3 ліпеня 2022 года, у рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Парку Паэзіі прайшла паэтычная сустрэча “І будзе голас землякоў гучаць над роднаю старонкай”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Глыбоцкай цэнтральнаяй раённай бібліятэкі.
Госцей мерапрыемства стала таленавітая жанчына, паэтэса, спявачка – Валянціна Дзмітрыеўна Пятроўская. Ураджэнка г.Глыбокае, шмат год працавала і жыла на Полаччыне, пасля выхаду на пенсію вярнулася ў родны горад.
“Вершы і песні – гэта мая душа, маё жыццё, мая мара. Менавіта ў народнай песні я знаходжу і радасць, і суцяшэнне, і смутак, і каханне… Народная песня – гэта не толькі душа народная, гэта і мая душа!”. Гэтыя словы Валянціна Дзмітрыеўна сказала пра сваю творчасць і напэўна лепш сказаць нельга, бо сапраўды яе творчасць – гэта палёт душы, палёт пачуццяў, прызнанне ў любові да роднай зямлі, яе людзей.
Шчырасцю, непадкупнай чысцінёй гучаць радкі вершаў Валянціны Дзмітрыеўны, яны – прызнанне ў любові да куточка, дзе нарадзілася і вырасла.
На сустрэчы прагучалі вершы пра каханне, пра Полаччыну, якая стала Валянціне Дзмітрыўне другой радзімай, а таксама песні пад акампанемент культарганізатара Галубіцкага ЦК Уладзіміра Бурэня.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе разам заспявалі “Цячэ вада ў ярок”.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Л.Ф.Карніловіч падзякавала В.Пятроўскую за ўдзел у мерапрыемстве і ўручыла ёй Падзяку за асабісты ўклад у развіццё культуры Глыбоцкага раёна. А музычным падарункам для госці мерапрыемста стала папуры на матыў беларускіх песен у выкананні настаўніка Глыбоцкай ДШМ Таццяны Мікалайчук.
Спасібёнак В.Ц., дырэктар ДУК “Глыбоцкая ЦБС”.