Сядзіба графскага роду Моль у маёнтку Залессе-Астроўна

 01 02

 

 

 

 Сядзіба графскага роду Моль у маёнтку Залессе-Астроўна 
(агляд і  даследаванне  гісторыі маёнтка з 1850-ых г.г. да верасня 1939 г.)

 Даследчая праца. 2017 г.

Аўтар: вучань 7-га класа ДУА “Залеская дзіцячы сад-сярэдняя школа Глыбоцкага раёна” Развадоўскі Данііл

Кіраўнік: настаўнік рускай мовы і літаратуры Шарыпкін Рыгор Леанідавіч 

 

Змест

  Мэта і задачы даследчай працы. Аб’ект даследавання

 Уводзіны. З гісторыі даследаванняў сядзібы ў в. Залессе-Астроўна глыбоцкімі краязнаўцамі

 Асноўная частка

 І. Гістарычны экскурс у летапіс сядзібы XVI-XVIII ст.ст.

 ІІ. Граф Станіслаў Моль-бацька: пачатак новай планіроўкі маёнтка ў Залессі-Астроўна (1850-ыя г.г. – 1910 г.)

 ІІІ. Граф Станіслаў Моль-сын і пані  Марыя Моль (Аскерка): працяг гаспадарання ў сядзібе (1910 г. – 1939 г.)

 IV. Графскі пейзажны парк у маёнтку: цуд ХХ стагоддзя

 Заключэнне

 Літаратурныя крыніцы

 Syadziba Mole02Мэта даследавання: найбольш поўна асветліць пытанні планавання, гаспадарчай дзейнасці і жыцця сядзібы Залессе-Астроўна з 1850-ых г.г. і да падзей верасня 1939 года

 Задачы - паказаць гаспадарчую і культурную дзейнасць сядзібы на Глыбоччыне; - раскрыць яе асаблівасці ў плане стварэння на Глыбоччыне сядзібна-паркавых комплексаў у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя; - прадставіць асобы гаспадароў залескага маёнтка ў гістарычным кантэксце падзей на Глыбоччыне азначанага перыяду; - выклікаць цікавасць да гісторыі сядзібы і пейзажнага парку ў Залессі як аднаго з адметных гісторыка-культурных аб’ектаў на тэрыторыі Глыбоцкага раёна

Метады даследавання- праца з архіўнымі дакументамі, гістарычнымі крыніцамі, фотадакументамі; - вывучэнне запісаў успамінаў старажылаў Залесчыны аб жыцці сядзібы ў польскі перыяд; - агляд і вывучэнне сучаснага стану тэрыторыі сядзібы, уласныя вандроўкі па тэрыторыі сядзібы і пейзажнага парку; - фатаграфаванне аб’ектаў на тэрыторыі сядзібы

Аб’екты даследавання-захаваўшыяся жылыя і гаспадарчыя пабудовы на тэрыторыі сядзібы; -пейзажны парк у вёсцы Залессе-Астроўна

 Уводзіны

 З гісторыі даследаванняў сядзібы ў в. Залессе-Астроўна глыбоцкімі краязнаўцамі

Syadziba Mole 03 Зараз дакладна цяжка вызначыць канкрэтную першапачатковую дату заснавання паселішча на тым месцы, дзе сёння размешчана невялічкая вёсачка, якая афіцыйна носіць назву Двор Залессе. Гэта вёска на сённяшні дзень лічыцца тэрыторыяй Азярэцкага сельсавета. Аднак па прычыне блізасці да Залесчыны (пейзажны парк на тэрыторыі былой графскай сядзібы, месца самога былога маёнтка – побач з вёскай Загор’е) і фактычнай непарыўнасці гістарычных падзей на гэтым месцы з Залескім краем мы лічым даследаванне летапісу сядзібы неад’емнай часткай гісторыі залескіх мясцін.

 Таму пры разглядзе і вывучэнні гісторыі Залесчыны летапіснае даследаванне мінулага Залескага маёнтка ў вёсцы Залессе-Астроўна з’яўляецца адным з састаўных звенняў у агульным гістарычным ланцугу спадчыны Залескіх мясцін; блізасць гэтага старадаўняга месца ад вёсак Залескага сельсавета Бушыкі, Запруддзе, Загор’е, Залессе, выгоднае геаграфічнае становішча, дазваляюць арганічна ўпісаць сядзібу Залессе-Астроўна ў агульны турысцка-краязнаўчы маршрут “Мінулае Залесчыны” і ўключыць яе ў спіс гістарычных кропак Залесчыны.

Syadziba Mole 04Даследаваннем гісторыі заснавання і дзейнасці сядзібы ў маёнтку Залессе-Астроўна займаліся глыбоцкія краязнаўцы Язэп Бунто, Уладзімір Скрабатун, Рыгор Шарыпкін. Кожны з іх адшукваў, вывучаў і даследваў асобныя летапісныя факты аб гэтым месцы; з’яўляліся іх публікацыі ў розны час на старонках раённай газеты “Веснік Глыбоччыны” (раней – “Шлях перамогі”). Маім кіраўніком, настаўнікам Шарыпкіным Рыгорам Леанідавічам, у 2000 годзе была выпушчана ў друку невялікая кніжка “Гісторыя Залескага маёнтка”.

У энцыклапедычных выданнях і краязнаўчых даведніках, выдадзеных у рэспубліцы, можна знайсці толькі агульныя сціслыя звесткі аб маёнтку ў Залессі. Таму я лічу, што даследаванне гэтай тэмы можа стаць вельмі важнай для краязнаўства Глыбоччыны, паколькі матэрыялы гэтай працы стануць даступнымі для шырокага кола чытачоў і краязнаўцаў.

Многія матэрыялы ў гэтай навукова-даследчай працы ўжо вядомыя, аднак ёсць новыя звесткі, факты і фотаздымкі, якія будуць агучаны ўпершыню і якія дагэтуль нідзе не публікаваліся.

У змест маіх даследаванняў уключаны краязнаўчыя матэрыялы нашага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Мінулае Залесчыны”, запісаныя ўспаміны старажылаў Залесчыны, якія былі сведкамі падзей у Залескім маёнтку ў перыяд з 1921 г. па 1939 г., мае асабістыя пошукі, якія я праводзіў сумесна з маім кіраўніком гэтай працы ў перыяд збору матэрыялаў і падрыхтоўкі даследавання (лістапад 2016 г. – люты 2017 г.).

Асноўная частка

 І. Гістарычны экскурс у гісторыю сядзібы XVI-XVIII ст.ст.

 Прыкладна на пачатку XVI стагоддзя ўжо існаваў умоўны падзел назваў вёсак Залессе (сучасны цэнтр сельсавета) і Залессе-Астроўна (кропка нашага даследавання) з мэтаю адрозніць уласнасць гаспадароў гэтых мясцін. Залессе-Астроўна атрымала сваю назву ад асаблівасцей месцазнаходжання сядзібы: на маляўнічым узвышшы паміж двумя азёрамі Белае і Мураўшчына, быццам на востраве.

02Адзін з першых вядомых нам гаспадароў Залескай сядзібы ў маёнтку Залессе-Астроўна быў Глеб Астаф’евіч Корсак (каля 1450 г. – каля 1511 г.). Ён акрамя маёнтка ў Залессі валодаў яшчэ сядзібамі ў Забор’і, Азярцах, Перадолах, Псуі і Удзеле ў Полацкім ваяводстве. Пасля яго смерці Залескай сядзібай валодаюць яго сыны Андрэй і Іван.

29 студзеня 1540 года Ян Юр’евіч Глебавіч Корсак дае дазвол Івану Глебавічу “…в этом имении заложить город, завести торговлю товарами и разного рода напитками; водку же приказал продавать только в Залесье, чтобы не было подрыва королевскому кабаку”.(1)

Польскі кароль Жыгімонт І Стары адобрыў гэту просьбу і падцвердзіў яе сваім прывілеем ад 14 лютага 1541 года.

Такім чынам, дакладную летапісную дату пачатку гісторыі сядзібы ў Залессі-Астроўна мы можам адлічваць іменна з 1540-га года.

Пасля смерці Івана Глебавіча Корсака з 1552 года гаспадаром сядзібы становіцца яго сын Баркулаб Іванавіч Корсак (каля 1520 г. – 20.08.1576 г.).

“Полацкая рэвізія” за 1552 год адзначала наступнае: «Боркулаб Иванович Корсак маеть имение отчызное и дедизное, на име двор Залесе. К тому двору слуг путных сем. Служба их – где потреба, з листы ездять.К тому ж двору людей отчызных непохожых. Тых людей дымов шест. К тому ж двору людей волных дымов двадцать тры. Пры том же именю маеть млын, которым на свои потребы домовые мелеть». (2)

У гісторыі сядзібы Залессе-Астроўна ў XVI стагоддзі былі і крывавыя старонкі. Адзін з дайшоўшых да нас летапісных фактаў засведчыў наступнае: у перыяд вайны Масковіі з Лівоніяй і Рэччу Паспалітай (1558-1582 г.г.) атрады рускіх стральцоў уварваліся на землі нашай Глыбоччыны. Маскоўцы неслі з сабой вялікія спусташэнні і смерць. 25 жніўня 1563 года кароль Жыгімонт Аўгуст асабіста дасылае пісьмо-скаргу цару Івану Грознаму, дзе паведамляе яму наступнае: “Доходили до нас жалобы, что с Полоцка люди московские, переходя Дисну, много сёл, бояр и дворян наших забрали, в Глубокое, Березвеч, Ластовичи, Залесье, Задорожье и в иные маёнтки и сёла вступают, людей к присяге принуждают, а многих в неволю со скарбом их забирают, войной наших людей уничтожают…”. (3) [Язэп Бунто. Залессе / “Веснік Глыбоччыны”/ 1992 г.; Полацкая рэвізія 1552 года /укладальнік Васіль Варонін/ Мінск, 2011 г. – С.93-94; А.Сапунов. Витебская старина. Т.4, 1885 г.]

З гэтага летапіснага ўрыўка можна з упэўненасцю сцвярджаць, што маёнтак у Залессі быў падвергнуты нападзенню, разрабаванню, магчыма разбурэнню. Бо добра вядома з гісторыі, якой жорсткасцю вылучаліся ў час вядзення гэтай жахлівай вайны войскі маскоўскага цара Івана Васільевіча…

У 1576 годзе Баркулаб Іванавіч Корсак памёр, а маёнтак Залессе-Астроўна з усімі землямі і прыгонным людам пераходзіць да яго адзінай дачкі – князёўне Еве Баркулабаўне Корсак. Ева Корсак абрала шлюб з князем Багданам Іванавічам Саламярэцкім ( ? – 07.09.1602 г.) і да 1585 года фактычным гаспадаром Залесся быў менавіта ён.

У 1585 годзе Ева і Багдан Саламярэцкія прадалі маёнтак Залессе-Астроўна новаму ўладальніку – Івану Міхайлавічу Варпахоўскаму, прыклаўшы да вечыстага запісу складзенае імі падрабязнае апісанне межаў сядзібы.

Вось што сведчыць гэты дакумент: “...граница Залесья-Островно начинается от Ярмакового Ручья и направляясь по известным знакам (а не по дороге, ведущей в Колесники, как её проводят теперь), простирается до срубленных пограничных дубов, называемых Стрижевскими Игнатьевскими, которые по протестации занесены на план и генералом включены в границы. От упомянутых дубов граница идёт по известным знакам в Ручей, а по Ручью простирается под самые Колесники, деревню Цехановецких, входит в Дунею, а от Дунеи, по долине достигает пруда, там, где находится тропинка, ведущая из нашего Залесья ко двору Цехановецких. От пруда по Ручью она идёт в Белое озеро, а от озера по старой меже (которая недавно уничтожена) к дороге, ведущей в Глубокое; а потом чрез дорогу к болоту и по известным знакам в Ручей Каменный; затем по Ручью Каменному вниз в Ручей Водный, а по этому ручью в речку Добрыловку… По речке же Добрыловке она простирается вниз до самаго устья Белуйчицкого и далее”. (1) [Археографический сборник. Т.10, СПб, 1895 г.]

Для нас гэты летапісны ўрывак вельмі каштоўны, бо шмат прыведзеных у ім тапанімічных назваў нам добра знаёмы, многія з іх і зараз захаваліся на нашай Залесчыне: вёска Калеснікі, рэчка Дунайка (Дунея), возера Белае, рэчкі Дабрылаўка і Бяловіца (Белуйчица). Тым больш, што па гэтаму апісанню мы можам сёння ўстанавіць межы Залескай сядзібы ў апошняй чвэрці XVI стагоддзя.

Іван Міхайлавіч Варпахоўскі валодаў маёнткам Залессе-Астроўна на працягу 34 гадоў: з 1585 па 1618 г.г. У кастрычніку 1618 года сядзіба і ўсе землі прададзены ім Яўстафію Корсаку-Галубіцкаму.

У акце перадачы прададзеных земляў за той год у складзе тэрыторыі Залескай сядзібы ўпамінаецца Залеская Пакроўская царква (сучасная Свята-Пакроўская царква ў вёсцы Бушыкі) і ўрочышча Гайлава (цяпер – мясцовасць Гойлева за 1 кіламетр ад вёскі Бушыкі па дарозе на Бабічы праз Кур’янава).

У 1625 годзе Яўстафій Корсак-Галубіцкі перад смерцю аставіў духоўнае завяшчанне, па якому ўказвалася, што сядзіба Залессе-Астроўна запісваецца Віленскаму Свята-Троіцкаму манастыру ў Беразвеччы  і яго манахам. Аднак фактычна гаспадыняй Залескай сядзібы заставалася жонка Яўстафія Корсака, і толькі пасля яе смерці ў 1649 годзе афіцыйна маёнтак і землі пераходзяць да беразвецкіх манахаў.

У другой палове XVII стагоддзя нейкі час сядзібай валодае адзін з прадстаўнікоў роду Корсакаў – пан Уладзіслаў. Аб гэтым невялікія звесткі мы знаходзім у архіўных запісах аб падзеях вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 г.г. У 1657 годзе маёнтак Залессе-Астроўна быў захоплены і спалены рускімі войскамі цара Аляксея Міхайлавіча. Сярод пададзеных чалабітных прашэнняў маскоўскаму ўладару ад шляхты Полацкага ваяводства за гэты год мы сустракаем наступную: За его милостью паном Владиславом Корсаком, подчашим Полоцким, просит его царского величества, чтоб маётности Березвич, Залесье, которое было прежде за спустошенье маётности его милости дано, а ныне старцы нынешние отняли, но сызнова отдано или во мзду того маётность Передолы его царское величество дать изволит”. (1) [А.Сапунов. Витебская старина. Т.4, 1885 г]

І-ая палова XVIII стагоддзя (1700-1750-ыя г.г.) прайшла ў гісторыі сядзібы Залессе-Астроўна пад знакам улады прадстаўнікоў графскага роду Аскеркаў, а потым графа Лапаты (Лапаткі).

З таго перыяду амаль што няма ў нас падрабязных летапісных фактаў, маюцца толькі адрывачныя звесткі. Але што цікава: пра графа Лапату і яго кіраванне маёнткам Залессе захавалася ў памяці нашых старажылаў шмат легендарных, фальклорных звестак, паданняў. Верыць ім ці не?

Народныя паданні часта перадавалі гісторыю ў перабольшаным і крыху казачным ці фантастычным выглядзе, аднак заўсёды заставаліся рэальнымі асобныя эпізадычныя звесткі. Па гэтых народных паданнях і аповедах можна ўявіць сабе, як ішло жыццё ў сядзібе пры графу Лапаце.

Паданні расказваюць аб незвычайнай жорсткасці графа, аб яго бязлітасных адносінах да прыгонных, аб яго непрадказальным характары і неабмежаванай уладзе.

Самая вядомая легенда з тых часоў – легенда пра Мамчыну Горку, на якой па загаду пана Лапаты жывою была пахавана прыгонная сялянка – служыцелька-мамка графскай дачкі. Легенда аказалася настолькі цікавай, прыгожай і таямнічай, што не раз яе змест друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях, прысвечаных беларускаму фальклору. А ў 1936 г. малады беларускі паэт Міхась Машара напісаў і выпусціў у друку рамантычную паэму “Мамчына Горка”. У 1996 г. наш сучасны беларускі пісьменнік-навэліст Юрый Татарынаў напісаў аповесць “Залеская гісторыя”.

23Мясцовасць паблізу Залескай сядзібы носіць назву Мамчына Горка. Гэта прыгожае ўзвышша над возерам Белае паміж вёскамі Бушыкі і Залессе-Астроўна ўключана намі ў турысцка-краязнаўчы маршрут “Залесчына гістарычная”. Беларускі паэт, наш зямляк, выпускнік Залескай школы 1954-га года Фама Васільевіч Ляшонак (Тумаш Загорскі) прысвяціў шмат сваіх вершаў Залесчыне, дзе заўсёды з гонарам успамінаў Мамчыну Горку…

.

ІІ. Граф Станіслаў Моль-бацька: пачатак новай планіроўкі маёнтка ў Залессі-Астроўна 
(1850-я г.г. – 1910 г.)

Syadziba Mole 05У ІІ-ой палове ХІХ стагоддзя, прыкладна з канца 1850-ых г.г., Залескую сядзібу набывае ва ўласнасць новы гаспадар – граф Станіслаў Моль. Кіраванне маёнткам гэтым уплывовым заможным шляхецкім родам расцягнецца на вялікі перыяд: да пачатку ХХ стагоддзя,  потым да рэвалюцыі 1917 года, потым, пасля драматычных падзей грамадзянскай вайны, замежнай інтэрвенцыі і вайны Савецкай Расіі з Польшчай, з 1921 г. па 1939 г.

Вось гэты перыяд гісторыі сядзібы ў Залессі-Астроўна і з’яўляецца асноўным у маёй даследчай працы.

Да пачатку працы над тэмай гэтага даследавання нам былі вядомы толькі агульныя звесткі пра тое, што Залессем кіравалі прадстаўнікі роду Моль. І вось у снежні 2016 г. ў час працы на рэспубліканскім краязнаўчым семінары ў Віцебску майму кіраўніку, настаўніку Шарыпкіну Р.Л., былі перададзены вядомым краязнаўцам з Міёр Вітольдам Антонавічам Ермалёнкам копіі двух фотаздымкаў і фрагмент кнігі Йозэфа Бародзіча “Pod wozem i na wozie” (г. Кракаў, 1911 г.). Нават сціплай і няпоўнай копіі гэтага выдання хапіла нам для таго, каб дапоўніць летапіс маёнтка ў Залессі новымі фактамі.

Радавод Моль вёў свае карані з Курляндыі, Інфлянтаў Польскіх, меў   герб Trzy Krety. Уласнае радавое графскае прозвішча мела некалькі варыянтаў напісання і вымаўлення: фон Моль, фон дэр Моль, дэ Моль.

Граф Станіслаў Моль-бацька быў добравядомай асобай у Каралеўстве Польскім, быў знаёмы і нават сябраваў з будучым расійскім імператарам Аляксандрам ІІ (калі той, яшчэ як царскі наследнік, служыў шэфам палка гарадзенскіх гусараў).

Набыўшы зямлю і сядзібу ў Залессі, граф Моль адразу распачынае новую планіроўку маёнтка. У той час у дваранскім сядзібным будаўніцтве на Беларусі пашыраецца рамантызаваны “замкавы” стыль; модным становіцца планаванне і закладка ў маёнтку пейзажна-паркавага ансамблю; будынкі палацаў, гаспадарчых пабудоў, дамоў для чэлядзі ўзводзяцца так, каб яны напаміналі замкі ці крэпасці эпохі сярэднявечча (так званы стыль “псеўдаготыкі”).

У такім вось стылі рамантычнай неаготыкі і была спланавана сядзіба Залессе-Астроўна пры новым гаспадары.

Вось што прадстаўляў сабой  сядзібны дом у Залессі, пабудаваны панам Станіславам: “Мураваны сядзібны дом (палац) быў пабудаваны ў ІІ-ой палове ХІХ стагоддзя з элементамі стылю рэтраспектыўнай готыкі. Палац прадстаўляў сабою будынак сіметрычнай кампазіцыі, якая ўключала двухпавярховы цэнтральны корпус і аднапавярховыя прамавугольныя ў плане бакавыя крылы, аб’яднаныя пяціграннымі эркерамі. Вуглы аб’ёмаў завяршаліся вежападобнымі пінаклямі. Сцены з моцнай чырвонай цэглы былі неатынкаванымі, што надавала палацу суровы аскетычны від сярэдневяковага замка. Сцены былі прарэзаны прамавугольнымі і стральчатымі  вокнамі  ў  прафіляваных  пабеленых  ліштвах. Для таго, каб суровая сярэдневяковая вобразнасць стала больш яскравай, выкарыстоўваўся аскетычны дэкор узбуйненых архітэктурных плоскасцей, узведзены гранёныя крэпасныя вежачкі, зроблены стральчатыя гатычныя праёмы. У такім жа стылі псеўдаготыкі быў узведзены і вялікі мураваны будынак панскай стайні, якая размясцілася насупраць палаца. Перад цэнтральным сядзібным домам насыпана была тэраса і створаны круглы партэр са скульптурай у цэнтры”.(1) [Памяць. Глыбоцкі раён. Мінск, 1995 г. – С.73-74]

Syadziba Mole 06Цэнтрам сядзібы з’яўляўся іменна палац – дом, у якім жыў гаспадар са сваёй сям’ёй. Побач былі ўзведзены будынкі – жылыя дамы для слуг, чэлядзі; стайня, у якой трымалі пародзістых коней; лядоўня – для захоўвання прадуктовых запасаў, мяса і рыбы; працаваў вадзяны млын; меліся цялятнікі. Усе пабудовы былі крыты моцнай і практычнай  дахоўкай (чарапіцай) з чырвонай цэглы. Гэту дахоўку выпускаў на сваім заводзе ў маёнтку Азярцы суседскі памешчык пан Зыгмунт Аскерка, і на кожнай чарапіцы з гонарам выбіваўся надпіс “Sigismund Oskerka. Ozercy”. Трэба сказаць, што гэта дахоўка (папярэднік сучаснага шыферу) аказалася настолькі якасным прадуктам, што нават зараз (праз колькі гадоў!) яна пакрывае дахі некалькіх пабудоў, што яшчэ захаваліся з таго часу ў Залессі, і такую ж дахоўку можна ўбачыць у вёсцы Лучайка.

Праз усю тэрыторыю сядзібы былі пракладзены дарогі – для цэнтральнага праезду, і асобыя – вузенькія алеі для адпачынку і шпацыровак па пейзажнаму парку.

Адразу праз дарогу ад будынка палаца пачынаўся пейзажны парк, які быў закладзены на тэрыторыі плошчай 8,19 гектараў. Для пасадкі парку выкарысталі прыроднае маляўнічае ўзвышша паміж азёрамі Мураўшчына (Загорскае) і Белае.

Да графскай сядзібы ад вёскі Загор’е вяла шырокая ўязная дарога, якая праз парк выводзіла на цэнтральную плошчу, дзе стаяў двухпавярховы палац. Будынак галоўнага сядзібнага дому быў абсаджаны паўкругавымі алеямі з рэдкіх і каштоўных парод дрэў. Перад сядзібай разбіты вялізныя кветнікі.

Акрамя гэтага, у нізіне, бліжэй да возера Мураўшчына, быў закладзены вялікі пладовы сад, для нагляду за якім прызначаны на спецыяльную пасаду графскі садоўнік. Там жа ўзвялі домік – садовы павільён. Для таго часу такое месца, напэўна ж, лічылася адным з багацейшых і прыгожых у акрузе  па мастацкаму аздабленню, гаспадарскаму планаванню, маляўнічаму і шыкоўнаму пейзажнаму выгляду.

У 1910 годзе граф Станіслаў Моль-бацька перадаў па спадчыне валоданне сядзібай свайму сыну – графу Станіславу Моль і яго жонцы – пані  Марыі Моль (з роду Аскеркаў).

        Так пачаўся новы перыяд у гісторыі маёнтка Залессе-Астроўна.

 

 ІІІ. Граф Станіслаў Моль-сын і пані Марыя Моль (Аскерка): працяг гаспадарання ў сядзібе  (1910-1939 г.г.)

111910-1917 г.г. і  1921-1939 г.г. – перыяд кіравання Залескай сядзібай сынам Станіславам Моль і яго жонкай Марыяй Моль (Аскерка). Кароткі перыяд з 1917 па 1921 г.г. выпадае з летапісу па прычыне падзей рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі, пастаяннай змены ўлад, вайны Савецкай Расіі з Польшчай. Сям’я Моль перачакала тыя жахлівыя падзеі і ўсё ж утрымала за сабой права на валоданне сядзібай.

Нам вядомы толькі адзін факт з гісторыі залескіх мясцін у неспакойны час 1917 года, калі адбыліся адразу дзве рэвалюцыі і тыя падзеі кранулі і маёнтак у Залессі: у лістападзе 1917 года, калі ўсталявалася Савецкая ўлада, сям’я Моль часова з’ехала з сядзібы; мясцовае насельніцтва, выкарыстаўшы анархічную сітуацыю, разрабавала маёнтак, раскрала і расцягнула па дварах панскую маёмасць (асабліва інвентар для сельскай гаспадаркі), была спроба падпаліць будынак палаца. Хадзілі чуткі, што ініцыятарамі гэтага пагрому былі бальшавікі - прыхільнікі новай улады…

 

Syadziba Mole 08Пра тое, як ішло жыццё ў маёнтку Залессе пры сыну Станіславу Моль захавалася многа сведчанняў нашых старажылаў, бо яны, будучы дзецьмі ці зусім маладымі хлопцамі і дзяўчатамі ў 1921-1939 г.г., добра помнілі той час: многія працавалі па найму ў пана Моль, карысталіся яго млынам.

Прадаставім слова сведкам таго часу, інтэрв’ю з якімі захоўваюцца зараз у нашым музейным архіве.

З успамінаў Зубко Фёдара, жыхара в. Бушыкі: “Лес у акрузе належаў пану, а нагляд за дрэвамі нёс панскі ляснічы. Граф Моль наймаў на свае палеткі сялян-падзёншчыкаў, якім плаціў досыць добра за працу: мужчынам у месяц даваў па 6 пудоў хлеба, жанчынам у летні перыяд за дзень працы плаціў па 2 злотых, зімою – 1 злоты. Рыба ў возеры Белым належала графу. Само ж возера дзялілася сеткамі на дзве часткі, паколькі палова яго з’яўлялася ўласнасцю дробнага шляхціца Антона Пронькі, сядзіба якога знаходзілася на ўсходнім беразе возера ў Галасуях. Граф Моль меў трох дзяцей – дачку і сыноў. Адзін з сыноў загінуў у 1939 годзе ў Польшчы, калі немцы напалі на палякаў”.

З успамінаў Гаўрыльчыка Аркадзія, жыхара в. Бушыкі: “Граф Моль быў вялікім аматарам экзотыкі, любіў здзіўляць наваколле сваімі выкрунтасамі. Майстры з вёскі для ўсіх членаў яго сям’і зрабілі сані розных памераў, якія цугам запрагаліся ў тройку коней: большыя, меньшыя, самыя маленькія. На гэтым цягніку з санак пан любіў праехацца па вёсках з усёй сваёй сям’ёй. Мэблю ён заказваў дарагую з-за мяжы. Меў пародзістых сабак, у стайні гадаваліся пародзістыя коні. На возеры гойдаўся драўляны човен, напамінаючы сваёй формай старадаўні карабель. Нават кармавая частка была выдзеўбана ў выглядзе галавы цмока. Праўда човен гэты быў потым затоплены намі – мясцовай моладдзю. А здарылася гэта тады, калі нам захацелася пакатацца на дзіўнай лодцы па возеры. Пан, празнаўшы пра  наш учынак, сабраў усіх на сваім двары: адвялі ў стайню і там добра нас адлупцавалі. Залячыўшы раны, мы праз нейкі час ноччу зноў сагналі човен, у Карытаўцы прасеклі днішча і затапілі яго. Адпомсцілі...” .

Рагацень Лідзія, жыхарка в. Бушыкі, 1912 года нараджэння, расказвала пра цяжкую працу па найму ў залескага графа, аднак адмеціла, што заробкі былі ў яго нядрэнныя. Яна ўспомніла цэны тых часоў, па якіх можна меркаваць, што можна было прыкупіць на заробленыя грошы: пуд жыта каштаваў 2 злотых, пачка тытуню – 50 грошаў, добрае паліто можна было прыдбаць за 14 злотых.  Жанчына  ў  сваіх успамінах расказвала аб тым,  што сам гаспадар Станіслаў Моль па характару быў даволі неблагім чалавекам – добрым, жартаўлівым, любіў назіраць за мясцовымі сялянамі, за моладдзю, што вечарамі збіралася на хатнія “танцы”. Вяскоўцы не любілі яго жонку – пані Марыю, бо тая вылучалася вялікай скупасцю (ніколі не падавала жабракам шчодра, не больш 50-ці грошаў), гідлівасцю да сялян і іх адзення (цуралася ўсякага праяўлення “мужыцкасці”), была вельмі ганарлівая.

У гэты перыяд маёнтак Залессе-Астроўна перажываў свой найвышэйшы культурны ўздым: сядзіба, гаспадарчыя пабудовы, стайня, млын, цудоўнейшы пейзажны парк, кветнікі, пладовы сад – усё прадстаўляла сабою багацейшы сядзібна-паркавы комплекс.

05Адна з расказаных нам гісторый пра асаблівасці жыцця Залескай сядзібы ў той час зусім незвычайная: па запрашэнню графа Моль з Вільні ў палац была выклікана вядомая і папулярная на той час жанчына-знахарка, шаптуха, якая па просьбе пана абыйшла ўсю тэрыторыю сядзібы, уключаючы і пейзажны парк, і здзейсніла свае “загаворы”. Сэнс “работы” знахаркі-шаптухі заключаўся ў тым, што на 100 гадоў на тэрыторыі Залескай сядзібы не з’явіцца ні адной змяі, ні адной вужакі… Так гэта ці не, было гэта выдумкай ці легендай, аднак людзі, што жылі і жывуць зараз у вёсцы, ніколі не бачылі там ні адной змяі!

 

Нашы землякі дагэтуль “удзячны” пану Моль  за тое, што калісьці іменна ён разводзіў у сваёй сядзібе спецыяльна завезены з Францыі асаблівы від слімакоў – “вінаградных смаўжоў”, які лічыцца дэлікатэсным прадуктам у еўрапейскай кухні. Сапраўды, гэтыя слімакі  распаўсюджаны на тэрыторыі Залескай сядзібы да нашага часу, а наша насельніцтва зарабляе нядрэнныя грошы, бо кожнае лета спецыяльна сюды наведваюцца камерсанты, займаючыяся зборам і продажам за мяжу ці ў сталічныя рэстараны  іменна гэтага віду слімакоў (смаўжоў)…

Syadziba Mole 10Пры Польшчы сялянам дазвалялася набываць сабе зямлю, выкупліваючы яе за грашовыя крэдыты, і сям’я графа Моль, валодаючы вялікімі надзеламі, іншы раз прадавала частку ворыўнай зямлі мясцоваму насельніцтву. Аб гэтым сведчаць архіўныя дакументы: дагаворы аб продажы-куплі сядзібнай зямлі, эксплікацыі прададзеных вялікіх участкаў пад будаўніцтва хутароў. Знойдзены гэтыя дакументы ў нашай мясцовасці і перададзены на захоўванне ў  школьны краязнаўчы музей.

…1 верасня  1939  года фашысцкая Германія напала на Польшчу,  а 17 верасня  Чырвоная  армія  перайшла   мяжу  Заходняй  Беларусі – Крэсаў Усходніх. Граф Моль спешна пакінуў сваю сядзібу і выехаў у Вільню, у 1940 годзе перабраўся ў акупіраваную немцамі Польшчу. Малодшы брат графа Станіслава – Анджэй Моль – служыў афіцэрам польскай арміі, ваяваў, у верасні 1939 года трапіў у палон Савецкай арміі. Вывезены ў Катынь пад Смаленскам і там расстраляны.

Вельмі цікавыя звесткі пра сядзібу ў Залессі паведаміў нам, напэўна, апошні жывы сведка тых падзей, Веньямін Дзмітрыевіч Пашковіч, 1934 года нараджэння, жыхар вёскі Калеснікі. Ён выпускнік Залескай школы 1952 года. Зараз жыве ў Латвіі, г. Рыга. Але ў Залессі-Астроўна ёсць яго дом, куды ён прыязджае кожнае лета на адпачынак.

У мінулым годзе Веньямін Дзмітрыевіч быў у гасцях у Залескай школе і ў нашых музеях. Канешне, пра самога графа Моль ён памятае вельмі мала: у 1939 годзе Веньяміну Дзмітрыевічу споўнілася ўсяго толькі пяць гадоў. Аднак ён добра помніць, як наведваў школу пры фашыскай акупацыі ў 1941 і 1942 г.г.; памятае, што ў будынку палаца тады быў размешчаны паліцэйскі гарнізон, а яны – дзеці – наведвалі школу ў тым доме, дзе зараз жывуць мае бабуля з дзядулям. Веньямін Дзмітрыевіч вельмі падрабязна распавядаў пра падзеі чэрвеня 1944-га, калі партызаны атрада імя Ахоціна брыгады імя Ракасоўскага здзейснілі ў ноч на Троіцу нападзенне на паліцэйскі гарнізон у маёнтку: у час начнога бою тады загінула шмат паліцаяў, быў значна пашкоджаны сам палац, згарэла бакавая вежа будынка. Веньямін Дзмітрыевіч памятае, як немцы потым хадзілі па вёсцы, праводзілі расследаванне, шукалі партызанаў; памятае выгляд пашкоджанага начным боем палаца. А ўжо 3 ліпеня 1944-га наша тэрыторыя была вызвалена ад фашыстаў.

Мае родныя, бабуля Развадоўская Ала Фёдараўна і дзед Развадоўскі Вячаслаў Паўлавіч, і зараз жывуць у будынку, які ў часы ўладарання графа Моль быў домам для чэлядзі. Дом поўнасцю захаваў сваю планіроўку. Асабліва ўражвае сваёй магутнасцю падмурак (фундамент), які выкладзены з вялізных абчосаных валуноў; маецца прасторны і глыбокі падвал; цікавасць уяўляе канструкцыя даху, якую я дасканала абследаваў.

З рэчаў, якія б належалі да прадметаў ужытку перыяду таго часу, мне не давялося знайсці нічога.

Адзінае, што можна зараз – гэта здзіўляцца моцнасці пабудовы, дзе жывуць мае родныя, архітэктурнаму аздабленню вокнаў і дзвярэй, перакрыццю даху, магутнасці падмурка.

Падвальныя памяшканні выкарыстоўваюцца для гаспадарчых патрэб і зараз, што сведчыць аб тым, наколькі практычна і ўмела, на вякі, узводзіліся будынкі ў сядзібе.

Для таго, каб уявіць сабе жыццё ў маёнтку пры графу Станіславу,  дастаткова проста пахадзіць вакол  дома, даследаваць рэшткі вадзянога млына, агледзець архітэктурныя асаблівасці будынка стайні,  набыць энергію таго часу…

1416 161718192021

    1. IV. Графскі пейзажны парк у маёнтку: цуд ХХ стагоддзя

 Syadziba Mole 07У даследчай працы абмінуць увагай пейзажны парк у Залескай сядзібе проста немагчыма: гэты прыродны аб’ект заўсёды з’яўляўся і зараз з’яўляецца візітнай карткай Залесчыны і Глыбоччыны.

Парк закладзены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на жывапісным рэльефе водна-ледавіковага паходжання. Плошча пейзажнага парку складае 8,19 га.

Вось што ўяўляе сабой навуковае апісанне парку ў Залессі-Астроўна, звесткі аб чым мы знойдзем на старонках кнігі “Глыбоччына: ад старажытнасці да сучаснасці”: “Пейзажны парк разбіты на плошчы 8,19 га ўздоўж спадзістых берагавых схілаў азёр. Галоўная алея праходзіць ад дома па грэбні ўзгорка з відам на возера Мураўшчына. …Паўночную частку парку фарміруюць масівы з хвоі звычайнай, елкі, каштана конскага, хвоі веймутавай і лістоўніцы еўрапейскай. Узвышша ў паўднёвай і заходняй частках пад хваёвым лесам. Паміж сядзібным домам і паркам размешчана невысокая тэраса, якая мела багатае афармленне з кветак. Партэр тэрасы абкружаны групамі лістоўніцы сібірскай, хвоі веймутавай. Усяго ў парку расло 48 парод дрэў. Сярод экзотаў – ліпа амерыканская буйналіставая, сосны чорныя,веймутава і сібірская кедравая, явар, каштан конскі. Адна з алей арганізуе візуальную перспектыву на возера Белае, якая на процілеглым беразе завяршаецца адасоблена і маляўніча размешчанай вясковай царквой і Мамчыным курганом. З апошнім звязана рамантычнае мясцовае паданне пра курган, дзе пахавана мамка-выхавацелька  дачкі былога ўладальніка маёнтка пана Лапаты…”. (1) [1-Глыбоччына: ад старажытнасці да сучаснасці. – Мінск, 2009 г. – С.99-100]

Захаванню рэдкіх і каштоўных парод дрэваў і кустоўнікаў у Залескім пейзажным парку, высаджаным апошнім гаспадаром маёнтка, яго бацькам і  папярэднімі ўласнікамі, надзялялася вельмі сур’ёзная ўвага. Парк сапраўды быў адным з цэнтральных пейзажных аб’ектаў сядзібы.

03На фотаздымку палаца 1910  года можна заўважыць адну асаблівасць: вакол будынка няма амаль што ніякіх культурных пасадак; на здымку палаца 1936 года каля яго ўжо бачны значныя групы дрэў і кустоўнікаў. Значыць, закладка ясеневай алеі і пасадка ліпы амерыканскай буйналіставай (адзінага дрэва ў парку, а можа і на тэрыторыі ўсёй Глыбоччыны) былі зроблены прыкладна ў 1920-ых г.г. графам Станіславам-сынам.

Ясеневая алея была высаджана ў выглядзе паўкальца са стараны возера Белае, яна добра захавалася і зараз. Ліпа амерыканская буйналіставая пасаджана перад паўночнай сцяной палаца, дзе ўзвышалася вежа. Чатыры гады назад гэта ўнікальнае дрэва (лісты ліпы настолькі вялікія, што адным лістом спакойна можна поўнасцю закрыць твар дарослага чалавека!) моцна пацярпела ад урагану, было зламана. Аднак выжылі маладыя бакавыя парасткі, і зараз унікальная ліпа працягвае сваё жыццё.

Пейзажны парк зараз знаходзіцца ў задавальняючым стане: у ім захоўваецца  да  48  каштоўных  і рэдкіх парод дрэў і кустоўнікаў, сярод  якіх вылучаюцца адзіны экзэмпляр ліпы амерыканскай буйналіставой, веймутавая сасна, лістоўніцы еўрапейскія,  явар, конскі каштан, баярышнік Русанава, кедравая сасна, заходняя туя, лістоўніцы японскія.

Асноўная група культурных пасадак хваёвых дрэў (сасна, лістоўніца, елка, кедр) знаходзяцца ў лясным паркавым масіве на ўзвышшы, Кустоўнікавыя групы пасадак добра захаваліся ў той частцы сядзібы, дзе размяшчалася парадная плошча-тэраса перад палацам і на тэрыторыі, дзе ўстаноўлена памятная стэла ў гонар партызан, разграміўшых тут у 1944 годзе паліцэйскі гарнізон (з гэтага месца пачынаюцца і вядуць праз увесь лясны парк да вёскі Загор’е дзве шпацыровачныя алеі).

08Даследаваннямі пейзажнага парку сур’ёзна займаўся інжынер лясной гаспадаркі Глыбоцкага раёна Полацкай вобласці Віктар Антонавіч Ламака. У 1950 годзе ён падрыхтаваў і выпусціў у друку сваю грунтоўную навуковую працу “Культуры лиственницы европейской и сосны веймутовой в парке Залесье Полоцкой области”. Копія гэтага цікавага навуковага даследавання захоўваецца ў фондах школьнага краязнаўчага музея.

Яшчэ адным даследчыкам пейзажнага парку ў сядзібе Залессе-Астроўна быў глыбоцкі краязнаўца Уладзімір Скрабатун. Яго артыкулы аб цудах пейзажнага парку з’яўляліся на старонках газеты “Веснік Глыбоччыны” у 1994 годзе. Апісанне пейзажнага парку ў сядзібе Залессе-Астроўна змешчана ў многіх беларускіх энцыклапедычных выданнях і кнігах, прысвечаных Глыбоцкаму раёну.

У апошнія тры гады  на тэрыторыі Залескай сядзібы і пейзажнага парку праводзяцца сур’ёзныя і значныя аднаўленчыя работы: зроблены рамонт стайні; ачышчаецца і прыводзіцца ў парадак культурная частка парку, там, дзе неабходна зберагчы каштоўныя пароды дрэў; прараджаецца і высякаецца дзікарослы масіў; прыведзена ў парадак уязная дарога на тэрыторыю сядзібы.

Syadziba Mole 11У  краязнаўчым музеі Залескай сярэдняй школы створана экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Залескай сядзібы. Тут можна знайсці сабраныя і апрацаваныя намі даследчыя матэрыялы па планаванню пейзажнага парку, створана фотагалерэя самых цікавых і значных экзэмпляраў дрэў, якія складаюць аснову культурнай часткі парку, маецца іх навуковае апісанне.

Пейзажны парк у Залессі з’яўляецца помнікам культуры і ахоўваецца дзяржавай. Намі гэта месца ўключана ў створаны турысцка-краязнаўчы маршрут “Залесчына гістарычная”, тут праводзяцца выязныя экскурсіі, здымкі краязнаўча-публіцыстычных фільмаў.

 

Syadziba Mole 09Апошні раз на тэрыторыі сядзібы і пейзажнага парку кіназдымкі  прайшлі 15 верасня 2014 г.: экскурсаводам і сцэнарыстам выступіў кіраўнік музея – настаўнік Шарыпкін Рыгор Леанідавіч, а вядучым фільма – вядомы беларускі акцёр тэатра і кіно Алег Гарбуз. Ужо 21 верасня на канале АНТ у праграме “Добрай раніцы, Беларусь!” у рубрыцы “Наше утро” быў паказаны фільм аб сядзібе Залессе-Астроўна «История Беларуси. Двор Залесье и французский прованс».

 

 

 

Заключэнне

Syadziba Mole 12Вынікамі навуковага даследавання па гісторыі сядзібы ў маёнтку Залессе-Астроўна ў перыяд з другой паловы ХІХ стагоддзя і да падзей 1939-га года можна лічыць наступныя:

  • летапіс Залескай сядзібы за гэты перыяд на дадзены момант можна лічыць найбольш поўна і глыбока даследаваным (адзін прамежак часу – 1917-1921 г.г. - выпадае  з  гістарычнага апісання па прычыне адсутнасці фактаў і сведчанняў);
  • па сабраных, даследаваных і апрацаваных у апошні час звестках і дакументах аб гаспадарчай дзейнасці і жыцці сядзібы можна лічыць тое, што маёнтак у Залессі-Астроўна з’яўляўся для свайго часу на Глыбоччыне вядомым і ўплывовым гаспадарчым і культурна-пейзажным сядзібным цэнтрам;
  • планаванне і закладка ў сядзібе пейзажнага парку гаспадарамі Моль (бацькі і сына) з’явілася выключнай з’явай на Глыбоччыне ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.ст. ў накірунку стварэння палацава-пейзажнага ансамбля (да нашага часу пейзажны парк у Залессі можна лічыць адзіным добра захаваўшымся гісторыка-культурным помнікам на тэрыторыі Глыбоцкага раёна);
  • запісаныя сведчанні старажылаў, жыхароў Залескага сельсавета, даюць поўнае ўяўленне аб асаблівасцях жыцця Залескай сядзібы ў перыяд 1921-1939 г.г., што дае магчымасць уключаць гэтыя факты ў працэс правядзення факультатыўных заняткаў па прадмету “Мой родны край – Глыбоччына” (тэмы заняткаў у 9 класе);
  • знойдзеныя за 2016 год фотаздымкі, архіўныя дакументы, звязаныя з гісторыяй Залескай сядзібы далі магчымасць стварыць у нашай школе абноўленую музейную экспазіцыю, прысвечаную непасрэдна гісторыі маёнтка Залессе-Астроўна, і фотагалерэю “Мінулае Залесчыны”, дзе асобныя здымкі з’явіліся новым адкрыццём для гісторыі нашых мясцін.
  •  

  • Літаратурныя крыніцы

    1. Бунто, Я. Залессе / “Веснік Глыбоччыны” / 1992.
    2. Гедэман, О. Даўнія пушчы і воды. Вільня, 1934 / пераклад з польскай Міхала Гіля / Паставы, 2012.
    3. Глыбоччына: ад старажытнасці да сучаснасці. Мінск, 2009.
    4. Дулеба, Г. З гісторыі населеных пунктаў. Залескі сельсавет / “Веснік Глыбоччыны” / №№ 94, 95, снежань 2002.
    5. Легенды і паданні. Мінск, 1983.
    6. Ломако, В. Культуры лиственницы европейской и сосны веймутовой в парке Залесье Полоцкой области. 1950.
    7. Машара, М. Вершы і паэмы. Мінск, 1945.
    8. Памяць. Глыбоцкі раён. Мінск, 1995.
    9. Полацкая рэвізія 1552 г. / укладальнік Варонін Васіль / Мінск, 2011.
    10. Приходская летопись Залесской церкви Литовской епархии Виленской губернии Дисненского уезда Глубокского благочиния. 1880.
    11. Сапунов, А. Витебская старина. Т.4, 1885.
    12. Скрабатун, У. Залескі парк / “Веснік Глыбоччыны” / 1994.
    13. Тариков, О. Зарницы в глубинах озёр. Минск, 1993.
    14. Татаринов, Ю. Вероотступник / Залесская история / Минск, 1996.
    15. Шарыпкін, Р. Гісторыя Залескага маёнтка / “Веснік Глыбоччыны” / № 30, 14.04.1999.
    1. Шарыпкін, Р. Залескі маёнтак у гады вайны / “Веснік Глыбоччыны” / № 57, 17.07.1999.
    2. Шарыпкін, Р. Гісторыя Залескай сядзібы. Віцебск - Глыбокае, 2000.

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих

75let 2019

80 let vit

2018 03 26 00987

sm

kulturaby

pravoby2

glub rik

dps 2020

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

gogul

webland

uni

vit

 

Счетчик посещений

Сёння 18

Учора 22

За тыдзень 126

За месяц 170

Усяго 45823

Перыяд:

2018-01-01 - 2020-08-07

Зарэгістравалася: 182