Сярод дат экалагічнага каляндара ёсць Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў. Гэты дзень быў устаноўлены ў 1997 годзе па ініцыятыве Цэнтра аховы дзікай прыроды (Расія) і Сусветнага фонда дзікай прыроды.
У рамках экалагічнай праграмы “Через книгу в мир природы” у Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы падрыхтавана выстава-знаёмства “Путешествие в заповедный мир”,прымеркаваная да гэтай даты.
Мэта выставы – пазнаёміць юных чытачоў з асабліва ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі(ААПТ), паказаць, што нацыянальныя паркі і запаведнікі сёння амаль адзіны спосаб зберагчы ад пагібелі хаця б невялічкую частку дзікай прыроды і жывёльнага свету.
У Беларусі першы запаведнік, Бярэзінскі, быў створаны ў 1925 годзе для захавання баброў, якія апынуліся тады на мяжы знікнення, а таксама іншых відаў жывёл. Першым Нацыянальным паркам Беларусі стала ў 1991 годзе Белавежская пушча шляхам рэарганізацыі аднайменнага запаведна-паляўнічай гаспадаркі. У цяперашні час у Беларусі існуе адзін запаведнік, Бярэзінскі біясферны, і чатыры нацыянальныя паркі: Белавежская пушча,Прыпяцкі, Браслаўскія азёры, Нарачанскі.
Акрамя таго, на паўднёвым усходзе Беларусі размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, створаны ў 1988 годзе з мэтай правядзення радыёбіялагічных і экалагічных даследаванняў, і ў адрозненне ад іншых ААПТ, які знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
На выставе для дзяцей змешчана інфармацыя аб запаведніках і нацыянальных парках Беларусі, месцы знаходжання, а таксама гісторыя іх стварэння, цікавыя факты аб жывёльным і раслінным свеце. Тут таксама можна прачытаць пра расліны і пра жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
Чытачы могуць пазнаёміцца з кнігамі беларускага пісьменніка У. Ягоўдзіка з серыі “Скарбы Радзімы”, якія распавядаюць пра нашы запаведнікі і нацыянальныя паркі.