Навіны
Велапакатушкі па родных гатаўшчынскіх мясцінах
О, дзіўны край маіх дзядоў,
Гасцінцаў край і сцежак вузкіх.
Край сэрцаў шчырых, край садоў,
Пяшчотны край мой беларускі!
Шмат ураджанняў засталося ў дзяцей ад турыстычных велапакатушак “Па родных мясцінах”.
Месцы ў нас прыгожыя, чароўныя і непаўторныя, шмат цікавага. Немагчыма не любіць гэтую зямлю. Часам не адразу зразумееш вялікую сутнасць яе сілы ў схаваных таямніцах, маўчанні ўзгоркаў, шапаценні траў і лясоў. Бо ёсць простая ісціна – народ, які не ведае сваю гісторыю, не мае перспектывы заўтрашняга дня.
А чым жа славіцца наша зямля? Каб даведацца, мы і адправіліся ў другое, не меньш цікавае падарожжа па маляўнічых куточках Гатаўшчыны і яе ваколіц. За аснову новага маршруту мы выбралі віртуальнае турыстычные падарожжа “Усё павінна след пакінуць…”
Вызначаўшыся з маршрутам, мы пачалі падарожжа ад Гатаўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба. Першай справай узгадалі землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Аайчыннай зямлі, імёны якіх занесены на помнік.
Звярнулі ўвагу на дзве сажалкі і велізную лагчыну, якая злучае гэтыя сажалкі паміж сабой. Мяркуецца, што гэта свой след аставіў ледавік.


Праязджаючы па Цэнтральнай вуліцы, прыпыніліся ля дзіцячай пляцоўкі, дзе калісьці стаяў сядзібна-паркавы комплекс роду Куроўскіх.
Бібліятэкар зрабіў невялікі экскурс у мінулае Гатаўшчыны, мясцовай гаспадаркі і гісторыю колішняга панскага маёнтка Куроўскіх. Пра тое, што ў цэнтры вёскі стаяў старасвецкі будынак мы ведаем па ўспамінах вяскоўцаў. З-за непатрэбнасці лёс маёнтка быў вызначаны, яго разбурылі і зруйнавалі ў 2013 годзе.
Непадалёку ад колішняга гатаўшчынскага маёнтка знаходзіўся маёнтак Сельцы, які належыў сыну Куроўскага. Наведалі мы і гэтае месца. Ад гэтага маёнтка таксама нічога не засталося. Пагорак цалкам парос кустоўем. Толькі напамінам аб былым маёнтку ўзвышаюцца над хмызняком некалькі магутных ліп і клёнаў, якія ў тыя часы раслі паабапал алеі.





Наступны прыпынак юных велападарожнікаў быў ля капліцы ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла. Што за пабудова, з якой мэтай капліца ўзводзілася, яе роля ў жыцці вяскоўцаў? Пра гэта распавяла дзецям бібліятэкар.

Ёсць у нашай мясцовасці такія месцы, дзе можна ўдыхнуць на поўныя грудзі ад здзіўлення прыгожосцю краявідаў. Асфальтаваная дарога прывяла нас у чароўную вёсачку Валодзькава.
Бібліятэкар расказала дзецям пра пісьменніка Тадэвуша Даленга-Мастовіча, бацькоўскі фальварак якога знаходзіўся побач з возерам Акунёва. Тут і адбыўся апошні наш прыпынак.

Адпачыўшы на беразе вялікага і чыстага Акунёўскага возера, палюбаваўшыся прыгажосцю навакольнага пейзажу, зазірнуўшы ў маляўнічыя куточкі нашай мясцовасці, юныя падарожнікі паразважалі і прыйшлі да высновы — іншай зямлі нам не дадзена і, магчыма, яна і не патрэбна…
І хоць падарожжа адбылося не ў пятніцу, аднак, дзеці пазнаёміліся са сваёй, глыбоцкай гісторыяй
Зямля бацькоў, мая зямліца,
Блакітны ранак над табой.
Ты мой выток, мая крыніца.
І я – навек сын верны твой.
…Плыве пах кветак і жывіцы,
Не ціхне песня салаўя,
Дазволь жа нізка пакланіцца
Табе, бацькоў маіх зямля!.. Іосіф Скурко
м
- 359
