Рукапісны зборнік вершаў і песень ваеннага часу Афанасія Ціханава, жыхара вёскі Залессе
Гісторыка-краязнаўчы музей “Мінулае Залесчыны” ў Залескай сярэдняй школе ўрачыста адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 18 сакавіка 2007. Колькасць экспанатаў асноўнага фонду складае звыш 800 экспанатаў, дапаможны фонд налічвае каля 80 адзінак. Наш музей – не толькі збор экспанатаў, якія распавядаюць пра багацейшую гісторыю Залесчыны, гэта яшчэ і месца стварэння і напісання летапісаў.
Цэнтральнае месца ў выставачнай структуры школьнага музея займае экспазіцыя “Вялікая Айчынная”, матэрыялы якой знаёмяць наведвальнікаў з самым цяжкім і трагічным перыядам гісторыі нашых мясцін – падзеямі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 г.г.
…Што можна сказаць аб вайне? …Як можна сказаць аб вайне? Мы прывыклі лічыць, што вайна – гэта атака і бой, гэта разрывы снарадаў і вогнішчы згарэлых хат. Але ж не забывайце, што вайна – гэта яшчэ і жыццё пад акупацыяй, нават, і не жыццё, а выжыванне. Іншы раз памяць аб вайне можа захоўваць не толькі гістарычны экспанат прамога ваеннага назначэння, а звычайны лісток паперкі, за якім крыецца лёс і жыццё аднаго чалавека, які нават у час фашысцкай акупацыі здолеў захаваць ў сваёй душы нейкую светлую мару аб шчасці, наіўны рамантызм простага вясковага хлопца…
…2010 год. Насупраць будынка нашай школы зносяць старую хату. У ёй калісьці жыў добравядомы ўсёй акрузе залескі старавер Афанасій Ціханаў. Пра гэтага чалавека хадзілі легенды ў нашым Залессі: чалавек-інвалід, з юнацтва застаўшыся без адной нагі, аднак спраўляўшыся з любой цяжкай фізічнай працай; нягледзячы на сваё калецтва, здолеўшы знайсці сваё шчасце і ажаніцца з цудоўнай дзяўчынай; уласнымі рукамі пабудаваўшы свой дом; малапісьменны чалавек, які валодаў граматай на ўзроўні нашых чацвёракласнікаў, але свята захоўваў у сваёй хаце цэлую бібліятэку старадрукаў часоў Расійскай імперыі, навуковыя і рэлігійныя кнігі.
Афанасій Ціханаў з жонкай. 1946 год.
Афанасій Ціханаў на парозе свайго пабудаванага дома. 1946 год.
Пры зносе хаты Афанасія Ціханава ўлады Залескага сельсавета дазволілі нам, гурткоўцам, агледзець гарышча. Мы спадзяваліся знайсці і выратаваць для гісторыі і нашага музея хоць некалькі экспанатаў… Вось тое, што перавярнула наша ўяўленне аб змрочных часах фашысцкай акупацыі: некалькі лісцінак самапіснага зборніка вершаў і песень, які ў ваенны час вёў Афанаска.
Што ўяўляе сабою фрагмент гэтага зборнічка? Вершы і песні аб каханні, народныя частушкі і незацейлівыя па сюжэту прысвячэнні дзяўчыне. Нават дзіўна, што зборнік складзены хлопцам. Кожны верш і песня датаваны: 1942 год, 1943 год, 1944 год, красавік і май 1945 года, кожны верш акуратна падпісаны самім Афанасіем… І раптам на адной старонцы за 1942 год трапляецца запіс песні “Пулемётчику”:
Когда я мальчиком родился
И пулемётчиком возрос,
Мы в бой поедем на машине
И пулемёт с собой возьмём.
Наш пулемёт в бою горячий
Не остывает никогда.
Наши знамёна боевые
Они всё время впереди.
А у ворот военной школы
Стоит советский часовой.
А у крыльца военной школы
Стоит красотка со слезой…
…1942 год. У вёсцы Залессе дзейнічае акупацыйная адміністрацыя – Залеская валасная ўправа. У суседнім Залессі ў маёнтку графа Молле размясціўся паліцэйскі гарнізон. На Залесчыне шукаюць, арыштоўваюць і расстрэльваюць былых партыйных актывістаў, камуністаў, спачуваючых Савецкай уладзе, яўрэяў, падазроных у сувязі з партызанамі…
На адной вуліцы з Афанасіем Ціханавым жыў Антон Сямёнавіч Дайлідзёнак. Ён працаваў старшынёй Залескага сельсавета у 1939-1941 г.г., быў камуністам. З прыходам немцаў Антон Сямёнавіч доўга хаваўся ў навакольных лясах. Немцы ўзялі ў закладнікі ўсю яго сям’ю, трымалі пад пагрозай расстрэлу ў Залескім маёнтку ў паліцэйскім гарнізоне. Па Залессю і ў наваколлі расклеілі лістоўкі аб тым, што калі бацька не здасца ўладам добраахвотна, уся сям’я будзе расстраляна ў вызначаны тэрмін… Антон Сямёнавіч, ратуючы жыццё сваіх дзяцей і жонкі, сам з’явіўся ў Залескую управу, здаўся акупантам. 23 сакавіка 1942 года яго, а з ім яшчэ 11 чалавек, былых актывістаў Залесчыны, вывезлі ў Глыбокае, пасля допытаў усіх расстралялі ў Беразвеччы, у лесе…
У чым подзвіг нашага героя – Афанасія Ціханава? Подзвігу не было. Быў просты і шчыры зборнік вершаў і песень. Для нашага героя, можа быць, гэтыя наіўныя запісы з’яўляліся маленькім акенцам памяці аб шчаслівай даваеннай маладосці, спробай захінуцца ад змрочнага камендацкага часу і пагрозы кожны дзень быць магчымым арыштаваным і расстраляным толькі за тое, што ты жывеш на сваёй зямлі, у сваім доме, у сваёй краіне…
Вы можаце сабе ўявіць, што здарылася б з нашым Афанасіем, калі б выпадкова ў час вобыску немцы знайшлі гэты верш? За адны толькі словы “советский часовой”, “наш пулемёт в бою горячий”, “наши знамёна боевые” Афанасія Ціханава маглі расстраляць за савецкую і камуністычную агітацыю, за прапаганду моцы Чырвонай Арміі, за ўслаўленне духу савецкага воіна…
Афанасій Ціханаў моцна рызыкаваў. Магчыма, ён не ўсведамляў, пад якой пагрозай быў ён сам, яго жонка і яго дзеці, калі б гэты зборнік адшукалі немцы. Для яго гэтыя запісы былі маленькім праменьчыкам сонца, які свяціў у ягонай хаце ўвесь час акупацыі…
На яшчэ адной старонцы за 1944 год мы сустракаем верш, а дакладней, песню часоў грамадзянскай вайны “По долинам и по взгорьям…”, якую Афанасій Ціханаў умоўна сам назваў “Русская песня”. Што ж, і з гэтай “русскай песняй” наш герой вельмі рызыкаваў: там скрозь гучыць слова “партызаны”…
Абрываецца наша знаходка запісам “май 1945 года”:
Солнце взошло за горою,
Я ожидаю тебя.
Выйди послушать со мною
Чудную трель соловья.
Ці не здаецца Вам сімвалічным заканчэнне гэтага зборніка?
Пажаўцелыя лісцінкі з наіўнымі вершамі і песнямі… 1942, 1943, 1944, 1945 год. Для нас – гэта скарб, неацэнны, духоўны. Гэта – памяць, памяць аб вайне, памяць аб чалавеку, які застаўся быць чалавекам…
Загадчык школьнага краязнаўчана музея Шарыпкін Рыгор Леанідавіч.