Мікратапонімы вёскі Івесь

 Ives 9

"Чалавек без радзімы— як птушка без песні. Еднасць гэтая пачынаецца змалку з любові да бацькоў, да слова, якім называецца вёска, вуліца, ручаёк, куточак у роднай вёсцы. Назвы гэтыя не ўзнікаюць выпадкова. Калі ўважліва ўдумацца, то можна заўважыць, што яны цесна звязаны з гістарычным мінулым. Прыдумаў гэтыя цёплыя, трапныя словы, праўдзівыя назвы народ. А ён ніколі не памыляецца.

 У навуковай літаратуры гэтыя імёны прынята называць запазычаным з грэчаскай мовы словам тапонімы. Цяпер нават існуе навука мікратапаніміка, якая вывучае назву палёў, лясоў, лугоў, балот, сенажацяў, дарог, ручаёў… Усе гэтыя геаграфічныя аб’екты называюць адным тэрмінам— урочышча. Урочышча— гэта ўчастак, які адрозніваецца ад навакольнай мясцовасці якімі- небудзь прыметамі (лес сярод поля, балота). Назвы ўрочышчаў—гэта мікратапонімы, прыдуманыя жыхарамі навакольных вёсак. У іх увасоблены замілаванне, любоў да роднага краю. Калі б людзі не прыдумалі назваў сваім урочышчам, то не ведалі б, куды ісці і што рабіць. Мікра-тапонімы—гэта россыпы народнай мудрасці, творчасць народнага генія, вынік тонкіх назіранняў чалавека над навакольнай прыродай. Таму пазнаваць і вывучаць назвы сваёй мясцовасці—значыць ячшэ больш палюбіць Бацькаўшчыну, яе людзей, прыроду, мову і яе гісторыю. Давайце, сябры, будзем памятаць пра гэта!

 У нашым слоўніку змешчана 82 мікратапанімічныя назвы. Гэта вынік напружанай працы вучнёўскага калектыву Завулкаўскай васьмігадовай школы, які паставіў перад сабою мэту ўзняць багаты культурны пласт нашых бацькоў і дзядоў. Усе звесткі атрыманы якраз з іх падачы, таму многія не прэтэндуюць на навуковую дакладнасць. Тут, вядома, шмат дадумак, здагадак і прапаноў.

 У слоўнікавых артыкулах падаецца тлумачэнне сэнсу назваў, дыялектны варыянт у транскрыпцыі. Нам хацелася захаваць асаблівасці мовы роднай вёскі, назвы мілых сэрцу куточкаў.

Адаміха [ а д а м і х а ]. Балота. Знаходзіцца на ўсходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Недалёка ад балота жыў Хрол Адам Адамавіч. Часта гэта ўрочышча называюць Адамава балота.

Арлоўшчына [ а р л о ўш ч ы н а ]. Лугі. Знаходзяцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь, недалёка ад возера Шо. Назва паходзіць ад прозвішча Арлоў.

Бабскія слёзы [ б а б с к’і й’ а с’ л’о з ы]. Паляна. Знаходзіцца ва ўрочышчы Барок. Тут вясковыя мужчыны часта збіраюцца выпіваць, чым і выклікаюць слёзы ў сваіх жонак.

Барок [ б а р о к ] . Лес. Знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Месца, дзе растуць баравыя сосны.

Баяры [ б а й’а р ы]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. Некалі там была вёска, дзе жылі заможныя людзі. Зараз там няма ні сядзіб, ні садоў ці якіх іншых прыкмет вёскі.

Бондары [ б о н д а р ы ] . Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. На гэтым месцы жыў чалавек, які рабіў бочкі.

Бортачкі [ б о р т а ч к’ і ]. Поле, якое складаецца з двух участкаў. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, недалёка ад вёскі Чашкі. Поле сваёй формай нагадвае каўнер. (У мясцовай мове «барты» – часткі каўняра).

Бровар [ б р о в а р ]. Поле. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Хралы. На гэтым месцы быў панскі спіртзавод.

Безымянны ручай [ б’э з ы м’а н ы р у ч а й’]. Ручэй. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Працякае паміж былымі вёскамі Запалле і Ляпейкі. Ручэй не мае назвы, таму што зусім малы.

Бярозавы ручай [б’ а р о з а в ы р у ч а й’]. Ручэй. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, у Галубіцкай пушчы. Месца ў пушчы, дзе працякае ручэй і каля яго расце шмат бяроз.

Вадацеч [ в а д а ц’э ч]. Дарога. Знаходзіцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Месца, дзе раней пастаянна цякла праз дарогу вада.

Валатоўкі [в а л а т о ў к’і]. Курганы. Знаходзяцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Хралы. Месца, дзе знаходзяцца курганы, у якіх пахаваны старажытныя людзі. Лічаць, што там ляжаць волаты.

Ives 6Васькавічы [в а с’ к а в’і ч ы]. Сенажаць. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Былая вёска. Назва паходзіць ад імя першага жыхара — Васька. Зараз засталося некалькі падмуркаў, адзін сад.

Вапенніца [в а п’э н’і ц а ]. Поле. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Хралы. Месца, дзе з вапеннага каменю выраблялі вапну.

Галубоў хутар [г а л у б о ў х у т а р]. Поле. Знаходзіцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Месца, дзе жыў чалавек па прозвішчы Галуб.

Гаравыя [г а р а в ы й’а]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Былая вёска. Вёска размяшчалася пры балоце. Жылі-гаравалі там людзі.

Грыбок [г р ы б о к]. Узлесак. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Хралы. Месца, дзе леснікі пабудавалі альтанку ў выглядзе грыбка.

Грышкава [г р ы ш к а в а ]. Балота. Знаходзіцца на паўночным усходзе ад цэнтра вёскі Івесь у лесе, які размешчаны каля Грышкавага хутара.

Грышкаў хутар [г р ы ш к а ў х у т а р ]. Поле. Лес. Знаходзіцца на паўночным усходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Былая сядзіба Грышкі.

Гурный [г у р н ы й]. Узгорак. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, каля возера Белае. Назва паходзіць ад польскага слова «гура» , што ў перакладзе значыць гара.

Ives 8Двор [д в о р]. Поле. Знаходзіцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Месца, дзе раней размяшчаўся двор пана Жабы.

Дзіўнікі [д з’ і ў н’ і к’ і]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Галінова. На гэтым полі ўсё на дзіва добра расце.

Дубровы [д у б р о в ы]. Поле. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, паміж лясоў. На ўзлесках расло шмат дубоў, некаторыя з якіх ёсць і зараз.

Дубы [д у б ы ]. Сенажаць. Знаходзіцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Галінова. На гэтым месцы была праведзена меліярацыя. Былі знішчаны ўсе кусты і дрэвы, засталіся толькі дубы.

Еськава баравіна [й’э с’к а в а б а р а в’і н а]. Узвышша ў бары. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна, недалёка ад ўпадзення рэчкі Меранкі ў возера Шо. У гэтым месцы жыў чалавек па імені Еська.

Жабіншчына [ж а б’ і н ш ч ы н а]. Поле. Знаходзіцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Месца, дзе раней размяшчаўся двор пана Жабы. Двор і Жабіншчына – гэта адно і тое ж месца.

Забелле [з а б’э л’э]. Поле. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Поле, якое знаходзіцца за возерам Белае.

Заднія лугі [з а д н’і й а л у г’і ]. Лугі. Знаходзяцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Сшо. Назва паходзіць ад слоў ззаду за вёскай.

Запалле [з а п а л’э]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь,за вёскай Чашкі. Назва паходзіць ад слоў «за палямі», што значыць вельмі далёка ад цэнтра саўгаса.

Знікля [з’ н’ і к л’ а]. Рэчка. Знаходзіцца на паўночным усходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Рэчка, якая ператварылася ў ручэй, амаль што знікла.

Іванаўшчына [і в а н а ў ш ч ы н а ]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. Былая сядзіба Лагаша Івана.

Кабылінка [к аб ы л’і н к а ]. Поле. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна. Былая сядзіба, дзе жылі чатары гаспадары. На ўсіх іх была адна хударлявая кабылка.

Казлоўка [к а з л о ў к а]. Узгорак. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна. Некалі тут быў лясны маяк, які выкарыстоўвалі ў час палявання. З яго сачылі ляснога звера. Словам казёл называлі казуль і іншых капытных. Адсюль і назва.

Кануры [к а н у р ы]. Поле. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Месца, дзе надзелы зямлі маленькія, як сабачая канура.

Карасёўшчына [к а р а с’о ў ш ч ы н а]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. Недалёка ад поля знаходзіцца балота, дзе і цяпер жывуць карасі.

Карчомнае [к а р ч о м н а й’э]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. У даўнія часы на гэтым месцы стаяў магазін, які тады называўся карчмой.

Качарыжжа [к а ч а р ы ж а]. Балота. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Балота, дзе сустракаюцца тоўстыя белыя карані, падобныя на качарыжкі.

Кашары [к аш а р ы ]. Сенажаць. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Галінова. На гэтым месцы размяшчалася, кажучы сучаснай мовай, база пагранічных войск, казарма. Мяркуецца, што назва паходзіць ад дыялектнага слова «кашарыць», што значыць чыста прыбраць. Зразумела, што ў казарме і вакол яе быў заўсёды парадак.

Клямішын лес [к л’а м’і ш ы н л е с]. Лес. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, за возерам Белае. Былы панскі лес. Назва паходзіць ад польскага прозвішча Кляміш.

Копань [к о п а н’]. Луг. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Калісьці там людзі капалі роў, каб спусціць ваду з лугу.

Круглы мшок [к р у г л ы м ш о к]. Балота. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Невялікае балота, якое мае форму круга.

Ives 7Крыжы [к р ы ж ы]. Частка возера Шо. Знаходзіцца на захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Так называецца частка возера Шо, дзе пад вадой знаходзяцца затануўшыя магілы з каменнымі крыжамі.

Крынічкі [к р ы н’і ч к’і]. Выток рэчкі Мерынка. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна, на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь. Некалькі крыніц даюць пачатак рэчцы, адсюль і назва.

Лаза [л а з а]. Лугі. Знаходзяцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Неклькі невялікіх участкаў паміж лазовых кустоў. Зараз амаль не выкарыстоўваюцца для сенакосу.

Леантовічаў хутар [л’э а н т о в’і ч а ў х у т а р ]. Поле. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, ля возера Белае. Раней жыў чалавек па прозвішчы Леантовіч.

Ліпейкі [л’і п’э й’к’і ]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. Месца ранейшай вёскі. Паходзіць ад слова ліпа. Вёска мела даволі выцягнуты выгляд. Хаты размяшчаліся па абодва бакі дарогі, і тут расло шмат ліп. Зараз слова змянілася. Цяпер замест назвы Ліпейкі ўжываюць Ляпейкі.

Ліцвяцкі луг [л’ і ц’ в’ а ц к’ і л у х]. Луг. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Луг, які знаходзіцца недалёка ад вёскі Завулак Літоўскі.

Ліцвяцкі лес [л’ і ц’ в’ а ц к’ і л’э с]. Лес. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Некалі належыў гаспадарам, якія прыехалі з Літвы.

Лыска [л ы с к а]. Узгорак. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Невялікая гара, на якой амаль нічога не расце.

Мерынка [м’э р ы н к а ]. Рэчка. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна. Назва паходзіць ад слова «мерная», што значыць неглыбокая, спакойная рэчка.

Нікіфарава баравіна [н’і к’і ф а р а в а б а р а в’і н а ]. Узвышша ў бары. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна, злева ад маяка, у напрамак возера Шо. Даўней была сядзіба Нікіфара. Ад сядзібы нічога не захавалася.

Новікаў хутар [н о в’і к а ў х у т а р ]. Узлесак. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Сам гаспадар даўно памёр, жывуць тут зусім іншыя людзі, а назва засталася.

Павешаная сучка [п а в’ э ш а н а й’ а с у ч к а]. Частка лесу. Знаходзіцца на ўсходзе ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Гразі. Месца, дзе злы чалавек павешаў сабаку.

Пагарэлка [п а г а р э л к а]. Балота. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, недалёка ад вёскі Хралы. Тарфяное балота, якое некалі выгарала.

Паўлаўшчына [п а ў л а ў ш ч ы н а]. Поле. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. Былая вёска. Назва паходзіць ад імя першага жыхара.

Парцізанскі мох [п а р ц’і з а н с к’і м о х]. Участак лесу. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, перад вёскай Гарані. Участак забалочаны. У час вайны знаходзілася партызанская стаянка.

Ives 5Петухова [п’э т у х о в а ]. Поле. Знаходзіцца на поўночы ад цэнтра вёскі Івесь. Назва паходзіць ад мянушак апошніх жыхарак гэтай мясціны. Гэта былі дзве жанчыны, якіх звалі Петушышкі.

Пісталет [п’і с т а л’ э т]. Сенажаць. Знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Абрысы поля нагадваюць пісталет, адсюль і пайшла назва.

Плёса [п л’о с а]. Баравіна. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна, недалёка ад возера Белае. Прыстань для рыбакоў. Лясны масіў падыходзіць да самага возера.

Плінтоўка [п л’і н т о ў к а ]. Вялікае поле. Знаходзіцца на паўночным усходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Некалькі ўчасткаў паводле меліярацыі былі аб’яднаны ў адно поле –плінт.

Пясковыя шнуры або Пяскі [п’ а с к о в ы й’ а ш н у р ы, п’ а с к’ і]. Поле. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. Месца, дзе знаходзяцца вузкія надзелы пясчанай зямлі.

Родзькаў бор [р о ц’к а ў б о р]. Участак лесу. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. На гэтым месцы жыў чалавек па імені Родзька (Радзівон).

Рудкоўшчына [р у т к о ў ш ч ы н а]. Балота і лес. Знаходзіцца на ўсходзе ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Гразі. Гэтыя лес і балота калісьці належалі пану Рудкоўскаму.

Русеўшчына [р у с’э ў ш ч ы н а]. Невялікі ўчастак дарогі Івесь-Галінова. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. У час Вялікай Айчыннай вайны немцы на гэтым месцы расстралялі партызана па прозвішчы Русецкі. Доўгі час на гэтым месцы стаяў крыж.

Рэкушава [р э к у ш а в а]. Поле. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад цэнтра вёскі Івесь. На гэтым месцы раней жылі людзі з прозвішчам Рэкуш.

Рэпішча [р э п’і ш ч а]. Крыніца. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна, недалёка ад паляўнічай хаткі. Назва паходзіць ад назвы расліны, якая ў народзе завецца «свірэпка». У гэтым месцы яе расце шмат.

Сатавізна [с а т а в’ і з н а]. Пушча. Распасціраецца ад паўднёвага ўсходу да паўднёвага захаду ад цэнтра вёскі Івесь. Гэта частка Галубіцкай пушчы. Напэўна, назва паходзіць ад слова «сатана», што ўвасабляе нячыстую сілу і звязаную з ёй небяспеку. Так і Сатавізна, яе вялізныя балоты ўяляюць небяспеку для чалавека.

Свісла [с в’і с л а]. Рэчка і ўчастак лесу вакол яе. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Вербы звісаюць нізка над вадой.

Стражніца [с т р а ж н’і ц а ]. Некалькі мясцін за вёскай Гразі, звязаных з беларуска- польскай мяжой. Па-польску «страж» – вартавы. Адсюль і назва.

Торбіна гара [т о р б’і н а г а р а]. Узгорак. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, блізка ля вёскі Галінова, дзе паводле падання загінула кабыла па мянушцы Торба, там яе і закапалі.

Ухабы [у х а б ы ]. Балота. Знаходзіцца ва ўрочышчы Сатавізна. Балота цяжка праходнае. Шмат карчоў, ям, іншых перашкод.

Фурсава сядзіба [ф у р с а в а с’а дз’і б а]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. Назва паходзіць ад прозвішча жыхара Фурс.

Целяшы [ц’э л’а ш ы]. Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Чашкі. Адна з былых вёсак, знішчаных меліярацыяй. Назва паходзіць ад прозвішча першага жыхара Целяш.

Цэркаўшчына [ц э р к а ў ш ч ы н а]. Узгорак. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, за вёскай Сшо, на беразе возера Шо. Паводле легенды на гэтым месцы стаяла царква, якая знікла пад зямлёй. Зараз там стаіць крыж.

Цяцерніца [ц’а ц’э р н’ і ц а]. Лес. Знаходзіцца на ўсходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Гэта невялікі лес. Кажуць, у даўнія часы ў гэтым лесе вадзіліся цецерукі.

Чырвоны мох [ч ы р в о н ы м о х]. Балота. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад цэнтра вёскі Івесь, у Галубіцкай пушчы. На балоце расце шмат чырвонага моху, а таксама восенню яно чырванее ад журавін.

Шантаравы штаны [ш а н т а р а в ы ш т а н ы]. Поле. Знаходзіцца на паўночным усходзе ад цэнтра вёскі Івесь, недалёка ад хутара Скрабатуны. Назва ўзнікла па аналогіі з паняццем «Піфагоравы штаны», бо ў пачатковай польскай школе, якая знаходзілася ў вёсцы Хралы, матэматыку выкладаў настаўнік па прозвішчу Шантар.

Шлюз [ш л’у с].Поле. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Праз поле праходзіць меліярацыйны канал са шлюзам. Адсюль і назва.

Шпакоўшчына [ш п а к о ў ш ч ы н а]. Паша. Знаходзіцца на паўночным усходзе ад цэнтра вёскі Івесь. На пашы збіраецца многа шпакоў. Мабыць, назва пайшла ад назвы птушак.

Яловыя кладкі [й’а л о в ы й’а к л а т к’і]. Мост праз ручэй. Знаходзіцца на поўдні ад цэнтра вёскі Івесь, у Галубіцкай пушчы. Масток праз ручэй названы так таму, што зроблены з яловых жэрдак.

Янполле [й’а н п о л’э]. Поле. Знаходзіцца на паўночным усходзе ад цэнтра вёскі Івесь. Янава поле.

Ясная гара [й’а с н а й’а г а р а ]. Узгорак. Знаходзіцца на поўначы ад цэнтра вёскі Івесь. Некалі была сядзіба. Застаўся бэз , жасмін. Вельмі прыгожа, сонечна, ясна на гэтай гары."

Прадстаўленая інфармацыя аб мікратапаніміцы вёскі Івесь была сабрана і апрацавана вучнямі і настаўнікамі колішняй Завулкаўскай базавай школы і знаходзіцца ў архіве Івесьскай сельскай бібліятэкі.  

 

ДАДАТАК 

Ives 1Івесьская старана. Колькі тут, ў неабсяжных лясах Галубіцкай пушчы, згубілася вёсачак! Ужо колькі  стагоддзяў адны глядзяцца яна ў люстэрка азёр, гасцінна сустракаюць  гасцей і раскрывае свае цуды… Іншыя прадбачліва хаваюцца за дрэвамі іхмызнякамі ад чужога вока... А якія ў іх, такіх маленечкіх вёсачках, цудоўныі загадкавыя назвы: Сшо, Завулак Рускі, Завулак Літоўскі, Хралы, Гразі, Асінаўка, Скрабатуны... Акуль пайшлі іх назвы?

Асінаўка. Вёска. Размяшчаецца ля асінніка, дзе многа асін

Гарані. Вёска.У аснове назвы – тэрмін "гара" Горань – халмістая мясцовасць, горані – (гораны)  паселішча на гарах

Гразі. Вёска. Назва-характарыстыка: месца ля гразнай разбітай дарогі, ля балота.

Завулак. Вёска. Назва-арыенцір : завулак – адгалінаванне  ад  галоўнай дорогі, невялікая палявая дарога (тупік), таксама вольнае прастранства паміж бакавымі фасадамі побач стаячых сельскіх схат.

Заіўя. Маёнтак. Колішні маёнтак пана Жабы, назва магчыма пайшла ад словазлучэння "за Івессю".

Івесь. Вёска. У пачатку 20 ст. упамінаецца пад назвай Заівесь Празароцкай воласці Дзісенскага павета.

Хралы. Вёска. Назва пайшла ад старабеларускага імя Фрол – Хрол

Церасполле. Вёска. Назва–арыенцір: паселішча размешчана праз поле ад якога-небудзі арыенціра – ракі, дарогі,  узгорка.

Чашкі. Вёска.  Назва хутчэй за ўсё  ўзнікла ад прозвішча заснавальніка або ўладальніка мястэчка – Чашун, Чашко, Крыніца: Рогалеў Аляксандр “Чашнікі, Чашкаўшчына, Чашкі, Чаша...” // Бярозка.- №7.- 2011.- С. 56-58.

Шо.  Веска Псуеўскага сельсавета. Ёсць некалькі тлумачэнняў. Па-першае, гэта слова мае балтыйскае паходжанне і азначае "імклівы", "хуткі". Сапраўды, у дачыненні да вады такая назва вельмі падыходзіць. Па-другое, са слоў мясцовых старажылаў, назва і вёскі, і возера прыйшла нібыта з часоў прыгону. Жыў у гэтай мясцовасці пан, звалі яго Жаба, з 12 гаспадарскіх дамоў 7 належалі яму, а пяць астатніх - суседняму пану Храпавіцкаму. Вёска дзялілася на дзве часткі. (Тая, якой распараджаўся пан Жаба, мела назву "Жабіншчына"). Размаўляючы з людзьмі, пан любіў пытацца: "Сшо?". Кожная з гэтых версій мае права на існаванне. Напэўна, чым больш легенд і паданняў, тым больш рамантычным і загадкавым здаецца наш край. Ці не так? Крыніца : Жаваранак, Ю.  Там, дзе душа адпачывае... / Ю. Жаваранак // Вольнае Глыбокае.- 2007.- №4.- 25 студзеня.

Янава. Вёска Назва ўтворана ад імён Ян, Януш і блізкі да іх проізводных ад імя Іван.

Затаюцца яшчэ неразгаданымі такія назвы як Возера Моліна, Азярко, Белае возера, Доўгае возера, Круглае возера, Кулёк возера, Псуя возера

 

 

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих

sm

kulturaby

2023 god miru

01

glub rik

02

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

uni

vit

Vitebskie vesti

pomogut.by

qr

 

Счетчик посещений

Сёння 2

Учора 47

За тыдзень 478

За месяц 1957

Усяго 97966

Перыяд:

2018-01-01 - 2023-03-26

Зарэгістравалася: 236