Матэрыялы агляду-конкурсу “Край мой родны – зямля Глыбоцкая”
«НАЗВЫ МАЁЙ РАДЗІМЫ : Тапаніміка Мнюцкага краю»
"Тапанімія - гэта мова зямлі,
а зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавечая запісана
ў геаграфічных назвах"
І.Філевіч, польскі гісторык.
Кожны пагадзіцца з тым, што вывучэнне мікратапонімаў роднай зямлі не проста важная справа, але і актуальны навуковы напрамак. Інтэнсіўнае развіццё тэрыторый, звязаныя з ім дэмаграфічныя змены, знікненне вёсак і хутарў ... — усе гэтыя з’явы прыводзяць да поўнага знікнення мікратапанімічнай сістэмы.
Знаўцамі мікратапонімаў з’яўляюцца карэнныя жыхары сталага ўзросту. На жаль, паступова яны пакідаюць гэты свет, і аднойчы мы можам страціць назаўсёды адметныя назвы і іх сутнасць. Вось чаму неабходна захаваць мікратапонімы сваёй мясцовасці, зафіксаваць, пакуль яны не згубіліся незваротна. Да таго, даследаванне геаграфічных назваў дапаможа глыбей зазірнуць у гістарычнае мінулае, зразумець, як продкі ўспрымалі навакольную рэчаіснасць.
У ходзе даследвання было запісана 27 тапонімаў мнюцкага краю. Адны з іх паходзяць ад імёнаў і прозвішчаў першапасяленцаў, заснавальнікаў або ўладальнікаў паселішч, другія – геаграфічнага размяшчэння, становішча, іншыя – асаблівасцяў прыроднага асяроддзя і іншых. Немагчыма дакладна вызначыць паходжанне некаторых назваў, але важна, каб яны не зніклі з ужытку.
Нашы тапонімы можна ўмоўна падзяліць на групы паводле іх паходжання ад:
- назваў раслін і жывёл – 2
- імёнаў і прозвішчаў людзей, іх характарыстык – 5
- геаграфічнага становішча –1
- заняткаў і гаспадарчай дзейнасці – 7
- асаблівасцяў прыроднага асяроддзя – 6
- рэлігійных і гістарычных вераванняў, паданняў, легенд – 4
- Паходжанне двух назваў “Тушына”, “Ставэўшчына” вызначыць не ўдалося.
- Баброўка – месца каля вёскі Шэпелева ў бок вёскі Мацюкова, балота, ... там вялося многа баброў.
- Бацькава хата – у в. Шэпелева каля млына быў вялікі дуб. Яго так называлі таму, што ўнутры была пустота, дзе змяшчалася 6 чалавек…
- Бомба – сажалка каля в. Вялец, якая ўтварылася ад скінутай у вайну з самалёта бомбы.
- Бярэзнік – месца за мастом у в. Шэпелева, дзе раслі прыгожыя бярозы і вялікая колькасць грыбоў.
Вялец – вёска. 1) Назва ўтворана ад старажытнарускай асновы – «вялікі». 2) У той жа час блізка да гэтай асновы падыходзіць састарэлая назва хвашча – «овель», «овялец», які прымянялі калісьці знахары 3) Назва паселішча ідзе ад слова “вялес”. Вялес – боства з беларускага паганскага пантэону.
- Герасімава балота – у в. Шэпелева, на месцы пабудаванага комплекса, каля балота жыў Герасім. …Ён удзельнічаў у заваяванні Зімовага палаца, абараняў Леніна.
- Грынёва – лес уздоўж ракі Мнюта, паміж в. Пліса і в. Сукліна. Пан Берастоўскі падараваў гэты лес свайму зяцю Грыневічу.
- Залатая гара – значнае ўзвышша каля в. Шэпелева. Існуе легенда па якой …тут было закапана золата. Людзі шмат часу шукалі яго.
- Кабыліца – прыток ракі Мнюта, каля в. Шэпелева, з якога пастаянна паілі статак каней.
- Качарга – лес паміж вёскай Сукліна і вёскай Азёркі, па форме нагадвае качаргу.
- Леснічоўка – хутар пасярод Грынёўскага леса, дзе жыў ляснік пана, а затым сям’я Ляснеўскіх.
- Лука – невялікі луг каля прытока ракі Мнюта, за млынам у в. Шэпелева, формай нагадвае лук.
- Ляды – ўчастак пасля высечкі лесу, на якім засталіся карчы, за мастом у в. Шэпелева .
- Ляўкова – мясціна за в. Сукліна ў бок в. Шчарбы, дзе калісьці была вёска Ляўкова, знесеная ў час аб’яднання калгасу. Назва вёскі магла пайсці ад імя першапасяленца па прозвішчу Ляўкоў.
- Мачулішча – адведзенае русла ракі Мнюта каля млына у в. Шэпелева, там даўней вымачывалі лён.
Мельніца – адна з гаспадарчых пабудоў графа Берастоўскага ў в. Шэпелева. …На млыне малолі муку і дралі крупы. Паўразбураны будынак захаваўся да гэтага часу.
Мнюта – назва вескі і вёскі. Назва магчыма паходзіць ад ператворанага імя Міна. Дакладных звестак пра гісторыю паходжання назвы вёскі Мнюта няма. Аднак, існуе легенда, якая расказвае, што на беразе ракі жыў пан. Была ў яго дачка Маня, якую ён вельмі любіў і ласкава называў Манюта. Дзяўчына любіла гуляць ля рэчкі, гадзінамі сядзела на яе беразе. Але аднойчы Манюта моцна захварэла і памерла. У яе гонар пан даў рацэ імя сваёй любімай дачкі. З цягам часу рэчка ператварылася ў Мнюту і дала назву вёсцы, якая была пабудавана ўніз па цячэнню ракі.
- Моўшыха – сад паміж в. Шэпелева і в. Мнюта-1, забалочаны ўчастак, зарослы імхом. Магчыма, назва ўтворана з польскага дыялекту, азначае “зачараванае, замоўленае”.
- Міроніха – кар’ер паміж вёскамі Пліса і Шэпелева, каля выгібу ракі Мнюта. ...з яго бралі жвір для дзяцькі Мірона.
- Начоўкі – луг ў Ханякове. Там начавалі статкі жывёл.
- Панама – месца у в. Шэпелева, дзе жылі работнікі пана, якія абслугоўвалі мельніцу, электрастанцыю, кузню. Яны не удзельнічалі ў апрацоўцы глебы, таму іх звалі “паны”, а месца "панама".
- Сляпая кішка – вуліца Палявая ў в.Шэпелева, якая заканчваецца тупіком.
- Ставэўшчына – лес паміж вёскамі Сукліна і Азёркі, на месцы былога аэрадрому.
- Сукліна – вёска. Магчыма, назва паходзіць ад слова “сукі′” – адыходы пры прадзенні воўны.
- Тушына – знесеная ў час аб’яднання калгасу вёска, паміж сучаснымі вёскамі Шэпелева і Мацюкова.
Французы – курган каля в. Мнюта, помнік археалогіі, лічыцца месцам пахавання французаў. Знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
- Ханякова – знікшая ў час аб’яднання калгасаў вёска. Стаяла паміж в.Мнюта і в. Вялец уздоўж ракі Мнюта. Назва, магчыма, пайшла ад прозвішча Ханяк.
- Цагельня – участак дарогі праз лес з в. Шэпелева да в. Мнюта-1. Побач з дарогай выраблялі цэглу.
Чортаў камень – вялікі валун каля возера Вялец. 1) На яго паверхні каля 30 ямак дыяметрам 5—6 і глыбінёй да 3 см. Па адным паданні, гэтыя ямкі ўтварыліся на камені ад таго, што на ім скакаў і верацяном круціўся чорт і ад яго пятак утварыліся ямкі на камяні. Па другім — чорт хацеў гэтым камянём разбурыць касцёл...
Шумнік – мост у в. Шепелева, пабудаваны ў 1912 г., служыў плацінай. Ад яго зыходзіў вялізарны шум, таму так і назвалі...
У якасці ілюстрацыі выкарыстаны фотаздымкі з Інтэрнету.
Бібліятэкар Мнюцкай сельскай бібліятэкі Рабянок А.І.
02.10.2020