:

Залескія стараверы: страчаная спадчына

Staravery 0001 01 15

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Залеская дзіцячы сад-сярэдняя школа Глыбоцкага раёна”

 Рэспубліканскі конкурс навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў 

намінацыя “Культурная спадчына” 

 

Staravery 1

ЗАЛЕСКІЯ СТАРАВЕРЫ: СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА

Аўтар: Шынкевіч Вікторыя, вучаніца 7 класа Залескай СШ,

удзельнік аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”

 Кіраўнік: Шарыпкін Рыгор Леанідавіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры

 

 

Змест

Уводзіны

Асноўная частка

  1. З гісторыі страабрадніцтва на Беларусі
  2. Стараверы ў Залессі. Пачатак гісторыі
  3. Побыт, абрады, звычаі, мова
  4. Стараабрадніцкая царква ў в. Залессе і яе лёс
  5. Духоўная культура старавераў

Заключэнне

Літаратура

 УВОДЗІНЫ 

Staravery 0001 12…У вёсцы Залессе ў самым цэнтры стаіць будынак. Сучасны яго стан даволі непрыглядны. Цяжка зараз паверыць у тое, што гэта – былая рэлігійна-культавая пабудова, храм, у якім калісьці спраўлялі свае набажэнствы нашы людзі... Гэты будынак – былая Залеская стараверская царква-малельня.

Калі ўлічыць, што вёска Залессе мае сваю багацейшую гісторыю, а радавод вёскі афіцыйна пачынаецца ў летапісах у другой палове XIV стагоддзя (1378 – 1387 г.г.), то трэба адзначыць, што гэта пабудова, фактычна, з’яўляецца апошнім захаваўшымся гісторыка-культурным помнікам нашай спадчыны на тэрыторыі паселішча. Аднавіць ці рэстаўрыраваць гэту пабудову наўрад ці можна… Таму тое, што можам зрабіць мы, вучні – толькі захаваць летапісную гісторыю культавага архітэктурнага помніка нашых продкаў, даследаваць і напісаць гісторыю яго заснавання і дзейнасці.

У даследчай працы мы звернулі ўвагу на гісторыю Залескай стараверскай царквы-малельні і распавялі пра цікавы перыяд жыцця вёскі Залессе, калі тут з’явілася зусім новая для мясцовых жыхароў суполка насельнікаў – стараверы, “маскалі”, “маскоўцы”, нашчадкі якіх яшчэ жывуць тут і зараз. Аднак амаль што ўся культура стараабраднікаў на Залесчыне на сённяшні дзень ужо згубіла сваю адметнасць, і толькі некалькі сем’яў сваімі прозвішчамі і асаблівасцямі гаворкі (дыялектам) нагадваюць аб тым, што калісьці вёска Залессе славілася як цэнтр стараабрадніцкай веры.

Staravery 2 Мэта даследавання: вывучэнне гісторыі з’яўлення старавераў у Залессі; раскрыццё асаблівасцей іх побыту, жыцця і звычаяў, мовы; асвятленне падзей, звязаных з дзейнасцю стараверскай царквы-малельні.

Аб’екты даследавання: былая стараабрадніцкая царква-малельня ў в. Залессе; частка вёскі Залессе – былая вёска Нова-Аляксандраўка – заселеная калісьці стараверамі, выхадцамі з Расіі (цэнтральныя раёны Сібіры).

Метады даследавання:

  • праца з архіўнымі і дакументальнымі матэрыяламі гісторыка-краязнаўчага музея Залескай школы “Мінулае Залесчыны” па гісторыі стараабрадніцтва ў Залессі;
  • агляд і вывучэнне асаблівасцей абрадавай культуры старавераў;
  • пошук дакументальных матэрыялаў у краязнаўчай літаратуры па гісторыі Глыбоччыны (тэма “Стараабрадніцтва”);
  • даследаванне пахавальнай культуры старавераў у Залессі. 

Асноўная частка

З ГІСТОРЫІ СТАРААБРАДНІЦТВА НА БЕЛАРУСІ

Staravery 3 Стараверы (стараабраднікі) – назва шэрагу этнаканфесійных груп рускага насельніцтва. З’яўленне старавераў звязана з расколам рускай праваслаўнай царквы ў сярэдзіне XVII стагоддзя.

У 1652 г. патрыярхам Маскоўскім быў абраны Нікан. Хутка ён стаў ініцыятарам рэформы па “выпраўленню” памылак у правядзенні набажэнстваў праваслаўнай царквы. Лічылася, што за пэўны час парушыліся традыцыі, у свой час закладзеныя грэчаскай (Візантыйскай) царквою. Цар Аляксей Міхайлавіч падтрымаў ініцыятыву патрыярха Нікана. Рэформа запрацавала на ўсю моц.

Асноўныя пункты рэформы пачынаюць патрабаваць выпраўлення тэкстаў Святога пісання, уводзіцца хрышчэнне трыма пальцамі замест двух, змяняецца напісанне імя Хрыста “Іісус” замест “Ісус”.

Рэформа выклікала пратэст у многіх людзей, якія лічылі старыя традыцыі праваслаўя “правільнымі”. Так з’явіліся тыя, хто не згадзіўся з патрыярхам Ніканам і адмовіўся прызнаваць рэформу.

Нікан у 1654 г. аб’явіў усіх праціўнікаў рэформы ерэтыкамі і дзейнічаў супраць іх сурова і жорстка. Так і пачаўся гэты раскол: тыя, хто быў супраць Нікана, за старую веру, сталі называць сябе “стараверы”, “стараабраднікі”, а прыхільнікі Нікана іх называлі “раскольнікамі”. Барацьба за ўкараненне новых зменаў у праваслаўі суправаджалася высылкай, турмою, смяротнымі пакараннямі…

Частка старавераў, які адмаўляліся выконваць царкоўныя абрады па-новаму, сталі называцца “безпапоўцамі”. Многія з іх былі выселены ў Сібір. Толькі ў 1971 г. Сабор Рускай праваслаўнай царквы зняў са старавераў усе пракляцці XVII cтагоддзя і прызнаў законнасць старых абрадаў…

На Беларусі стараверы ўпершыню з’явіліся ў 2-й палове XVII ст. – 1-й палове XVIII ст. 

 СТАРАВЕРЫ Ў ЗАЛЕССІ. ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ

Як з’явіліся стараверы ў Залессі?

Staravery 4 У архіве школьнага краязнаўчага музея “Мінулае Залесчыны” захоўваецца старая рукапісная царкоўная кніга “Приходская летопись Залесской церкви Литовской Епархии Виленской губернии Дисненского уезда Глубокского благочиния с 1880 года”. На старонках рукапісу мы знаходзім запіс, зроблены рукою святара Залескай царквы Максімільяна Памяранцава за 1880 год: В шестидесятых годах поселено правительством до тридцати семейств старообрядцев-беспоповцев. К ним народ относится недружелюбно, так как почти все они конокрады и разбойники…»[1] 

 Аставім апошнюю заўвагу святара наконт характарыстыкі старавераў на яго сумленні, бо патлумачыць такую непрыязнь да старавераў вельмі лёгка: стараверы заўсёды трымаліся ў сваім веравызнанні ў баку ад праваслаўнай царквы, беражліва захоўвалі свае элементы царкоўных абрадаў і традыцыі, нават хрысціліся не так, як праваслаўныя.

 У 1860 г. царскім урадам пачала праводзіцца палітыка перасялення рускіх сем’яў з глыбінных раёнаў Расійскай імперыі, асабліва з Сібіры. Ім абяцалі выдзяляць зямлю для вядзення гаспадаркі, для пабудовы. Многія пацягнуліся на Беларусь.

Staravery 0001 8Так і з’явіліся ў Залессі 30 сем’яў новых жыхароў, якім выдзелілі месца для пасялення. 30 сем’яў – гэта цэлая вёска. І вельмі хутка стараверы забудавалі ў Залессі яшчэ адно новае паселішча. Назвалі новую вёску Нова-Аляксандраўка ў гонар імператара Аляксандра ІІ, што стала вельмі незвычайнай з’явай у гісторыі нашага краю.

Можна ўявіць сабе, як адносілася наша карэннае насельніцтва да навасельцаў: стараверы прынеслі з сабою свае звычаі, свае абрады, свае прывычкі, сваю мову і культуру. Прозвішчы і імёны таксама выдзяляліся сваёй незвычайнасцю. Усё гэта і выклікала зразумелы недавер і нават варожасць да прышэльцаў, якіх мясцовыя жыхары адразу сталі называць крыху абразліва: “маскалі” або “маскоўцы”. Замест Нова-Аляксандраўкі нават стала ўжывацца ў народзе другая неафіцыйная назва: “Руская Дзярэўня”.

Вёска Нова-Аляксандраўка ўяўляла сабою моцную стараверскую абшчыну, дзе ўсе стараабраднікі трымаліся адзін аднаго, вельмі беражліва адносіліся да сваіх традыцый і правіл побыту, неахвотна ўступалі ў кантакты з мясцовым насельніцтвам, стараліся не “ўпускаць” у свой унутраны свет чужых…

1860 год – пачатак новай і цікавай старонкі ў гісторыі Залескага краю, гісторыі старавераў. 

 ПОБЫТ, АБРАДЫ, ЗВЫЧАІ, МОВА

Матэрыял пра асаблівасці жыцця і побыту старавераў у Залессі, сабраны і запісаны нашымі вучнямі ў час краязнаўчых вандровак па вёсцы ў нашчадкаў старавераў – Савельева Івана Емяльянавіча і Патарочынай Матроны Афанасьеўны. На вялікі жаль, гэтых людзей ужо няма сярод нас, засталіся толькі запісаныя ад іх успаміны і аповеды, якія і ляглі ў аснову даследавання…

Стараверы ў Залессі вылучаліся сярод нашых карэнных жыхароў амаль што ўсімі прыкметамі: вопратка, побыт, мова, абрады і рытуалы.

Мова

Найпершае, што кідалася заўсёды ў вочы – асаблівасці гаворкі, мясцовы дыялект. Мова старавераў – змешаная руска-беларуская гаворка з вялікай прысутнасцю слоў рускіх, але з асаблівасцямі вымаўлення. Гэтая гаворка і зараз чуецца ў размове іх нашчадкаў.  

Вось невялікі слоўнік мовы старавераў, найбольш запамінальных слоў для таго, каб адразу адчуць, што гэты дыялект не ўласцівы беларусам:

кулёк – пінжак

изба – дом, хата

помост – падлога

гора, гара – гарышча (чердак)

гульба, картопля – бульба

сяння, сягодня – сёння

надо – трэба

пахать, пашет – падмятаць, падмятае

байня – лазня

моргва – морква

Гаворка старавераў вылучалася хуткім тэмпам, “яканнем”, “аканнем”, вымаўленнем цвёрдага “г”, асаблівым спалучэннем прыназоўнікаў з займеннікамі: у мяня у мяне, к няму – да яго, явоный, ейный – ягоны, яе, наяўнасцю дзеясловаў з рускім вымаўленнем: глядел, смотрел, работал, побяжал.

Вось, да прыкладу, як гучалі асобныя сказы з вуснаў Івана Емяльянавіча і Матроны Афанасьеўны, запісаныя намі на слых і перададзеныя ў прыкладнай транскрыпцыі:

“Мая Мялентьевна уж ня та! Всё, аблятел белый цвет!»

 «На Пахома агурцы садют, на Юрья не садют. Их болей надо садить па сбытным дням. Есть сбытныя дни, кагда идёт луна на сбыт. Луна прибывает – и всё буде расти». 

 Прозвішчы і імёны

Staravery 5 Імёны і прозвішчы залескіх старавераў – яшчэ адна прыкмета, якая адразу ж вылучала іх сярод карэнных жыхароў. Традыцыя надання дзецям тыпова стараверскіх рускіх імёнаў зараз ужо сайшла ў нябыт і сучаснае пакаленне былых старавераў ужо не адрозніваецца ад нас імёнамі. А вось калі ўзяць спісы жыхароў Залесся пачатку ХХ стагоддзя, польскага часу, 1940-х гадоў нараджэння – тут адразу бачна выразная прыналежнасць да тыповых прадстаўнікоў Расіі (рускія па паходжанню прозвішчы і старарускія імёны). Прозвішчы маюць суфіксы –оў, -еў, -аў; -і, -ін, -ын.

У прыведзенай ніжэй табліцы ўнесены ўсе ўстаноўленыя намі прозвішчы залескіх старавераў за перыяд з 1860-га па 1960 г. і імёны, якія выдзяляліся з шэрагу звычайных і распаўсюджаных у нашай мясцовасці. 

Staravery 0001 7Прозвішчы жыхароў в. Залессе (в. Нова-Аляксандраўка):

Афанасьеў    Трафімаў    Лашкоў         Ляонаў

Грыгор’еў     Парамонаў  Савельеў        Еўдакімаў

Высоцкі        Новікаў       Дзяменцьеў    Ерафееў

Аўласаў       Анісімаў      Міронаў          Кірылаў

Патарочын  Іваноў    Шнураў                Красюкоў

Нікіцін          Фёдараў    Кісялёў             Пракоф’еў

Ціханаў         Сямёнаў    Цімафееў       Аляксееў

Staravery 0001 1 Імёны (мужчынскія) Імёны (жаночыя)

Маркіян        Андрон    Мілецій    Аксіння    Яўфімія

Феакціст    Садофій    Ляон    Агафона    Матрона

Ісай             Спірыдон    Еўлампій    Фяціння    Ванда

Яфім       Емяльян       Нісіфар          Еўфрасіння      Агрыпіна

Афанасій  Ларыён     Еўдакім        Агата      Пелагея

Ізволій      Карп      Платон     Пімен     Феадосія     Лукер’я      Васта

Фінагей       Ісідор    Ермалай     Яўстрацій     Праскоўя    Усціння

Прохар     Андрон       Савелій         Арэфій       Еўдакія    Дар’я     Анісія

Анікей       Анціп         Радыён         Харытон    Меланія    Фіяна    Фёкла

З прыведзеных вышэй прозвішчаў на дадзены час у Залессі і часткова па іншых вёсках Залескага сельсавета жывуць 13 іх прадстаўнікоў (нашчадкаў).

З імён у нашай сучаснасці папулярнасцю карыстаецца толькі жаночае імя Дар’я. Можна сцвярджаць, што са стратай сваіх звычаяў, абрадаў і элементаў веры стараабрадцы Залесся страцілі і традыцыі перадачы ў сваіх радаводах старарускіх імёнаў.

 Побыт старавераў

Доўгі час стараверы ў Залессі захоўвалі свой асаблівы, самабытны, патрыярхальны лад жыцця. Традыцыйным, як і ва ўсіх, лічыўся занятак земляробствам. А вось адметнасцю старавераў на Залесчыне сталі іх промыслы: дрэваапрацоўка, ткацтва, кравецтва і занятак пчалярствам. Дзіўна, але амаль усе стараверы-мужчыны былі заўзятымі рыбакамі, і па ўменню і ахвоце лавіць рыбу ім не было роўных ва ўсім нашым наваколлі. Гэта па спадчыне перадалося і іх унукам і праўнукам – сучаснай моладзі.

Staravery 0001Пабудовы значна адрозніваліся па ўнутранай планіроўцы ад звыклых нам беларускіх сялянскіх хат. Дом старавера заўсёды вылучаўся буйнымі памерамі. Жылая частка хаты, трохкамерная, падзялялася на жылую і чыстую палавіны. Жылая выкарыстоўвалася для розных гаспадарчых заняткаў. Чыстая – спальня і гасціная. На чыстай палавіне размяшчалася руская ці галандская печ, самаробная або фабрычная мэбля, абавязкова ў кожнай хаце была вялізная скрыня для адзення.

Мэблю для свайго дома стараверы любілі ладзіць сваю. У нашым краязнаўчым музеі захоўваюцца аутэнтычныя экспанаты – самаробная мэбля залескіх старавераў: этажэрка, канапа, ложак для адпачынку, стол. Усе прадметы выразаны і зроблены з дрэва ўручную, маюць элементы самадзейнай мастацкай дэкаратыўнай разьбы Трэба адзначыць, што сярод мясцовага карэннага насельніцтва гэта не было такой адметнай з’явай.

Характэрная прыкмета сядзібы старавераў – абавязковая наяўнасць лазні – байні.

Staravery 0001 3Staravery 0001 5Старавераў лёгка было пазнаць па вопратцы і па знешняму выгляду. Напрыклад, для мужчыны сталага ўзросту абавязковым лічылася наяўнасць акладзістай барады – гэта быў яўны прызнак, па якому старавер адразу вылучаўся сярод нашых жыхароў. Мужчыны насілі доўгі каптан, паддзёўку, кашулю-касаваротку навыпуск, шырокія штаны і боты з высокімі халявамі.

У жанчын заўсёды існаваў комплекс адзення з сарафанам, паверх абавязкова надзявалася камізэлька. Зімой апранаўся доўгі аўчынны кажух ці вопратка з футра.

Ежа прадстаўляла сабою традыцыйныя рускія стравы – капуста, каша, квас. Але самым адметным лічыліся гульбішнікі: вараная бульба таўклася, туды дабаўляліся соль, яйка, мука. Асобна гатавалася крапанка – адвараныя і абсмажаныя на алеі капуста, морква, боб, гарох і крупы. З патоўчанай бульбы рабіліся піражкі з гэтай начынкай.

Папулярнай стравай былі стульцы – тоўчаны вараны гарох з бульбай, саладуха – вада з іржаной мукой і хлебнай квашонкай, развараная ў печы, гульба з каноплямі.

Самы незвычайны факт з жыццёвага побыту старавераў: раней у кожнай хаце мелася каля вядра з вадой асаблівая кружка – паганая, калі ў дом заходзіў чалавек чужой веры, “не свой”, яму давалі папіць вады толькі з такога паганага кубка…

 Абрады старавераў

Абрадавая культура старавераў таксама мела шмат адрозненняў ад звычайнай беларускай. Зараз усе асаблівасці сцёрліся і забыліся, застаецца нязменным толькі пахавальны абрад.

Пры пахавальным абрадзе нябожчыка адпявалі тры дні, чытаўся “Псалтыр”. Абавязковай лічылася пахавальная вячэра для ўсіх прысутнічаючых у той вечар, калі памёр нябожчык. Мужчыне надзявалі халат і саван, жанчыне – сарафан да пят (шубейку). На левую руку нябожчыку надзявалі лестаўку. Лестаўка пры жыцці гаспадара звычайна вісела за іконамі. Уяўляла сабою самасшытыя трохкутнікі з вышытымі на іх крыжамі і лентай з маленечкімі трубачкамі, куды ўстаўляліся скручаныя паперкі з малітвамі. Лічылася: колькі зубкоў на ленце лестаўкі, столькі разоў трэба маліцца і рабіць паклоны. Форма ж трохкутнікаў напамінала елку – дрэва мёртвых.

Па законах старавераў нябожчыка абавязкова трэба было пахаваць да поўдня. Пасля пахавання маліліся тры разы: погребениеу дзень пахавання, поминание - праз 9 дзён, праз 40 дзён – понехида.

Цікава, што вывучаць культуру старавераў можна нават пры даследаванні могільнікаў.

Staravery 10 За вёскай Залессе на высокім паўвостраве возера Бярозаўскага размешчаны грамадзянскія могілкі. Заснаваны яны былі стараверамі. Першыя датаваныя помнікі на гэты месцы сустракаюцца за 1880 год. Асаблівасцю абрадавай пахавальнай культуры старавераў з’яўляюцца якраз старыя надмагільныя крыжы або пліты з надпісамі: мясцовае насельніцтва ніколі ў мінулым па сваіх памерлых родзічах не ставілі падобнага тыпу помнікаў. На могільных крыжах і плітах, дзе пахаваны стараверы, заўсёды выбіваліся надпісы на стараславянскай ці рускай мовах, крыжы заўсёды вылучаюцца незвычайнымі формамі, як і помнікі.

Для абраду нараджэння ў вёсцы была бабка-павітуха, яе задача была – бабіць – прымаць роды. Імёны народжаным дзеткам даваліся строга па царкоўна-славянскаму календару (адсюль і такі спіс незвычайных на наш слых імён старавераў). Абрад хрышчэння дзіцяці адбываўся праз дзесяць дзён.

Вясельны абрад у старавераў таксама меў некаторыя адметныя асаблівасці. Вяселле гулялі ў будзённыя дні акрамя з суботы на нядзелю. Спраўлялася вяселле ў дзвюх хатах. У доме нявесты гулялі вечар і поўдня, у доме жаніха – поўдня і вечар. Праз 7 дзён пасля вяселля маладыя ехалі да цешчы і цесця ў госці, гэта называлася нахлебины.

На хрышчэнне дізяці спраўлялі хресьбины. Пасля абраду хрышчэння гулялі свята, але строга без гарэлкі.

  СТАРАБРАДНІЦКАЯ ЦАРКВА Ў В. ЗАЛЕССЕ І ЯЕ ЛЁС

Асаблівай і галоўнай адметнасцю ў гісторыі жыцця залескіх старавераў была іх царква, калі быць больш правільнымі – малельня ці малітоўны дом.

Staravery 6 Царкву стараверы пачалі будаваць адразу ж пасля іх масавага пасялення ў Залессі – у 1860-м годзе.

Стаяла царква ў цэнтры новай вёскі ў нізіне. На невялікім купале царквы быў усталяваны драўляны васьміканцовы крыж. Самае цікавае, што гэты ж самы крыж і цяпер яшчэ захаваўся ў нашчадкаў старавераў сям’і Савельева Івана Емяльянавіча, бацька якога – Емяльян Савельеў – да 1961 года быў апошнім духоўным айцом царквы і залескай стараверскай абшчыны.

Набажэнствы стараверы спраўлялі толькі ў сваім храме. Царква мела сціплае ўнутранае ўбранства, аднак галоўнай адметнасцю былі насценныя металічныя крыжы з белай і сіняй эмаллю і абразы ў багата аздобленых мастацкіх рамах. Лічылася абавязковым мець у кожнай хаце кожнаму стараверу такія крыжы побач з абразамі, прычым для спраўлення набажэнстваў дома ў чыстай палавіне ў асобным пакойчыку размяшчалася свая малельня.

Staravery 0001 14Сёння ў кожнай хаце, дзе яшчэ засталіся жыць залескія стараверы, можна ўбачыць гэтыя крыжы і невялікія металічныя высокамастацкія абразы – святыя рэліквіі продкаў, да якіх іх нашчадкі адносяцца з вялізнай павагай і пашанай. Тое ж самае можна сказаць і пра старажытныя малітоўнікі, малітоўныя кнігі старавераў. Яны шануюцца сучаснымі стараверамі як самая каштоўная рэч у доме.

Калі яшчэ жылі Іван Емяльянавіч Савельеў і Матрона Афанасьеўна Патарочына, у час запісу ўспамінаў і інтэрв’ю яны паказвалі нам і крыжы, і малітвенныя кнігі ў драўляных вокладках, абабітых металічнымі акладамі з засцёжкамі. Усе гэтыя рэчы – узоры высокага мастацтва і мудрай культуры.

Стараверы імкнуліся пры любой магчымасці трымацца толькі сваёй абшчынай. Гэта праяўлялася нават пры навучанні дзяцей: у часы Расійскай імперыі для дзяцей старавераў у 1898 г. была адкрыта свая хатняя школа граматы. Пазней прыйшлося вадзіць дзяцей ў Міністэрскае народнае вучылішча ў Залессі, дзе дзецям старавераў даводзілася вучыцца разам з дзецьмі праваслаўнай і каталіцкай веры; пры Польшчы было таксама. На заняткі Закона Божага звычайна дзеці падзяляліся па веравызнанню: праваслаўных дзетак навучаў святар царквы з Бушыкаў, дзяцей католікаў – ксёндз Залескага касцёла, дзяцей старавераў – айцец з Нова-Аляксандраўкі.

У 1945 годзе быў праведзены дзяржаўны ўлік цэркваў, манастыроў і малітоўных дамоў, дзейнічаючых у Беларусі. Па Глыбоцкаму раёну ў спісе налічвалася дзесяць зарэгістрыраваных і дзейнічаючых храмаў. У дакуменце (“Дзяржаўны ўлік цэркваў, манастыроў і малітоўных дамоў у Глыбоцкім раёне за 1945 г.”) мы знайшлі інфармацыю і аб Залескай стараверскай царкве:

“№76. г.Глубокое. 1945 г.

Список взятых на государственный учёт церквей, монастырей и молитвенных домов, действующих в Глубокском районе. …№7. Залесский сельский Совет, д. Залесье, старообрядческая братская церковь; 1 дом в пользовании верующих; договора верующих на право пользования нет; церковной тройки по управлению церковными зданиями нет; ревизионной комиссии нет; принадлежность по вере (патриаршая, церковно-обновленческая, автокефальная) – местная»…[2] 

…Сумны лёс напаткаў стараабрадніцкую царкву-малельню ў Залессі. У 1950-1960-х гг.. пры Хрушчове пачалася ваяўнічая атэістычная кампанія супраць рэлігіі. Праследаваліся пачуцці веруючых, дзецям у школах прапагандавалі варожасць да рэлігіі, знішчаліся і закрываліся праваслаўныя і каталіцкія храмы.

У 1959 г., калі была ўведзена ўсеагульная 8-гадовая адукацыя для усіх дзяцей і падлеткаў ад 7 да 16 гадоў, кантынгент навучэнцаў Залескай школы значна павялічыўся. Узнікла вострая неабходнасць пашырэння вучэбнай плошчы для школы. У сувязі з гэтым у 1961 г. Глыбоцкім райвыканкамам было прынята рашэнне перадаць для патрэб Залескай школы будынак стараверскай царквы-малельні з правам яе разбору, перавозу і перабудоўлі ў цэнтры вёскі Залессе.

Вядома ж, гэта была толькі “прыкрытая” прычына для закрыцця царквы. Краіна “змагалася з рэлігійным дурманам”. У Глыбокім быў знішчаны касцёл у Беразвеччы, а манастыр пераўтвораны ў турму, у Залессі зачынілі касцёл і пераробілі яго пад зернясховішча…

Staravery 7 2 кастрычніка 1961 года Залеская стараабрадніцкая царква-малельня закончыла сваю 100-гадовую гісторыю… Людзі пачалі выносіць з храма ўсе прадметы рэлігійнага аздаблення: кнігі, абразы, аклады, крыжы, мэблю. Хавалі па хатах, на гарышчах. Драўляны крыж з купала зняў і схаваў Емяльян Савельеў. Крыж і зараз вельмі добра захаваўся; як гаварыў нам калісьці захавальнік рэліквіі Іван Емяльянавіч Савельеў, выраблены крыж з кіпарысу і мае своеасаблівы смалісты водар. …Царкву па частках, разабраную, перавезлі ў цэнтр Залесся. Поты пачалі перакладваць, фактычна, захаваўшы першапачатковы выгляд. Абклалі жоўтай цэглай. 

Staravery 0001 9Пра тое, якімі варожымі былі адносіны ў той час да веруючых людзей ці да тых, хто выказваў спачуванні веруючым, сведчыць наступны факт. У архіве Залескай школы мы знайшлі “Кнігу загадаў па Залескай школе Глыбоцкага раёна Маладзечанскай вобласці” за 1954-1969 гг.. Адзін з запісаў за кастрычнік 1961-га года расказвае якраз пра падзеі, звязаныя з закрыццём і разборам стараверскай царквы ў Залессі. Мы ўстанавілі, што на разбор царквы прымусова застаўлялі ісці ўсё дарослае мужчынскае насельніцтва, у тым ліку і настаўнікаў-мужчын. Асобныя адмаўляліся выконваць гэту работу, якую яны палічылі вялікім грэхам – бурыць храм… 

Сведчаць архіўныя запісы: “Приказ № 103 по Залесской СШ от 3-го октября 1961 г.

Решением Глубокского райисполкома для Залесской СШ передано помещение старообрядческой церкви с правом её разбора. Из-за отсутствия рабочей силы, всем учителям мужского пола было сообщено явиться 2-го октября 1961 г. на разбор помещения церкви.

Но учитель Сапежинский Г.М. проявил обыяковость и трусость в отношении такого общественного мероприятия и не явился на работу в школу 2-го октября 1961 г.

На основании вышеизложенного приказываю:

№1. Сапежинскому Г.М. объявляю выговор.

№2. Полный день 2-го октября 1961 г. считать прогулом.

№3. Со 2-го октября 1961 г. по 2-е октября 1962 г. лишить права пользования школьной лошадью.

Директор школы»[3]

Вось так адносіліся да тых людзей, хто быў не згодзен з антырэлігійнай палітыкай і барацьбой з цэрквямі. А ўявіце сабе, што ў душы перажывалі ў той час стараверы, калі бачылі, як на іх вачах руйнавалі храм іх продкаў…

Staravery 8 У 1962-1963 навучальным годзе былы будынак стараверскай царквы стаў часткай комплексу Залескай школы. Тут адначасова размясціліся актавая і спартыўная залы, пры пашырэнні вучнёўскага саставу сталі праводзіць вучэбныя заняткі.

 

  

 

Staravery 0001 2Пазней, у 1974 годзе, будынак афіцыйна стаў клубам, дзе праводзілі канцэрты, святочныя мерапрыемствы, ладзілі танцы, круцілі кіно…

 

 

 

 

 

Staravery 0001 10Staravery 0001 11У 1990-х гг.. з-за скарачэнняў дзейнасці клубных устаноў на Глыбоччыне Залескі клуб быў зачынены. Зараз будынак стаіць пустым, без гаспадара…

Залескія стараверы пасля закрыцця іх святыні ў 1960-1980-х г.г. наведвалі для маленняў стараабрадніцкую царкву ў вёсцы Ластавічы, дзе на набажэнствы збіраліся стараверы з Перадолаў, Глыбокага, Круляўшчызны, Докшыц. Аднак на сённяшні час, калі старое пакаленне сапраўдных стараабрадцаў сыйшло ад нас, у жывучых цяпер іх нашчадкаў згубіліся і страціліся традыцыі. Цяперашні невялікі лік патомкаў залескіх старавераў ходзіць на богаслужэнні ў праваслаўную царкву ў в. Бушыкі, а ў хатах іх толькі і захаваліся крыжы і малітоўнікі продкаў. 

  ДУХОЎНАЯ КУЛЬТУРА СТАРАВЕРАЎ

Staravery 9 За апошнія 10 год не адзін раз прыязджалі ў Залессе фальклорныя і этнаграфічныя экспедыцыі з Беларусі і Расіі з мэтай збору і запісу ўнікальнага фальклорнага матэрыялу мясцовага насельніцтва, вывучэння абрадавай культуры, асаблівасцей духоўнага светапогляду і ўяўленняў нашых старажылаў.

 

   

Staravery 0001 13Разам з навукоўцамі заўсёды прымалі ўдзел ў такіх экспедыцыях і нашы вучні. І заўсёды першыя інтэрв’ю і запісы праходзілі ў доме стараверкі Патарочынай Матроны Афанасьеўны, якая, нягледзячы на свой сталы ўзрост, заўсёды ахвотна расказвала навукоўцам пра асаблівасці жыцця і побыту залескіх старавераў, спявала песні, распавядала пра незвычайныя светаўяўленні з вопыту свайго жыцця. 

 

  

Staravery 0001 6З вывучэннем абрадавай культуры старавераў у Залессі пабываў прафесар Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта Гарбацкі А.У. (2005 г.), фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя студэнтаў філалагічнага факультэта Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны (2011 г.), студэнты фальклорнай экспедыцыі Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі (2017 г.), студэнты кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва (2017 г.).

Staravery 13 Запісаныя матэрыялы фальклорных экспедыцый захоўваюцца ў рэсурсным цэнтры краязнаўства і музеязнаўства Залескай школы.

У 2014 г. у Мінску выйшла ў свет кніга “Глыбоччыны духоўнасці глыбіні”. Амаль што палова змешчаных у кнізе фальклорных матэрыялаў, сабраных у Залессі – вынікі даследчай і пошукавай дзейнасці нашага школьнага краязнаўчага гуртка. 

Staravery 11 …Патарочына Матрона Афанасьеўна памерла зімою 2017 года. У кнізе змешчана шмат яе ўспамінаў, аповедаў, песен. Ніжэй мы прыводзім некалькі найбольш цікавых фрагментаў гутарак з ёю (захавана мова арыгінала):

«Каляды празднуют па старому календару дваццать пятага декабря, а па новаму календару – сядьмога января. Варили кашу больш пярловую. Посным маслам бялили. Картошку талкли с макам и ели. Наварим картошки, наталкём, мака насыплем. Эта посная еда была. Боб варили, гарох. Это всё на Пилипаўски пост было. На ево не жанилися”[4] [1].

“Душа померлого находится 40 дней. Летает душа по всих. Она должна за сорок этих дней, если человек помер, обойти все мытарства. Когда умирают, голосили раньше сильно женщины такие. Голосили так:

А моя ж ты дорогая,

Што ж ты наделала?

А куда ж ты оставила

Своих маленьких сироточек?

А они ж будут без маменьки,

Да хто ж их приласкает?

Хто ж их по головке погладит?

Хто ж прокормит?..[5]

“Приедут у сваты, заберут молодуху, нагуляют. А тады едут к молодому и у молодого гуляют. Пекли каравай, невесте икону дарили. Разносили каравай, когда за стол садилися»[6]

“На Троицу мы родителей поминаем – это родительская субота. Приезжает батюшка, молится, и мы это поминаем. Списываем такой список, у кого сколько померших, канон такой. На Троицу ветки ломали. Ну, и рябинку, берёзку приносили. Аир надо рвать, на полу накидать, чтобы запах был Троицы. Неделю побудут берёзки, высохнут и спалим потом”[7]

«В низенькой светёлке

Огонёк горит.

Молодая пряха

Под окном сидит.

Молода, красива,

Тёмные глаза,

По плечам развита

Русая коса.

Русая головка,

Дум в ней без конца.

Ты о чём мечтаешь,

Пряха ты моя?»[8] 

 Прыведзеныя запісы гутарак з Матронай Афанасьеўнай сведчаць аб багатым духоўным свеце гэтай жанчыны. Яна ведала шмат песен: вясельных, сямейна-бытавых, салдацкіх, жалобных. Светаўяўленні яе як чалавека іншы раз нагадвалі крыху фантазійныя, казачныя выдумкі. Галоўнае, што было заўсёды ў гэтым чалавеку – незвычайнае жыццялюбства, любоў да працы на зямлі, цярпімасць і свая ўласная жыццёвая філасофія і мудрасць.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 Staravery 12 Вынікі нашага даследавання:

  • па сабраных і запісаных успамінах старажылаў вёскі Залессе адноўлены гістарычны летапіс жыцця і дзейнасці стараверскай абшчыны вёскі Нова-Аляксандраўка з 1860 года і па наш час;
  • запісаны фальклорны матэрыял старавераў (праведзеныя сумесныя фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі са студэнтамі Гродненскага універсітэта, Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтва, Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, з навукоўцам Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта прафесарам Гарбацкім А. У. ) складае асноўную метадычную базу рэсурснага цэнтра па краязнаўству і музеязнаўству Залескай СШ для правядзення заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Юныя краязнаўцы” па тэме “Фальклор Залесчыны”;
  • даследавана абрадавая і пахавальная культура старавераў Залесся;
  • адноўлены гістарычны летапіс дзейнасці стараабрадніцкай царквы ў вёсцы Залессе;
  • сабраны фотадакументальны і гістарычны матэрыял аб жыцці старавераў у Залессі складае асобны тэматычны аддзел музейнай экспазіцыі школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Мінулае Залесчыны”.

Літаратура:

1.Віленскі Дзённік ваяводскі. № 8. 1939 г.

2.Глыбоччыны духоўнасці глыбіні: народная духоўная культура Глыбоцкага раёна. Мінск. БЕЛТА, 2014.

3.Кніга загадаў па Залескай школе Глыбоцкага раёна Маладзечанскай вобласці. 1954-1969 г.г.

4.Православная церковь на Витебщине (1918-1991). Документы и материалы. Минск. 2006.

5.Приходская летопись Залесской церкви Литовской епархии Виленской губернии Дисненского уезда Глубокского благочиния. 1880-1914 г.г.

 *****

[1] Приходская летопись Залесской церкви Литовской Епархии Виленской губернии Дисненского уезда Глубокского благочиния. 1880-1914 гг..

[2] Православная церковь на Витебщине (1918-1991). Документы и материалы. – Минск, 2006. С.143

[3] Кніга загадаў па Залескай школе Глыбоцкага раёна Маладзечанскай вобласці (студзень 1954 г.- жнівень 1969 г.). С.106

[4] Глыбоччыны духоўнасці глыбіні: народная духоўная культура Глыбоцкага раёна. – Мінск: БЕЛТА, 2014. С. 22

[5] Там жа. С. 90

[6] Там жа. С.87

[7] Там жа. С.49

[8] Там жа. С.126

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих
:

75let 2019

80 let vit

2018 03 26 00987

sm

kulturaby

pravoby2

glub rik

pravoby

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

gogul

webland

uni

vit

 

Счетчик посещений

Сёння 1

Учора 42

За тыдзень 164

За месяц 343

Усяго 40984

Перыяд:

2018-01-01 - 2020-04-10

Зарэгістравалася: 177