6 чэрвеня Шунеўская бібліятэка запрасіла сваіх юных чытачоў на свята дзяцінства “На бібліятэчным панадворку”. Бібліятэкары павіншавалі дзяцей з пачаткам канікул, пажадалі правесці летні адпачынак з карысцю: не толькі купацца, загараць, сустракацца з сябрамі, але і не забываць бібліятэку і чытаць шмат цікавых і карысных кніг.
Супрацоўнікі бібліятэкі ў ролях Мар’і Ванны і Вовачкі напомнілі дзецям праз кароткія сцэнкі некаторыя гумарыстычныя выпадкі са школьнага жыцця.
Затым дзеці атрымалі білеты на два летнія цягнікі “Тук-тук” і “Чух-чух” і адправіліся ў падарожжа па станцыях бібліятэчнага панадворку.
Першай была станцыя “Бяспечныя канікулы”. Пасажырам цягнікоў трэба было адказаць на пытанні аб правілах паводзін пры пажары, успомніць правілы дарожнага руху, пагуляць у гульню “Дазваляецца-забараняецца”. За кожны правільны адказ “цягнікі” атрымлівалі ў сваю капілку салодкі бонус.
Наступная станцыя мела назву “Казачная”. Дзеці спаборнічалі ў веданні казак, а затым удзельнічалі ў гонках на мятле, якую забылася на станцыі Баба Яга.
Наступным быў прыпынак “Бюро знаходак”. Пасажырам цягнікоў трэба было дапамагчы вызначыць, хто згубіў тую альбо іншую казачную рэч. Усе добра справіліся з задачай і салодкія бонусы зноў адправіліся ў капілкі “цягнікоў”.
На “Паштовай” станцыі было шмат неадпраўленых пісем, бо быў указаны толькі адрас, а каму ўручыць пасланне – невядома. Юныя пасажыры падпісалі канверты і пісьмы адправіліся да адрасатаў.
На “Дэтэктыўнай” станцыі дзяцей чакала няпростае заданне. Воўк разагнаў сямёра казлянят. Яны перапужаліся і пахаваліся на прылягаючай тэрыторыі. Пасажырам паравозікаў трэба было адшукаць усіх казлянят.
На станцыі “Бібліятэчная” бібліятэкары зрабілі рэкамендацыйны агляд кніг для летняга чытання. Дзеці паабяцалі больш чытаць і наведваць бібліятэку. Падлічыўшы салодкія бонусы, аказалася, што “паравозікі” атрымалі па роўнай колькасці цукерак, перамагла дружба.
- 06. 2019. Заг. бібліятэкі І.Ф. Нікіфаровіч