Іван Шамякін. Цікавыя факты з жыцця: да 100-годдзя з дня нараджэння

Ivan SHamyakin 4

30 студзеня 2021 г. спаўняецца 100 год з дня нараджэння Івана Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі, аўтара пенталогіі «Трывожнае шчасце», раманаў «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», аповесці «Гандлярка і паэт», якія чыталі мільёны чытачоў. Жыццё і творчасць пісьменніка добра асветлены на старонках кніг і інтэрнета. А мы прапануем некалькі яркіх фактаў з біяграфіі творцы.

 

Факт 1. Меў цудоўную памяць. 

Што адзін раз прачытае, тое памятае ўсё жыццё. Але чытаў вельмі павольна, удумліва, з алоўкам. А яшчэ ў дзяцінстве Іван лоўка навучыўся насіць на галаве стос кніг. Чамусьці гэта вельмі не падабалася бацьку. І той часта дакараў, што сын расце шутам гарохавым.

Ivan SHamyakin 2 Факт 2. Захоўваў “лебядзіную вернасць”

Першае каханне надзвычай рэдка перарастае ў сур’ёзныя пачуцці, а тым больш у шлюб. Але Шамякін пазнаёміўся з будучай жонкай, калі вучыўся ў пятым класе. Там ён упершыню ўбачыў Машу Кротаву, “маленькую, рыжанькую, з вялікімі блакітнымі вачыма, вельмі жывымі і выразнымі”. Закахаўся ў яе пасля аднаго эпізоду. Хлопец адрасціў доўгія валасы. Дырэктар некалькі разоў папярэдзіў яго, а потым прымусова пастрыг перад усім класам. Усе здзекаваліся (некаторыя нават каментавалі, што іх сябра “стрыгуць, як барана”), спачувала толькі Маша.

Праз тры месяцы сям’я Шамякіных пераехала. Наступны раз юнакі сустрэліся ў Гомелі, куды паехалі вучыцца пасля заканчэння сямігодкі. Іван Пятровіч паступіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, Марыя Кротава – у медыцынскі тэхнікум. Праз два гады, убачыўшыся ў кінатэатры, яны пачалі сустракацца, а ў 1940-м, у 19 гадоў, перад прызывам Шамякіна ў армію, узялі шлюб.

Менавіта Марылі прысвечана яго першая аповесць — «Непаўторная вясна». Сваёй жонцы прысвяціў ён і адно са сваіх апошніх твораў — «Слаўся, Марыя», якое напісана ўжо пасля смерці каханай. Разам, у шчаслівым шлюбе, яны пражылі 58 гадоў.

Шамякін цяжка перажываў смерць сваёй жонкі ў 1998 годзе. Ён стаў вельмі мала есці, зусім мала рухаўся. А лекары толькі разводзілі рукамі — не маглі паставіць яму дыягназ, казалі: «Ён проста стаміўся жыць». Памёр пісьменнік праз 6 гадоў пасля жонкі, у 2004 годзе.

Ні вайна, ні іншыя нягоды не змаглі разлучыць закаханых. Але, па іроніі лёсу, іх разлучыла смерць. Жонка пісьменніка, Марыя Філатаўна, пахавана на Паўночных могілках Мінска. А самога Івана Шамякіна не маглі пахаваць там жа. Яго, як вядомага чалавека, пахавалі сярод іншых вядомых беларускіх дзеячаў на Усходніх могілках.

Факт 3. Лічыў, што на магілах творцаў павінны стаяць не скульптурныя партрэты, а паэтычныя сымвалы

Іван Шамякін гаварыў, што магіла творцы павінна адлюстроўваць тое, чым займаўся гэты чалавек пры жыцці. І ставіць трэба не скульптуры і пастаменты, а сымвалы, якія б адлюстроўвалі сутнасць творчага свету пісьменніка.

Факт 4. Дзякуючы каханню стаў пісьменнікам, 

Цяжка паверыць, але Шамякін пачынаў свой шлях у літаратуру з вершаў. Праўда, па ўспамінах самаго аўтара, іх добра крытыкавалі на пасяджэннях гомельскага літаратурнага аб’яднання. Закахаўшыся ў сваю будучую жонку, Шамякін упершыню ў жыцці наважыўся напісаць прозу.

“На зімовых канікулах, седзячы ў лесе, у самотнай адзіноце, я сачыніў, менавіта сачыніў дзённік. Выдумаў рамантычную гісторыю: маладая прыгожая жонка ляснічага (не было такой жонкі! Была кабета сярэдніх гадоў з трыма дзецьмі, якую я бачыў улетку, калі адносіў нейкія паперы бацькавы) закахалася ў мяне (во герой!). Безумоўна, па просьбе яе ляснічы запрасіў мяне, студэнта, інтэлігента, на абед. Доўгі высокаінтэлектуальны дыялог старонак на дзесяць. Размова пра жыццё і пра кнігі, у тым ліку і пра “Что делать?””.

Як пазней прызнаваўся Шамякін, гэтая гісторыя сачынялася для будучай жонкі, каб “узняць, як кажуць сёння, свой імідж у яе вачах: во які герой! На мяне замужняя жанчына кінула вока”. Праўда, праз паўтары гады Маша Кротава прызналася, што не паверыла ніводнаму слову з таго дзённіка. З таго часу Шамякін, паводле яго слоў, “занатоўваў толькі праўдзівыя падзеі і думкі”.

Ivan SHamyakin i Andrey MakaenokФакт 5. Лепшы сябра – Андрэй Макаёнак
У 1948 годзе Шамякін з сям’ёй перабраўся ў Мінск. Спачатку ён здымаў кватэру на Лагойскім тракце. Побач на такіх жа правах жылі пісьменнікі Аляксей Кулакоўскі, Пётр Васілеўскі і Андрэй Макаёнак. З імі Шамякін сябраваў усё жыццё, але найбольш блізкія стасункі яго звязвалі з драматургам Макаёнкам. “Адзін без аднаго дня не маглі пражыць, – згадваў Шамякін. – Паміж нашымі дачамі ў Ждановічах – кіламетры са два. Здаралася, доўгім летнім вечарам усё перагаворым, абмяркуем, але ўсё роўна паўночы праводзім адзін аднаго, як закаханыя: спачатку ён мяне, потым я – яго”.

А ўпершыню сябры ўбачыліся яшчэ раней, прычым дзякуючы выбарам. Пасля вайны адбываліся выбары ў Вярхоўны Савет ці то СССР, ці то БССР. Івану Пятровічу даручылі прывезці ў Мінск выбарчыя бюлетэні, каб перадаць іх у цэнтральную камісію. Але выехаць з Гомеля не мог: не было квіткоў. Потым на пероне з’явіўся дзелавы хлопец, які стварыў дэлегацыю, пайшоў да начальніка станцыі і дабіўся, каб да цягніка прычапілі дадатковы вагон. Гэта і быў Макаёнак.

Факт 6. Звяртаўся па дапамогу да КДБ
На рубяжы 1970–1980-х пісьменнік зацікавіўся сюжэтам з савецкай гісторыі. Гаворка пра Брэсцкі мір (1918), калі бальшавікі, ратуючы сваю ўладу, дамовіліся з Германіяй і выйшлі з Першай суветнай вайны. Падшыўкі “Праўды” не далі поўнага ўяўлення пра тыя падзеі. Тады Шамякін вырашыў пазнаёміцца з мемуарамі Льва Троцкага – аднаго з лідараў бальшавікоў, які да таго часу лічыўся “ворагам народа”. Аднойчы пісьменнік апынуўся ў адным прэзідыуме з Якавам Нікулкіным, старшынёй КДБ Беларусі (1970–1980). І папрасіў дастаць яму кнігу Троцкага. “Навошта табе?” – спытаў галоўны чэкіст рэспублікі. “Раман вырашыў напісаць, і трэба ж ведаць галоўнага апанента Леніна!”“Але ж дзе я яго дастану?”“Вы ўсемагутныя!” – адказаў пісьменнік.

Праз месяц яму патэлефанаваў памочнік Нікулкіна. І паведаміў, што на мытні арыштавалі асобнік кнігі, але на нямецкай мове. Шамякін схлусіў, што яму перакладзе дачка. Кнігу выдалі пад распіску, папярэдзіўшы: ніякіх калектыўных чытак! Суседка Шамякіна знайшла супрацоўніка Лінгвістычнага інстытута, які перакладаў з ліста. Як расказваў Шамякін, яны месяц сядзелі з каньяком, чытаючы “Маё жыццё” Троцкага. У выніку з-пад пяра Шамякіна выйшаў раман “Петраград–Брэст”.

Факт 7. Адваротны бок шчаслівага жыцця
Шамякіна прынята лічыць шчасліўчыкам. Сапраўды, рэдка хто з пісьменнікаў атрымліваў такое прызнанне. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Яго кнігі ў савецкія часы выходзілі вялікімі накладамі і мелі поспех сярод чытачоў. Але шмат што засталося па-за кадрам. Напрыклад, той жа раман “Петраград–Брэст” доўга не друкавалі.

Як згадваў гісторык і энцыклапедыст І.Хаўратовіч, у час напалу спрэчак “Іван Пятровіч захварэў (у выніку высокага крывянога ціску ў воку лопнулі сасуды)”. Шмат у чым лёс рамана залежаў ад І.Антановіча, тады загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ. Калі верыць усё таму ж Хаўратовічу, Антановіч цынічна пракаментаваў гэты выпадак: “Усе творы Шамякіна праходзілі і прымаліся на “ўра”. Адзін раман крыху прытармазілі, і ў яго, бачыце, нервы не вытрымалі, інсульт у вока стрэліў. Падлечыцца, вернецца, можа, што падправіць, і раман пойдзе ў свет”. Кніга ўрэшце выйшла, але можна толькі здагадвацца, колькі гэта каштавала аўтару.

Факт 8. Начальнік, які «выбіваў» кватэры
Пералік пасад, якія займаў Іван Шамякін, уражвае. Адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Але на ўсіх гэтых пасадах Шамякін дапамагаў сваім калегам па працы. “Я любіў выбіваць, у прыватнасці, кватэры, не саромеўся дабірацца да самага верху, да таго ж Ціхана Кісялёва, старшыні Саўміна, і нават да Машэрава”, – прызнаваўся Шамякін.

У адным з інтэрв’ю ён расказваў, як не мог трапіць на прыём да П.Коханава, старшыні рэспубліканскага Дзяржплана (толькі той мог вылучыць ліміты на будаўніцтва). “Пайшоў да Машэрава, – расказваў Шамякін. – Расплакаўся, што такі доўгі спіс бескватэрных пісьменнікаў”. Кіраўнік БССР патэлефанаваў Коханаву, спытаў, ці чытаў той Шамякіна, і папрасіў дапамагчы. Не паспеў Іван Пятровіч вярнуцца ў Саюз пісьменнікаў, як яму патэлефанавалі з Дзяржплана. Абураны чыноўнік заявіў, што возьме ліміты з Гомельскай вобласці і скажа, што забраў Шамякін. “Я ж яшчэ раз пайду”, – парыраваў пісьменнік, намякаючы на паход да Машэрава. Неўзабаве новыя кватэры атрымалі 12 пісьменніцкіх сем’яў.

 Ivan SHamyakin 5Факт 9. Іван Шамякін наведваў Глыбокае

Іван Шамякін неаднаразова прыязджаў у Глыбокае і сустракаўся са сваімі чытачамі. Ён вельмі любіў паездкі па краіне, наведаў амаль што ўсе раённыя цэнтры Беларусі. На фотаздымку супрацоўнік Глыбоцкай раённай бібліятэкі Протас Н.А. выступае на сустрэчы з пісьменнікам.

Факт 10. За ім прыйшлі анёлы
Жыццё Шамякіна падзяліў на дзве часткі 1991 год. Пісьменнік не прыняў распад Савецкага Саюза і застаўся верны ранейшым каштоўнасцям. Апроч таго, у яго “на кніжцы” знаходзілася гіганцкая сума. Як пісаў літаратуразнаўца Аляксандр Станюта, гаворка ішла пра сто тысяч рублёў, якія збіраліся дзесяцігоддзямі, а “згарэлі” ў адно імгненне. Немалады пісьменнік мусіў зноў зарабляць сабе на хлеб. Потым адбылося страшнае – у 41 год памёр сын Аляксандр. Апошнім ударам для Шамякіна стала смерць любімай жонкі Марыі Філатаўны (у 1998-м).

Пра смерць пісьменніка (14 кастрычніка 2004 года) расказала ва ўспамінах яго дачка Алеся Шамякіна. У апошнюю ноч яна, устрывожыўшыся, зайшла да бацькі са сваім мужам Сяргеем. “Бацька не спаў, паглядзеў на нас і раптам сказаў”: “Шэпчуць…” – і слабым рухам рукі паказаў некуды ў бок. Мы падумалі, што гэта яму прымроілася ў сне. “Тут нікога няма, што шэпчуць?” – запытаўся Сяргей. Адказ нас уразіў: “Малітвы”. У тую ноч Шамякіна не стала. Зяць пісьменніка тады сказаў жонцы: “Ты ведаеш, гэта анёлы па яго прыходзілі і спявалі малітвы. Ён ужо чуў іх…”

 Аўтар  Марціновіч. 

Успаміны пра І.Шамякіна  яго дачкі Таццяны Шамякінайhttps://news.21.by/society/2012/10/11/637060.html 

22.01.2021

 

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих

 Глыбоцкі Дом рамёстваў.

sm

kulturaby

god adzinstvs 2021

pravoby2

glub rik

dps 2020

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

2018 03 26 00987

gogul

webland

uni

vit

 

Счетчик посещений

Сёння 13

Учора 25

За тыдзень 213

За месяц 213

Усяго 54986

Перыяд:

2018-01-01 - 2021-03-06

Зарэгістравалася: 196