Ад крыжыка –да лапіка. Рукатворы АЛЕНЫ ЗГІРСКАЙ
У Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы экспануецца выстава майстра народнага клуба "Крыніца" Алены Згірскай "Калі душа і прыгажосць адзіныя".
Алена Антонаўна славіцца сваімі вышыванкамі. Невялічкую іх частачку і можна ўбачыць у экспазіцыі: яркія вышытыя карціны і квяцістыя ручнікі, аздобленыя карункамі.
Іголку наша рукадзельніца ўзяла ў рукі ў дзяцінстве – навуку вышыўкі гладдзю атрымала ад маці. Асвоіла і палюбіла таксама вышыўку крыжыкам. А за кручок узялася гадоў з пяток таму. Бо якія ж вышытыя ручнікі без вязаных карункаў?
Пра гэта і многае іншае даведаліся бібліятэкары і прадстаўнікі ўстаноў культуры горада на ўрачыстым адкрыцці выставы ад самой Алены Антонаўны, а таксама ад вядучай мерапрыемства, дырэктара Глыбоцкай ЦБС Валянціны Спасібёнак, ад кіраўніка народнага клуба майстроў "Крыніца" Святланы Кавальчук, ад супрацоўніка раённага Дома рамёстваў Таццяны Карнеевай.
Калі наведаеце бібліятэку і пазнаёміцеся з рукатворамі Алены Згірскай, то ўжо яны вам "раскажуць", як акуратна, цярпліва, з любоўю майстар стварае свае вышыванкі і палотны з... лапікаў. Дарэчы, лапікавае шыццё – гэта нядаўняе захапленне Алены Антонаўны, якім яна паспяхова прадаўжае займацца. Спадзяёмся, што нашы чытачы яшчэ ўбачаць яе рукатворныя навінкі на чарговых выставах.