На тэрыторыі Азярэцкага сельскага савета знаходзіцца 7 помнікаў Вялікай Айчыннай вайны
Перад суровым абеліскам
Схілюся ў пояс нізка-нізка...
Хачу, каб бачылі сыны
Бацькоў, што не прыйшлі з вайны.
М.Мішчанчук
У цэнтры в.Азярцы ў 1968 годзе ўстаноўлены помнік – скульптура воіна. На помніку надпіс: “Зямны паклон вам, мужныя салдаты, багатыры Радзімы дарагой. Імёны вашы мы шануем свята, яны навекі ў памяці людской. 1941-1945”.
Побач з помнікам пліты з імёнамі 59 землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцаў вёсак Азярцы, Мамаі, Пялеўшчына, Каміншчына, Кухты, Кісарэўшчына, Шубнікі, Хацілаўцы.
У цэнтры в.Абруб-Беразвецкі, на ўшанаванне памяці 60 жыхароў-аднавяскоўцаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, ў 1974 годзе ўстаноўлены помнік – скульпура воіна, на шыльдзе - імёны загінуўшых землякоў.
У маі 1998 г. у лясным масіве в.Арэхаўна 1-м спецыялізаваным пошуковым узводам Міністэрства абароны праводзіліся пошукавыя работы. У выніку былі знойдзены астанкі 19 чалавек, італьянскіх ваеннапалоных і мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі.
11 жніўня 1998 г. на месцы перазахавання астанкаў загінуўшых устаноўлены помнік у выглядзе двух крыжоў і валуна. Аўтарам праекта помніка-абеліска стаў глыбачанін У.І.Скрабатун. На помніку надпіс: “Здесь захоронены останки мирных жителей и итальянских военнопленных, зверски замученых фашистами в годы мировой войны в 1941-1944 г. Вечная память”.
Помнік на месцы жудаснай трагедыі ўзведзены кіраўнікамі і рабочымі Глыбоцкага лясгаса (гал. ляснічы Р.М.Долгі, прараб У.Л.Жэнаў), работнікамі АП №16. На помніку шыльда “Воінскае пахаванне №4070”.
Літаратура:
Зінкевіч, А. Абеліск на магіле ахвяр вайны // Веснік Глыбоччыны.- 1998.- 19 жніўня.- С.1
Сауліч, Ул. Трагедыя ля Арэхаўна // Веснік Глыбоччыны.- 1998 .- 17 чэрвеня.- С.2
Зінкевіч, А. Гісторыя з працягам // Веснік Глыбоччыны.- 1998.- 22 жніўня. - С.5
Ля дарогі Глыбокае – Полацк, за 1 км перад в. Гваздова стаіць пад сонцам, ветрам, дажджом і снегам помнік – бетонная піраміда з чырвонай зоркай наверсе. Пахаваны тут невядомы воін Чырвонай Арміі, аб чым сведчыць надпіс “Невядомы” і шыльда “Воінскае пахаванне №4069”.
На вясковых могілках в.Гваздова размешчана індывідуальная магіла Кукушкіна Пятра Аляксеевіча. На помніку з бетона і мармуровай крошкі надпіс “Кукушкин Пётр Алексеевич зверски убит немецко-фашистскими захватчиками в 1942 году”. Помнік устаноўлены ў 1975 годзе. На помніку шыльда “Воінскае пахаванне №4064”.
Індывідуальная магіла Баракіна Рыгора Дзмітрыевіча на могілках в.Пялеўшчына. На помніку з бетона і мармуровай крошкі надпіс “Баракин Григорий Дмитриевич зверски убит немецко-фашистскими захватчиками в 1941 году”. Помнік на магіле Р.Д.Баракіна зроблены рукамі вучняў Азярэцкай СШ і ўстаноўлены ў 1975 годзе. На помніку шыльда “Воінскае пахаванне №4065”.
Літаратура: Гінзбург, І. Следапыты вядуць пошук // Шлях перамогі.- 1979.- 20 кастрычніка.- С.2
Помнік на брацкай магіле мірных жыхароў, расстраляных каля в.Арэхаўна. Помнік устаноўлены Азярэцкім сельскім саветам 9 мая 1998 г. На помніку надпіс “Мирным жителям, расстреляным в годы Великой Отечественной войны” і шыльда “Воінскае пахаванне №5597”.
Помнік падпольшчыкам і партызанам, у гонар разведак партызанскай брыгады імя Леніна і атрада “Северные”, якія дзейнічалі ў 1943-1944 гадах. Помнік адкрыты 3 ліпеня ў 1988 годзе на месцы былой вескі Мікулічы, на ўскрайку леса ля рачулкі Мікулінка. На помніку напісана “Тут, у вёсцы Мікулічы, у доме сям’і Тарыкавых у 1943-1944 гадах знаходзілася падпольная яўка партызанскай брыгады імя Леніна і атрада “Паўночныя”. Рашэннем выканкама Віцебскага абласнога савета народных дэпутатаў ад 27.12.1990 № 348 помнік падпольшчыкам і партызанам, у гонар разведак партызанскай брыгады імя Леніна і атрада “Северные”, якія дзейнічалі ў 1943-1944 гадах, унесены ў Дзяржаўны спіс нерухомых помнікаў гісторыі мясцовага значэння.
Літаратура:
Сурнін, Ю. Адкрыты памятны знак // Шлях перамогі.- 1988.- 9 ліпеня.- С.2
Лукашэвіч, А. Хутар у Мікулічах (аб дзейнасці брыгады “Паўночныя”, сям’і Тарыкавых // Шлях перамогі.- 1988.- 19 ліпеня. // Шлях перамогі.- 1988.- 9 ліпеня.- С.2