- 09.1102021
Анатолю Вярцінскаму — 90 год. Ён верыць. У лепшае заўтра. У высокі ідэал чалавечага жыцця.
- Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988, за кнігу «Нью-Ёркская сірэна») і лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2010, за высокі ўклад у сучасную беларускую літаратуру) Анатоль Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 года ў сялянскай сям’і на Віцебшчыне, у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна, якая цяпер засталася толькі ў паэтычных асацыяцыях.
Домік маленькі, бачу я, знеслі.
А ў доміку гэтым спявалі песні.
А ў доміку гэтым дзяцей нараджалі.
А ў доміку гэтым гасцей страчалі.
…
Той домік блізкі некаму быў,
Той домік нізкі нехта любіў.
З тым домікам звязаны вечны лёс.
Той домік пайшоў сягоня пад знос.
Наймацнейшыя ўспаміны пра маленства — ваенныя ўражанні, адчуванне сусветнай бяды. Па ўспамінах паэта, побач з трагічным вайна настройвала і на "гераічна-ратны" лад (адзінаццацігадовы хлапчук, мала ўсведамляючы сур’ёзнасць і небяспечнасць сваіх дзеянняў, праводзіў партызан у пушчу і расклейваў па вёсцы наіўную, не вельмі пісьменна напісаную лістоўку з заклікам "біць немцаў").
Зямля мая бой прымала
ад стара і да мала,
ад стогадовага Талаша
да Казея — малыша.
I падаў, распасцёрты,
кожны чацвёрты.
Часта згаралі знічкі тады.
Быў небасхіл чорны.
А на зямлі стылі сляды —
кожны чацвёрты.
Мір асвятліў нас сваім святлом.
Грымелі ўрачыста акорды.
Толькі не быў за святочным сталом
кожны чацвёрты
Журналіст па адукацыі, А. Вярцінскі вядомы як публіцыст, драматург, крытык і перакладчык. Але ў літаратуру прыйшоў найперш паэтам, хоць і пачаў пісаць вершы дастаткова позна, у 30 год.
- Першым паэтычным зборнікам (а іх усяго сем) стала кніга "Песня пра хлеб" (1962) у якім апавядалася пра вясковае і студэнцкае жыццё, мінулую вайну. Каларытна напісана змешчаная ў гэтым зборніку аднайменная паэма, у якой паэтызуецца праца хлебароба, сялянскі побыт, духоўная прыгажосць працоўнага чалавека. Крытыка прыхільна сустрэла кнігу і назвала паэта традыцыяналістам.
Даўно не было з табою сустрэч,
Старая, добрая руская печ!
…
Помніцца, хата была цеснаватай,
бо ты сапраўды займала паўхаты.
Каптур узвышаўся над столлю,
шчыт займаў ільвіную долю,
топка твая зіяла тунэлем,
падпечак быў цэлым падзямеллем.
- Наступныя паэтычныя зборнікі характарызуюць напружаны інтэлектуальны пошук, арыентаванасць на вырашэнне духоўных канфліктаў з пазіцый дабра, актыўнага гуманізму. Крытыкі адносяць паэта Анатоля Вярцінскага да прадстаўнікоў так званай інтэлектуальнай, філасофскай паэзіі другой паловы XX ст.
Дзівак чалавек…
Яму Хірасіму, Асвенцім, яму,
замест імя, — асвенцімскае таўро.
А ён паўтарае, што ёсць дабро на свеце;
што будзе дабро
і што пераможа дабро
- Валодае рознымі жанрамі паэзіі. Піша оды, байкі, вершы-прысвячэнні, набліжае свае вершы да зарыфмаванай сказавай формы і нават стварае новы жанр - проза паэзіі, для якога характэрны свабодны пераход ад вершаванай да празаічнай мовы. Значных поспехаў дасягнуў А. Вярцінскі ў драматургіі. Занімаўся перакладчыцкай дзейнасцю.
Быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 80-я рэдагаваў тыднёвік “ЛіМ”, які за лічаныя гадзіны знікаў з шапікаў “Саюздруку”. Займаўся грамадскай дзейнасцю, на працягу шасці год (з 1990 па 1996), выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
У шлюбе з Адай Сямёнаўнай былі 57 год. Руку і сэрца Адзе Сямёнаўне прапанаваў, калі абодва былі яшчэ студэнтамі. Першым падарункам ёй была кніжка “Граф Монтэ-Крыста”, Пазней Ада Сямёнаўна прызналася, што адзін хлопец падараваў ёй такую ж самую кніжку, прычым хлопца таксама звалі Анатолем! Але яна выбрала Вярцінскага Анатоля.
Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіццё. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё
- На верш паэта “Два полі” напісаны песня.
Было у салдата дава полі:
Поле, дзе кветкі ірваў,
Бегаў з сябрамі па полі
І поле, дзе ён ваяваў
- ТОП-10 кніг, якія, па меркаванню А.Вярцінскага фармуюць нацыянальную свядомасць.
Мікола Гусоўскі “Песня пра зубра”.
Максім Багдановіч “Вянок”.
Янка Купала “Тутэйшыя”.
Якуб Колас “Новая зямля”.
Па матэрыялах інтэрнета.
Падрыхтавала Ізаітка М.В., бібліятэкар АБМ Глыбоцкай ЦРБ