Не за гарамі зімовыя канукулы.
Бібліятэкары, знайдзіце магчымасць прапанаваць юным чытачам паміж лыжамі, санкамі і валяннем у снезе, знайсці вечаровы час і на кнігу!
Алесь Жук «Лаві зайца!»
Пабачыла свет новае выданне пісьменніка Алеся Жука пад назвай «Лаві зайца!». А. Жук — адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў. Яго творы вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, філасофскай і эстэтычнай накіраванасцю. Пісьменнік звяртаецца да тэм стаўлення да прыроды, чалавечага шчасця, пераадолення жыццёвых праблем, асэнсавання чалавекам самога сябе. Па асобных творах А. Жука пастаўлены спектаклі і зняты мастацкія фільмы.
Кніга «Лаві зайца!» уяўляе сабой збор невялічкіх апавяданняў, якія расказваюць пра розныя з’явы ў прыродзе, і прызначана для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Галоўныя героі — дзед Алесь і яго ўнук Ягорка. Яны ўсё робяць разам: дзед вучыць унука сапраўдным мужчынскім справам і тонкасцям у гаспадарцы, на паляванні і рыбалцы. У аснове сюжэтаў — цікавыя прыгоды герояў. Дзед Алесь вучыць унука (а разам з тым і чытача) чуйна ўглядацца ў навакольны свет, ведаць кожную сцяжынку ў лесе, яго жыхароў. Кніга знаёміць з разнастайным светам птушак, звяроў, раслін, ягад і грыбоў. Так, пра птушынае царства расказваецца ў апавяданнях «Зімовыя птушкі», «Хто на балоце жыве», «Дзе чыё гняздо», «Курапатка-падманшчыца», «Птушкі і вырай». Апавяданні «Лаві, дзед, зайца!» і «Жыў у дзеда заяц», здаецца, ілюструюць і расказваюць пацешныя гісторыі пра шэрых баязліўцаў, аднак вучаць вельмі важнаму: усё, што нарадзілася ў прыродзе, там павінна і жыць: зайчаня гэта, птушка ці любы іншы звер.
Асобна ў кнізе пададзены каляндар прыроды, які расказвае пра змены на працягу кожнага месяца года. Узнікае толькі пытанне, чаму аўтар вырашыў пачаць каляндар з сакавіка. Магчыма, у свядомасці яшчэ захаваўся адбітак вельмі даўняй традыцыі, калі Новы год адзначаўся 1 сакавіка. А магчыма, гэта аўтарскае адчуванне першага месяца года — вясна як пачатак новага.
Кніга «Лаві зайца!» прыгожа аздоблена ілюстрацыямі мастачкі Святланы Стахоўскай, якая ўдала стварыла асацыятыўны малюнкавы рад: галінка квітучай вішні асацыіруецца з маем, каласкі — жніўнем, галінка рабіны — кастрычнікам, пралеска — красавіком... У цэлым кніга А. Жука вельмі цікавая і каштоўная. Яна выхоўвае ў юных чытачоў пачуццё яднання з прыродай, вучыць ведаць, заўважаць і берагчы ў навакольным асяроддзі кожны жывы арганізм.
Ірына Карнаухава «У царстве свяшчэннага Байкала»
Новая кніга выйшла ў дзіцячай пісьменніцы Ірыны Карнаухавай, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Беларускага саюза музычных дзеячаў, кіраўніка народнага клуба кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці «Жывіца». У яе творчым багажы 19 вершаваных зборнікаў, у тым ліку 9 для дзяцей, і два песенныя дыскі. Творы Ірыны Карнаухавай увайшлі ў шматлікія калектыўныя зборнікі, а таксама ў фотаальбомы У. Цыдзіка «Зачараваны Беларуссю» і «Бачу Беларусь такой».
Кніга «У царстве свяшчэннага Байкала» вызначаецца захапляльным сюжэтам. Кідаецца таксама ў вочы вокладка, выкананая ў шэра-блакітных тонах, з элементамі ўзораў ад марозу, — акурат тое, што адбываецца сёння за акном. Такімі ж тэматычнымі ілюстрацыямі старонкі выдання аздобіла мастачка Алеся Зяновіч.
Кніга ўяўляе сабой казку-быль пра ўнікальную прыроду возера Байкал, яго зімовую прыгажосць з цудоўнымі краявідамі, легендамі і міфамі. Возера Байкал знаходзіцца на тэрыторыі Расіі, рэдка хто можа адправіцца туды ў вандроўку. А ў віртуальнае падарожжа па старонках кнігі — калі ласка. Даступна і захапляльна.
Сюжэт казкі-былі заснаваны на тым, што сям’я галоўнага героя Сцёпы рушыць на адпачынак на самы буйны байкальскі востраў Альхон.
Гэтае месца ахутана шматлікімі таямніцамі і загадкамі, з некаторымі з іх сустракаецца наш галоўны герой. Так, напрыклад, Сцёпа, абследуючы пячоры Шаман-гары, пазнаёміўся з дзіўнымі істотамі — шуфацацікамі, а на мысе Хабой хлопчыка здзівіў невядомы голас.
«У царстве свяшчэннага Байкала» — зімовае падарожжа ў месца, незвычайнае і далёкае для нашай краіны. Таму кніга, без сумневу, будзе цікавая дапытлівым вандроўнікам, юным цікаўным чытачам, якія разам з героем змогуць адгадаць загадкі возера Байкал.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая «Загадка прынцэсы Агнэсы»
«Аліса ў краіне цудаў» па-беларуску? — адразу думаецца пры знаёмстве з кнігай Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Загадка прынцэсы Агнэсы». Яшчэ і выдатныя малюнкі таленавітай мастачкі Анастасіі Балыш акунаюць у таямнічы свет, даючы палёт думкам і фантазіі. Звяртаемся да анатацыі выдання: «У гэтай кнізе жывуць прыўкрасныя прынцэсы, багатыя каралі і кемлівыя ды разумныя людзі з народу. Тры казкі і іх персанажаў аб’ядноўвае старажытная забава, якую называюць мастацтвам, навукай і гульнёй. Гэта шахматы! Яны паспрыялі героям кнігі развеяць злыя чары. Здабыць жаданае шчасце і знайсці сапраўднае каханне!» Адным словам, кніга — пра ўсё таямнічае, загадкавае, чароўнае, што адбылося з героямі праз незвычайныя шахматныя партыі.
Выданне «Загадка прынцэсы Агнэсы» пабачыла свет у адмысловай аўтарскай серыі «Казкі кніжнай феі». У Кацярыны Хадасевіч-Лісавой сапраўды казачны вобраз. Таму, толькі адкрыўшы кнігу, адразу ўяўляеш, быццам казачніца мяккім аксамітавым голасам табе чытае: «Гэтая казка — сапраўдная машына часу, бо яна здольная адправіць сваіх чытачоў у глыб стагоддзяў. Той, хто хоча здзейсніць дзівоснае падарожжа, павінен ўважліва чытаць і ўяўляць тое, пра што я распавяду».
Аўтар размаўляе з юным чытачом на адной мове і тым самым адпавядае запытам сваёй аўдыторыі. Так, акрамя захапляльных казак, у выданні ёсць гульня «Твой ход!» — так званы інтэрактыў, які толькі падагравае чытацкі інтарэс. У дадатак на вокладцы размешчаны QR-коды, па якіх можна спампаваць і карыстацца казачнымі аўтарскімі стыкерамі.
Таццяна Атрошанка «Байкі ды казкі бабкі Параскі»
Кніга «Байкі ды казкі бабкі Параскі» — плён творчага тандэма пісьменніцы Таццяны Атрошанкі і мастачкі Аксаны Аракчэевай-Кіпхарт. Цікавыя і неверагодныя гісторыі, змешчаныя ў кнізе, дазваляюць чытачу трапляць разам з казачнымі героямі ў незвычайныя жыццёвыя абставіны. Юны чытач вучыцца пераадольваць цяжкасці, разважаць, лепш разбірацца ў таямніцах чалавечай душы, больш уважліва глядзець на тых, хто побач, шырэй бачыць навакольны свет. Казкі і байкі фарміруюць правільныя ўяўленні пра сумленне, годнасць, смеласць, дабрыню, справядлівасць і шчасце.
Творы, сабраныя ў кнізе, вылучаюцца своеасаблівым аўтарскім аповедам. Складваецца ўяўны вобраз бабкі Параскі, якая быццам і сапраўды расказвае дзецям казку: «А вы ведаеце, адкуль пайшоў выраз: “Не свішчы?” Не? Тады слухайце. Жыў-быў бабёр. І такім шкодным ён быў, што крыўдзілася на яго ўся бабрыная вёска...»
Таццяна Атрошанка ў сваіх байках і казках галоўную думку аздабляе цікавымі гісторыямі, звязанымі найперш з жывёльным светам, і прадстаўляе такім чынам юнаму чытачу пляцоўку для роздуму. Вельмі важна, каб сэнс твораў не заўсёды ляжаў на паверхні — так чытач вучыцца самастойна рабіць высновы, успрымаць духоўныя каштоўнасці і маральныя арыенціры.
Нягледзячы на тое, што выданне прызначана для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, цікавым будзе як для меншых, так і больш сталых чытачоў. Таму што казкі не губляюць актуальнасці — гэта вечная каштоўнасць, скарб, які вучыць чалавека жыццю.
Вольга Нікольская «Свецік: падарожжа ў Сетцы»
Да ліку дзіцячых пісьменнікаў, якія размаўляюць са сваімі чытачамі на роўных, адносіцца і Вольга Нікольская. Пісьменніца нарадзілася ў Мінску, скончыла Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, зараз працуе ў Белтэлерадыёкампаніі на радыёстанцыі «Сталіца». В. Нікольская — аўтар трылогіі для дзяцей «Мы — агенты “КаўбаФір”», «Прыгоды агентаў “КаўбаФірЖык”» і «Выкраданне шэдэўра, ці Новыя прыгоды агентаў “КаўбаФірЖык”», а таксама сучаснай аповесці-казкі «Фей па імені Свецік».
У кнізе «Свецік: падарожжа ў Сетцы» жыве ўжо вядомы чытачу герой Свецік — адзін з зубных феяў. Кожную ноч ён са сваімі братамі аблятае дамы, забіраючы з-пад падушак выпалыя ў дзяцей малочныя зубы. А наўзамен фей Свецік пакідае падарункі ці выконвае жаданні. Аднойчы пад падушкай маленькай дзяўчынкі ляжаў не звычайны зуб, а злеплены з жвачкі. З яго ўсё і пачалося: знаёмства з людзьмі-зомбі, сяброўства з вясёлымі сістэмнымі памылкамі і барацьба з выкрадальнікам чалавечых душ — страшным і жудасным БлэкСмайлам.
Сучасная аповесць-казка вылучаецца наватарствам: займальны і інтрыгоўны сюжэт, дынаміка, цікавыя героі, яскравыя ілюстрацыі мастачкі Яніны Вашчанкі — усё гэта робіць твор блізкім да дзіцячага дэтэктыва. А, як вядома, дэтэктывы — жанр літаратуры, які цікавы і дзецям, і дарослым. Таму кніга «Свецік: падарожжа ў Сетцы» прызначана шырокаму колу чытачоў.
Іна Фралова «Рамонкі на асфальце»
Пачабыла свет і новая кніга паэтэсы Іны Фраловай «Рамонкі на асфальце». Пісьменніца нарадзілася ў Мінску. Скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Доўгі час працавала ў дашкольных установах сталіцы. Са студзеня 2013 года — у штаце Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Іна Фралова — аўтар паэтычных зборнікаў «Чакаю першы снег», «Там, у светлых барах», «Белы бераг», а таксама кнігі перакладаў «Радка жывога пілігрымы». Дзіцячыя вершы І. Фраловай упершыню з’явіліся на старонках часопісаў «Родная прырода» і «Мишутка».
Выданне «Рамонкі на асфальце» — удалае, яркае, эмацыянальнае спалучэнне яскравага паўнаколернага ілюстрацыйнага рада ў выкананні мастака Сяргея Волкава і трапных, вясёлых вершыкаў паэтэсы, прызначаных для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Героі кнігі кошка Брошка, мышка-грамацейка, Параход і Кашалот выступаюць сябрамі для юнага чытача, простымі і запамінальнымі. Акрамя гэтага, І. Фралова здолела перакласці на дзіцячую мову такія недзіцячыя паняцці, як «стрэс» і «любоў». На старонках выдання юнага чытача чакаюць займальная вандроўка ў казачны лес, вясёлыя скорагаворкі, запамінальныя лічылкі і мноства малюнкаў, якія доўга можна разглядваць, даючы палёт фантазіі.
Па матэрыялах сайта https://zviazda.by/