21.08.2017
Не трэба гаварыць шмат слоў пра тое, якую ролю адыгрывае ў жыцці вяскоўца сельская бібліятэка і бібліятэкар. Бібліятэка найчасцей выступае як месца адпачынку, як кабінет псіхатэрапеўта і рэлаксацыі, як сцэна для артыста і глядзельная зала для гледача, а бібліятэкар як выхавацель, дарадца і памочнік ва ўсім, што завецца чалавечым жыццём.
Гістарычныя дакументы сведчаць, што бібліятэчная справа ў мястэчку Празарокі вядзе свой адлік з 1949 г., калі вёска становіцца цэнтрам сельскага Савета, спачатку Пліскага, а з 1962 г. Глыбоцкага раёна. Бібліятэка месцілася разам з сельскім Саветам у старым драўляным будынку, на месцы якога зараз знаходзіцца сучасны будынак сельсавета. Бібліятэцы быў адведзены аддзельны пакой у 25 кв.м. Па ўспамінах вяскоўцаў, у бібліятэцы не было свабоднага доступу да фонду, ён аддзяляўся ад чытачоў спецыяльнай драўлянай агароджай.
Гісторыю бібліятэкі найперш ствараюць людзі, якія там працуюць.
Першым загадчыкам Празароцкай сельскай бібліятэкі была Рэвака Марыя Мікалаеўна, якая працавала з 1949 па 1957 год. У той час бібліятэка мела каля 5 тысяч кніг рознага зместу. Паслугамі бібліятэкі карысталіся больш 200 чалавек. У вёсках Ксты і Борткава меліся бібліятэкі-перасоўкі. У бібліятэцы наведвальнікі акрамя кніг і перыёдыкі, маглі пагуляць у шашкі, шахматы і даміно. Бібліятэка мела стэнды "Куток рабселькора" і "У дапамогу атэісту".
На працягу 18 год (1957 - 1975) чытачоў сустракала руплівая і ўважлівая гаспадыня Карабань Феня Ягораўна, якая заўсёды магла параіць добрую кнігу, пагутарыць з наведвальнікам, даць жыццёвую параду.
У 1975 г. бібліятэку прымае Кушнярова Тамара Мікалаеўна, першы бібліятэкар на Празароччыне, які меў спецыяльную бібліятэчную адукацыю. Тамара Мікалаеўна стала добрым сябрам для ўсіх наведвальнікаў.
З 1978 па 1981 гг. у Празароцкай сельскай бібліятэцы аматараў кнігі ветліва сустракала Дзягель Вольга Іосіфаўна.
З 1993 па 1995 год Бурэнь Валянціна Іосіфаўна давала часовы водпуск пастаяннаму работніку - Сабачэўскай Аліне Віктараўне, якая ўзначаліла бібліятэку ў 1981 годзе. На сённяшні час Аліна Віктараўна - адна са старэйшых работнікаў Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
У 1973 годзе быў узведзены новы двухпавярховы будынак, дзе размясціліся Празароцкі сельсавет, паштовае аддзеленне сувязі, філіял Беларусбанка. Сельскай бібліятэцы выдзелілі тры пакоі на першым паверсе.
Сёння Празароцкая сельская бібліятэка - інфармацыйны, адукацыйны і культурна–асветніцкі цэнтр, астравок дабрыні і спагады для ўсіх наведвальнікаў.
У зону абслугоўвання Празароцкай сельскай бібліятэкі ўваходзіць 11 населеных пунктаў. Кніжны фонд налічвае каля 11 тыс. экземпляраў кніг і перыядычных выданняў. Бібліятэку наведваюць 510 чытачоў рознага ўзросту, ад 5 да 82 год.
З 1998 года пры бібліятэцы створаны і працуе экалагічны клуб “Крынічка”, сябрамі якога з'яўляюцца вучні пачатковых класаў. Праводзяцца разнастайныя акцыі, конкурсы, падарожжы, вандроўкі, пазнавальныя і інфармацыйныя гадзіны.
У 2007 года вёска Празарокі атрымала статус аграгарадка. У бібліятэцы быў праведзены касметычны рамонт. Маляўніча аформленыя абанемент, чытальная зала, кнігасховішча ствараюць станоўчую атмасферу ў бібліятэцы. Добры настрой ствараюць мноства кветак, вязаныя, шытыя і папяровыя вырабы, з любоўю зробленыя рукамі бібліятэкара і наведвальнікаў.
Выклікаюць шчырае здзіўленне арыгінальныя цікава аформленыя кніжна- ілюстрацыйныя выставы “Сям’я - найвялікшая каштоўнасць”; “Дзецям да 16 чытаць не забараняецца”; “Кнігі для цябе і тваіх сяброў”; “Сузор’е казачных герояў” (чытачоў тут вітаюць Васілёк і Васілінка). Асаблівае месца з маленькім столікам і крэсельцамі для самых маленькіх наведвальнікаў і плакат са зваротам “Кату –мышку, а малышу кніжку!”
Заўсёды афармляюцца тэматычныя паліцы і кніжныя выставы да знамянальных і памятных дат, да святаў народнага календара “Гартаючы старонкі календара”; “В дни Татьяны и Валентина”; “Тут цяпло ўсёй душы”; “Вытокі духоўнасці і дабрыні”; “Пад зоркай Буйніцкага”; “Вытокі прыгажосці”. На выставах апроч кніг выкарыстоўваюцца фотаздымкі, фотаальбомы,буклеты, папкі, памяткі і розныя арыгінальныя мастацкія рэчы.
Сёння ў рабоце з чытачамі мы маем магчымасць выкарыстоўваць не толькі традыцыйныя формы друкаванага слова: кнігі, часопісы, газеты. Да паслуг карыстальнікаў - камп’ютар з доступам у інтэрнет, электроннай почтай, электронныя банкі даных ”Краязнаўства”, “Летапіс Празарок”, электронныя прэзентацыі ”Слыве Глыбокае здаўна”, ”Родительский дом”, “Памяць зямлі Празароцкай” і інш. Нездарма дэвіз Празароцкай бібліятэкі гучыць так: “Сказанае забудзецца, напісанае застанецца”.
Работа ў бібліятэцы вядзецца па розных накірунках і з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў - краязнаўчае і патрыятычнае, эстэтычнае і духоўнае, маральна-прававое і экалагічнае выхаванне. З гэтай мэтай у бібліятэцы праведзяцца разнастайныя мерапрыемствы: агляды, гадзіны адпачынку, літаратурна-пазнавальныя і інфармацыйныя гадзіны, сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-класы, сямейныя і народныя святы і інш.
Цеснае супрацоўніцтва бібліятэкі з органамі мясцовай улады, Домам культуры, мясцовай школай, БСУ, лясгасам, ААТ "Чарневічы" дае станоўчы сацыяльны эфект. Бібліятэка з'яўляецца запатрабаванай установай у грамадскім жыцці сельскага Савета.
Актыўны ўдзел бібліятэка прымае ў раённых і мясцовых святах і фестывалях: Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Вішнёвага фестывалю, Масленіцы,юбілею знакамітага земляка І.Ц. Буйніцкага і інш. Неаднаразова бібліятэка прымала раённыя семінары бібліятэчных работнікаў.
Артыкулы аб рабоце Празароцкай сельскай бібліятэкі змяшчаліся ў газетах “Культура”, “Беларуская ніва”, “Веснік Глыбоччыны”. Сабачэўская А.В. неаднаразова выступала і давала інтэрв’ю на раённым радыё. Дзейнасць бібліятэкі і яго загадчыка Сабачэўскай Аліны Віктараўна адзначана шматлікімі граматамі і падзякамі Глыбоцкага райвыканкама, аддзела культуры.
Хочацца верыць што і надалей бібліятэка будзе вабіць, захапляць і вучыць жыццёвым мудрасцям сваіх наведвальнікаў.
Крыніца: Капшуль, Г. Жыццё, як падарункак лёсу // Веснік Глыбоччыны. – 20014. – 13 верасня. – С. 2.