:

Гаспадыня вясельнай кухні 

Чытаць на галодны страўнік не рэкамендуецца…

Ведай нашых. Ніна Курылёнак (Хаванская)  

Приглашаем на презентацию книги!…

Ведай нашых. Вікенцій Дрозд 

Герой Первой мировой Викентий Дрозд и его роль в жизни Язэпа Дроздовича. Репортаж из Глубокого…

Легенды і паданні Залескага краю

 Zalesse4 00

 

 

 

 

 

Zalesse 1

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Залеская дзіцячы сад-сярэдняя школа Глыбоцкага раёна”

Даследчая праца  "Легенды і паданні Залескага краю"

Аўтар: Катовіч Павел,  вучань 6-га класа Залескай СШ

Кіраўнік: Шарыпкін Рыгор Леанідавіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры

в. Залессе, 2019 г.

 

 УВОДЗІНЫ Змест

АСНОЎНАЯ ЧАСТКА

  • Легенда пра княжацкі замак
  • Легенда пра Мамчыну горку

1.3 Легенда пра камень з крыжам

ЗАКЛЮЧЭННЕ

СПІСАК ВЫКАРЫСТАНЫХ ЛІТАРАТУРНЫХ КРЫНІЦ

УВОДЗІНЫ

Zalesse 2

Даследчая праца вучняў Залескай сярэдняй школы “Легенды Залескага краю” з’яўляецца свайго роду лагічным завяршэннем грунтоўнага даследавання легендаў Залесчыны. Распачыналася работа ў 2007-м г., са стварэння краязнаўчага маршруту “Залесчына”, у 2008 годзе распрацаваны турысцка-краязнаўчы маршрут “Блакіт Залесчыны”. У абодвух праектах ўпершыню прагучалі  легенды нашай мясцовасці.

Рыхтавалі праекты ўдзельнікі краязнаўчага гуртка “Наша Спадчына”. Першапачаткова інфармацыя мела сціслы характар: змест легендаў, месца падзей, вытокі легендаў. Ужо потым далейшае даследаванне  народных гісторый пачало дапаўняцца дэталямі: знакамітыя навукоўцы аб легендах Залесчыны, літаратурныя апрацоўкі і варыянты легендаў, пошук усіх літаратурных крыніц, дзе калісьці друкаваліся гэтыя легенды. Так паступова назапасіўся даволі багаты матэрыял, які дазволіў нам выдзеліць легенды Залесчыны як асобную тэму ў краязнаўстве нашых мясцін.

Zalesse 4 Мэта і задачы даследавання:

  • падрабязнае апісанне і вывучэнне зместу легендаў;
  • гістарычныя версіі і гіпотэзы аб рэальнай аснове падзей, звязаных са зместам прыведзеных легендаў;
  • вывучэнне невядомых старонак гісторыі Залескага краю;
  • уключэнне мясцін Залескага краю, непасрэдна звязаных з легендамі, у турысцка-краязнаўчы маршрут “Залесчына гістарычная”.

 

 

Zalesse 3 Аб’екты і прадметы даследавання. У даследчай працы ідзе размова пра тры легенды Залесчыны: легенда пра княжацкі замак (Зубкоўскае гарадзішча ранняга жалезнага веку), легенда пра Мамчыну горку (графская сядзіба ў маёнтку Залессе-Астроўна), легенда пра камень з крыжам (камень з крыжам пад Пакровам у лясным урочышчы Цатоўка).

Крыніцы легендаў: запісы Язэпа Драздовіча, археолага Ф.В.Пакроўскага, успаміны жыхароў вёсак Лучайка і Залессе, літаратурныя апрацоўкі легендаў паэта Міхася Машары і пісьменніка Юрыя Татарынава.

 

Zalesse 5 Метады даследавання:

  1. занясенне на карту турысцка-краязнаўчага маршруту кожнага месца, звязанага з легендай, як рэальнага гістарычнага аб’екта, вывучанага намі ў час краязнаўча-пошукавых вандровак: прыродныя аб’екты – Зубкоўскае гарадзішча і Мамчына горка, гістарычны аб’ект – камень з крыжам пад Пакровам;
  2. вывучэнне і аналіз тэкстаў народных легендаў, літаратурных апрацовак сучаснымі аўтарамі;
  3. праца з навуковымі крыніцамі, архіўнымі і дакументальнымі матэрыяламі, дзе ўпамінаюцца легенды Залескага краю;
  4. фатаграфаванне даследуемых аб’ектаў;
  5. творчая работа: стварэнне мастацкіх замалёвак на сюжэты даследаваных легендаў.

АСНОЎНАЯ ЧАСТКА

  • Легенда пра княжацкі замак

Месца падзей: вёска Зубкі, Залескі сельсавет, гарадзішча ранняга жалезнага веку, узвышша над возерам Зубкоўскім…

Zalesse 6 Тут Вы можаце ўбачыць панараму на старажытнае гарадзішча ранняга жалезнага веку каля вёскі Зубкі. Гарадзішча мы сфатаграфавалі з вяршыні залескага бору – месца, дзе калісьці знаходзілася цэлая група пахавальных курганоў-валатовак. Расійскі археолаг Ф.П.Пакроўскі ў 1890-х г.г. даследаваў гэтыя мясціны. Ён паспеў агледзець каля васьмі курганных насыпаў, аб чым аставіў запісы ў сваёй кнізе “Археологическая карта Виленской губернии” (Вільня, 1893 г.): “…Среди этих гор наблюдается 8 курганов, в 1 сажень вышиною и до 3 саженей в поперечнике. В пределах Залесской волости есть также курганы, называемые здесь волотовками, при деревне Нарушёво – 10 (вышина 2 аршина, поперечник 2 ½), при имении Узречье, поместье Корсака, при реке Добрыловке – 5 (вышина 5-7 аршин, поперечник 6-10 аршин) и при деревне Узречьи, на земле крестьян, - 7 курганов, от 2 до 3 аршин вышиною и от 7 до 15 аршин в поперечнике[1] [с.12-13].

Восенню 1934 г. старажытныя гарадзішчы і курганныя могільнікі на Залесчыне даследаваў Язэп Драздовіч. Усё ўбачанае, вывучанае, даследаванае Я.Драздовіч акуратна занатоўвае ў сваім рукапісным “Дзённіку”, які пачаў вясці летам 1933-га, з моманту вяртання з Беласточчыны на Глыбоччыну. Падрабязнае апісанне Зубкоўскага гарадзішча ў Драздовіча заняло цэлую старонку. А сярод яго самадзейнай археалагічнай справаздачы пра Зубкі мы нечакана натрапілі на легенду, якую Язэп Драздовіч у дзень тых даследаванняў запісаў з вуснаў аднаго з мясцовых жыхароў. Самае цікавае: на сённяшні дзень гэта легенда захавалася толькі ў “Дзённіку” Язэпа Драздовіча! З нашых мясцовых залескіх старажылаў ніхто яе не памятае і не ведае.

Zalesse 7 Вось што пісаў Язэп Драздовіч: Аб гарадзішчы гэтым захавалася прыгожая легенда, што тут на гэтай гары калісь у старасвецкія часы стаяў вялікі замак, дзераўляны, а ў ім жыла красавіца княжна, якая ў часе нейкай вайны з некім – калі замак ейны быў абложаны і падпалены, увесь агнём заняўся, то княжна гэная запрагла шасцярых коней у павозку са званкамі ды, разагнаўшы іх скрозь агонь і рады ворагаў, шыбанула шасцярыком з гары ў возера, дзе і па дзісь дзень раз у год у дзень таго пажару не раз чуюць людзі званкі, як княжна раз’язджаець шасцярыком па дну возера”[2] [с.450].

Пра што гаворыць гэта легенда аб Зубкоўскім гарадзішчы?

 

Язэп Драздовіч упамінае замак, князёўну, аблогу і пажар. Вёска Залессе ў сярэднявеччы была ўласнасцю магнатаў з роду Корсакаў, лічылася багатай сядзібай, навакольныя землі і лясы належалі па спадчыне многім прадстаўнікам Корсакаў. Аб багацці гаспадароў Залесся хадзілі ў нашай мясцовасці шматлікія паданні. Адзін гістарычны факт і яшчэ адна легенда падцвярджаюць нашыя высновы: “В 2-х верстах от Залесской церкви, в местности называемой «Погарища» и «Церковища», есть несколько гор, поросших вековым лесом, который недавно вырублен. По преданию, здесь когда-то был город с монастырём и замком, которые разрушены во время шведской войны, или даже ранее, и от которых теперь не осталось даже развалин, кроме каменных плит с 4-х и 8-ми конечными крестами. Под одной из гор, добавляет легенда, есть подземный ход, где хранится много железа, денег и 8 бочек водки. Здесь нередко находили куски железа, проволоки, бисер. В 1884 г. крестьянин деревни Зубков, И. Близняк на одной из гор местности «Церковища» выкопал клад, состоящий из серебряных монет разной величины, различных времён и государств. Часть этих монет (большинство – брабантские талеры и полуталеры XVII ст.) отправлена в Императорскую Археологическую Комиссию. Приведённое выше сообщение местного священника и волостного писаря, без существенной разницы, повторяется местным учителем” [3] [1, с.12-13].

Язэп Драздовіч 12 кастрычніка 1934 года ў сваім “Дзённіку” таксама падцвярджае гэты факт: …А пад гарою самога гарадзішча, у бок Пышкункоў і возера, як апавядаў мне адзін старык з гэтае вёскі, нехта калісь быў знайшоўшы, выараўшы сахой, цэлы гаршчок сярэбраных манет”[4][с.450].

Гэта легенда прыадкрывае нам трагічную старонку жыцця і гісторыі Залесся ў сярэднявеччы. Замак залескага гаспадара, вядома ж, існаваў. Ёсць сведчанне, што ў 1654 г. Залессе было разрабавана і спалена атрадамі стральцоў цара Аляксея Міхайлавіча (ішла вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай). Знойдзены скарб талераў датуецца 1650-мі г.г., нават “Энцыклапедычны даведнік. Віцебск” прыводзіць гэтыя звесткі: “Глубокский р-н: д. Зубки, клад найден в 1884 г., 34 экз. (четверти талеров, полуталеры, талеры Испанских Нидерландов, талеры Соединённых Провинций; серебро), сокрыт во 2-ой половине XVII века[5][3, с.246].

Буйныя талеры мог захаваць толькі вельмі багаты па тым часе чалавек, і захаваць па прычыне пагрозы ці вайны. Значыць, манеты ўхаваныя, магчыма, ўладаром Залесся. Замак па легендзе быў абложаны і спалены – гэты факт гістарычна падцверджаны.

1.2.Легенда пра Мамчыну горку

Месца падзей: вёска Залессе-Астроўна, сядзіба графа Лапаты, Залескі сельсавет, Глыбоцкі раён. 

За тры кіламетры ад Зубкоўскага гарадзішча і вёскі Залессе, дзе знаходзіцца наша Залеская сярэдняя школа, ёсць яшчэ адна вёска —Залессе-Астроўна. Гісторыя гэтага месца афіцыйна пачынаецца ў XVI ст., а дакладней, у 1540 годзе.

Сведчаць летапісы: “29 студзеня 1540 года Ян Юр’евіч Глебавіч Корсак даў дазвол Івану Глебавічу заснаваць у Залессі-Астроўна новы горад, ”…в этом имении заложить город, завести торговлю товарами и разного рода напитками; водку же приказал продавать только в Залесье, чтобы не было подрыва королевскому кабаку”[6][с. 192]. Польскі кароль Жыгімонт І Стары адобрыў гэту просьбу і падцвердзіў яе сваім прывілеем ад 14 лютага 1541 года.

Чаму Залессе-Астроўна? Паколькі ў нашай мясцовасці існавалі два Залессі, каб не было блытаніны і прасцей размяжоўваць свае землі, Корсакі дамовіліся, што адна вёска такі і будзе звацца Залессе, а другая – Залессе-Астроўна, гэта значыць – Залессе на востраве. Сапраўды, гэта невялічкая вёсачка размешчана ў маляўнічым месце, як бы на востраве паміж двумя азёрамі – Белае і Мураўшчына. Пазней, ужо ў XVII стагоддзі, вёска Залессе стала ўласнасцю магната Нікадзіма Цеханавецкага, і сталі адрозніваць Залессе Цеханавецкіх і Залессе-Астроўна.

Пра гэтыя мясціны захавалася вельмі прыгожая народная легенда, якая ўзнікла як рэха, водгук і народная памяць на аснове рэальных падзей, якія адбыліся ў Залескім маёнтку ў сярэдзіне XVIII ст.

Zalesse 8 У 1750-х г.г., уладаром сядзібы ў Залессе-Астроўна з’яўляўся граф Лапата або Лапатка, як больш прывычней называлі яго нашы мясцовыя сяляне. Граф быў па характару дужа суровы, злы, жорсткі, нават бесчалавечны…З пакалення ў пакаленне перадаюцца ў нашай мясцовасці звесткі пра гэтага пана і яго круты нораў… Расказваюць, што ў графскім парку расла вялізная ліпа, якую ў народзе называлі “чорная”: на ёй граф Лапата загадваў вешаць тых сялян, што па няведанню асмельваліся праехаць па “панскай” дарозе (для сялян існавала асобная “мужыцкая” дарога, брудная і з выбоінамі).

Расказваюць, што граф быў вялікім аматарам-паляўнічым, аднак яго паляванні іншым часам былі жудаснымі: правінаваціўшагася прыгоннага мужыка пан Лапата заганяў на дрэва і застаўляў яго крычаць птушкай, а сам стаяў унізе і страляў па “жывой” птушцы са стрэльбы, пакуль яна не зваліцца з дрэва… Расказваюць, што граф Лапата заводзіў сабе каштоўных пародзістых сабак і быў аматарам картачных гульняў. Аднойчы ён сышоўся ў азартнай карцёжнай гульні з суседскім памешчыкам з Лужкоў графам Тадэвушам Жабай і прайграў яму… На кон былі пастаўлены каштоўныя пародзістыя сабакі… Вельмі шкадуючы аддаць лужэцкаму памешчыку сабак, граф Лапата перадаў яму ў якасці пройгрышу цэлую вёску Заборцы з прыгоннымі сялянамі, і з таго часу вёска Заборцы пачала лічыцца ва ўладаннях пана Тадэвуша Жабы (дарэчы, адна наша вёска на Залесчыне нават дагэтуль называецца Жабіна Лучайка).

А цяпер пра легенду… Расказвае Лапацкая Зінаіда Антонаўна, жыхарка в. Залессе, 1927 года нараджэння:

“Жыў у Залескім маёнтку граф Лапата. Калі ў яго нарадзілася дачка, здарылася так, што родная маці – графіня – не змагла карміць народжанага дзіцяці. Таму ў якасці карміцелькі для маленькай паненкі Даруты ўзялі з вёскі простую сялянскую жанчыну – мамку. У гэтай мамкі свой сынок быў маленькі – Янка. Мамка сумленна выконвала свой абавязак па кармленню і выхаванню паненкі. Так і павялося, што ўвесь час мамка жыла пры палацы і даглядала, выхоўвала графскую дачушку, а побач увесь час гадаваўся і сынок мамкі. Час ляцеў, дзеці падрасталі, мамка старэла… Неўпрыкмет сялянскі сын Янка і панская дачка Дарута сталі юнакамі і здарылася тое, што і павінна было здарыцца: яны пакахалі адзін аднаго. Пра пачуцці Янкі і Даруты ведала адна толькі мамка. А тут граф Лапата зразумеў, што прыйшоў час выдаваць сваю прыгажуню-дачку замуж, ён і знайшоў ёй дастойнага жаніха – суседа-памешчыка – графа Тадэвуша Жабу з Лужкоў. Пан Тадэвуш аўдавеў да гэтага, быў ужо ў гадах, але ж лічыўся прэстыжным і багатым жаніхом.

Лапата паклікаў Даруту да сябе і аб’явіў ёй, што яна ўступіць у шлюб з лужэцкім графам. Дарута не стрымалася і заявіла бацьку аб тым, што яна кахае толькі аднаго чалавека на свеце – Янку.

Раз’юшаны Лапата аддаў загад сваім цівунам схапіць Янку і разам з Дарутай замкнуць абодвух у падземных скляпеннях палаца. Ноччу старая мамка, шкадуючы закаханых дзетак, скрала ключы ў цівуна і выпусціла на волю маладых… Збегчы з Янкам і Дарутай яна не магла – ужо ж была старой.

Раніцай граф Лапата ўбачыў пусты склеп. Учынілі допыт старой мамцы, пусцілі ў пагоню гайдукоў, аднак уцекачоў не знайшлі. І тады раз’юшаны граф Лапата са сваімі вернымі слугамі павёў мамку на высокую гару за сядзібай, над возерам Белае. Там яе заставілі сваімі рукамі выкапаць сабе магілу, а потым няшчасную жанчыну скінулі ўніз і закапалі жывою…

З той пары гэта гара і называецца ў нас Мамчына горка. А ў ноч пасля трагедыі, раз у год, на горцы гэтай з’яўляецца цень старой мамкі, якая ходзіць па наваколлю і ў роспачы кліча сваіх дзяцей – Янку і Даруту…”

Гэта легенда з’яўляецца жамчужынай народнага фальклору на Залесчыне. Месца, дзе пахавана была жывою мамка, вядома ж, не захавалася. Але вельмі цікава праводзіць у нас экскурсіі для вучняў іншых школ па тэрыторыі графскай сядзібы ў Залессі-Астроўна, па сцежках пейзажнага парку і, вядома, па ўзвышшу Мамчынай горкі, расказваючы пры гэтым чароўную легенду аб закаханых Янку і Даруце і страшным лёсе іх мамкі…

Яшчэ адзін літаратурны варыянт легенды аб Мамчынай горцы змешчаны ў зборніку “Легенды і паданні”, які быў выпушчаны Акадэміяй навук БССР у Мінску ў 1983 г. Легенда была запісана фалькларыстамі А.Б.Балай і К.В.Стоцік ў 1952 г. з вуснаў жыхаркі вёскі Залессе І.А.Нікіцінай, 1862 г.н. Тэкст легенды ў зборніку гучыць наступным чынам:

“Як ішлі, можа відзелі горку, на якой расце некалькі дрэў – гэта горка ў нас завецца Мамчына горка. А названне гэта вот ад чаго. Я сама, праўда, гэтага не помню, але расказвалі, што даўней у гэтым замку пан жыў, багаты дужа быў. Жыхары нашай дзярэўні работалі на яго. А ў пана служанка была, у якой быў сын дужа красівы. І вось гэты сын улюбіўся ў панскую дачку. Яна яго тожа палюбіла. Але пан не даваў ім жаніцца, дык яны ўзялі ды й уцяклі ўдваіх невядома куды. За гэта пан загадаў пакараць служанку сваю. Яна была закапана ў зямлю жывой на гэтай горцы. Вот чаму яна і называецца Мамчына горка.

Вот як даўней простым людзям жылося: паны ўсё, што хацелі, маглі рабіць з імі[7][с. 52].

У аснове легенды ляжаць рэальныя факты пра дзейнасць гаспадара Залескага маёнтка ў XVIII ст. Тым больш, што і імя суседскага графа з Лужкоў Тадэвуша Жабы таксама гістарычны факт. Незвычайная жорсткасць графа Лапаты таксама можа быць “апраўдана”: у тыя часы безпакаранасць дзеянняў многіх магнатаў у маёнтках на Беларусі, іх самадурства і ганарлівасць былі звычайнай з’явай. Мы робім вывад аб закладзеным у аснову Залескай легенды сапраўднага гістарычнага эпізоду. У той цяжкі час, “самаўладны” век местачковых паноў лёс простых сялян-халопаў залежаў ад любога капрызу гаспадара…

Zalesse 9 …Прайшоў доўгі час пасля тых падзей на Мамчынай гары. І вось у 1936 г. (а гэта было пры Польшчы) па Залесчыне блукаў вядомы ўжо тады ў нас заходнебеларускі паэт, рэвалюцыйны рамантык Міхась Машара. На Залесчыне ў той час у вёсцы Летнікі жыў не менш вядомы паэт, фалькларыст, збіральнік казак Янка Пачопка. У госці да яго вельмі часта наведваліся Язэп Драздовіч і Міхась Машара. І аднойчы Янка Пачопка і расказаў сваім сябрам пра гэту чароўную легенду. Узрушаны Міхась Машара схадзіў пехатою ў Залессе-Астроўна, на той час уладанні  пана Станіслава Молле. Паэт наведаў Мамчыну горку, агледзеў мясцовасць, краявіды і, вярнуўшыся назад, засеў ствараць паэму…

 У 1936 г. з-пад пяра Міхася Машары ў друку выйшла рамантычная паэма “Мамчына горка”, створаная на аснове нашай легенды.

Zalesse 00

 

 …Як вы заўважылі па фрагментах рамантычнай паэмы, змест народнай легенды ў асноўным Міхась Машара захаваў, дабавіўшы дзе-нідзе сваіх уласных аўтарскіх фантазій. На тое ж яна і паэма – літаратурны твор, дзе аўтар мае права ўносіць свае погляды на падзеі, адбыўшыяся на Мамчынай гары…

А мы працягнем наша падарожжа па старонках легенды.

Пасля 1936 г. прайшло яшчэ 60 гадоў. І вось у 1996 г. чытачы змаглі ўжо ў трэці раз пазнаёміцца з Мамчынай горкай! Беларускі пісьменнік, гістарычны навэліст Юрый Аркадзьевіч Татарынаў наведаў нашы мясціны і пабываў на Мамчынай горцы. Пад уражаннем гэтай легенды ён піша гістарычную аповесць “Залесская история”, дзе па-свойму інтэрпрэтыраваў змест легенды, змяніў сюжэт, надаў сваім героям другія імёны… Напрыклад, замест графа Лапаты ў яго прысутнічае граф Жорж Аскерка, замест графскай дачкі Даруты ўведзена сялянская дзяўчына Аська. І па сюжэту аўтара пан Жорж закахаўся ў Аську, якая была карміцелькай-мамкай для панскай дачкі, а пані Вольга, жонка Аскеркі, адпомсціла свайму мужу за яго каханне да халопкі тым, што загадала жывою закапаць бедную Аську ў зямлю. Ад гэтых аўтарскіх задумак мастацкая каштоўнасць твору ніколькі не зменшылася, а наша Залесчына атрымала ўжо трэці літаратурны твор аб Мамчынай горцы.

Аповесць “Залесская история” надрукавана ў зборніку гістарычных навэл Юрыя Татарынава “Вероотступник”.

...В зимнее время пан Жорж жил в Вильно в своём каменном доме. Лето же обязательно проводил в Залесье, в усадьбе, которой очень гордился. Усадьба располагалась в живописном месте, на длинном и крутом моренном холме, у подножия которого в обширных низинах лежали озёра Белое и Муровщина. На скате холма стоял двухэтажный дом из красного кирпича. Он был возведён Оскерко-дедом. Оскерко-дед нашёл это место, он начинал вить это гнездо. При нём были возведены три каменных флигеля для челяди, мельница, а также ледник, где хранились рыба и мясо. Деятельность Оскерко-отца по благоустройству усадьбы носила немного иной характер. Он построил коптильню, баню. По его указанию было насыпано «колено» летнего пляжа на озере Белом. Много занимался он парком: посадил трёхстволый ясень на поляне около ледника, привёз из-под Вильно семь японских лиственниц, кедр, тиссНынешний хозяин усадьбы Оскерко-внук, то бишь пан Жорж мечтал о конюшне. Любоваться длинноногой грациозной лошадью – разве можно было придумать себе, считал он, большее удовольствие!

“…В комнату вдруг ворвалась пани Ольга. Тут же появился и пан Жорж, высокий, стройный, будто вырос за ночь. Хозяйка дома смотрела на Аську с явным презрением. Даже розовая пудра не скрывала бледности её безбрового лица.

- В землю её! Живую! – наконец глухо проговорила она.

- Чего стоите! – обратилась вдруг к слугам пани Ольга. Маленький нос её побагровел, а в глазах от ярости заблестела влага. – Заберите у неё дитя! Она уже отравила его!

- Закопайте её на горе, у дороги! – крикнула пани. – Чтобы каждый помнил, кто он есть!" [8][с. 176]

(урывак з аповесці “Залесская история”)

  • Легенда пра камень з крыжам

Месца падзей: лясное ўрочышча Цатоўка паміж вёскамі Залессе і Сасноўка, на скрыжаванні дарог. 

Гэты старажытны помнік  на сённяшні дзень з’яўляецца адным з гістарычных аб’ектаў на турысцка-краязнаўчым маршруце “Залесчына гістарычная”, распрацаваным гуртком “Наша Спадчына” Залескай сярэдняй школы.

Помнік продкаў уяўляе сабою абчосаны і адшліфаваны з аднаго боку вялізны камень з высечаным на ім крыжам пад Пакровам, гэта значыць крыжам з паўкружным навершшам над верхняй перакладзінай. Камень з крыжам знаходзіцца ў лясным урочышчы Цатоўка: калі ехаць па дарозе з Залесся на Лучайку і Сасноўку, яго можна ўбачыць сярод дрэў у глыбіні 20-ці метраў ад палатна гравейкі.

Zalesse 10

Упершыню звесткі пра гэты камень мы сустракаем у дзённікавых запісах Язэпа Драздовіча за сакавік 1936 г. Той вясною мастак-вандроўнік вяртаўся з Глыбокага ў Летнікі да свайго сябра Янкі Пачопкі, па дарозе астанавіўся адпачыць: “Другі выпачынак зрабіў на крыжоўках дарог (між Залессем і Сасноўкай, дзе камень з крыжам), на ўзбярэжку казённага лесу, пад ёлкаю, на якой пазаставіў выразаную літару “Я”. Ох, як прыемна, спадарожыўшыся, адпачнуць, любуючыся рознавыгляднымі ілюзійнымі сыльветкамі кучкавастых воблак на бірузавата-зялёненькім фоне адвячоркавага неба”[9] [с. 482].

Гэты камень з крыжам пад Пакровам пасля Язэпа Драздовіча быў забыты людзьмі і згублена месца яго знаходжання. Толькі вясною 2003 г. удзельнікі краязнаўчага гуртка “Наша Спадчына” у час пошукавай вандроўкі выпадкова яго знайшлі і аднавілі, зрабіўшы з гэтага месца яшчэ адну гістарычную кропку на карце нашага маршруту.

Zalesse 11

Пра гэты камень з крыжам пад Пакровам на Залесчыне існуе цікавая легенда. Расказвае Мірош Валянціна Нікандраўна, жыхарка вёскі Лучайка:

“У нашай Цатоўцы ёсць старадаўні камень, на якім высечаны крыж. Яшчэ мае бацькі расказвалі, што калісьці ў даўнія часы жылі ў нашай вёсцы два браты. Дружна жылі, але потым раптоўна пачаліся ў іх сваркі з-за зямлі. Адзін з братоў настолькі стаў зайздросным, што надумаў чорную справу: забіў свайго брата, каб завалодаць яго зямлёю. Пасля забойства ў яго ачнулася совесць, але было ўжо позна… Каб замаліць свой грэх, ён адвёз і пахаваў свайго роднага чалавека ў гэты лясок і паставіў на гэтым месцы камень, на якім сам высек крыж. Аднак прашчэння Бог яму не даў…

У хуткасці брат-забойца памёр ад страшнай хваробы. А ў Цатоўцы ў ноч таго забойства на дарогу выходзіць цень няшчаснага – прывід. Калі яго сустрэць – трэба адразу хрысціцца і прасіць яму збаўлення ад пакутаў…”

Легенда даволі крывавая і жахлівая… Аднак жа, на самой справе, усё з гэтым камянём было значна прасцей. У часы позняга сярэднявечча такія камяні з крыжамі або самі крыжы ўстанаўлівалі перад вёскамі ці на скрыжаваннях дарог у мэтах засцярогі населеных пунктаў ад пажару, голаду, бедстваў. Гэта былі своеасаблівыя знакі-абярогі.

Ёсць яшчэ адна версія, згодна якой гэты камень з крыжам мог быць устаноўлены ў якасці межавога знаку паміж уладаннямі мясцовых памешчыкаў. У даўнія часы якраз на гэтым месцы існавала мяжа паміж землямі залескага пана Цеханавецкага і лужэцкага памешчыка з роду Жабаў. Пахаваць жа пад камянём нябожчыка ў глухім лесе не было ніякага сэнсу, тым больш нам добра вядома, што ніякіх грамадзянскіх пахаванняў у старажытнасці тут ніколі не было. Таму гэта проста таямнічая і “страшная” легенда пра камень, тлумачэнне якой на свой розум прыдумалі нашы продкі… І ўсё ж гэта легенда па праву з’яўляецца  часткай народнага фальклору нашай Залесчыны.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Закончыць наша даследаванне хацелася б на лірычнай ноце…

Zalesse 12 Заўважце, калі ласка, колькі з Залескімі легендамі звязана славутых імён нашай гісторыі: археолаг Ф.В. Пакроўскі; мастак, археолаг, пісьменнік Язэп Драздовіч; паэт Міхась Машара; пісьменнік Юрый Татарынаў; паэт, фалькларыст Янка Пачопка. Кожны з іх па-свойму адносіўся да пачутых на Залесчыне легендаў: хто  –  як паэт, хто  –  як вучоны, хто – як гістарычны навэліст, хто – як даследчык. Аднак усіх іх прыцягвала прыгажосць і таямнічасць гэтых народных твораў.

 

  

Zalesse 13 Знаходка камяня з крыжам пад Пакровам дазволіла нам пашырыць турысцка-краязнаўчы маршрут па Залесчыне яшчэ на адну гістарычную кропку, і экскурсанты, наведваючы гэтае месца, абавязкова пачуюць з нашых вуснаў таямнічую легенду. Камень з крыжам цяпер носіць назву “Камень Язэпа Драздовіча”. За час пасля знаходкі камяня Драздовіча на гэтым месцы пабывалі даследчыкі творчасці Я.Драздовіча мастакі Ігар і Ірына Марачкіна, навуковыя супрацоўнікі Літаратурнага музея М.Багдановіча і Музея гісторыі беларускай літаратуры, удзельнікі плэнэру ў Германавічах “Па мясцінах Язэпа Драздовіча” мастакі з Віцебшчыны і Міншчыны…

 

Zalesse 14 Вынікі даследавання:

  • у аснове легендаў Залесчыны змешчаны рэальныя гістарычныя падзеі і факты, што адбываліся на нашай тэрыторыі;
  • наяўнасць існавання такой колькасці легендаў на тэрыторыі невялікага мікрарэгіёну Глыбоччыны – сведчанне багатай духоўнай спадчыны нашых продкаў;
  • легенды Залесчыны сталі асновай для стварэння новых літаратурных твораў;
  • адкрыццё і папулярызацыя легендарных мясцін Залесчыны дало магчымасць пашырыць турысцка-краязнаўчы маршрут “Залесчына гістарычная”.

У нашым школьным краязнаўчым музеі захоўваецца рукапісны летапіс Залескай Свята-Пакроўскай царквы. На яго старонках мы знайшлі цікавы запіс, зроблены рукою святара Максімільяна Памяранцава ў 1887 годзе: “Песни, в которых отражается историческая судьба народа или же другие события общественной жизни и края, в народе слышны. Есть в Залесской волости и духовно нравственные…[10] [с.13].

Гэтыя словы яшчэ раз падцвярджаюць думку: наколькі важная для нас памяць аб нашых продках, іх духоўная спадчына, якая асабліва праяўлялася ў стварэнні легендаў. Самае галоўнае – легенды Залескага краю жывуць сёння, а гэта значыць – наша спадчына не страчана!

 

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ ЛІТАРАТУРНЫХ КРЫНІЦ
(выданні, у якіх змешчана інфармацыя аб легендах 
Залескага краю, іх варыянты і літаратурныя апрацоўкі) 

[1] Покровский Ф.В. Археологическая карта Виленской губернии. – Вильно, 1893.

[2] Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. Міхася Казлоўскага. – Мінск: Маст. літ., 2014. 543 с.

[3] Покровский Ф.В. Археологическая карта Виленской губернии. – Вильно, 1893.

[4] 2.Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. Міхася Казлоўскага. – Мінск: Маст. літ., 2014. – 543 с.

[5] 3.Витебск: Энцикл. справ. / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П.Шамякин и др. – Мн.: БелСЭ, 1988. – 408 с.

[6] 1.Дневник Виленского Свято-Троицкого монастыря, 1677-1755. – 211 с.

[7] 1.Легенды і паданні. – Мінск: Акадэмія навук БССР, 1983. – 310 с.

[8] 1.Татаринов Ю.А. Вероотступник. Залесская история: Ист. Повести. – Мн., Минсктиппроект, 1996. – 232 с.

[9] 1.Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. Міхася Казлоўскага. – Мінск: Маст. літ., 2014. – 543 с.

[10] 1.Приходская летопись Залесской церкви Литовской епархии Виленской губернии Дисненского уезда Глубокского благочиния. 1880. – 1914. – 234 с.

 

 

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих
:

75let 2019

80 let vit

2018 03 26 00987

sm

kulturaby

pravoby2

glub rik

pravoby

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

gogul

webland

uni

vit

 

Счетчик посещений

Сёння 135

Учора 117

За тыдзень 496

За месяц 1409

Усяго 38244

Перыяд:

2018-01-01 - 2020-02-20

Зарэгістравалася: 163