Напрыканцы студзеня ў Дзеркаўшчынскай сельскай бібліятэцы прайшло абмеркаванне кнігі Я. Хвалея “Прынцэса тусоўкі”. Вучням старэйшых класаў было прапанавана загаддзя прачытаць гэту кнігу, каб потым на мерапрыемстве яны маглі падзяліцца сваімі ўражаннямі аб прачытанным. Чытаць кнігу падлеткі пачалі без энтузіязму. Але, калі прачытаў кнігу першы вучань, рэкламы больш не спатрэбілася. Лёс галоўных герояў не пакінуў абыякавымі нікога.
На пачатку мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла вучняў з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка. А потым прадоўжылася размова-абмеркаванне.
Дзеці з цікавасцю выказвалі свае думкі і зачытвалі ўрыўкі з кнігі.Сумесна вызначылі праблемы сучаснага жыцця падлеткаў, якія аўтар адлюстроўвае ў сваім творы: бязлітаснасць і агрэсіўнасць, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, курэнне і алкагалізм, наркаманія, таксікаманія і СНІД, выбар паміж дабром і злом.Вызначылі, якія рысы людскіх характараў трэба лічыць станоўчымі, а якіх неабходна пазбавіцца. Кожны з прысутных згадзіўся, што кніга карысная і цікавая, і вельмі хацелі б, каб яе прачыталі вучні школы, асабліва 8-11 класаў.
Бібліятэкары таксама выказалі надзею, што кніга “Прынцэса тусоўкі” будзе неаднаразова прачытана. А завяршылася мерапрыемства заклікам, які праходзіць лейтматывам праз увесь твор Яўгена Хвалея :“Беражыце сябе, асцерагайцеся дрэнных “сяброў”, пашкадуйце сэрцы сваіх блізкіх! “