Навіны
У госці да Ліліі Чаславаўны Пялінак
У апошнія вераснёўскія дні ў рамках
бібліятэчнай піяр-акцыі «У госці да кветкавода» работнік Мнюцкай сельскай бібліятэкі здзейсніла цёплы візіт да даўняй чытачкі бібліятэкі — Ліліі Чаславаўны Пялінак.
Лілія Чаславаўна — яркі прыклад чалавека працы і адднасці сваёй маленькай радзіме. На працягу 39 гадоў яна адказна і шчыра працавала ў Мнюцкай краме, штодзённа дапамагала аднавяскоўцам у выбары неабходных тавараў. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку і займаецца любімай справай — кветкаводствам. Любоў да зямлі і кветак суправаджае Лілію Чаславаўну ўсё жыццё, і сёння яе палісаднік прыцягвае позіркі ўсіх мінуючых яе сядзібу.
Падчас сустрэчы Лілія Чаславаўна правяла для бібліятэкара сапраўдную экскурсію па сваім квітнеючым палісадніку, які ўражвае разнастайнасцю, прадуманай кампазіцыяй і буйствам фарбаў. Сярод багатай калекцыі раслін асаблівае месца займаюць шыкоўныя гартэнзіі, розы, гладыёлусы і рознакаляровыя петуніі.
Лілія Чаславаўна ахвотна падзялілася вопытам догляду за гэтымі патрабавальнымі культурамі і адзначыла, што прыгажосць вакол хаты ствараецца сумеснымі намаганнямі яе вялікай і вельмі дружнай сям'і. Муж Ліліі Чаславаўны, які шмат гадоў адпрацаваў шафёрам у мясцовым калгасе, падтрымлівае яе захапленне і актыўна дапамагае ў цяжкай фізічнай працы.
Асаблівай радасцю для бацькоў становяцца выхадныя дні: у гэты час на малую радзіму з горада прыязджаюць двое сыноў і чацвёра ўнукаў, якія з задавальненнем дапамагаюць па гаспадарцы і ўпарадкаванні саду.
Сядзіба сям'і Пялінак — адна з многіх у вёсцы Мнюта, якія ствараюць радасны настрой ва ўсе поры года: зелянеючай веснавой лістотай, буйным квеценнем летніх кветак, прыцішанымі восеньскімі колерамі, казачнымі гурбамі снегу на спячых дэкаратыўных кустах і альтанках...


- 57
