21 лютага адзначаўся сусветны Дзень роднай мовы. З мэтай паглыблення ведаў роднай мовы, заахвочвання да размовы на беларускай мове, выхоўвання павагі і цікавасці да ўсяго беларускага Шунеўская бібліятэка таксама далучылася да гэтага свята і правяла акцыю “Гавары са мной па-беларуску!”
Маляўнічы надпіс з паведамленнем пра акцыю, запрашаў чытачоў размаўляць па-беларуску. Бібліятэкары таксама стараліся сачыць за сваёй размовай, імкнуліся, каб гаворка была правільнай і без памылак. Атрымлівалася ва ўсіх па-рознаму, камусьці замінала звыклая “трасянка”, хтосьці не ведаў, як правільна выказаць тую ці іншую думку, а для некаторых такая прапанова не выклікала ніякіх цяжкасцей.
Наведвальнікам бібліятэкі ў гэты дзень прапаноўваліся тры заданні: пераклад слоў з рускай мовы на беларускую і наадварот, а таксама растлумачыць сэнс слоў, якія рэдка ўжываюцца: груца, шамкі, чмут, гіль, сярпянка, акавіта, твань, гутнік, салапяка і інш. Для тых, хто сутыкнуўся з цяжкасцямі пры выкананні гэтага задання, а іх было большасць, былі падрыхтаваны тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы, у якіх можна было знайсці дакладныя адказы.
А тыя, хто рызыкнуў паспрабаваць сябе ў перакладзе з рускай мовы на беларускую і наадварот, пры правільных адказах маглі разлічваць на кубачак духмянай гарбаты з цукеркамі ў якасці ўзнагароды.
У акцыі прынялі ўдзел 23 чалавекі. Як вынік, можна сказаць, што цікавасць да роднай мовы ёсць у кожнага, многія ведаюць, любяць і размаўляюць на беларускай мове, чытаюць творы беларускіх аўтараў. Удзельнікі акцыі падтрымалі заклік бібліятэкараў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.
25 лютага 2019 г. Заг. бібліятэкі І.Ф. Нікіфаровіч