Летапіс Глыбоцкай царквы як крыніца інфармацыі аб развіцці Глыбокага к. ХІХ - пач. ХХ стагоддзя

01 Letapis Glybockaj carkvy 1

07.06.21 

Юрый  Калбасіч,  2014 г. 

 

 

Letapis Glybockaj carkvy 1 8

У 60-я гады ХІХ стагоддзя ў шматлікіх прыходах рускай праваслаўнай царквы пачалі складацца царкоўна-прыхадскія летапісы. Гэтаму паспрыяла адкрыццё пры духоўных кансісторыях архіўных камісій і наступнае выданне ў 1864 г. указу Свяшчэннага Сіноду аб складанні царкоўна-гістарычнага і статыстычнага апісання епархій. Першапачаткова складанне царкоўнага летапісу не было абавязковым для прыходу. У 1886 годзе Сінод выдае ўказ, які абавязаў усіх святароў весці летапіс у сваім прыходзе. Паступова распрацоўваецца праграма царкоўнага летапісання, выдаюцца адмысловыя бланкавыя кнігі з загалоўкамі раздзелаў летапісу для іх наступнага запаўнення. У Літоўскай епархіі, да якой належала Глыбоцкая царква, у 80-я гады ўжо была распрацавана форма і праграма царкоўнага летапісу. Яна была надрукавана ў "Літоўскіх епархіяльных ведамасцях" і пераймалася, напрыклад, Ніжагародскай епархіяй.

Каб пазбегнуць недарэчнасцяў, святары павінны былі прытрымлівацца пэўнага плана работы над летапісам. Пацверджанне гэтаму мы знаходзім у Летапісу Залескай царквы, які складзены па падобных раздзелах, што і Летапіс з Глыбокага.

План вядзення царкоўна-гістарычнага і статыстычнага апісання быў наступны:

  1. Аб храме (Гісторыя пабудовы. Час пабудовы. Заснавальнік. Каменны ці драўляны. Умяшчальнасць. Адноснае багацце ці беднасць. Колькасць прастолаў, час іх уладкавання. Асабліва адметныя абразы, крыжы, мясцовыя святыні: капліцы, грабніцы, гаючыя крыніцы.
  2. Клір царкоўны (Яго склад. Сродкі для ўтрымання. Пераемнасць служэння святароў, калі магчыма, ад моманту пабудовы храма ці адкрыцця прыходу).
  3. Аб прыхаджанах (Іх колькасць. Колькасць праваслаўных. Колькасць прадстаўнікоў іншых канфесій. Мясцовыя рэлігійныя звычаі: святы, хросныя хады. Наяўнасць забабонаў. Маральнае аблічча прыходаў).
  4. Аб царкоўных школах (Ці ёсць у прыходзе школа. З якога часу існуе. Хто з'яўляецца настаўнікам. Колькі вучняў. Адкуль мае сродкі для існавання).
  5. Аб царкоўных бібліятэках (Час заснавання, сродкі, каталог кніг. Як захоўваюцца і выдаюцца).
  6. Аб царкоўным папячыцельстве.

Святарам раілі не ператвараць летапіс у сухое статыстычнае апісанне. Звяртаць увагу на мясцовыя звычаі, апісваць побыт, прыродныя з'явы, засухі пажары. Але ў любым выпадку змест і якасць летапісу мог залежыць ад узроўню адукацыі, асабістай зацікаўленасці, добрасумленнасці святара, які яго складаў.

10 чэрвеня (ст.ст.) 1888 года ў Глыбокае прыбыў новы святар - айцец Мікалай Нікольскі. Выпускнік Цвярской духоўнай семінарыі. Да гэтага ён ужо меў досвед працы настаўніка ў Ковенскай губерніі. Служыў святаром у Хмелеўскай царкве Брэскага павету. Дзесяць гадоў выкладаў Закон Божы ў Хмелеўскім народным вучылішчы. У хуткім часе пасля пераезду ў Глыбокае айцец Мікалай Нікольскі стаў настаўнікам Закона Божага ў Глыбоцкім народным вучылішчы. 4 гады запар працаваў у вучылішчы бясплатна. Быў назіральнікам царкоўна-прыхадскіх школ. У 1897 годзе ва ўзросце 42 гадоў памёр ад туберкулёзу і быў пахаваны на Копцеўскіх могілках каля капліцы.

Letapis Glybockaj carkvy 1 7

Менавіта айцец Мікалай распачаў складанне Царкоўна-гістарычнага і статыстычнага апісання Глыбоцкай царквы і прыходу Літоўскай епархіі. З падрабязнасцю айцец Мікалай апісвае гісторыю храма, побыт і традыцыі мясцовых жыхароў, фіксуе ўспаміны старажылаў. Не гледзячы на тое, што першая частка падае апісанне храма і яго прыхаджанаў па прапанаванаму епархіяй плану, у тэксце можна пабачыць шмат гістарычных фактаў, падрабязнасцяў, якія не былі раней вядомыя аматарам мясцовай гісторыі.

Летапіс Глыбоцкай царквы - сшытак з 164 старонак - напісаны ад рукі. Першая падзея, зафіксаваная ў апісанні падзей у прыходзе датуецца 1889 годам, што адпавядае пачатку служэння ў Глыбокім айца Мікалая Нікольскага. Яго змест адпавядае распрацаванаму плану і складаецца з 2 частак. У першай частцы - гісторыка-статыстычныя звесткі аб храме, кліры і прыхаджанах. У другой частцы пад назвай "Повременная Церковно-приходская летопись Глубокской Церкви Дисненского уезда, Виленской губернии, Глубокскаго благочиния" падаецца апісанне адметных падзей ад 1889 да 1916 года. З 1901 па чэрвень 1908 года настаяцель Глыбоцкай царквы а. Аляксандр Смірноў Летапіс не вядзе. Аднаўляе яго прызначаны ў Глыбокае святар Яўфімій Дзівалоўскі, які выконвае запісы да апошніх дзён свайго жыцця.

Доўгі час сшытак захоўваўся сярод дакументаў Сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім. У пачатку ХХІ ст. сшытак быў перададзены ў бібліятэку Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, дзе ён быў адрэстаўраваны і застаўся ў фондах названай бібліятэкі.

Letapis Glybockaj carkvy 1 1Знаёмства з першай часткай Летапісу дазваляе атрымаць вельмі падрабязныя звесткі аб складзе прыходу, яго межах, вёсках, жыхары якой былі прыхаджанамі Глыбоцкай царквы. Пералічваецца дакладная колькасць двароў у мястэчку і кожнай з такіх вёсак. Адзначаецца, што ў Глыбокім было шэсць вялікіх вуліц, шырокіх, вельмі зручных для язды. Копцеўская вуліца (М.Горкага) першапачатковы належала Кавальскаму прыходу, пазней перайшла ў Глыбоцкі. У самім Глыбокім было 4 памешчыкі, якія валодалі зямлёй. Трое з іх - каталікі. Адзін - немец. У тэксце падаецца адна з версій паходжання назвы мястэчка Глыбокае: "Наименование свое местечко Глубокое получило от того, что расположено на холмистой местности и среди холмов, при чем окружающие местечко холмы несколько выше, особенно с запада, так что идущему в Глубокое кажется, что он поднимается по наклонной плоскости."

Letapis Glybockaj carkvy 1 2

Згодна з патрабаваннем, у Летапісу пададзена апісанне гісторыі храма. Святар спасылаецца на тое, што ніякіх дакументам аб заснаванні касцёла кармелітаў у Глыбокім не засталося. Таму звяртаецца да мясцовых жыхароў па ўспаміны і факты.

Падрабязнае апісанне знешняга выгляду храма дае уяўленне аб яго канструкцыі да пераробкі ў праваслаўную царкву. Адзначана, што храм меў два верхнія скаты, пакрытыя чарапіцай, а два бакавыя - ліставым жалезам. Купалы былі пафарбаваныя у колер цэглы, а васьміканцовыя ажурныя крыжы пазалочаныя.

На той момант захаваліся званы касцёла кармелітаў. Тры вялікія - вагой шэсцьдзесят, пяцьдзесят і трыццаць пудоў і пяць меншых.

Letapis Glybockaj carkvy 1 10Падрабязнае апісанне інтэр'еру, убрання і абразоў ужо праваслаўнай царквы падае новыя звесткі, аб якіх раней у друкаваных выданнях пра не ўзгадавалася.

З апісання, напрыклад, даведваемся, што першы ярус іканастаса з іконамі Збавіцеля, Маці Божай, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла выканаў акадэмік Санк-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, кіраўнік Віленскай рысавальнай школы Іван Пятровіч Трутнеў (1827-1912). Візуальнае параўнанне іканастаса Прачысценскага сабора ў Вільні дазваляе зрабіць высновы аб даставернасці гэтых звестак.

Таксама даведваемся аб наяўнасці на лініі іканастасу з правага боку іконы трох віленскіх пакутнікаў - Антонія, Іаана і Яўстафія, што ёсць вынікам прыналежнасці Глыбоцкай царквы да Віленскай епархіі. Дарэчы, той абраз захаваўся ў саборы і цяпер знаходзіцца ў алтары сабора.

Letapis Glybockaj carkvy 1 11Узгадваецца абраз Маці Божай Чанстахоўскай, які быў адноўлены ў 1898 годзе. Першапачатковы гэты абраз ствараўся для Глыбоцкай уніяцкай царквы Святой Тройцы і быў закрыты новым палатном. Згодна летапісу, абраз меў срэбны аклад з пазалотай. Відавочна, каштоўнасць акладу паспрыяла таму, што ён да нашых дзён не захаваўся. Лёс яго невядомы.

З апісання архіўных дакументаў можна падкрэсліць наступныя факты. Памяшканні кляштарнага корпуса здаваліся ў арэнду. Аптэку тут трымаў доктар Пулікоўскі, які, акрамя таго жыў у царкоўным доме. Была заключана дамова з паштова-тэлеграфным ведамствам для размяшчэння пошты і тэлеграфа. А былы кармеліцкі вадзяны млын, які перайшоў у выніку люстрацыі да маёмасці царквы быў аддадзены ў арэнду мешчаніну Мірману. Кармеліцкі сад і ферма засталіся у падпарадкаванні прытчу Глыбоцкай царквы.

Таксама даведваемся аб наяўнасці ў тагачасным архіве Глыбоцкай царквы метрычных кніг, пачынаючы з 1834 года і спавядальныя ведамасці пачынаючы з 1840 года.

Letapis Glybockaj carkvy 1 2Вялікую цікавасць уяўляе частка летапісу, якая дае апісанне прыхаджанаў Глыбоцкай царквы. Аўтар гэтага апісання - святар Мікалай Нікольскі дасціпна і падрабязна характарызуе мясцовых жыхароў, іх рэлігійныя прыхільнасці, знешні выгляд, інтэлектуальныя здольнасці, звычкі, хваробы і забабоны. Такое апісанне, пададзенае ў канцы 19 ст. з'яўляецца ўнікальным і можа быць выкарыстана для падрабязнага даследавання побыту жыхароў Глыбоччыны на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Адзначаецца, што ўвесь Глыбоцкі прыход складаецца з былых уніятаў, якія адначасова перашлі ў праваслаўе пасля скасавання ўніі ў 1839 годзе. Сапраўды, доўгі час да гэтага ў Глыбокім праваслаўных цэркваў не было.

Нацыянальны склад прыходу — беларусы. Аўтар указвае на вялікую колькасць яўрэйскага насельніцтва. Пацвярджаецца іх імкненне сяліцца менавіта ў Глыбокім: толькі тры яўрэйскія сям'і жывуць у вакольных вёсках.

Побыт прыхаджанаў характарызуецца высокім узроўнем дабрабыту. Хаты крыюць саломай толькі зрэдку. Жытло трывалае і дабротнае, гаспадаркі заможныя. Амаль у кожнага есць сад з пладовымі дрэвамі. На святы мясцовыя жыхары імкнуцца апранацца пінжакі, суртдуты, сукенкі моднага пакрою і нятаннай тканіны. У апісанні прыхаджанаў можна знайсці абвяржэнне распаўсюджанага стэрэатыпу аб тым, што лапці  — гэта нацыянальны абутак беларусаў. "Лапти носят во время работы да и то бедные; сапоги и башмаки во всеобщем употреблении".

Глыбоцкія яўрэі мелі манаполію ў гандлі. Толькі саматужныя вырабы хрысціянскае насельніцтва мае магчымасць прадаць на рынках. Чатыры вялікія базары былі традыцыйнымі ў Глыбокім: на дзень Святой Тройцы, апошняя нядзеля перад Божым Нараджэннем, першая нядзеля Вялікага посту і першая нядзеля пасля Вялікадня.

Моцныя сямейныя асновы, падпарадкаванне главе сям'і характарызуе сацыяльны побыт глыбачанаў. Старэйшы ў сям'і распараджаецца працай астатніх, абараняе ад крыўды. Калі сям'я малая, наймаюць работнікаў, якім плоцяць 10-20 рублёў за год і даглядаюць як малодшага члена сям'і - апранаюць, кормяць за агульным сталом, лечаць пад час хваробы, прыслухоўваюцца.

Самакіраванне ў Глыбокім адбывалася на ўзроўні Глыбоцкага Валаснога праўлення. Адзначаецца нізкая цікаваць мясцовых жыхароў да грамадскай дзейнасці і высокі ўзровень карупцыі ў Валасным праўленні. Былі выпадкі, калі рашэнне аб выбару старэйшыны, поштаўтрымальніка, старасты залежыў ад колькасці вёдзер гарэлкі, якую кандыдат мог прапанаваць за новую пасаду. Асаблівая заклапочанасць выказваецца ў адносінах да судовых рашэнняў: "...если дело разбирается в субботнем заседании, то в пятницу в ближайшей корчме суд пьёт на счёт того, кто будет прав, и последнему даже нечего беспокоиться о судьбе дела..."

Letapis Glybockaj carkvy 1 6На момант напісання ўступнай часткі летапісу прыход Глыбоцкай царквы складаў 5019 прыхаджан. Каталіцкага насельніцтва на тэрыторыі прыхода - 4999 чалавек. Яўрэяў больш за 3000. Налічвалася 20 магаметан і 40 раскольнікаў. Сярод іх была значная колькасць сем'яў, дзе каталікі перамешаныя з праваслаўнымі. Іх на тэрыторыі прыходу было 186. Адзначаецца рэлігійная талерантнасць сярод мясцовага насельніцтва. Каталікі ахвотна наведваюць царкву. Удзельнічаюць у рэлігійных святах каталікоў і праваслаўныя.

Святар звяртае ўвагу на мясцовыя звычаі, асаблівасці святкавання рэлігійных святаў. Дае падрабязнае апісанне абраду нашэння наміткі, які ў студзені 2014 года быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Аўтар летапісу адзначае высокія разумовыя здольнасці прыхаджанаў Глыбоцкай царквы ў параўнанні з іншымі прыходамі, дзе яму даводзілася служыць. Тлумачыць гэта высокім узроўнем развіцця гандлю і прамысловасці, наяўнасцю народнага вучылішча, кніжнага гандлю, актыўнай працай судовых інстанцый.

Адукацыя Глыбоччыны на мяжы 19 - 20 стагоддзяў была прадстаўлена народным вучылішчам Міністэрства Народнай асветы і каля 15 школамі граматы, якія адкрываліся на прыходах мясцовымі святарамі. З 1895 года існавала жаночая Глыбоцкая аднакласная царкоўна-прыхадская школа (з1908 года ператворана ў 2-класную). З 1 верасня 1910 года ў былым корпусе кляштара кармелітаў афіцыйна існавала Глыбоцкае 4-х класнае гарадское вучылішча.

Другая частка рукапісу мае назву "Повременная церковно-приходская летопись Глубокской церкви Дисненского уезда Виленской губернии, Глубокского благочиния." Распачынае яе святар Мікалай Нікольскі днём асвячэння храма - 3 верасня 1878 года.

Сярод падзей, якія ўзгадваюцца ў гэтай частцы летапісу хацелася б адзначыць некаторыя.

У 1889 годзе з Вільні былі прывезеныя восем вялікіх абразоў, якія да гэтага знаходзяцца ў храме.

У 1895 годзе прытвор быў аддзелены ад асноўнай часткі храма драўлянымі дзвярыма.

Letapis Glybockaj carkvy 1 3У 1898 годзе віленскім мастаком Падольскім была выканана рэстаўрацыя іконы Маці Божай Чанстахоўскай і створаны спіс з іконы Маці Божай Вострабрамскай, які размясціўся ў шыкоўным ківоце перад іканастасам. У гэтым жа годзе на даху царквы чарапіца была заменена бляхай, выканана ўнутраная афарбоўка. Адбылося малое асвячэнне храма.

Прыпісная да Глыбоцкай Іана-Прадцечанская царква (вёска Сарокі) у 1899 годзе была капітальна адрамантаваная і асвечаная.

 

 

Letapis Glybockaj carkvy 1 115 чэрвеня 1908 года настаяцелем Глыбоцкай царквы стаў айцец Яўфімій Дзівалоўскі. Выпускнік Віцебскай духоўнай семінарыі меў досвед настаўніцкай працы, служыў да гэтага святаром у Вілейскім павеце. У сваім першым запісу адзначае запушчаны стан самога будынку царквы, прыхадской гаспадаркі. Указвае на адсутнасць сродкаў на рамонт. Менавіта ў 1908 годзе была канчаткова заменены чарапічны дах і ўзведзены з дрэва цэнтральны купал. У папярэдніх крыніцах (О.Гедэман, Глыбокае, 1935 г.) быў адзначаны (відаць, памылкова) 1895 год.

У 1909 годзе былі агароджаныя пустыя могілкі, дзе апошнія 50 гадоў адбываліся конныя базары. Зямля гэта належала памешчыку Путырскаму, які ў 1913 годзе пачаў судзіцца са святаром Яўфіміем Дзівалоўскім. Суд памешчык прайграў і былыя ўніяцкія могілкі сталі здабыткам царквы. Цяпер гэта — трохкутнік зямлі на перакрыжаванні вуліц Маскоўскай і Чырвонаармейскай. У пасляваенны час там паўстала пажарная частка, а ў 2012 годзе адбылося частковае перапахаванне чалавечых парэшткаў. У інвентарах канца 18 – пач. 19 стагоддзя на гэтым месцы ўзгадваецца царква святога Пятра з цвінтаром.

Letapis Glybockaj carkvy 1 12Letapis Glybockaj carkvy 1 3У 1910 годзе адбылося перанясенне мошчаў прападобнай Ефрасінні з Кіева ў Полацк. Звыш 3 тысяч чалавек з Глыбоцкага і Дунілавіцкага прыходаў прайшлі паломніцкі шлях з Глыбокага да Полацка. Хрэсны ход стаў традыцыйны і адзначаны ў летапісу ў наступныя гады. Першая сусветная вайна спыніла гэтую традыцыю. Ці існавала яна ў міжваенны час - невядома. Але ў 2010 годзе, калі шырока адзначалася 100-годдзе перанясення мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай, пад кіраўніцтвам сучаснага настаяцеля сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы традыцыя пешых паломніцтваў з Глыбокага ў Полацк была адноўленая.

У канцы 1910 года насельнікі святой гары Афон у Грэцыі прапанавалі прычту Глыбоцкай царквы ў ахвяру абраз Маці Божай "Дастойна Ёсць". Пасля доўгай перапіскі гэты абраз быў урачыста перанесены ў Глыбокае 26 чэрвеня 1911 года.

У 1910 годзе быў зацверджаны статут Глыбоцкага Свята-Троіцкага брацтва. У наступныя гады свайго існавання яно стала ўплывовым у шматлікіх пытаннях грамадскага і сацыяльнага жыцця на Глыбоччыне. Так, у маі 1911 года Брацтва хадайнічае аб адкрыцці ў Глыбокім казённай бальніцы, назначэнні казённага ўрача і адкрыцці яшчэ адной аптэкі. Бо на той момант у Глыбокім працаваў толькі адзін доктар М.Пулікоўскі, які абслугоўваў тэрыторыю з 41290 чалавек насельніцтва. У студзені 1912 года ў Глыбокае быў дасланы выпускнік Маскоўскага ўніверсітэта Дзмітрый Розенкранц і пачала працаваць першая бальніца.

Таксама Свята-Троіцкае брацтва выступае з хадайніцтвам перад Віленскім губернатарам аб добраўпарадкаванні Копцеўскіх могілак, якія да таго часу не былі абгароджаныя.

Першая сусветная вайна стала пераломнай у лёсах многіх глыбачанай. Ужо 5 верасня 1914 года кайзераўскія войскі былі ў Глыбокім. Шмат месцічаў з'ехала ўглыб Расійскай імперыі. Тыя, хто засталіся, выпрабавалі на сабе ўсе пакуты вайны — рабаванне, голад. Летапіс Глыбоцкай царквы абрываецца некалькімі радкамі аб неўраджаях 1916 года.

Letapis Glybockaj carkvy 1 4У хуткім часе айцец Яўфімій Дзівалоўскі захварэў і летам 1917 года памёр. Быў пахаваны каля капліцы на Копцеўскіх могілках. Праўнучка святара Алена Канстанцінаўна Цюрына па ўспамінах сваёй бабулі адзначае, што сям'я святара пад час акупацыі ў гады перашай сусветнай вайны выязджала ў Варонеж. Пасля смерці бацюшкі, яго сям'я пераехала ў Маскву. Надмагільны помнік, відавочна, ў той змрочны час яны паставіць не паспелі. Магіла святара-асветніка, аднаго з аўтараў Летапісу Глыбоцкай царквы згубілася ў шэрагах безымянных пахаванняў каля Ільінскай капліцы.

 

 

Letapis Glybockaj carkvy 1 5Крыніцы:

  1. Гедэман, Отан. Гістарычны нарыс. Пераклад М.Гіля. — Паставы, 2012.
  2. Памятники письменности в культуре познания истории России. Том 2: От Карамзина до «арбатства» Окуджавы. Книга 1. — Сигурд Шмидт, Litres, 2013.

 

 

 

 

08.06.2021

Пошук па сайту

Russian Belarusian Chinese (Traditional) English French German Italian Spanish
Версия для слабовидящих

Simvaly RB

kulturaby

2024 gk

80 god vuzvalennya Belarusi

forum 2024

bazar 2024g

mchs

pravo.by logo main

glub rik

02

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

uni

vit

Vitebskie vesti

pomogut.by

scyag gerb

qr

 

Счетчик посещений

Сёння 117

Учора 200

За тыдзень 498

За месяц 117

Усяго 141923

Перыяд:

2018-01-01 - 2024-05-01

Зарэгістравалася: 283