07.07.2021
22 чэрвеня 2021 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №97 зацверджаны вынікі XXIX Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры».
Конкурс праводзіцца штогод сярод публічных бібліятэк у два этапы (абласны і рэспубліканскі) па чатырох намінацыях: “За пошукавую і даследчую працу”, “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”, “За падтрымку і развіццё чытання”, “За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы”.
Па выніках ХХІХ конкурсу дыпломамі першай, другой і трэццяй ступені былі адзначаны 24 публічныя бібліятэкі, 5 бібліятэк прадстаўлены к заахвочванню.
І, самае прыемнае. У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы за пошукавую і даследчую працу па вывучэнні гісторыі ўзнікнення і станаўлення перыядычнага друку на тэрыторыі Глыбоцкага краю і стварэнне даведачнага выдання “Перыядычны друк Глыбоччыны (1924-2020 гг.), які падрыхтавала бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ізаітка Марына.
Гэта першае асобнае даследванне, якое асвятляе гісторыю ўзнікнення перыядычнага друку на Глыбоччыне, дае дакладную і поўную бібліяграфічную інфармацыю пра мясцовыя газеты і часопісы, удакладняе інфармацыю аб персаналіях, звязаных з выдавецкай дзейнасцю. У дапаможніку ахарактарызаваны 24 выданні, прыводзяцца цікавыя звесткі з пункту гледжання гісторыі, ідэалагічнага зместу і масавасці.
Выданне будзе цікава гісторыкам, краязнаўцам ,бібліятэчным супрацоўнікам,спецыялістам органаў друку і сродкаў масавай інфармацыі,выкладчыкам. студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца працэсам развіцця перыядычнага друку Беларусі.
Віншуем з перамогай!