Удзелаўская сельская бібліятэка пачала сваю дзейнасць у 1954 годзе, калі ў калгасе "За Радзіму" узвялі новы будынак. У ім размясціліся кантора гаспадаркі, Удзелаўскі сельсавет, аддзяленне паштовай сувязі, клуб і бібліятэка.
"... Любая ўстанова культуры, размешчаная ў калгасным клубе, служыць адзінай мэце—забеспячэнню культурных патрэб калгаснікаў. Такая ўстанова прызначана для калгаснікаў, і праўленні арцелей павінны аказваць усялякую дапамогу ў стварэнні там неабходных умоў.
Правільна разумеюць сваю ролю праўленні сельгасарцелей «Перамога» (Пятроўшчына), «Зара» (Капыльшчына), імя Калініна (Мярэцкія), «Бальшавік», «За Радзіму» (Удзела), імя Сталіна і другія. Клубныя памяшканні у іх адрамантаваны, у бібліятэках зімой цёпла, утульна. Для клубаў за сродкі культфонда набыты баяны, радыёлы, сцэнічныя касцюмы для ўдзельнікаў самадзейнасці, мэбля, наглядная агітацыя." Крыніца : Калодзіч, А. Умацоўваць матэрыяльную базу культасветустаноў / А.Калодзіч // Сцяг камунізма.- 1959.- 15 кастр.
Першапачаткова фонд бібліятэкі састаўляў 300 экзэмпляраў кніг, чытачоў было 50.
За час існавання бібліятэкі яе ўзначальвалі Бурэнь Клеапатра Антонаўна, Коўзан Вячаслаў, Пашковіч Раіса Фёдараўна. Дарэчы, Пашковіч Раісе Фёдараўне Міхась Губернатараў, карэспандэнт раённай газеты, прысвяціў верш "Бібліятэкар".
Па сяброўску ветліва сустрэне,
Прапануе крэсла, стос газет.
У вачах ікрыстае свячэнне,
Хоць яна,вядома, не паэт.
Разумею гэта ажыўленне.
Бо яна сапраўдны чарадзей:
З рук яе ка мне шчаслівы геній,
Пачатковец да мяне ідзе.
Вось яна шчыруе каля залы.
Паспрабуй-ка кожнаму ўгадзі.
- Я даўно ўсё тут перачытала,-
Кажа ёй калгасны брыгадзір-
Мне б такі раман!» ... і чырванее
У вяснушках загарэлы твар.
А сяброўка добра разумее,
Што ў яе на сэрцы за цяжар.
Борздзенька лісты перабірае
Брыгадзірка воддаль ля акна.
Можа ў новай кнізе адшукае
Для сябе штось важнае яна.
У задачы бібліятэкара ўваходзілі, акрамя асноўных абавязкаў, вядзенне нагляднай агітацыі — афармленне чырвоных куткоў, плакатаў, стэндаў на фермах, майстэрні, брыгадных дварах.
Па успамінах жыхароў, хтосьці працаваў добрасумленна, а хтосьці за “добрую” работу нават быў раскрытыкаваны на старонках калгаснай газеты “За камунізм”.
Клуб і бібліятэка ў 60-х гадах ХХ ст. былі месцам куды ішлі людзі, асабліва моладзь. Установы працавалі да 10 гадзін вечара і нават у гэты час не хацелі разыходзіцца. Многае залежыла ад работнікаў культуры. Салодкая Ларыса Феліксаўна, працуючы бібліятэкарам, закончыла курсы кіраўнікоў харавога калектыву і бібліятэчнай справы. Яна была актыўнай удзельніцай самадзейнасці, спявала, дэкламавала... У яе было жаданне прадоўжыць адукацыю ў сферы культуры, аднак, лёс распарадзіўся іначай.
Станіслава Адамаўна Раманчук працавала бібліятэкарам з 15.07 1969 г. па 01.03.1973 г. З яе ўспамінаў: “... асноўнымі паказчыкамі ў працы былі чытачы і кнігавыдача, бібліятэка ніколі не пуставала, асабліва ў вячэрні час, сабіралася вельмі многа моладзі, людзей больш сталых, была вельмі добрая самадзейнасць, людзі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, нікога не трэба было застаўляць, з канцэртамі выязжалі ў другія клубы.” Работа Станіславе Адамаўне падабалася, аднак плацілі “малыя грошы” і яна пайшла працаваць у меліярацыю.
Наступнымі работнікамі бібліятэкі былі Бахір Валянціна (1973-1975), Саланінка (Губская) Вольга Пятроўна (07.1975 – 07.1977).
Губская Вольга прыйшла працаваць у бібліятэку адразу пасля школы, калі не паступіла ў Мінскі інстытут культуры. Нягледзячы на свой зусім юны ўзрост, мела добрыя арганізатарскія здольнасці. Разам з работнікам клуба Лось Пятром змаглі аб’яднаць каля сябе моладзь, якая вольны час бавіла ў клубе і бібліятэцы. "... Чыталі тады добра. Зачытваліся кнігамі П.Праскурына “Вечный зов”, “Судьба”, В.Каверына “Два капитана” , А.Рыбакова “Кортик” і “Бронзовая птица”, “Таинственным островом" Ж.Верна. … На часопіс “Огонёк” нават запісваліся ў чаргу".
У той час вялікая ўвага ўдзялася палітыцы партыі і ўрада, таму афармляліся кніжныя выставы і праводзіліся мерапрыемствы па матэрыялах з’ездаў і пленумаў КПСС. Вялася папулярызацыя літаратуры ў дапамогу працаўнікам сельскай гаспадаркі.Папулярнай формай масавай работы быў вусны часопіс.
З успамінаў Вольгі Пятроўны: “Разам з настаўніцай Андросенка Валянцінай Фёдараўнай падрыхтавалі вусны часопіс “Цвярозасць - норма жыцця”, тады абавязвалі бібліятэкараў праводзіць такія мерапрыемствы. Народу сабраўся цэлы клуб. Мерапрыемства настолькі ўсім спадабалася, што яшчэ доўга не расходзіліся і паміж сабой абмяркоўвалі пачутае.
Працаваць было лёгка і весела. Людзі ішлі ў бібліятэку і клуб з ахвотай. Сельсавет тады быў мясцовым кантралюючым органам. Старшыня сельсавета Уладзімір Манін заўсёды дапамагаў нам, калі што трэба. Часта заходзіў у бібліятэку...”
У 1976 годзе Саланінка В.П. паступіла на завочнае аддзеленне ў Мінскі інстытут культуры, а летам 1977 года была пераведзена ў Глыбоцкую дзіцячую бібліятэку, ў далейшым працавала бібліёграфам Глыбоцкай раённай бібліятэкі. З 1997 па 2017 гады ўзначальвала Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей.
У пачатку лета 1977 года ў пажары згарэў клуб і кніжны фонд бібліятэкі.
Працоўнае жыццё новага бібліятэкара – Валянціны Мікалаеўны Шымко (Хрол) пачалося з таго, што ёй прыйшлося “абжывацца” у невялічкім пакойчыку, які пасля пажару для бібліятэкі выдзеліў сельсавет. Стол, крэсла і зложаныя на падлозе 100 кніг, якія прынеслі чытачы і вяскоўцы для бібліятэкі. Так пачалося другое жыццё бібліятэкі. Але так было не доўга.
7 лістапада 1977 года адбылося адкрыццё новага двухпавярховага будынка Дома культуры. Бібліятэка атрымала два пакоі агульнай плошчай 149 м². Фонд к таму часу вырас да 500 экз. А ўжо к 1981 году фонд налічваў звыш 9000 экз.
У канцы 1977 г. адбылася цэнтралізацыя бібліятэк Глыбоцкага раёна. Загадам аддзела культуры № “Аб стварэнні Глыбоцкай ЦБС” Удзелаўская сельская бібліятэка стала філіялам № 30 Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы *(ЦБС). Шымко В.М. адна з першых правяла работу па пераоду кніжнага фонду на табліцы ББК. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за 1980 г. Удзелаўская бібліятэка выйшла пераможцай, за што была ўзнагароджана пераходным Чырвоным сцягам. Важнае месца ў рабоце бібліятэкі займала папулярызацыя кнігі. У плыні дзяржаўнай палітыкі афармляліся кніжныя выставы: “Ленінскім курсам – да камунізму”, “Спаборніцтва - справа кожнага”, “Гэты незвычайны і дзіўны свет навукі” і інш.
Валянціна Мікалаеўна паступіла ў Мінскі інстытут культуры на завочнае бібліятэчнае аддзяленне і паспяхова скончыла яго ў 1986 годзе.
Пасля закрыцця Папшыцкага клуба-бібліятэкі зона абслугоўвання Удзелаўскай бібліятэкі павялічылася. У гэты час (2002-2006 гг.) у бібліятэцы часова працавала Губская Алена Іванаўна, бібліятэкар Папшыцкага клуба-бібліятэкі.
Згодна плана бібліятэчнага абслугоўвання за 2004 год Удзелаўская бібліятэка абслугоўвала 15 вёсак, у якіх пражывала 1521 чалавек. Зона павялічылася ў сувязі з закрыццём Пашчыцкага клуба-бібліятэкі ў 2002 годзе і Мосарскай бібліятэкі ў 2004 годзе. Вось такімі былі колькасныя паказчыкі: Чытачы - 1234, з іх дзеці - 190; Кніжны фонд - 8992 экз. ; Кнігавыдача - 21 127 экз.
У 2009 г. вёска Удзела атрымала статус аграгарадка. У Доме культуры і бібліятэцы адбыўся рамонт, змяніўся абанемент, стала утульнай чытальная зала. Для юных чытачоў былі аформлены маляўнічыя кніжныя выставы. Бібліятэка атрымала камп’ютар і прынтар, павысіўся ўзровень абслугоўвання, пашырыўся пералік бібліятэчных паслуг, бібліятэка у тым ліку пачала выконваць платныя паслугі.
На працягу ўсёй сваёй дзейнасці, Валянціна Мікалаеўна вядзе актыўную работу ў дапамогу вучэбна-выхаваўчаму працэсу, па развіцці пазнавальных інтарэсаў дашкольнікаў і вучняў пачатковых класаў, выхаванні культуры чытання, папулярызацыі літаратуры па розных накірунках. Шмат увагі ўдзяляе краязнаўству. Сабрала матэрыл па гісторыі вёскі Удзела і бібліятэкі, калгаса “За Радзіму”, касцёла Святой Ганны ў в.Мосар і касцёла Беззаганнага Зачацця Насвяцейшай Марыі Панны ў в.Удзела, пра знакамітых і творчых людзей сваёй мясцовасці.
"Бібліятэкі – асяродак нацыянальнай культуры
... Старанна працуе ў краязнаўчым накірунку і бібліятэкар Удзелаўскай бібліятэкі В.М. Шымко. Валянціна Мікалаеўна часта запрашае на сустрэчу са сваімі чытачамі перадавікоў сельгасвытворчасці, ветэранаў вайны і працы, арганізуе выставы майстроў народнай творчасці. Толькі ў гэтым годзе наведвальнікі бібліятэкі пазнаёміліся з творчасцю майстроў вышыўкі Вольгі Шымко, Аліны Згірскай і Ірыны Зуевай. Цяпер у бібліятэцы экспануюцца работы Веры Гінько, якая працуе з прыродным матэрыялам...
А. Татарчук, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ"
Крыніца : Татарчук, А. Бібліятэкі – асяродак нацыянальнай культуры / А.Татарчук // Веснік Глыбоччыны. — 2003. — 19 лістапада.
Работа ў бібліятэцы вядзецца з рознымі катэгорыямі наведавальнікаў па накірунках – краязнаўчы, патрыятычны, этычны і духоўны, маральна-прававы і экалагічны. У 2009- 2013 гадах бібліятэка працавала над рэалізацыяй мэтавай праграмы «Да дабра - праз кнігу». У 2014 годзе была распрацавана новая праграма «Да кніжных скарбаў дакраніся».
У розныя гады пры бібліятэцы працавалі клубы дзіцячыя "Почемучки", "Чараўніцы", "Сучаснік", жаночыя "Минутка", "Алеся", "Надзея" (2004-2006). З 1998 года пастаянна працуе дзіцячы клуб “Дапытлівыя чамучкі”. Асноўныя задачы клуба — павышэнне ўзроўню ведаў дзяцей, садзейнічанне пашырэнню іх агульнага кругагляду, арганізацыя вольнага часу, выхаванне беражлівых адносін да кнігі, знаёмства з лепшымі творамі мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры. Для сяброў клуба ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы рознай тэматыкі.
У 2014 г. гасцямі Удзелаўскай сельскую бібліятэку наведалі калегі з г.Лудза (Латвія). Латышскія бібліятэкары былі прыемна ўраджаны вялікім памяшканнем бібліятэкі, яе афармленнем, сучасным станам абслугоўвання насельніцтва. Інта Кушнерэ, дырэктар бібліятэкі, падаравала удзелаўскім чытачам зборнік вершаў паэтаў Лудзенскага краю.
Статыстычныя паказчыкі Удзелаўскай сельскай бібліятэкі на 01.01.2016 года
- Чытачы- 822, у тым ліку 163- дзеці
- Кніжны фонд – 11 208 друкаваных экз.
- Кнігавыдача – 14 767 экз.
У зону бібліятэчнага абслугоўвання ўваходзяць 8 вёсак (Бервякі, Гатоўкі, Лазічы, Лушкі, Папшычы, Русакі, Сапеліна, Удзела).
Разам з В. М. Шымко з 2010 года працуе тэхнічным работнікам Алена Антонаўна Згірская. Яна вельмі творчая і таленавітая майстрыха, член народнага клуба “Крыніца” Глыбоцкага Дома рамёстваў. Выставы яе работ перыядычна ўпрыгожваюць інтэр'ер бібліятэкі, ствараюць атмасферу святочнасці і казачнасці. Выставы ўдзелаўскіх і глыбоцкіх майстрых рэгулярна змяшчаюцца ў сценах бібліятэкі і Дома культуры.
Бібліятэка не існуе без чытачоў, якія з'яўляюцца яе вернымі сябрамі і памочнікамі. Найбольш актыўныя чытачы Удзелаўскай бібліятэкі - Шымко Ганна Францаўна, Раманчук Аліна Іванаўна, Апяцёнак Софья Адольфаўна, Носка Ольга Мікалаеўна, Ванёнак Іван Мікалаевіч, сям’і Лешчыкаў, Муляронкаў, Дубоўскіх і інш.
Неаднаразова Удзелаўская бібліятэка па выніках года займала прызавыя месцы, а Валянціна Мікалаеўна ўзнагароджвалася граматамі аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама, упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.