Аліна Станіславаўна Зубко – настаўніца роднай мовы. Жыве і працуе у вёсцы Пліса, але здаўна чытае кнігі ў нашай Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. У спісе прачытаных – беларускамоўная літаратура.
Звярнуліся па параду да Аліны Станіславаўны: "Якую кнігу беларускіх аўтараў абавязкова трэба пачытаць?"
– З апошніх, што прачытала, запомніўся "Перавал" Лідзіі Арабей. Чаму спадабаўся? Напісана пра беларускае жыццё ў 90-я гады мінулага стагоддзя – усё, што адбывалася і ў нас у той час. Напісана добра, проста, пра жыццё, якое яно было. Адным словам, кніга кранула. Яшчэ з беларускамоўных аўтараў захапіў Валеры Гапееў. Цудоўна піша для падлеткаў! Хацелася б яшчэ пазнаёміцца з яго творамі.
Лідзія Арабей "Перавал"
У кнігу ўваходзяць аповесці і апавяданні, напісаныя ў гады, калі ўжо можна было напісаць пра тое, пра што раней пісаць забаранялася. Так, аповесць "Мокры снег" расказвае пра трагічны лёс пісьменніка, аповесць "Перавал" — пра каханне, перад якім узнікла нечаканая перашкода. Лёс жанчыны, якая страціла сваіх дзяцей, паўстае з апавядання "Усё на зямлі...". У аповесцях "Касцюмерка" і 'Торкія ягады" — складаныя сямейныя сітуацыі, чалавечнасць і эгаізм, дабрыня і зло, што так часта ходзяць поруч па зямлі.
Валеры Гапееў "Я размалюю для цябе неба"
Рана ці позна кожны чалавек трапляе ў такую сітуацыю, калі неабходна рабіць выбар. Выбар жорсткі, цяжкі, калі крочыць можна толькі ў адзін ці другі бок, калі і адзін і другі крок патрабуюць ахвяры і разумення, пакутлівага пераасэнсавання каштоўнасцей.
Добра, калі побач ёсць нехта, хто падкажа, але героі твораў гэтай кнігі застаюцца заўсёды самнасам з неабходнасцю свайго жыццёвага выраку. У гэтым не толькі трагізм сітуацыі, але і самая сапраўдная школа сталення. Гэта вельмі важна – зрабіць самастойна і правільна свой першы цяжкі выбар...
Падрыхтавала Алена Хайноўская.