Верасень для работнікаў Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі быў насычаным.
На пачатку месяца яны падабралі літаратуру і аформілі кніжную выставу-адвайзер “Промчалось лето красное, настало время КЛАССНОЕ!”
Выстава знаёміць юных чытачоў з навукова-папулярнай літаратурай, якая ў займальнай форме распавядае аб навуках, адкрыццях і вынаходствах; з цудоўнымі маляўнічымі энцыклапедыямі, якія захоўваюць веды ад старажытных часоў да сучаснасці. Самыя дапытлівыя чытачы шукалі ў кнігах адказы на пытанні з вобласці фізікі і хіміі, анатоміі і астраноміі і іншых галін ведаў.
На выставе прадстаўлена і мастацкая літаратура рускіх, беларускіх і замежных аўтараў.
У рамках Дня народнага адзінства ў бібліятэцы прайшла гульня-падарожжа “Я. Мой дом. Мая Беларусь!” Чытачы здзейснілі экскурс у гісторыю нашай краіны, узгадалі беларусаў, якія ў цяжкі для Беларусі час праявілі самаахвярную любоў да Айчыны, найвялікшую доблесць і гераізм. Вучням распавялі, калі быў абвешчаны Дзень народнага адзінства і які сэнс мае. Ішла гаворка пра галоўныя сімвалы сваёй краіны. Закончылася мерапрыемства выкананнем гімна Рэспублікі Беларусь. Да гэтай даты было аформлена “Дрэва добрых пажаданяў”, да якога дзеці прымацоўвалі лісткі з уласнымі пажаданнямі Беларусі. Кніжная выстава “У адзінстве народа − вялікая сіла!” змяшчала шмат маляўнічых кніг пра Беларусь і беларусаў.
Экалагічная гадзіна “Кніжныя мішкі, мішкіны кніжкі”, прысвечаная цару лесу – мядзведзю, суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй. Удзельнікі здзейснілі займальнае падарожжа ў свет казак і апавяданняў, дзе галоўныя героі – мядзведзі. Дзеці даведаліся пра жыццё і звычкі мядзведзя, колькі ён важыць, яго прозвішчы і любімыя ласункі. Далей узгадалі прыказкі і прымаўкі пра мядзведзя, любімых казачных медзведзянятаў і вядомых літаратурных мішак. Сустрэча з касалапымі героямі запомнілася атмасферай дабра, цеплыні і цікавымі кнігамі, прадстаўленымі на выставе “Мішкі з кніжкі”.
У рамках Адзінага дня бяспекі для вучняў 1-4 классаў супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі квэст-гульню “Бяспека – гэта важна”. У гульнявой форме школьнікі паўтарылі правілы бяспекі і сталі ўдзельнікамі займальнай гульні-падарожжа па станцыях: “Мой дом – мая крэпасць”, “Сцеражыся агню!”, “Цішэй едзеш – далей будзеш”, “Антытэрор”. Яны з цікавасцю прайгралі свае паводзіны ў небяспечных абставінах, вучыліся правільна выклікаць пажарную службу, хуткую дапамогу, міліцыю. Гульня прайшла на пазітыве.
Свае веды дзеці маглі замацаваць літаратурай з кніжнай выставы “Азбука бяспекі”.
Каляга А.І., загадчык Падсвільскай дзіцячай бібліятэкі