Навіны
Відэа-падарожжа “Над Белай Руссю – белы бусел”
9 кастрычніка вучні 4”В” класа СШ №1 г. Глыбокае імя П.В. Сухога адправіліся ў цікавае відэападарожжа па краіне Беларусь.
Экскурсаводам выступіла бібліятэкар Глыбоцкай дзіцячай бібліятэкі Марына Гвідонаўна Трапук. Юныя падарожнікі спыняліся на розных станцыях.
Першы прыпынак незвычайнага падарожжа быў на станцыі “Сталіца Рэспублікі Беларусь”. На ім дзеці даведаліся пра герб горада Мінска, пазнаёміліся з цэнтральнымі вуліцамі, важнымі плошчамі, адметнымі будынкамі і дзяржаўнымі ўстановамі сталіцы.
На станцыі “Прыгожыя сімвалы роднай краіны” дзяцей “сустракалі” неафіцыйныя сімвалы Беларусі – бусел, зубр, бульба, лён, васілёк. Кожны з іх распавёў пра сваю адметнасць.
Потым падарожнікі прыпыняліся ў кожнай з шасці абласцей нашай краіны і пазнавалі пра адметнасць кожнай з іх.
Многа цікавай інфармацыі пра рэкі і азёры дзеці адкрылі на станцыі “Зямля з блакітнымі вачамі”. А таксама паразважалі, чаму нашу краіну называюць сінявокай.
Апошнім прыпынкам была беларуская Венецыя, або Горад пяці азёр — Глыбокае.
Падчас відэападарожжа гучалі прыгожыя песні пра Беларусь і нашу родную Глыбоччыну. Дзеці танчылі "беларускую польку" і "лявоніху".
Выстава кніг “Маленькім беларусам пра вялікую Беларусь” дапаўняла расказ экскурсавода.
Мерапрыемства падрыхтавала і правяла бібліятэкар Трапук М. Г.




- 68
