Навіны
У беларускай пісьменніцы юбілей!
6 красавіка спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Валянціны Міхайлаўны Коўтун, беларускай паэтэсы, празаіка, літаратуразнаўцы, перакладчыка, журналіста, рэдактара.
Выбітная творчая спадчына Валянціны Коўтун добра вядома чытачам не толькі Беларусі, але і Украіны, Расіі, Літвы, іншых куткоў свету.
У сярэдзіне 60-х яе імя ўвайшло ў свет беларускай літаратуры, стала адметным для ўсіх і па-свойму родным для кожнага дзякуючы трапяткой мове, светлай лірыцы, душэўнай глыбіні, багатаму драматызму і неймаверна цікавым, смелым вобразам.
Пяру Валянціны Коўтун належаць дзясяткі выданняў: ад зборнікаў паэзіі, раманаў, апавяданняў да літаратуразнаўчых прац.
Нарадзілася ў сям’і настаўнікаў Міхаіла Фёдаравіча і Ганны Раманаўны Колтунаў у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу. Працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. Паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 4 курса перавялася ў БДУ, які скончыла ў 1969. Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969—1970), літкансультантам “Сельской газеты” (1970—1976). У 1977—1980 вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Член СП БССР (з 1975), СП СССР (з 1976), СП Украіны (з 1997). З 1976 — літсупрацоўнік, з 1979 — рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса “Полымя”, з 1982 — загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва “Юнацтва”, з 1990 — старшы рэдактар аддзела прозы часопіса “Полымя”, з 2006 — рэдактар аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”.
Першыя паэтычныя творы В. М. Коўтун надрукавала ў 1966 г. Выдала зборнікі вершаў і паэм “Каляровыя вёслы” (1971), “На ўзлёце дня” (1977), “На зломе маланкі” (1981), “Метраном” (1985), “Лісты да цябе” (1988) і інш. За кнігу “Метраном” паэтэса адзначана Літаратурнай прэміяй імя А. Куляшова (1996).
Валянціна Коўтун пісала і для дзяцей: “Мы робім казку” (1983), “Вясёлы заасад” (1986).
У яе кнігах вядзеца шчырая, даверлівая гутарка пра свой час і сваё пакаленне, пра людзей вёскі і пра ўсё, што найбольш хвалюе. Пэўная камернасць, ускладнёная метафарычнасць паэзіі Валянціны Коўтун не пазбаўляюць яе грамадзянскасці, адчування вышыні ідэалаў, заклапочанасці і болю за лёс асобнага чалавека, сваёй Радзімы і нават планеты. Сутнасць яе лірычнай споведзі складаюць маральна-этычныя прынцыпы ўзаемаадносін у грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фальклорных сюжэтах, пераклікаюцца з народнай паэзіяй.
Яна аўтар шэрага празаічных твораў. Дылогія “Крыж міласэрнасці” (1988), прысвечаны паэтэсе Алаізе Пашкевіч (Цётцы). В.Коўтун паказала нам Цётку як грамадскага дезяча, рэвалюцыянерку, паэтэсу і, самае галоўнае, як Жанчыну і Чалавека. "Крыж міласэрнасці" - кніга тэматычна багатая, аднолькава дакументальная і мастацкая. Твор незвычайны па жанры, наватарскі.

Раман “Пакліканыя” (2007), прысвечаны асветніцы Еўфрасінні Полацкай.
Шматлікія апавяданні склалі зборнік “Калінавая гронка залатая” (1988).
Апошнія гады жыцця Валянціна Коўтун працавала над раманам “Над садам Іарданскім”, які так і не быў завершаны.
В. М. Коўтун выявіла сябе як таленавіты драматург. Ёю былі напісаны п’еса “Вясельны хутар”, прысвечаная паэтэсе Я. Янішчыц, драматычная містэрыя “Крыж Ігуменні”, драма “Шлях Палачанкі”. Стварыла сцэнарыі і лібрэта паводле сваіх раманаў “Крыж міласэрнасці” і “Пакліканыя”, а ў 1994 г. па яе сумесным з Ф. Коневым сцэнарыі быў пастаўлены фільм “Крыж міласэрнасці”.
Творчую, навуковую і рэдакцыйную працу сумяшчала з актыўнай грамадскай работай. У 1993 г. па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам быў створаны Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай. У 1993–2011 гг. была старшынёй фонду. Праявіла сябе як лідар беларускага жаночага руху і яго палымяны публіцыст.
Выступала ў перыядычным друку з артыкуламі па пытаннях фальклору ў сучаснай паэзіі і іншых актуальных праблемах літаратурнага працэсу. Вядома як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншых моў.
В. М. Коўтун заўчасна памерла 30 красавіка 2011 г. у Пiнску. Пахавана на могілках пас. Калодзішчы Мінскага раёна.
- 32
