Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі,
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Я. Янішчыц
У календары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. Гэта нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова.
У гэты дзень Глыбоцкая дзіцячая бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на цікавыя мерапрыемствы, каб яшчэ раз засяродзіць увагу нас,беларусаў, да роднага слова. Мерапрыемствы ў рамках акцыі “Размаўляем на роднай мове” падрыхтавала галоўны бібліятэкар Глыбоцкай дзіцячай бібліятэкі Трапук М. Г.
Чытачам бібліятэкі была прапанавана цікавая кніжная выстава, якая адлюстроўвае амаль усе аддценні роднага слова. У падраздзеле “Беларускі кнігазбор” дзеці змаглі пазнаёміцца з лепшымі творамі беларускай літатратуры – класікаў і сучасных аўтараў. “Старонкі моўнай скарбонкі” распавядаюць пра значныя падзеі з гісторыі мовы. А колькі цікавага і загадкавага, а часам карыснага можна знайсці ў кнігах, змешчаных на паліцах выставы “Жывая спадчына” і “Вясёлыя дзівосы”!
У рамках акцыі “Размаўляем на роднай мове” юныя чытачы і дарослыя змаглі прыняць удзел у гульні “Моўнае лато. Багата ты, родная мова”. Самая юная ўдзельніца мерапрыемства - вучаніца 3 класа СШ №3 Новік Ульяна, а самая старэйшая – бабуля Арэхава Рамана Храпавіцкая Фаіна Станіславаўна.
Цудоўна, амаль без памылак справіліся з заданнямі Зельдзіна Аляксандра і яе мама Таццяна Іванаўна.
Актыўны ўдзел у акцыі прынялі супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ. Яны правільна адказвалі на пытанні моўнай віктарыны “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю”.
Для бацькоў юных чытачоў быў падрыхтаваны буклет “Дамашнія ўрокі роднай мовы”, які змяшчае парады, як зацікавіць дзіця, каб яму захацелася вывучаць родную мову.
Трапук М.Г., гал. бібліятэкар Глыбоцкай дзіцячай бібліятэкі