Гісторыя бібліятэчнай справы ў бабічоўскай старонцы пачынаецца са Старадворскай хаты-чытальні. Доказам гэтага факту з’яўляецца “Инвентарная книга (библиотечная) Стародворской сельской библиотеки”. Першы запіс у ёй датуецца ад 03.ХІ.1954 года, калі была ўпісана выданне “Краткая биография” І.В.Сталіна (ў 4-х экзэмплярах). Пад №5 запісаны першы том Поўнага збору твораў У.І.Леніна. Захаваная дзіўным чынам кніга “Кройка и шитьё” (1954 г.в.) мае штамп “Старадворская хата-чытальня Маладзечанскай вобласці Глыбоцкага раёна”.
На жаль, мы не ведаем хто ў Старым Двары працаваў бібліятэкарам з 1954 па 1959 гады. Але жыхары помняць, што ў вясковым будынку на два канцы адзін бок быў жылы, а ў другім месцілася хата-чытальня. У хаце-чытальні адбываліся калгасныя сходы, чыталіся лекцыі, меліся газеты і часопісы, можна было пагуляць у шашкі, а вечарамі збіралася моладзь, спявала, танчыла...
У суседняй вёсцы Матошкі аматары чытання карысталіся ўласнай бібліятэкай маладога агранома Арэхава. Па ўспамінах Баговіч Ларысы Цярэнцьеўны, сям’я Арэхава да сярэдзіны 50-х гадоў кватаравала ў хаце Максіма Кухты. Муж і жонка Арэхавы самі любілі кнігі, прывезлі многа кніг з сабой і давалі іх чытаць ўсім, хто меў жаданне.
Вёскі Бабічы, Мікуліна, Нарушова, якія ўваходзілі ў сельгасарцель “17 верасня”, бібліятэк не мелі. На пачатку 60-х гадоў працаўнікоў гаспадаркі і жыхароў гэтых вёсак, абслугоўвала Узрэцкая бібліятэка, якой кіравала Галіна Кухта.
“… У 1960 г. на работу ва Узрэцкую сельскую бібліятэку пасля заканчэння сярэдней школы прыйшла камсамолка Галіна Кухта. Бібліятэка мела 8 500 кніг, у тым ліку каля 1000 кніг сельскагаспадарчага зместу. У бібліятэцы налічвалася 680 чытачоў. Гэта былі калгаснікі сельгасарцелей “Перамога” і “17 верасня”, спецыялісты сельскай гаспадаркі, настаўнікі, медыцынскія работнікі.” // Плішса, П. Сябра і дарадчык. - Сцяг камунізма.- 1966.- 28 сакавіка.
Сельгасарцель "17 верасня" паступова ўзбуйнялася, стала калгасам, цэнтральная сядзіба ў в. Бабічы пашыралася. У 1959 г. узвялі новы будынак, дзе размясціўся клуб. Тут жа знаходзілася і адкрытая ў Бабічах бібліятэка, замест закрытай у в. Стары Двор. Аднак, назва "Старадворская бібліятэка" была захавана. Новая бібліятэка мела сціплы інвентар: драўляныя сталы, самаробныя сцелажы і “вітрыны для кніг”, якія зараз называюцца выставачнымі сцелажамі. Работнікі бібліятэкі часта мяняліся і ўспомніць прозвішчы тых, хто спрабаваў свае сілы на культурнай ніве складана – Хахолка (1959 г.), Фёдарава (1962 г.), Карніцкая (1963 г.) і інш.
Працаваць культработнікам трэба было адказана, бо старшыня калгаса “17 верасня” Л.К.Пугаўка, які сам у маладасці працаваў у Лучайскай бібліятэцы, добра ведаў клубную і бібліятэчную справу.
Біблятэка камплектавалася са сродкаў сельскага савета. Бібліятэкар адбіраў кнігі, фарміраваў заказы і атрымліваў іх па поште праз бібліятэчны калектар. Многа кніг закупалася непасрэдна ў кніжнай краме Глыбокага. Л.К.Пугаўка разумеў значнасць бібліятэкі і не жалеў грошай на набыццё літаратуры. Сумарная кніга сведчыць, што бібліятэка ў 1966 г. у атрымала 301 экз. новых выданняў, агульны фонд быў 4638 экз. кніг.
Работнікі бібліятэкі працавалі не толькі з літаратурай і чытачамі, але займаліся клубнай работай. Аб дзейнасці культустаноў перыядычна пісалася ў раённай газеце. З 1963 па 1971 гг.. у бібліятэцы працавалі Баговіч (Машара) Ларыса Цярэнцьеўна, Глінская Алена, Баужэнь Браніслава.
70-я гады ХХ ст. былі перыядам росквіту калгаса “17 верасня”. Працаўнікі адчувалі працоўны ўздым, зацікаўленасць у выніках працы – закуплялася тэхніка, можна было атрымліваць добрыя заробкі і планаваць будучыню, узводзілася жыллё, удзялялася значная ўвага сацыяльна-культурнаму развіццю вёскі. У 1971 г. пачалася рэарганізацыя культурна-асветніцкіх устаноў, падчас якой хаты-чытальні падзяляліся на самастойныя ўстановы – бібліятэкі і клубы, пашыралі сваю дзейнасць, вызначаліся з мэтамі і задачамі, шукалі сваю аўдыторыю. Удасканальвался сістэма бібліятэчнага абслугоўвання, камплектавання фонду. Актыўныя чытачы таго часу ўзгадваюць значную колькасць перыядычных выданняў, у т.л. саюзных.
Пасля рэарганізацыі культпрасветустаноў загадчык бібліятэкі Баужень Браніслава засталася працаваць у клубе, а бібліятэчны фонд перадала Крывёнак Раісе Уладзіміраўне (па мужу Зуй). Старадворская бібліятэка была перайменавана ў Бабічоўскую. “Ажыўлена бывае зімовымі вечарамі ў Бабічоўскай сельскай бібліятэцы. Сюды прыходзяць працаўнікі палёў і ферм, каб пачытаць часопісы і газеты, выбраць неабходную палітычную і мастацкую літаратуру, сыграць у шахматыі шашкі… Дапамагае вяскоўцам выбіраць кнігі Раіса Уладзіміраўна Крывёнак". (Шлях перамогі.- 1973.- 13 студзеня.- с.1.)
Бібліятэкары мяняліся, знаходзілі новае месца работы, паступалі ў інстытуты, выходзілі замуж... Крывёнак Раіса Уладзіміраўна, Правалінская Наталля Прохараўна, Сакалова Вольга Афанасьеўна... Для кожнай з іх бібліятэка стала прыступкай у далейшым жыцці.
У верасні 1973 г. бухгалтар Узрэцкага сельсавета Капялюш Таццяна Аляксандараўна перадала фонд бібліятэкі Ганне Ювінальеўне Дуброўскай. Ураджэнка Бабічоў Ганна Дуброўская вучылася ва Ўзрэцкай ВШ, закончыла Глыбоцкую СШ № 2. Паступала, але “не прайшла па балах” у Полацкае педвучылішча. Па рэкамендацыі бюро пярвічнай партыйнай арганізацыі калгаса “17 верасня” была прынята на час дэкрэтнага водпуску асноўнага работніка на пасаду загадчыка Бабічоўскай сельскай бібліятэкі. А з часам стала асноўным работнікам. У 1978 г. завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Атрыманыя прафесійныя веды вельмі спатрэбіліся маладой дзяўчне ў далейшай рабоце.
“Бібліятэка налічвае 400 чытачоў, фонд – каля 5 тысяч экз. Толькі за 1975 г. фонд папоўніўся больш чым на 1 тыс. кніг. У аддаленых вёсках Галубчыкі і Стары Двор дзейнічаюць кніжныя перасоўкі. Для механізатараў і жывёлаводаў створаны кніжныя выстаўкі і вітрыны…”
Кіраўніком Бабічоўскага сельскага клуба ў гэты час працавала Лабуць Алена Канстанцінаўна і сумесна з ёю і ўдзельнікамі мясцовай самадзейнасці бібліятэкар арганізоўвала культурна-масавыя і грамадскія мерапрыемствы.
Падчас водпуску па догляду за дзіцяці Сайкоўскую (Дуброўскую) Г.Ю. замянялі Шуміла Алена Генадзьеўна (1977-1978), Сіманковіч Ядвіга Эдуардаўна (жнівень 1978 – студзень 1979), якая завочна вучылася ў педагагічным інстытуце і ў далейшым працавала настаўніцай ў іншым раёне.
У 1986 г. праўленнем калгаса было вырашана перавесці бібліятэку ў будынак колішняга магазіна. На плечы часовага работніка Вольгі Анатольеўны Жукавай (1986-1988) лягла ўся цяжкасць перамяшчэння бібліятэкі. Будынак плошчай 70 м² быў вялікім і светлым, меўся электраабагрэў. Фонд (каля 10 тыс. экз.) стаяў свабодна, з'явілася месца для выставачных сцелажоў, для чытацкіх сталоў... Бібліятэкар і наведвальнікі былі задаволены новым памяшканнем.
На працягу многіх лет знаёмства першакласнікаў Бабічоўскай школы з бібліятэкай адбываліся менавіта тут. Вучні любілі забягаць у бібліятэку ідучы са школы, знаходзілі сяброўскі прытулак і ветлівую ўсмешку бібліятэкара ў выхадныя дні. Тут заўсёды звінелі дзіцячыя галасы. Доўгі час для вучняў малодшых класаў дзейнічалі клубы па інтарэсах “Вясёлка” і “Жывая саломка”. Бібліятэкар разам з настаўнікамі Бабічоўскай школы і клубнымі работнікамі рыхтавалі святы кніг, бенефісы юных чытачоў, конкурсныя праграмы, наведвалі ветэранаў вайны і працы. Бібліятэкар вучыла юнае пакаленне быць патрыётамі сваёй краіны, праводзіла мітынгі, знаёміла з гісторыяй Глыбоччыны,
Сайкоўская Г.Ю. наведвала жыхароў васьмі аддаленых вёсак з новай літаратурай. У “чырвоным” кутку жывёлагадоўчай фермы, мехдвара праводзіла “часы бібліятэкі”, знаёміла з літаратурай аб перадавым вопыце ў сельскай гаспадарцы, асвятляла грамадска-палітычныя падзеі, вяла абмеркаванні цікавых артыкулаў, твораў беларускіх пісьменнікаў.
У 1990-х гадах эканамічны крызіс у краіне закрануў і сферу культуры. Пачалі закрывацца сельскія бібліятэкі. Суседняя Чаронкаўская бібліятэка, дзе ў розныя гады працавалі Лук’янёнак Галіна Сямёнаўна, Кашэль Алена Уладзіміраўна, Каспер Леаніда А. (1984-1985), Лук’янёнак Ганна Іванаўна (1985 - ...). перастала існаваць. (Сяргееў, В. Сёння ў Чаронцы // Сцяг камунізма.- 1958.- 28 снежня С.4.).
Адпаведна, зона бібліятэчнага абслугоўвання Бабічоўскай бібліятэкі павялічылася да 12 вёсак, у якіх пражывала 796 чалавек. Праблемы прыйшлі і ў Бабічоўскую бібліятэку. Пачалося абмежаванне электраацяплення. За тры гады без дастаковага абагрэву памяшканне стала сырым, няўтульным, будынак паступова разбураўся.
Аднак, не гледзячы на неспрыяльныя ўмовы работы, Сайкоўская Г.Ю. шчыравала на бібліятэчнай ніве. Гэта быў час адраджэння краязнаўства, новага этапу вывучэння гісторыі роднага краю... Дзякуючы асабістай зацікаўленасці Сайкоўскай Г.Ю. бібліятэка стала краязнаўчым цэнтрам. Тэматычныя папкі і альбомы прадстаўлены ў краязнаўчым кутку “Зямля мая – жыцця крыніца”.
Да 60-годдзя гаспадаркі “17 верасня” Г.А.Сайкоўская падрыхтавала бібліяграфічны даведнік "Вёска Бабічы і яе людзі" (1952-2012), інфармацыйны буклет “Сем цудаў бабічоўскага краю”. Матэрыялы краязнаўчага зместу збіраліся, сістэматызаваліся і прадстаўляліся на конкурсы. Работа па гісторыі калгаса “17 верасня” была лепшай у раённым конкурсе “Гісторыя і сучаснасць роднага краю” і ў 1999 г. на абласным узроўні рэспубліканскага агляда-конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” бібліятэка стала пераможцай. Бібліятэкар атрымала Ганаровую грамату ад упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і памятны падарунак.
У 2002 годзе Бабічоўская бібліятэка са старога і халоднага будынку перамяшчаецца ў будынак Бабічоўскай участковай бальніцы. Невялічкі пакой (34 м²) змяшчае толькі кафедру, чытальны стол і стэлажы амаль да столі. Але бібліятэкар стварыла камфортныя ўмовы для наведвальнікаў, творча падыйшла да афармлення фонду, праз тэматычныя і экспрэс-палічкі аператыўна інфармавала наведвальнікаў аб літаратурных навінках, падзеях грамадскага, культурнага і літаратурнага жыцця.
У сярэдзіне 2000-х гадоў актыўна практыкаваліся выезды аўтаклуба, бібліобуса, мясцовых клубаў і бібліятэк у аддленыя вёскі з невялікімі канцэртамі і абменам літаратуры. Г.Ю.Сайкоўская заўжды была ў саставе канцэртнай брыгады. Збірала і ладзіла выставы работ землякоў-умельцаў для рэгіянальнага свята “Фэст на Дзядку”.
У 2009 г. Бабічоўская сельская бібліятэка стала бібліятэкай аграгарадка “Бабічы” гаспадаркі ОАО “Залатая падкова”.
Жнівень 2016 г. стаў адметным для Бабічоўскай сельскай бібліятэкі. Змяньшэнне колькасці жыхарў ў зоне абслугоўвання, закрыццё мясцовай школы, дзіцячага садка патрабавала аптымізацыіі культустаноў і Бабічоўская бібліятэка вярнулася да статусу 45-ці гадовай даўнасці -- бібліятэка-клуб. У 2017 годзе бібляітэка-клуб атрымала камп’ютар, што дазволіла удасканаліць бібліятэчнае абслугоўванне.
Сайкоўская Г.Ю. заўсёды была ў цэнтры грамадска-палітычных і культурных падзей мясцовасці. За добрасумленныя адносіны да працы, спагадлівасць, паважаныя адносіны да людзей неаднаразова выбіралася дэпутатам Узрэцкага сельскага Савета, прымала ўдзел у выбарчых кампаніях раённага ўзроўню. У канцы 2021 года Ганна Ювінальеўна Сайкоўская выйшла на заслужаны адпачынак. З 2022 года загадчыкам Бабічоўскай сельскай бібліятэкі-клуба працуе Вайткевіч Наталія Мікалаеўна.
Не гледзячы ні на якія цяжкасці жыцця, бібліятэка засталася для дзяцей і дарослых месцам сустрэчы і адпачынку. Адзінае ў вёсцы месца, дзе ў атмасферы цяпла і ўтульнасці за кубкам гарбаты можна бавіць вольны час, абмяркоўваць апошнія навіны і падзеі, дзяліцца ўраджаннем аб прачытанным... Упэўнены, што новы работнік напіша новую, не меньш цікавую, старонку ў гісторыі Бабічоўскай бібліятэкі-клуба.
Бабічоўская бібліятэка на старонках перыядычнага друку:
- Фотаздымак: шафёр Скурат В.І. ў бібліятэцы з бібліятэкарам Крывёнак Р.У. // Шлях перамогі.-1973.-13 студзеня
- Сіманковіч, Я. Сустрэча з кнігай // Шлях перамогі.- 1978.- 2 ліст.- C.3 ( заг. Бабічоўскай с/б Сіманковіч Я.)
- Ізаітка М.В. Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры // Веснік Глыбоччыны.- 1999.- 13 сак.- (Бабічоўская с/б)
- Ізаітка М.В. “Чытаць – модна, наведваць бібліятэку – прэстыжна” // Веснік Глыбоччыны.- ... (Пра бібліятэкара Бабічоўскай сельскай бібліятэкі Сайкоўскую Ганну Ювінальеўну, якая склала БФ паказальнік пра гаспадарку і вёску)
- Капшуль, А. 3 кнігай лягчэй жыць // Веснік Глыбоччыны.- 2003.- 29 ліст.- №96.- (Пра бібліятэкара Бабічоўскай сельскай бібліятэкі Сайкоўскую Ганну Ювінальеўну)
- Сайкоўскі, Ю. Падарым гадзіну радасці // Веснік Глыбоччыны.- 2007.- 5 мая.- (абслугоўванне работнікамі Бабічоўскага СДК і бібліятэкі жыхароў аддаленых вёсак)