасці памерлых невядомы.
Літаратура: Капшуль, А. Ізноў кветкі пры дарозе // Веснік Глыбоччыны.- 1990.- 22 мая.
На маляўнічым месцы ў лесе, недалёка ад вёскі Лаўрынаўка ўстаноўлены памятны знак спаленым вёскам Глыбоччыны. Гэта шматпакутныя вёскі Мурзы, Лаўрынаўка, Галубічы, Слабада, Барыкаўшчына, Пліса, Чашкі, Бабуліна, Хралы, Калечполле, Скрабатуны, Гарані, Галінова, Латышы, Вострава, Надазер'е, Вуглы...
Помнік устаноўлены ў 1986 г. па ініцыятыве І-га сакратара Глыбоцкага РК ЛКСМБ М.П.Чарапкоўскага. Актыўны ўдзел прымалі камсамольскія арганізацыі г. Глыбокага і Кіраўскай СШ. Помнік знаходзіцца за 2 км на захад ад в.Лаўрынаўка, па дарозе Глыбокае-Галубічы.
Памятны знак уяўляе сабой архітэктурную кампазцыю ў цэнтры якой знаходзіцца трохвугольны абеліск, сімвалізуючы бетонны дах хаты. У цэнтры — надпіс: «Мы ажылі ў памяці, граніце, над нам сінява нябёсаў, шыр – жыццё любіце і жыццё цаніце, і беражыце, беражыце мір». Перад памятнікам — 17 бетонных пліт з назвамі спаленых вёсак, блакітныя елкі і туі. I вечны агонь – сімвал жыцця на зямлі...
Літаратура: Марцынкевіч, Р. Гэта трэба жывым // Шлях перамогі.- 1986.- 3 ліпеня.