На мінулым тыдні наша бібліятэка парадавала сваіх наведвальнікаў выставай навагодніх вырабаў Фурс Марыі Віктараўны “Рукам работа –душы радасць”. Выстава - сапраўдны казачны падарунак наведвальнікам бібліятэкі напярэдадні Новага году. Незвычайна прыгожыя, ласкавыя і, калі можна так сказаць, утульныя лялькі, дораць чытачам бібліятэкі вясёлы настрой і душэўную раўнавагу.
Марыя Віктараўна Фурс часта праводзіць у бібліятэцы майстар-класы па вырабу лялек. Тым самым яна не толькі вучыць дзяўчынак майстэрству валодання іголкай. Яна выхоўвае ў дзяўчат эстэтычны густ, фарміруе адносіны да лялькі не толькі як да дзіцячай забаўлянкі, але і як абярэга для кожнай сям'і і хаты, знаёміць з філасофскім светаўспрыманнем беларусаў.
Шыццём Марыя Віктараўна займаецца ўжо другі год. Аднойчы яна зразумела, што ўпрыгожыць дом і зрабіць яго ўтульным можна сваімі рукамі з агульнадаступнай ды падатлівай сыравіны. Так з’явіліся шытыя цацкі - лялькі-абярэгі, казачныя героі, забаўныя ўпрыгожванні. Другасны матэрыял у руках майстрыхі ператвараецца ў прыгожыя і патрэбныя рэчы. Сёння ў яе калекцыі больш сотні работ розных памераў і формаў—ад самых маленькіх да самых аб’ёмных. І сярод іх няма ніводнай падобнай адна на другую. Але, хоць яны і розныя, сэнс у іх заўсёды адзін: пажаданне дабрабыту і шчасця!
Вынік яе работ можна пабачыць у чытальнай зале і ў дзіцячым куточку Празароцкай бібліятэкі. Гэтая выстава навагодніх вырабаў здзіўляе, выклікае добрыя святочныя эмоцыі і цікаўнасць наведвальнікаў.
Запрашаем усіх да нас у бібліятэку!