“З кнігай праз усё жыццё”, так называецца інфармацыйны даведнік, які падрыхтавалі ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу Глыбоцкай ЦРБ. Даведнік прысвечаны работнікам бібліятэк Глыбоцкага раёна і змяшчае біяграфічныя звесткі, фотаздымкі і ўспаміны бібліятэкараў, артыкулы з газет аб іх рабоце.
47 бібліятэчных работнікаў пакінулі свой след у культурным жыцці Глыбоччыны. Адны з іх пачыналі свой працоўны стаж ў далёкія 50-60-я гады і ўжо даўно на заслужаным адпачынку, іншыя пайшлі з жыцця, некаторыя яшчэ працуюць. Аднак, усе ўзгаданыя ў зборніку асобы маюць званне “ветэран працы”, з’яўляюцца паважанымі людзьмі сярод аднавяскоўцаў, працаўнікоў мясцовых гаспадарак, сваіх калег. Многія з ветэранаў працы выходзілі пераможцамі ў прафесійных спаборніцтвах розных узроўняў.
Бібліятэкары заўсёды былі надзейнай дапамогай мясцовым уладам, многія неаднаразова выбіраліся дэпутатамі мясцовых Саветаў; прымалі актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і раённых грамадска-палітычных кампаніях і мерапрыемствах.
Гартаючы старонкі дапаможніка, можна прасачыць развіццё бібліятэчнай справы на Глыбоччыне на працягу 2-й паловы мінулага стагоддзя. Ідзе час, адбываюцца змены ў краіне, ў раёне замест 65-ці бібліятэк (у 1977 годзе), застанецца меньш. Але імёны тых, хто працаваў бібліятэкарам у горадзе або на вёсцы, ствараў культурны патэнцыял раёна, нёс веды ў масы, застануцца ў гісторыі бібліятэчнай справы Глыбоччыны.
Даведнік рыхтаваўся на працягу двух год. Мы ўдзячны бібліятэчным работнікам сістэмы за актыўны ўдзел ў падрыхтоўцы гэтага выдання.
Татарчук А.М., загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ